Пiшу як жыву [Аповесць, апавяданнi, мiнiяцюры, эсэ]
Пiшу як жыву [Аповесць, апавяданнi, мiнiяцюры, эсэ] читать книгу онлайн
Пражытае i перажытае Янкам Брылём за семдзесят пяць гадоў i расказакае вельмі ашчадна, але глыбока. Пражытае i перажытае разам з людзьмі — гэта i трагедыі, i няшчасці, i беды, i светлыя мары i радасці, i глыбокая вера ў людскаець ад нязломнага духу. I ўсё расказанае пісьменнікам вярэдзіць душу i розум.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Другая — у Мсціжах. Партизан начаваў у кагосьці, а тут у вёску заехалі i спыніліся немцы. Ён выскачыў з хаты, бабахнуў у той бок, а сам схаваўся ў прыбіральні за хлявом i там застрэліўся. За першы яго стрэл было заплочана сотняй мясцовых мужчын.
Абодва выпадкі з Барысаўшчыны.
I такое не вельмі мне зразумела — як мэтазгоднасць у барацьбе.
У Застарынні каля Баранавіч партызанамі быў праведзены першамайскі мітынг. Павыступалі i паехалі. A назаўтра ўранні прыехалі іншыя — батальён карнікаў з недалёкага Гарадзішча. I вымардавалі больш за тры з палавінай сотні людзей, у тым ліку i некалькі партызанаў, што там заначавалі.
I так яшчэ яны набіраліся — нашы мільёны ахвяр, уваходзячы ў неабдымна жахлівую лічбу — дваццаць. A ўжо ж i гаворыцца: звыш дваццаці...
* * *
Скідзельскае, жлобінскае, обальскае антыфашысцкія падполлі. Подзвігі, пакаранні, слава. Аднак у цэнтр трэба ставіць агульнасаюзнае, значыцца, рускае — Краснадон.
Чатыры салдаты ў шлюпцы на бурным акіяне, якіх ад галоднай смерці выратавалі амерыканцы. Старшы па званні — татарын, два ўкраінцы i рускі. Ахламоністы хлопец, i вушы смешна тырчаць. Аднак «Комсомольская правда» фотапартрэт яго дала асобна, з подпісам «Русский богатырь».
Уявім такое: група салдатаў ці партызанаў мужна адбіваліся ў акружэнні. Ix шмат, а член партыі толькі адзін, так сабе, малапрыкметны, заўсёды задні мужчынка. Аднак усё роўна, калі напішацца, як яны з боем выходзілі з акружэння, гэта будзе гучаць няхай прыблізна, але i бясспрэчна так: «Вперед! — воскликнул коммунист Хвостов, поднимая товарищей в последнюю атаку...»
Гэта ўжо з іншай оперы, але i тут аднак. Яшчэ мацнейшае, асабліва калі ў спалучэнні нацыянальнага з партыйным.
Дарэчы, так нам, паміж сябрамі, жартавалася i да 1953 года.
А яно ўсё жыве...
* * *
Савецка-польскія ветэраны другой сусветнай вайны, набліжаючыся да канца свайго шляху Разань —i Шчэцін, мы павінны былі звярнуцца — у імя найважнейшай справы — да ўсіх пісьменнікаў свету.
Праект звароту напісалі гаспадары, палякі, на чале з Войцехам Жукроўскім. А рэдагаваць яго з незразумела поўным правам узяўся кіраўнік нашай савецкай дэлегацыі, чыноўнічак з маскоўскага апарату Саюза пісьменнікаў, таварыш Нятой, якому за тым Жукроўскім як літаратару толькі б чамадан падносіць.
Аказёньвае тэкст, абанальвае. Палякі пярэчаць, даводзяць сваёг для справы безумоўна лепшае. A ў нашага — апошні аргумент:
— Я что — из-за тебя должен свой партбилет положить?!
Праўда, было гэта ў канцы восемдзесят трэцяга.
* * *
На юбілеі Цвіркі ў семдзесят дзевятым годзе слова ад Саюза пісьменнікаў СССР павінен быў сказаць вядомы крытык В. Аскоцкі. Ён i падрыхтаваўся належна, прыехаў з гатовым тэкстам. А тут у сталіцу братняй Літвы нечакана, праездам, з нейкаю дамай «нагрянул» Сяргей Міхалкоў. Тэкст выступлення сігануў вышэй, прачытаў яго сам масціты госць. Адпаведна дапрацаваўшы. Да слоў пачатку: «Замечательный литовский писатель Пятрас Цвирка...» было дададзена: «Замечательный литовский писатель, мой друг Пятрас Цвирка...» Далей — без адхіленняў.
Дружба тая — пытанне, а права першай ночы — барскі прывілей.
* * *
Па дарозе з Алма-Аты ў Талды-Курган мы, група ўдзельнікаў Дзён літаратуры ў Казахстане, аглядалі авечы адкормачны комплекс.
Лета семдзесят чацвёртага. Гарачыня — як вытрымаць. Дзве неабсяжныя прасторы — млосна-бясхмарнае неба i рыжа-спалавелы стэп. Церпкі пах безлічы светла-шэрых жывых кажухоў. Яшчэ i нейкія прамовы, i расказ пра дасягненні...
Ах, як не хочацца называць i не буду, бо ў гэтым ён вельмі далека не ўвесь, добры рускі пісьменнік, які i тут каторы ўжо дзень з ранку да вечара ледзь-ледзь трымаецца на нагах. Горка скажам: як ад імя свайго вялікага народа — перад народам меншым.
Стоячы ў гурце ззаду, раскіслы твар «старэйшага брата» бачыў я толькі памяццю. I тое зблізку бачыў, як адзін з гаспадароў, што сустракалі нас, кіраўнік раённага рангу, пад гальштукам i ў капелюшы, слухаючы прамову яшчэ вышэйшага, ціха, старанна, урачыста — як ад імя казахскага народа — раз-поразу зганяў з прыгорбленай спіны маскоўскага госця, які стомлена пагойдваўся, сярэднеазіяцкую назолу-муху...
* * *
У падарожжы па Хабараўскім краі мы, група літаратараў, трапілі якраз на адлоў гарбушы. У рыбгасе над вусцем Амура ў Татарскую пратоку нам паказалі выдатны японскі канвеер, дзе жывая рыба ідэальным спосабам ператвараецца ў экспартныя кансервы. А перад гэтым мы аглядалі «заездак», дзе тая рыба ловіцца, нам расказалі, што за гэты новы спосаб лову вынаходнік яго быў адзначаны Сталінскай прэміяй. A ўся справа ў інстынкце левай шчакі — ён, інстынкт гэты, i заводзіць рыбу ў паўкруг «заездка», дзе з глыбіні калаўротамі паднімаюцца сеткі, густы сярэбраны касяк гарбушы, адна ў адну, адцэджваецца i апускаецца ў лодкубасейн, кунгас, i адтуль — жыўцом на канвеер.
Інстынкт левай шчакі... Я яго ўспомніў, нібы зусім недарэчы, у іншым прыстасаванні, гледзячы з залы ў прэзідыум.
Адзін з нашых таварышаў, літаратурны шлях якога дзесяцігоддзямі значыцца, як бясконцым пункцірам, сядзеннем у самых розных прэзідыумах. У зале яго я наогул не прыпамінаю. I сам ён настолькі ўжо прывык да такога сядзення, што інакш свайго месца i не ўяўляе.
Адзін з маіх сяброў, значна старэйшы, выседжваў у прэзідыумах таксама вельмі доўга. Цяпер ужо не сядзіць i вельмі гэта перажывае. Не назваўшы першага, я тым больш не назаву i другога, бо справа тут не ў імёнах, a ў характэрнай асаблівасці нашай атмасферы. Аднак мне трэба сказаць, што мой старэйшы сябар — з іншай рэспублікі. Я быў госцем на іхнім пісьменніцкім з'ездзе, сядзеў з сябрам у зале, мы трохі перашэптваліся, а мне i ў галаву не ішло, што ён тым часам горка змагаўся са сваім інстынктам... А потым i не вытрымаў — у перапынку пакінуў мяне аднаго, нічога не сказаўшы, пайшоў i сеў, i пасядзеў — аказваецца, для душы. Хоць i не ў першым paдзе, як раней, хоць i наогул «незаконна»...
* * *
У снежні сорак сёмага года мы ўтрох, Вялюгін, Кірэенка i я, ехалі ў Таджыкістан. У міжнародным вагоне з двухмеснымі купэ. Вагон быў пуставаты, дарога далёкая, пажылы праваднік гаваркі. Любіў ён пасядзець у нас, расказаць сёе-тое ca сваёй бывальшчыны.
Хоць бы такое, што вось у адным з папярэдніх рэйсаў у гэтым вагоне ехаў архіерэй. Спачатку адзін у купэ, а потым (на станцыі, назвы якое я не запомніў). зайшоў у вагон ваенны. Маёр, Герой Савецкага Саюза. Адчыніў дзверы свайго, па білеце, купэ, зірнуў i раскрычаўся: «Што — з папом? Забраць адгэтуль папа!..»
— Скандал, вы разумееце. A месцаў свабодных больш няма. I ўгаварыць яго аніяк не ўдаецца. Гэта ўжо i начальнік поезда прыйшоў. Маёр скандаліць на калідоры — i ўсё. А каб яго, вы разумееце, супакоіць або ссадзіць, патрэбен не толькі старшы па званні, але таксама Герой...
Начальнік поезда на бліжэйшай станцыі пазваніў «па пуці следавання» ў Сызрань (гэта я добра запомніў), там у вагон зайшоў генерал-маёр, Герой. Далей расказ — на сумленні правадніка. Генерал-маёр зняў з маёра Зорку Героя, зняў пагоны i аформіў пратакол. Тады папрасіў архіерэя падпісаць тую паперу. Рэшту перадаю даслоўна, як дагэтуль помніцца:
— Архіерэй дастаў сваю ручку з залатым пяром, распісаўся акуратна, ручку склаў i сказаў: «Дураков учить надо».
Тысячагоддзе хрышчэння Русі. Па тэлевізары столькі сівых i цёмных бародаў, белых i чорных клабукоў, столькі сустрэч на высокім i вышэйшым узроўні, сугучна з датай i часам, столькі дастойных паводзін, мудрых прамоў...