Дзе скарб ваш
Дзе скарб ваш читать книгу онлайн
У новую кнігу народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля ўвайшлі апавяданні «пра час i пра сябе», эсэ на вострыя тэмы сучаснасці, лірычныя запісы i мініяцюры, дзе i роздум пра найгалоўнейшае ў жыцці, i шматфарбныя замалёўкі прыроды, сцэнкі з народнага побыту, i здаровы, іскрысты гумар.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
А пакуль што — аптымістычна паўторымся — няхай штосьці скажа i гэтая публікацыя.
Слова з нагоды
АД ПЕРАКОСУ i ДА ПЕРАКОСУ [36]
Здаецца, яшчэ зусім нядаўна наша крытыка вельмі прыкметна i настойліва галерную ролю ў літаратуры ваеннай-антываеннай адводзіла прозе дакументальнай. Цяпер, яшчэ больш прыкметна, з дружным націскам гаворыцца пра «палітычны раман» як галоўную зброю ў справе літаратурнай барацьбы за мір. Да таго ж — пра раман, толькі пра яго, пра «палітычную аповесць», тым больш пра «палітычнае апавяданне» не гаворыцца.
I вось раманы гэтыя паспешліва пішуцца, легка i шчодра выдаюцца, пахвальна рэцэнзуюцца ледзь не па карэктурных гранках. Некаторыя спрытныя аўтары такіх раманаў i радаслоўную гэтага, так сказаць, панацэйнага жанру самі, з зайздроснай раскаванасцю выводзяць ад самога Гамера, па дарозе падключаюць у той рад Талстога, Стэндаля, яшчэ каго-небудзь з вечнасці, а затым, таксама па асабістым выбары, пераходзяць да некаторых сучаснікаў...
Чытаеш, слухаеш такое, i ўспамінаецца высокае: «служенье муз не терпит суеты». А як жа з гэтым быць? Няўжо гэта абавязкова не для ўсіх, не ў любым часе?..
Мне думалася, што я першы за нашым «круглым сталом» назаву слаўнае імя Міхаіла Прышвіна. Уладзімір Піскуноў i Віктар Каваленка апярэдзілі мяне, кожны па-свойму назваўшы i Прышвіна своеасаблівым змагаром за мір. А мы, хто старэйшы, памятаем жа тое пасляваеннае, што ішло ад самага верху, пытанне: «А вы, товарищ Пришвин, все о собачках?..»
Пра сабачак, яшчэ менш — пра сабачку i ў нашы дні напісана кніга, што не так сабе прысвечана светлай памяці Аляксандра Твардоўскага. Я гавару пра аповесць Гаўрыіла Траяпольскага «Белы Бім Чорнае Вуха». Толькі зрэдку, між іншым, прамільгне ў друку скупая нататка пра тое, колькі выданняў гэтая невялікая па лістажы аповесць вытрымала за мяжою, якою прэміяй зноў жа адзначаны яе аўтар. А гэта ж, калі па-сапраўднаму, вялікая кніга пра чалавечнасць, яна настолькі сучасная, сугучная трывозе i надзеям усіх людзей Зямлі, настолькі агульналюдская ў самым высокім значэнні гэтага слова, што невыпадкова яна, можна сказаць, трыумфальна ідзе па ўсім свеце без лішняга шоламу, робячы сваю вялікую справу яднання людзей добрай волі, цудоўна дапамагаючы найважнейшаму з важнага — нашай барацьбе за мір.
Слухаючы выступленні, я ўспамінаў Талстога — вялікі прыклад ягонай творчасці, у якім — калі ўзяць толькі апошнія гады Льва Мікалаевіча,— выдатна сужываліся на адным рабочым стале i палымяны памфлет «Не магу маўчаць», i непераўзыдзены сплаў дакументальнага i мастацкага — аповесць «ХаджыМурат», i абаяльнае сваёй празрыстасцю, сонечнай прастатой апавяданне пра ўрачыста-пераможную красу прыроды, пра вечную мудрасць маленства — «Ягады»...
Хто там будзе адмаўляць значэнне дакументальнай прозы, публіцыстыкі! Вось ужо шмат гадоў я жыва памятаю высокі душэўны настрой, з якім быў i мной успрыняты ромаўскі «Звычайны фашызм»; i я з радасным адчуваннем жыццёвай праўды зачытваўся лепшымі старонкамі дакументальнай прозы пра вайну; як беларус i я ганаруся нашым укладам у гэтую вялікую тэму, шчаслівы сваім пасільным удзелам у працы маіх сяброў. Мне толькі прыкра бачыць шараханне ад моды да моды, ад перакосу да перакосу, непатрэбнае шкоднае захвальванне адных, замоўчванне другіх, усялякую закулісную тузаніну, у той час — вялікі i трывожны час! — калі ўсе нашы намаганні павінны быць накіраванымі на галоўнае, на адно. I гэта галоўнае ўсе мы абавязкова павінны рабіць таленавіта, сумленна i, па магчымасці, сціплей.
1985
ЗАЛЕЖЫЦЬ I АД НАС [37]
Пачну з таго, што i я, дарагія сябры, усёй душою з тымі, хто не траціць надзеі на перамогу ленінскіх нормаў у справе нацыянальнай палітыкі, хто верыць, што гэта вельмі патрэбна i неадменна. Як ні прыкра бывае часам i з прыступамі духоўнай стомленасці, нават нейкага песімізму, пасля чаго зноў верыцца, хочацца працаваць, адчуваеш сябе дома, у родным народзе, самім сабой у нашай вялікай савецкай сям'і. Тады ў адказ на беспадстаўны давер, няслушныя падазрэнні, здзекліва-пошлыя кепікі i халоднае мудрагельства палітыканаў хочацца сказаць: Не, не трэба лішне баяцца, што наша любоў да рускага слова, рускай літаратуры, рускага народа можа паменшаць або пахіснуцца ад таго, што мы любім i сваё, роднае — слова, літаратуру, песню, мінулае i сучаснасць. Шуканне ў сённяшняй Беларусі, у тым ліку i ў нашым літаратурным асяроддзі, нейкага нацыяналізму — гэта мне асабіста бачыцца, адчуваецца мною то горка-смешным, то крыўднанесправядлівым. Мы не гэтага заслужылі.
Так, нам патрэбна родная школа, патрэбен патрыятычна свядомы чытач, нам патрэбна законнае месца ў гісторыі братніх народаў, патрэбна здаровая, інтэрнацыяналісцкая гордасць сваім народам, не горшым за іншыя ў працы, у барацьбе за светлыя ідэалы, за мір i дружбу, за чалавечнасць.
Усё гэта вельмі сугучна нашаму часу, вялікай, надоўга разлічанай мудрасці.
Вельмі істотна i тое, што ў нашы дні паўтараецца часта, што патрабуе ажыццяўлення ў справах,— маю на ўвазе неабходнасць перабудову пачынаць перш за ўсё з самога сябе, са свайш найбліжэйшага калектыву.
Пра гэта хочацца сёе-тое сказаць.
Гадоў з чатыры таму назад я чуў такое акрэсленне тагачасных грамадскіх настрояў: суцэльная млявасць i абыякавасць. Гэта, на жаль, не надта. хоча адыходзіць у нябыт, у нечым яно стасуецца i да нас.
Згадваюцца тры вечары ў нашым пісьменніцкім клубе — зусім нядаўнія i сумна характэрныя. Вечар Уладзіміра Караткевіча, з пагоды выхаду яш кнігі «Быў. Ёсць. Буду». Дзевяностапяцігоддзе Рыгора Раманавіча Шырмы. I вечар памяці Аркадзя Чарнышэвіча. Тры вельмі значныя імёны, тры светлыя вобразы: Караткевіч — арыгінальны, яркі паэт, празаік, драматург, публіцыст, слаўны таварыш, што так балюча без пары пакінуў нас; Шырма — чалавек подзвігу, жыццёвага i творчага, асоба з высокім маральным аўтарытэтам; Чарнышэвіч — таленавіты апавядальнік i раманіст, які зрабіў бы намнога больш, каб не бязлітасны цяжар несправядлівага лёсу — бяспраўе далёкай ссылкі.
A ў зале на тых вечарах, даволі людных, дзякуючы прыхільнікам роднага слова, нашага брата пісьменніка было тры-чатыры, ну пяць чалавек, амаль заўсёды тых самых. Такое паўтараецца i часта, i даўно. Hi старэйшых не ўбачыш, ні маладых. Цяжка ўявіць, што гэта іменна тады, у тыя вячэрнія паўтарыдзве гадзіны, недзе за мноствам пісьмовых сталоў ствараюцца суцэльныя шэдэўры, i працэс той ніяк немагчыма спыніць,— больш падстаў згадваць славутую млявасць i абыякавасць, сумна думаць пра нашу незразумелую, ганебную непавагу да зробленага іншымі, непавагу да нашых папярэднікаў.
Калі ж мы збіраемся гуртам, на сходы, колькі панылай дробязнасці, бяздарных прэтэнзій, узаемных прыдзірак, недастойнай помслівасці, халастой балбатні то пра нядаўнюю «духоўнасць», то пра новае «мысленне» даводзіцца сяды-тады пачуць!.. I гэта ў той час, калі мы як быццам сабраліся дзеля таго, каб займацца галоўнай, адзінай справай свайго жыцця, калі ў краіне рэвалюцыйны ўздым перабудовы, паварот да доўга i нялёгка чаканай галоснасці, калі ва ўсім свеце трывога не проста за мір, a ўжо за выжыванне чалавецтва!.. A ў нас часамі так нудна, нізка, так няёмка на душы... Рэдка бывае інакш, па-сур'ёзнаму, калі i дадому са сходу ідзеш чалавекам, i назаўтра працуецца ахватней.
Мы вельмі мала чытаем адзін аднаго, мала радуемся поспеху таварыша па прызванні, зачаста не заўважаем, што побач з намі жывуць, працуюць добрыя пісьменнікі, што некрыкліва, сумленна робяць сваю справу.
Мы вельмі недастаткова паважаем роднае слова. У працы сваёй. Моўная шэрасць, прыблізнасць, неахайнасць, спешка — нібы на злом галавы. Такое асабліва непрыемна i трывожна назіраецца ў нашай змены. Чуў нядаўна, у адказным выступленні адной паэтэсы: «Маладыя навучыліся пісаць». Яны, бач, навучыліся, а бедны Талстой да самай смерці вучыўся. Семнаццаць пачаткаў рамана «Воскресение», сто дзесяць варыянтаў філасофскай кнігі «Путь жизни». А некаторы наш скараспелы, лёгка-крыўдлівы ўмелец ледзь паспявае вычытаць свой рукапіс пасля машынкі, першы экземпляр, на другі ўжо цярплівасці не стае, трэба бегчы ў рэдакцыю, у выдавецтва.. З плеч ды ў печ, як пра сырыя дровы гаворыцца. Хай сабе — скідка на маладую гарачку. A колькі ж пажылых ды сталых сяк-так трухціць або паўзе на свой прысядзібны Парнас з папушчанымі лейцамі, з поўнай свабодай у правілах руху або хутчэй зусім без павагі да ix. Правінцыяльная гігантаманія ў спалучэнні з вялым драбнатэм'ем і, разам з тым, спрактыкаваная рухавасць у прасоўванні ў друк сваёй, гак часта ацеслівай, прадукцыі. Прачытаўшы нешта цікавейшае ў часопісе, парой захочацца сказаць таварышу шчырае слова, якое магло б, чаго добрага, i прыдацца яму, але дзе там, позна — канвеер панёс ужо гэты новы самашэдэўр у цвёрды пераплёт — i дома, i ў Маскве...