Час second-hand

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Час second-hand, Алексіевіч Святлана Александровна-- . Жанр: Современная проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Час second-hand
Название: Час second-hand
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 437
Читать онлайн

Час second-hand читать книгу онлайн

Час second-hand - читать бесплатно онлайн , автор Алексіевіч Святлана Александровна
“Час second-hand” — кніга пісьменніцы Святланы Алексіевіч, апошняя з серыі, прысвечанай “гісторыі вялікай і страшнай утопіі — камунізму”: Вялікая Айчынная вайна, Афганістан, Чарнобыль і, нарэшце, развал сацыялістычнай імперыі... Кніга перакладзеная на многія еўрапейскія мовы і ўжо атрымала прэстыжныя прэміі нямецкіх кнігадрукароў і французскіх медыяў. У прадмове аўтарка піша: “За семдзесят з лішкам гадоў у лабараторыі марксізму-ленінізму вывелі асобны чалавечы тып — “homo soveticus”. Адны лічаць, што гэта трагічны персанаж, іншыя называюць яго “саўком”. Мне здаецца, я ведаю гэтага чалавека, ён мне добра знаёмы, я побач з ім, поплеч, пражыла шмат гадоў. Ён — гэта я. Гэта мае знаёмыя, сябры, бацькі. Некалькі гадоў я ездзіла па ўсім былым Савецкім Саюзе, бо homo soveticus — гэта не толькі рускія, але і беларусы, туркмены, украінцы, казахі... Цяпер мы жывем у розных дзяржавах, размаўляем на розных мовах, але нас ні з кім не зблытаеш...”

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 44 45 46 47 48 49 50 51 52 ... 99 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

…Адзін хлопчык пабег… спецыяльна пабег, каб яго застрэлілі… Па снезе… пад сонцам… Выдатна бачны. Стрэлілі ў галаву, прыцягнулі на вяроўцы і паставілі каля барака — глядзіце! Доўга ён там стаяў… да вясны… …Дзень выбараў… Канцэрт на выбарчым участку. Выступае лагерны хор. Стаяць палітычныя, уласаўцы, прастытуткі, злодзеі — і спяваюць песню пра Сталіна: «Сталин — наше знамя! Сталин — наше счастье».

…На перасылцы сустрэў дзяўчынку. Яна распавядала, як следчы ўгаворваў яе падпісаць пратакол: «Паедзеш у пекла… Але ты прыгожая, спадабаешся якому-небудзь начальніку. І так выратуешся».

…Вясной было асабліва страшна. Усё ў прыродзе змяняецца… усё пачынае жыць… Ні ў кога лепш не пытацца, колькі яму засталося сядзець. Увесну любы тэрмін — вечнасць! Птушкі лятуць — ніхто галавы не падымае. У неба вясной не глядзяць…

Азірнулася каля дзвярэй — памахаў рукой. Вяртаюся праз некалькі гадзін — ён ужо трызніць. Кагосьці просіць: «Пачакай. Пачакай». Потым аціх, проста ляжаў. Яшчэ тры дні. Я і да гэтага прывыкла. Ну вось, ён тут ляжыць, а я тут жыву. Мне паставілі ложак з ім побач. Вось… Трэці дзень… Ужо цяжка калоць унутрывенныя… Тромбы… Я павінна дазволіць дактарам усё спыніць, яму не будзе балюча, ён не пачуе. І мы з ім засталіся зусім удваіх. Ні прыбораў, ні дактароў, да яго ніхто больш не заходзіць. Я легла побач. Холадна. Залезла пад коўдру да яго і заснула. Прачнулася… на секунду мне здалося: мы спім у сябе дома, расчыніўся балкон… ён яшчэ не прачнуўся… Страшна расплюшчыць вочы… Расплюшчыла — усё ўспомніла… Тут я пачала кідацца… Устала, паклала рукі яму на твар: «А-а-ах…» — пачуў мяне. Пачалася агонія… і я так сядзела… руку яго трымала, апошні ўдар сэрца адчула. Яшчэ доўга так сядзела… Паклікала нянечку, яна дапамагла мне апрануць яму кашулю, блакітную, яго ўлюбёны колер. Я спытала: «Можна пасядзець?» — «Так, калі ласка. Не баіцеся?» Чаго ж мне баяцца? Я ведала яго… як маці ведае сваё дзіця… Да раніцы ён стаў прыгожы… Знік з твару страх, сышло напружанне, уся жыццёвая мітусня. І я ўбачыла тонкія, выкшталцоныя рысы. Твар усходняга прынца. Вось які ён! Вось які ён насамрэч! Такім я яго не ведала.

У яго была адзіная просьба: «Напішы на камені, які будзе ляжаць нада мною, што я быў шчаслівым чалавекам. Мяне кахалі. Самая страшная пакута, калі цябе не кахаюць». (Маўчыць.). Такое кароткае нашае жыццё… Імгненне! Я бачу, як глядзіць мая старэнькая мама ўвечары ў сад… якімі вачыма…

Доўга сядзім моўчкі.

Не магу… не ўмею без яго жыць… А да мяне зноў заляцаюцца.

Дораць кветкі.

Назаўтра — нечаканы званок.

Усю ноч плакала… выла ад болю… Я ўвесь час сыходзіла… сыходзіла… уцякала ў іншы бок. Я ледзь выжыла… А ўчора туды зноў вярнулася… мяне вярнулі… Хадзіла ўся забінтаваная, стала раскручваць гэтыя бінты, выходзіць, нічога не загаілася. Я думала, што пад гэтымі бінтамі ў мяне ўжо новая скура, а нічога гэтага няма. Нічога не зарасло. Нікуды яно не сышло… усё, што было… Я баюся гэта каму-небудзь аддаць. Ніхто не ўтрымае. Звычайнымі рукамі гэта не ўтрымаць…

Гісторыя аднаго дзяцінства

Марыя Вайцяшонак, пісьменніца, 57 гадоў

— Я — асадніца. Я нарадзілася ў сям’і ссыльнага польскага афіцэра-асадніка (osadnik — па-польску, «пасяленец», які атрымаў зямлю на Усходніх Крэсах пасля заканчэння савецка-польскай вайны ў 1921 годзе). А ў 1939-м (сакрэтны пратакол пакта Молатава—Рыбентропа) Заходнюю Беларусь далучылі да СССР, і тысячы асаднікаў-каланістаў разам са сваімі сем’ямі былі высланы ў Сібір як «небяспечны палітычны элемент» (з цыдулкі Берыі — Сталіну). Але гэта вялікая гісторыя, а ў мяне свая… маленькая…

Не ведаю дня свайго нараджэння… і нават года… Усё ў мяне прыблізнае. Не знайшла ніякіх дакументаў. Я ёсць, і мяне няма. Не памятаю нічога і памятаю ўсё. Я думаю, што мама з’язджала цяжарная мной. Чаму? Мяне заўсёды хвалююць паравозныя гудкі… і пах шпалаў… і плач людзей на станцыях… Магу ехаць добрым, фірмовым цягніком, але прагрукоча побач таварняк, і ў мяне слёзы. Не магу бачыць вагоны для скаціны, чуць роў жывёлы… Нас везлі ў гэтых вагонах. Мяне яшчэ не было. І я была. У мяне ў снах няма твараў… сюжэтаў… усе мае выявы з гукаў… пахаў…

Алтайскі край. Горад Змеінагорск, рака Змееўка… Выгнаннікаў згрузілі за горадам. Ля возера. Жыць пачалі ў зямлі. У зямлянках. Я нарадзілася пад зямлёй, вырасла там. Зямля мне з дзяцінства пахне домам. Цячэ вада са столі, адрываецца камяк зямлі, зваліўся і скача да мяне. Гэта — жаба. Але я маленькая, я яшчэ не ведаю, каго трэба баяцца. Сплю з дзвюма козачкамі, на цёплай посцілцы з казіных «арэшкаў»… Першае слова «ме-е-е»… першыя гукі… а не «ма»… «мама». Старэйшая сястра Уладзя ўспамінала, як я дзівілася, што козачкі не размаўляюць, як мы. Не магла даўмецца. Яны здаваліся мне роўнымі. Свет быў цэласны, непадзельны. Я і цяпер не адчуваю гэтай розніцы паміж намі, паміж людзьмі і жывёламі. Заўсёды размаўляю з імі… і яны мяне разумеюць… А жучкі, павучкі… яны таксама былі побач… такія каляровыя, такія размаляваныя. Мае цацкі. Увесну мы разам вылазілі на сонца, поўзалі па зямлі, шукалі ежу. Грэліся. А ўзімку абміралі, як дрэвы, засыналі ад голаду. У мяне свая школа, мяне вучылі не толькі людзі. Я чую і дрэвы, і траву. Больш за ўсё ў жыцці мне цікавыя жывёлы, сапраўды цікавыя. Як мне адлучыцца ад таго свету… ад тых пахаў… Вось нарэшце сонца! Лета! Я — наверсе… вакол прыгажосць асляпляльная, і ніхто нікому не гатуе ніякай ежы. Усё гучыць, усё ў фарбах. Я спрабую на смак кожную травінку, лісток… кветку… усе карэньчыкі… блёкату раз наелася, ледзь не памерла. Віды-прывіды… Памятаю гару «Сіняя барада» і сіняе святло на гэтай гары… асвятленне… Святло ішло менавіта з левага боку, са схілу. Ішло яно зверху ўніз… Якія гэта былі відовішчы! Баюся, што ў мяне не хопіць таленту гэта перадаць. Уваскрасіць. Словы — гэта толькі дадатак да стану. Да нашых пачуццяў. Чырвоныя макі, лілеі-саранкі, мар’ін корань… Усё гэта рассцілалася перад вачыма. Пад нагамі. Ці іншая карціна… Я сяджу каля нейкай хаты. Па сцяне паўзе сонечная пляма… і яна розных колераў… увесь час змяняецца. Доўга-доўга сяджу на тым месцы. Калі б не гэтыя фарбы, я б, напэўна, памерла. Не выжыла. Не памятаю, што мы елі… ці была ў нас якая-небудзь чалавечая ежа…

Увечары я бачыла, як ішлі чорныя людзі. Чорнае адзенне, чорныя твары. Гэта ссыльныя вярталіся з руднікоў… яны ўсе былі падобныя да майго бацькі. Я не ведаю, ці любіў мяне бацька. Ці любіў мяне хто-небудзь?

У мяне вельмі мала ўспамінаў… Мне іх бракуе. Шукаю ў цемры, імкнуся больш адтуль выцягнуць. Рэдка… вельмі рэдка раптам штосьці ўспомніцца, чаго я не памятала. Мне гарчыць, але я шчаслівая. Я тады страшна шчаслівая.

Нічога не магу ўспомніць пра зіму… Узімку я сядзела ў зямлянцы ўвесь дзень. Дзень быў падобны на вечар. Усё ў змроку. Ніводнай каляровай плямы… Ці былі ў нас нейкія рэчы, акрамя місаў і лыжак? Ніякай адзежы… каб штосьці з адзежы… абгортваліся нейкімі анучамі. Ніводнай каляровай плямы. Абутак… Што з абутку? Галёшы… памятаю галёшы… у мяне таксама галёшы, вялікія і старыя, як у мамы. Напэўна, маміны… Першае паліто мне выдалі ў дзіцячым доме, і першыя рукаўкі. Шапачка. Памятаю: у цемры ледзь-ледзь бялее твар Уладзі… Цэлымі днямі яна ляжыць і кашляе, яна захварэла на рудніках, у яе сухоты. Я ўжо ведаю гэтае слова… Мама не плача… Не памятаю, каб мама плакала, яна мала гаварыла, а потым, мабыць, наогул перастала размаўляць. Калі кашаль адступае, Уладзя кліча мяне: «Паўтарай за мной… Гэта — Пушкін». Я паўтараю: «Мороз и солнце, день чудесный! Еще ты дремлешь, друг прелестный!». І ўяўляю сабе зіму. Як у Пушкіна.

Я рабыня слова… я слову веру абсалютна… Заўсёды чакаю слоў ад чалавека, і ад незнаёмага чалавека таксама, ад незнаёмага нават больш чакаю. З незнаёмым чалавекам яшчэ можна спадзявацца на паразуменне, як быццам і самой хочацца сказаць… Калі я пачынаю камусьці распавядаць, потым на тым месцы, пра якое я казала, я нічога ўжо не знаходжу. Там пустэча, я губляю гэтыя ўспаміны. І трэба доўга чакаць, каб яны вярнуліся. Таму я маўчу. Я ўсё нашу ў сабе. Хады, лабірынты, норкі…

1 ... 44 45 46 47 48 49 50 51 52 ... 99 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название