Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990
Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 читать книгу онлайн
Гэты бібліяграфічны даведнік складаецца на падставе папярэдняга, выдадзенага ў 1981 годзе. Яго істотна папаўняюць імёны, якія нам вяртае час, — А.Гаруна, В.Ластоўскага, А.Мрыя і інш., а таксама звесткі пра беларускіх пісьменнікаў замежжа і тых, што сталі сябрамі СП за апошнія дзесяць гадоў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
На Беларускім радыё распачаў у 1963 г. штомесячную перадачу для школьнікаў - радыёклуб «Жывое слова», нязменным старшынёй якога з'яўляецца.
Юхнавец Янка, нарадзіўся 03.11.1921 г. у вёсцы Забродак Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
З прыходам на Беларусь немцаў быў арыштаваны СД, летам 1944 г. вывезены ў Германію. Атрымаў юрыдычную адукацыю ў Вольным універсітэце ў Мюнхене па спецыяльнасці заходнеэўрапейскае права (1949). З 1949 г. жыве ў ЗША.
Вершы і прозу пачаў пісаць у эміграцыі (першыя творы надрукаваны ў эмігранцкіх часопісах «Шыпшына» і «Сакавік», 1948). Аўтар зборнікаў паэзіі «Шорах моўкнасці» (Нью-Ёрк, 1955), «Новая Элэгія (Баварыя, 1964), «Калюмбы» (Нью-Ёрк, 1967), кнігі выбранай паэзіі «Творы» (Нью-Ёрк, 1989-1990).
Я
Ягоўдзік Уладзімір (таксама Ягаўдзік Уладзімір), нарадзіўся 14.02.1956 г. у вёсцы Кастровічы Слонімскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучыўся ў Дзятлаўскай, Слонімскай, Зэльвенскай школах-інтэрнатах, у 1978 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1978-1982 гг. працаваў карэспандэнтам Берасцейскай абласной газеты «Заря», рэдактарам Берасцейскай абласной студыі тэлебачання. З 1982 г. жыве ў Менску. У 1982-1990 гг. - супрацоўнік штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», з 1990 г. - рэдактар газеты «Дзеці і мы». Сябра СП СССР з 1985 г.
Дэбютаваў у друку вершамі ў 1972 г. (газета «Гродзенская праўда»). Выдаў кнігі прозы «Стронга» (1984), «Вочы Начніцы» (бібліятэка часопіса «Маладосць», 1989), «Прыручэнне птушкі» (1989), зборнік казак «Сонейка, свяці!» (1988). Аўтар мастацкага альбома «Алена Кіш» (1990).
Напісаў для дзяцей п'есы, што ставіліся ў лялечных і драматычных тэатрах краіны, на Беларускім радыё і тэлебачанні, «Залатое зярнятка» (пастаўлена ў 1983), «Сонейка, свяці!» (надрукавана і пастаўлена ў 1985), «Пякла баба калачы» (з А.Шкілёнкам, пастаўлена ў 1987), «Сакрэты Вогніка» (пастаўлена ў 1987), «Усміхніся, прынцэса...» (надрукавана і пастаўлена ў 1990).
Выступае ў перыядычным друку як літаратурны крытык, а таксама з мастацтвазнаўчымі артыкуламі пра самадзейных і прафесійных мастакоў рэспублікі.
Пераклаў з расейскай і ўкраінскай моў асобныя творы Л.Лявонава, В.Астаф'ева, Ю.Бондарава, М.Віграноўскага.
Ядвігін Ш. (сапр. Лявіцкі Антон), нарадзіўся 04.01.1869 г. у былым маёнтку Добасна (цяпер у складзе вёскі Добасна) Кіраўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і ўпраўляючага маёнткам.
Вучыўся на медыцынскім факультэце Маскоўскага ўніверсітэта, у 1890 г. за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях быў арыштаваны і выключаны з універсітэта. Сядзеў у Бутырскай турме. Вярнуўся на Беларусь, працаваў памочнікам правізара ў Радашковічах, потым у краме-кааперацыі. Па стану здароўя пакінуў працу і пераехаў з сям'ёю ў бацькоўскі фальварак Карпілаўка, што пад Радашковічамі, дзе і правёў большую частку жыцця. У 1909-1910 гг. жыў у Вільні, працаваў некаторы час сакратаром, затым загадчыкам літаратурнага аддзела «Нашай нівы». У 1913 г. - у рэдакцыі газеты «Беларус». З лістапада 1913 г. да студзеня 1915 г. - тэхнічны рэдактар беларускага сельскагаспадарчага часопіса «Саха» і беларускага часопіса для дзяцей і моладзі «Лучынка» ў Менску.
Памёр 24.02.1922 г. у Вільні.
Літаратурную дзейнасць пачаў у турме: пераклаў на беларускую мову апавяданне Ў.Гаршына «Сігнал» (выдадзена ў Маскве ў 1891). У 1892 г. напісаў камедыю «Злодзей» (пастаноўка забаронена паліцыяй, рукапіс загінуў). Першае апавяданне на беларускай мове «Суд» апублікаваў у 1906 г. (газета «Наша доля»). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Бярозка» (Вільня, 1912, 1923), «Васількі» (Вільня, 1914), «Апавяданні» (1940, 1946), падарожнага нарыса «Дзед Завала» (Вільня, 1910), кнігі «Успаміны» (Вільня, 1921), няскончанага рамана «Золата», шэрагу рэцэнзій і літаратурна-крытычных артыкулаў. У 1976 г. выйшлі Выбраныя творы.
Якавенка Васіль, нарадзіўся 05.05.1936 г. у вёсцы Пажыхар Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1956 г. скончыў Беларускі індустрыяльны тэхнікум па спецыяльнасці геолаг. Служыў у Савецкай Арміі (1956-1958). Працаваў майстрам, тэхнікам, інжынерам у розных геалагічных партыях і праектных інстытутах рэспублікі, рэдактарам на Беларускім радыё. У 1966 г. завочна скончыў БДУ. У 1972-1977 гг. - рэдактар аддзела навукі і мастацтва, аддзела нарыса і публіцыстыкі часопіса «Полымя». У 1977-1978 гг. - сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў БССР. З 1990 г. - прэзідэнт Беларускага сацыяльна-экалагічнага саюза «Чарнобыль». Сябра СП СССР з 1977 г.
У друку выступае з 1957 г. (газета «Гомельская праўда»), з мастацка-публіцыстычнымі творамі з 1962 г. (газета «Калгасная праўда»). Піша на беларускай і расейскай мовах. Аўтар кніг нарысаў «Земля, открытая нами» (1971), «Пробны камень» (1974), «Пакуль сонца ў зеніце» (1977), «Дайсці да ладу» (1985), падарожнага эсэ «Вясковыя дыспуты» (1987), «Другой зямлі не будзе» (1989).
З М.Місюком напісаў п'есу «Вер таму, хто выпакутаваў» (першапачатковая назва «Персона нон грата», пастаўлена ў 1981).
Якімовіч Алесь, нарадзіўся 17.01.1904 г. у вёсцы Чурылава Ўздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў Беларускі педагагічны тэхнікум (1926), у 1930 г. - літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1924 г. працаваў у рэдакцыях часопісаў «Беларускі піянер», «Іскры Ільіча». Быў сябрам літаратурнага аб'яднання «Маладняк». У першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны выкладаў у адной з сярэдніх школ г. Чыстапаля (Татарыя), быў адказным сакратаром раённай газеты ў Казахстане. З кастрычніка 1942 г. - у Савецкай Арміі, камандзір стралковага ўзвода, затым роты, пад Харкавам быў цяжка паранены (1943). Жыў у Маскве, займаўся рэдактарскай працай (1943-1944). Быў старшым рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР (1944-1945, 1948-1954), адказным рэдактарам часопіса «Бярозка» (1945-1948), літкансультантам СП БССР (1955-1960). Сябра СП СССР з 1934 г.
Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.
Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1968).
Памёр 15.01.1979 г.
Друкавацца пачаў у 1923 г. (часопіс «Маладняк»). Першая кніжка «Вершы» (1925). Пісаў пераважна для дзяцей. Выдаў кнігі апавяданняў, аповесцей «Гул бубна» (1925), «Перамога» (1932), «Незвычайны мядзведзь» (1934), «Выпадак на чыгунцы» (1938), «Помета» (1946), «Сябры» (1948), «Аповесці і апавяданні» (1949), «Гаворыць Масква» (1951), «Арляняты» (апавяданні, аповесці, казкі, 1952), «Я - юны піянёр» (1952), «Базылёў курган» (1954), «Новы год» (1958), «Смелыя людзі» (1960), «Адкуль ліха на свеце» (1963), «Прыгоды хлопчыка Іларыка» (1965), «Канец сервітуту» (1968), «Светлы дзень» (апавяданні і казкі, 1969), «Кастусь Каліноўскі» (1971), «Цяжкі год» (1976), нарысы «Коска» (1935), «У нашай сталіцы» (1954), літаратурныя казкі ў вершах і прозе «Каваль Вярнідуб» (1936), «Казка пра смелага вожыка» (1937), «Браты Лазоўскія» (1965), зборнік паэзіі «Улетку» (1947). У 1967 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2-х, у 1978-1980 гг. - у 3 тамах.
У яго апрацоўцы асобнымі выданнямі выйшла шмат беларускіх казак, а таксама зборнікі «Каток - залаты лабок» (1955), «Бацькаў дар» (1957), «З рога ўсяго многа» (1959), «Андрэй за ўсіх мудрэй» (1983). Сааўтар «Чытанкі» для 2 класа (з Е.Тародкінай, 1933), аўтар падручніка для 2 класа «Роднае слова» (1932), кніг для чытання «Слухай - запамінай: Азбука ў вершах і малюнках» (1948), «Звяры нашых лясоў» (1951).
На беларускую мову пераклаў асобныя творы А.Пушкіна, М.Някрасава, П.Яршова, І.Крылова, І.Тургенева, Д.Маміна-Сібірака, Л.Талстога, А.Чэхава, У.Маякоўскага, М.Горкага, К.Чукоўскага, С.Маршака, С.Міхалкова, А.Гайдара, М.Носава, І.Франка, М.Рыльскага, П.Тычыны, Н.Забілы, Г.Х.Андэрсена, Дж. Лондана, Г.Мапасана і інш.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1974) за аповесці «Адкуль ліха на свеце», «Канец сервітуту» і «Кастусь Каліноўскі».