Час second-hand

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Час second-hand, Алексіевіч Святлана Александровна-- . Жанр: Современная проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Час second-hand
Название: Час second-hand
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 437
Читать онлайн

Час second-hand читать книгу онлайн

Час second-hand - читать бесплатно онлайн , автор Алексіевіч Святлана Александровна
“Час second-hand” — кніга пісьменніцы Святланы Алексіевіч, апошняя з серыі, прысвечанай “гісторыі вялікай і страшнай утопіі — камунізму”: Вялікая Айчынная вайна, Афганістан, Чарнобыль і, нарэшце, развал сацыялістычнай імперыі... Кніга перакладзеная на многія еўрапейскія мовы і ўжо атрымала прэстыжныя прэміі нямецкіх кнігадрукароў і французскіх медыяў. У прадмове аўтарка піша: “За семдзесят з лішкам гадоў у лабараторыі марксізму-ленінізму вывелі асобны чалавечы тып — “homo soveticus”. Адны лічаць, што гэта трагічны персанаж, іншыя называюць яго “саўком”. Мне здаецца, я ведаю гэтага чалавека, ён мне добра знаёмы, я побач з ім, поплеч, пражыла шмат гадоў. Ён — гэта я. Гэта мае знаёмыя, сябры, бацькі. Некалькі гадоў я ездзіла па ўсім былым Савецкім Саюзе, бо homo soveticus — гэта не толькі рускія, але і беларусы, туркмены, украінцы, казахі... Цяпер мы жывем у розных дзяржавах, размаўляем на розных мовах, але нас ні з кім не зблытаеш...”

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 49 50 51 52 53 54 55 56 57 ... 99 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

У школе нас вучылі любіць чалавека з ружжом… Абаронцу радзімы! А гэтыя… яны не такія… І вайна не такая… Яны ўсе — хлапчукі, хлапчукі з аўтаматамі. Жывыя — яны страшныя, а забітыя ляжаць бездапаможныя — і іх шкада. Як я выжыла? Я… я… Я люблю думаць пра маму. Як яна па вечарах доўга расчэсвала валасы… «Калінебудзь, — абяцала мне мама, — я раскажу табе пра каханне. Але распавядаць буду так, нібыта ўсё гэта было не са мной, а з іншай жанчынай». У іх з татам было каханне. Вялікае каханне. Спачатку ў маёй мамы быў іншы муж, аднойчы яна прасавала яму кашулі, а ён вячэраў. І раптам (гэта толькі з маёй мамай магло такое здарыцца) яна сказала ўголас: «Я нараджаць ад цябе не буду». Забрала рэчы і пайшла. А потым з’явіўся мой тата… Ён пільнаваў яе, чакаў гадзінамі на вуліцы, адмарозіў зімой вушы. Хадзіў і глядзеў. І вось ён яе пацалаваў…

Напярэдадні вайны тата памёр… Памёр наш тата ад разрыву сэрца. Сеў увечары ля тэлевізара — і памёр. Як быццам некуды пайшоў… «Вось, дачушка, калі ты вырасцеш…» — у таты наконт мяне былі вялікія планы. І-і-і… (Заплакала.) Мы засталіся з мамай удзвюх. З мамай, якая баіцца мышэй… не можа спаць адна ў доме. Ад вайны яна закрывае галаву падушкай… Прадалі ўсё каштоўнае, што было ў нас: тэлевізар, татаў залаты партабак, які быў святы, доўга яго бераглі, мой залаты крыжык. Мы вырашылі з’ехаць, а каб выехаць з Сухумі, трэба даць хабар. Бяруць вайскоўцы і міліцыя, патрэбны вялікія грошы! Цягнікі ўжо не хадзілі. Апошнія караблі даўно сышлі, уцекачоў у трумах і на палубах набілася як селядцоў у бочцы. Грошай у нас хапіла толькі на адзін квіток… на адзін квіток і ў адзін бок… Да Масквы. Я не хацела без мамы з’язджаць. Месяц яна мяне прасіла-маліла: «Едзь, дачушка! Едзь!!» А я хацела пайсці ў шпіталь… даглядаць параненых… (Маўчыць.) У самалёт мне не дазволілі нічога ўзяць, толькі сумачку з дакументамі. Ні рэчаў, ні маміных піражкоў: «Зразумейце — ваеннае становішча». А побач са мной праходзіў праз мытню мужчына ў цывільным, але салдаты да яго звярталіся «таварыш маёр», грузілі яго валізкі, нешта ў вялікіх кардонных скрынках. Уносілі скрынкі з віном, з мандарынамі. Я плакала… я ўсю дарогу плакала… Мяне суцяшала жанчына, з ёй ляцелі два хлопчыкі: адзін — яе, другі — суседскі. Хлопчыкі апухлі з голаду… Я не хацела… ні за што не хацела з’язджаць… Мама мяне адарвала ад сябе, запхнула сілком у самалёт. «Мама, а куды я еду?» — «Ты едзеш дадому. У Расію».

Масква! Масква… Два тыдні я жыла на вакзале. Такіх, як я… нас — тысячы… На ўсіх маскоўскіх вакзалах — на Беларускім, Савелаўскім,

Кіеўскім… З сем’ямі, з дзецьмі і старымі. З Арменіі, Таджыкістана… Баку… Жывуць на лаўках, на падлозе. Есці вараць. Мыюць. У прыбіральнях ёсць разеткі… і каля эскалатараў ёсць разеткі… Вады ў таз наліў, туды — электракіпяцільнік. Локшыны накідаць, мяса… Суп гатовы! Дзіцячая манная каша! Мне здаецца, што ўсе вакзалы ў Маскве прапахлі кансервамі і супам харчо. Пловам. Дзіцячымі сіукнамі і бруднымі пялюшкамі. Іх сушылі на батарэях, на вокнах. «Мама, а куды я еду?» — «Ты едзеш дадому. У Расію». І вось я — дома. Дома нас ніхто не чакаў. Не сустракаў. Ніхто на нас не звяртаў увагі, ніхто не распытваў. Уся Масква сёння — вакзал, адзін вялікі вакзал. Караван-сарай. Неўзабаве скончыліся грошы. Два разы мяне хацелі згвалтаваць: першы раз — нейкі салдат, у другі раз — міліцыянт. Міліцыянт ноччу падняў з падлогі: «Дзе твае дакументы?» — Стаў цягнуць у пакой «Міліцыя». Вочы былі шалёныя… Я — як закрычала! І ён, відаць, спалохаўся… Уцёк: «Дурніца ты!» Удзень я хадзіла па горадзе… пастаяла на Чырвонай плошчы… А ўвечары па крамах прадуктовых. Вельмі хацелася есці, адна жанчына купіла мне піражок з мясам. Я не прасіла… Яна ела, а я глядзела, як яна ела… І яна мяне пашкадавала. Адзін раз… Але я гэты «адзін раз» на ўсё жыццё запомніла. Гэта была старая-старая жанчына. Бедная. Вось некуды б ісці… толькі не сядзець на вакзале… Не думаць пра ежу, не думаць пра маму. І так — два тыдні. (Плача.) На вакзале ў сметніцы можна было знайсці кавалачак хлеба… абгрызеную костачку курыную… Я так жыла, пакуль не прыехала татава сястра, пра якую мы даўно нічога не ведалі — жывая яна ці не? Ёй восемдзесят гадоў. У мяне быў толькі нумар яе тэлефона. Я штодня тэлефанавала, ніхто не адказваў. Цётка ляжала ў бальніцы. А я ўжо вырашыла, што яна памерла. Здарыўся цуд! Я так чакала… і ён здарыўся… Цётка прыехала па мяне. «Вольга… вас чакае ў пакоі міліцыі ваша цётка з Варонежа». Усе заварушыліся, заварушыліся… Увесь вакзал: хто? Каго? Як прозвішча? Мы прыбеглі ўдзвюх: там знайшлася яшчэ адна дзяўчынка з гэткім жа прозвішчам, але з іншым іменем. Яна прыехала з Душанбэ.

Як яна плакала, што гэта не яе цётка… не яе забіраюць…

Цяпер жыву я ў Варонежы… Праца ў мяне розная, куды возьмуць — пасудамыйкай у рэстаране, вартаўніком на будоўлі, садавіной у аднаго азербайджанца гандлявала, пакуль не стаў чапляцца.

Цяпер — тапограф. Часова ўзялі, вядома, а шкада — праца цікавая. Дыплом аб заканчэнні медыцынскага тэхнікума скралі ў мяне на маскоўскім вакзале. І ўсе маміны фотаздымкі. Ходзім з цёткай у царкву. Я ўкленчу і прашу: «Госпадзе! Я гатовая зараз! Я хачу зараз памерці!» Пытаюся ў Яго кожны раз: жывая мая мама ці не? Дзякую… Дзякую, што вы не баіцеся мяне. Не адводзіце вачэй, як іншыя. Слухаеце. У мяне няма тут сябровак, ніхто за мной не даглядае. Я гавару… і гавару… Як яны ляжалі… маладыя, прыгожыя… (Вар’яцкая ўсмешка на твары.) Вочы расплюшчаныя… шырока расплюшчаныя вочы…

Праз паўгода я атрымала ад яе ліст: «Сыходжу ў манастыр. Хачу жыць. Маліцца за ўсіх буду».

ПРА МАЛЕНЬКІ ЧЫРВОНЫ СЦЯЖОК І ЎСМЕШКУ СЯКЕРЫ

Ганна М-ая — архітэктар, 59 гадоў

маці

— A-а… я… Я болей не магу… Апошняе, што памятаю — крык. Чый? Не ведаю. Мой? Ці гэта суседка крычала, яна пачула на лесвічнай пляцоўцы пах газу. Выклікала міліцыю. (Устае і ідзе да акна.) Восень. Нядаўна была жоўтая… цяпер ужо чорная ад дажджоў. І святло нават днём недзе далёка-далёка. З раніцы ўжо цёмна. Запальваю ў доме ўсе лямпачкі, і яны гараць увесь дзень. Мне не хапае святла… (Вяртаецца і сядае насупраць.)

Спачатку мне прысніўся сон, што я памерла. У дзяцінстве я шмат разоў бачыла, як паміраюць людзі, а пасля я пра гэта забылася… (Выцірае слёзы.) Не зразумела, чаму плачу? Я ж усё ведаю… Я ўсё пра сваё жыццё ведаю… У сне нада мной круцілася шмат-шмат птушак. Стукаліся ў акно. Я прачнулася, і такое адчуванне, што каля маёй галавы нехта стаіць. Хтосьці там застаўся. Хачу павярнуцца, каб убачыць — хто гэта? Нейкі страх, нейкае прадчуванне, што гэтага рабіць не трэба. Нельга! (Маўчыць.) Я пра іншае… пра іншае хацела… Не адразу пра гэта… Вы спыталі пра дзяцінства… (Закрывае твар рукамі.) Вось ужо чую… Чую салодкі пах падбелу… І горы бачу, і драўляную вышку, і салдата на ёй — зімой у кажусе, вясной у шынялі. І жалезныя ложкі, вельмі шмат жалезных ложкаў, яны адзін ля аднаго стаяць. Адзін ля аднаго… Мне раней здавалася: калі я камунебудзь гэта раскажу, мне захочацца ўцячы ад гэтага чалавека, каб больш ніколі яго не бачыць. Усё настолькі маё… і глыбока-глыбока схавана… Я ніколі не жыла адна, я жыла ў лагеры ў Казахстане, ён называўся Карлаг, пасля лагера — у высылцы. Жыла ў дзіцячым доме, у інтэрнаце… у камуналцы… Заўсёды многа-многа іншых цел, іншых вачэй. Свой дом у мяне з’явіўся, калі мне было ўжо сорак гадоў. Нам далі з мужам двухпакаёвую кватэру, у нас ужо дзеці выраслі. Я бегала да суседзяў па звычцы, як у інтэрнаце, пазычала то хлеб, то соль, то запалкі, і мяне за гэта не любілі. А я ніколі не жыла адна… і не магла прывыкнуць… Яшчэ мне заўсёды хацелася лістоў. Чакала канвертаў, канвертаў! І цяпер чакаю… Мне піша адна сяброўка, яна з’ехала да дачкі ў Ізраіль. Пытаецца: што ў вас там? Якое жыццё пасля сацыялізму… А якое ў нас жыццё? Ідзеш па знаёмай вуліцы: французская крама, нямецкая, польская — усе назвы на чужых мовах. Чужыя шкарпэткі, кофтачкі, боты… печыва і каўбаса… Нідзе не знайсці нашага, савецкага. Я толькі і чую з усіх бакоў: жыццё — барацьба, моцны перамагае слабага, і гэта натуральны закон. Трэба нарасціць сабе рогі і капыты, жалезны панцыр, слабыя нікому не патрэбныя. Усюды локці, локці, локці. Гэта — фашызм, гэта — свастыка! Я ў шоку… і ў роспачы!! Гэта не маё. Не маё гэта! (Маўчыць.) Калі б нехта побач… нехта быў… Мой муж? Ён сышоў ад мяне. А я яго кахаю… (Раптам усміхнулася.) Ажаніліся мы з ім вясной, калі чаромха закрасавала і бэз ужо незадоўга. Сышоў таксама вясной. Але ён прыходзіць… прыходзіць да мяне ў сне і ўсё ніяк не можа развітацца… Нешта гаворыць, гаворыць. А ўдзень… я глухну ад цішыні. Слепну. З мінулым у мяне адносіны як з чалавекам, як з кімсьці жывым… Памятаю, як у «Новом мире» надрукавалі, і ўсе чыталі «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» Салжаніцына. Ва ўсіх — узрушанасць! Столькі размоў! А я не разумела, чаму такая цікавасць і такое здзіўленне? Усё знаёмае, зусім для мяне нармальнае: зэкі, лагер, параша… І — зона.

1 ... 49 50 51 52 53 54 55 56 57 ... 99 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название