Час second-hand
Час second-hand читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Прыгожая песня. Для мяне яна і цяпер прыгожая.
Першага мая! Болей за ўсе святы на свеце мы любілі Першамай. У гэты дзень нам выдавалі новыя паліто і новыя сукенкі. Усе паліто аднолькавыя, і ўсе сукенкі аднолькавыя. Ты пачынаеш іх абжываць, робіш пазнаку, ну хоць бы нейкі вузельчык або складачку, што гэта тваё… частка цябе… Нам казалі, што Радзіма — гэта наша сям’я, яна пра нас думае. Перад першамайскай лінейкай выносілі ў двор вялікі чырвоны сцяг. Біў барабан. Адзін раз — цуд! Прыязджаў да нас генерал і віншаваў. Усіх мужчын мы дзялілі на салдат і афіцэраў, а гэта быў генерал. Штаны з лампасамі. Лезлі на высокі падаконнік, каб убачыць, як ён сядаў у машыну і махаў нам рукой. «Ты не ведаеш, што такое — тата?» — спытала ў мяне ўвечары Валя Кнорына. Я не ведала. І яна таксама. (Маўчыць.) Быў у нас Сцёпка… Рукі складзе, быццам ён з кімсьці ўдваіх, і кружыцца па калідоры. Сам з сабой танцуе. Нам смешна, а ён ні на каго не звяртаў увагі. А аднойчы раніцай ён памёр, не хварэў і памёр. Адразу памёр. Доўга яго яшчэ ўспаміналі… Казалі, што тата ў яго быў вялікі военачальнік, вельмі вялікі, таксама генерал. А потым і ў мяне з’явіліся пухіры пад пахай, яны лопаліся. І было так балюча, што я плакала. Ігар Каралёў пацалаваў мяне ў шафе. Мы вучыліся ў пятым класе. Я пачала ачуньваць. Выжыла… Зноў! (Зрываецца на крык.) Хіба гэта каму-небудзь цікава? Назавіце мне — каму? Нецікава і непатрэбна даўно. Краіны нашай няма і ніколі ўжо не будзе, а мы ёсць… старыя і брыдкія… са страшнымі ўспамінамі і зболенымі вачыма… Мы ёсць! А што сёння засталося ад нашага мінулага? Толькі тое, што Сталін заліў гэтую зямлю крывёю, Хрушчоў саджаў на ёй кукурузу, а з Брэжнева ўсе смяяліся. А нашы героі? Пра Зою Касмадзям’янскую ў газетах сталі пісаць, што яна хварэла на шызафрэнію пасля перанесенага ў дзяцінстве менінгіту і ў яе была схільнасць падпальваць хаты. Псіхічна хворая. А Аляксандр Матросаў п’яны кінуўся на нямецкі кулямёт, а не ратаваў таварышаў. І Паўка Карчагін ужо не герой… Савецкія зомбі! (Трохі супакоіўшыся.) А мне дагэтуль сняцца лагерныя сны… Дагэтуль не магу спакойна на аўчарак глядзець… кожнага чалавека баюся ў вайсковай форме… (Праз слёзы.) Я так болей не магу… Адкрыла газ… уключыла ўсе чатыры фаеркі… зачыніла форткі і зашморгнула шчыльна шторы. У мяне нічога не засталося такога… каб… калі страшна паміраць… (Маўчыць.) Калі яшчэ нешта трымае… Ну… пах галоўкі маленькага дзіцяці… Нават дрэва пад акном у мяне няма… Дахі… дахі… (Маўчыць.) Паставіла букет кветак на стол… Уключыла радыё… І апошняе… Ляжу… ужо ляжу на падлозе… а думкі ўсе адтуль… Усё адно… Вось я выходжу за лагерную браму… брама жалезная, і яна з ляскам за маёй спіной зачыняецца. Я — вольная, мяне вызвалілі. Іду і ўгаворваю сябе: толькі не азірацца! Памірала ад страху, што нехта зараз мяне дагоніць і верне. Трэба будзе вяртацца. Прайшла трохі і бачу ля дарогі бярозку… простую бярозку… Падбягаю да яе, абдымаю, прыціскаюся ўсім целам, побач нейкі куст, я і яго абдымаю. У першы год было столькі шчасця… ад усяго! (Доўга маўчыць.) Суседка адчула пах газу… Міліцыя ўзламала дзверы… Ачуняла я ў бальніцы, і першая думка: дзе я? Я зноў — у лагеры? Як быццам у мяне не было іншага жыцця, і нічога больш не было. Спачатку вярнуліся гукі… потым боль… Боль ад усяго: кожны рух, глынуць паветра, паварушыць рукой, расплюшчыць вочы. Увесь свет — гэта было маё цела. Пасля свет пашырыўся і стаў вышэць: я ўбачыла медсястру ў белым халаце… белую столь… Я вельмі доўга вярталася. Побач са мной памірала дзяўчына, яна памірала ўжо некалькі дзён, ляжала ўся ў гэтых трубках, і ў роце трубка, нават крычаць яна не магла. Чамусьці ж нельга было выратаваць. І я глядзела на гэтыя трубкі і ўяўляла ў падрабязнасцях: вось гэта я ляжу… я памерла… але я не ведаю, што я памерла і мяне больш няма. Я ўжо пабывала там… (Супынілася.) Не надакучыла слухаць? Не? Скажыце… я магу замаўчаць…
Мама… Мама за мной прыехала, калі я пайшла ў шосты клас. Дванаццаць гадоў яна адседзела ў лагеры, тры гады мы былі разам, а дзевяць паасобку. Цяпер нас выпраўлялі на пасяленне і дазвалялі ехаць удзвюх. Гэта была раніца… Я ішла па двары… Нехта мяне паклікаў: «Ганначка! Ганулька!». Ніхто мяне так не зваў, ніхто не зваў мяне па імені. Я ўбачыла жанчыну з чорнымі валасамі і закрычала: «Мама!!» Яна абняла мяне з такім жа жахлівым крыкам: «Татачка!» — у юнацтве я была вельмі падобная да бацькі. Шчасце! Колькі розных пачуццяў, колькі радасці! Некалькі дзён я захлыналася ад шчасця, я ніколі ў жыцці не адчувала такога шчасця. Столькі розных пачуццяў… Але хутка… вельмі хутка выявілася, што мы з мамай не разумеем адна адну. Мы — чужыя людзі. Я хацела ўступіць у камсамол, каб змагацца з нейкімі нябачнымі ворагамі, якія хочуць разбурыць нашае найлепшае жыццё. А мама глядзела на мяне і плакала… і маўчала… Увесь час чагосьці баялася. У Карагандзе нам выдалі дакументы і накіравалі ў высылку ў горад Бялова. Гэта далёка за Омскам. У самую глыбіню Сібіры… Месяц мы туды ехалі. Ехалі і ехалі, чакалі і перасаджваліся. Па дарозе адзначаліся ў энкавэдэ, і нам увесь час загадвалі рухацца далей. Нельга пасяліцца ў памежнай паласе, нельга паблізу ад абаронных прадпрыемстваў, вялікіх гарадоў — такі доўгі-доўгі спіс, куды нам нельга. Дагэтуль я не магу бачыць вечаровыя агні ў дамах. Нас выганялі ноччу з вакзалаў, мы ішлі на вуліцу. Завіруха, мароз. Гарэлі агні ў вокнах, там былі людзі, яны жылі ў цяпле, яны грэлі гарбату. Нам трэба было пагрукаць у дзверы… гэта найстрашнейшае… Ніхто не хацеў даць прытулак на ноч… «Мы пахнем зэкамі…» — казала мама. (Плача. І не заўважае, што плача.) У Бялове сталі жыць «на кватэры» — у зямлянцы. Потым зноў жылі ў зямлянцы, і яна ўжо была наша. Я захварэла на сухоты, не магла ад слабасці стаяць на нагах, страшна кашляла. Верасень… Усе дзеці збіраюцца ў школу, а я не магу хадзіць. Мяне забралі ў бальніцу. Памятаю, што ў бальніцы ўвесь час нехта паміраў. Памерла Сонечка… Ванечка… памёр Славік… Мёртвых я не баялася, але я не хацела паміраць. Я вельмі прыгожа вышывала, малявала, усе хвалілі: «Якая таленавітая дзяўчынка. Табе трэба вучыцца». І я думала: тады чаму я мушу памерці? І нейкім дзівам я засталася жыць… Аднойчы расплюшчыла вочы: на тумбачцы стаяў букет чаромхі. Ад каго? Але зразумела, што буду жыць… Буду жыць! Вярнулася дадому — у зямлянку. Маму за гэты час схапіў чарговы інсульт. Я яе не пазнала… Убачыла старую жанчыну. У гэты ж дзень яе павезлі ў бальніцу. У хаце я не знайшла ніякай ежы, нават паху. Сказаць камунебудзь пра гэта пасаромелася… Знайшлі мяне на падлозе, я ледзь дыхала. Нехта прынёс конаўку цёплага казінага малака… Усё, усё… усё… Усё, што я памятаю пра сябе… як памірала і выжывала… памірала… (Зноў адвярнулася да акна.) Крыху паздаравела… Чырвоны Крыж купіў квіток, і мяне пасадзілі на цягнік. Адправілі ў родны Смаленск — у дзіцячы дом. Так я вярнулася дадому… (Плача.) Я не ведаю, чаму… чаму я плачу? Я ж усё… Усё… пра сваё жыццё ведаю… І там мне споўнілася шаснаццаць гадоў… У мяне з’явіліся сябры, да мяне пачалі заляцацца… (Усміхнулася.) Прыгожыя хлопцы да мяне заляцаліся. Дарослыя. Але была ў мяне такая асаблівасць: калі я камусьці падабалася, я палохалася. Страшна, што нехта звярнуў на цябе ўвагу. Цябе заўважыў. Да мяне немагчыма было заляцацца, таму што на спатканне я брала з сабой сяброўку. Калі мяне запрашалі ў кіно, я таксама ішла не адна. На першае спатканне да свайго будучага мужа я прыйшла з дзвюма сяброўкамі. Ён пасля яшчэ доўга гэта ўспамінаў…
Дзень смерці Сталіна… Увесь дзіцячы дом вывелі на лінейку, вынеслі чырвоны сцяг. Колькі доўжылася пахаванне, столькі мы стаялі ў стойцы «смірна», гадзін шэсць ці восем. Нехта губляў прытомнасць… Я плакала… Як жыць без мамы, я ўжо ведала. Але як жыць без Сталіна? Як жыць… Чамусьці я баялася, што пачнецца вайна.