Час second-hand
Час second-hand читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Выйшла з дому, зачыніла дзверы і раптам адчула радасць, што я зараз пайду. Пайду назаўсёды. Паехала да мамы, ён прыбег тут жа, уначы, і быў зусім збіты з панталыку: цяжарная, чамусьці ўвесь час незадаволеная, нешта ёй яшчэ трэба. Ну што табе яшчэ патрэбна? А я перагарнула гэтую старонку… Была вельмі рада, што ён у мяне быў, і вельмі рада, што яго больш няма. Маё жыццё — заўсёды як скарбонка. Было — і скончылася, было — і скончылася.
Ой, я так прыгожа нарадзіла Аньку… мне гэта так спадабалася… Па-першае, воды ў мяне адышлі… Я шмат хадзіла, і, здаецца, на нейкім кіламетры ў лесе ў мяне адышлі воды. Наогул неяк дрэнна разумела — ну што, мне зараз ужо збірацца ў бальніцу? Пачакала да вечара. Зіма была — цяпер ужо не верыцца — мароз сорак градусаў. Кара дрэў трашчала. Усё ж такі я вырашыла пайсці. Дакторка паглядзела: «Будзеш два дні нараджаць». Тэлефаную дадому: «Мама, прынясі шакалад. Мне яшчэ доўга ляжаць». Перад ранішнім абыходам забегла медсястра: «Слухай, ужо галоўка тырчыць. Паклічу доктара». І вось — я ў крэсле… Мне кажуць: «Вось-вось. Зараз-зараз». Не памятаю, колькі часу прайшло. Але хутка… вельмі хутка… Паказваюць мне нейкі камячок: «Дзяўчынка ў цябе». Узважылі — чатыры кілаграмы. «Слухайце, ніводнага разрыву. Пашкадавала маму». Ой, калі яе назаўтра прынеслі: вочы — адны зрэнкі, чорныя, плаваюць. І я ўжо болей нічога не бачу…
У мяне пачалося новае, зусім іншае жыццё. Мне спадабалася, як я стала выглядаць. Увогуле… Я стала прыгажэйшай адразу… Анька тут жа заняла сваё месца, я любіла яе, але вось неяк яна абсалютна не была ў мяне звязана з мужчынамі. З тым, што ў яе ёсць тата. З неба ўпала! З неба. Навучылася гаварыць, у яе пытаюцца: «Анечка, у цябе таты няма?» — «У мяне замест таты бабуля». — «А сабакі ў цябе няма?» — «У мяне замест сабакі хамячок». Мы з ёй удзвюх вось такія… Усё жыццё баялася, што я раптам стану не мной. Нават калі лячылі зуб, прасіла: «Не рабіце ўкол. Не абязбольвайце». Мае пачуцці — гэта мае пачуцці, добрыя і хворыя, не адключайце мяне ад мяне. Мы з Анькай падабаліся адна адной. І вось такія мы сустрэлі яго… Глеба…
Калі б ён не быў ён, я б ніколі больш не выйшла замуж. У мяне ўсё было: дзіця, праца, свабода. Раптам ён… Нязграбны, амаль сляпы… з дыхавіцай… Упусціць у свой свет чалавека з такім цяжарам мінулага — дванаццаць гадоў сталінскіх лагераў… Забралі хлапчуком, у шаснаццаць гадоў. Бацьку… буйнога партыйнага працаўніка… расстралялі, а маці да смерці замарозілі ў бочцы з вадой. Дзесьці далёка, дзесьці ў снягах. Да яго я ніколі ні пра што такое не думала… Піянерка… камсамолка… Жыццё цудоўнае! Дзівоснае! Як я на гэта наважылася? Як? Праходзіць час, і боль робіцца ведаю. І ведаю таксама. Ужо пяць гадоў, як яго няма… Пяць… І мне нават шкада, што ён мяне такую, якая я зараз, не ведаў. Цяпер я больш разумею яго, я да яго дарасла, але ўжо без яго. Доўга не магла жыць адна. Зусім не хацела жыць. Я не адзіноты баялася, прычына іншая — я не ўмею жыць без кахання. Мне патрэбны гэты боль… гэтая літасць… Без гэтага… Мне страшна, мне так бывае страшна ў моры. Калі я заплываю далёка-далёка: я адна… там, унізе, цемра… Я не ведаю, што там…
Сядзім на тэрасе. Зашумела лісце — пачаўся дождж.
— Вой, гэтыя пляжныя раманы… Ненадоўга. Кораценька. Такая сабе маленькая мадэль жыцця. Можна прыгожа пачаць, і можна прыгожа сысці. Гэта тое, што ў нас не атрымліваецца ў жыцці, тое, чаго б мы хацелі. Таму мы так любім куды-небудзь паехаць… каго-небудзь сустрэць… Вось… У мяне дзве касічкі, сукенка ў сіні гарошак, набытая за дзень да ад’езду ў «Детском мире». Мора… заплываю далёка-далёка, больш за ўсё на свеце я люблю плаваць. З раніцы раблю зарадку пад белай акацыяй. Ідзе мужчына, мужчына і ўсё, вельмі звычайнай знешнасці, немалады, убачыў мяне, чамусьці ўзрадаваўся. Стаіць і глядзіць: «Хочаце, я ўвечары вам вершы пачытаю?» — «Можа быць, а зараз я паплыву далёка-далёка!» — «А я буду вас чакаць». І чакаў, некалькі гадзін чакаў. Вершы чытаў кепска, увесь час папраўляў акуляры. Але такі кранальны. Я зразумела… Я зразумела, што ён адчувае… Вось гэтыя рухі, гэтыя акуляры, вось гэтая ўсхваляванасць. Але зусім не памятаю, што ён чытаў. І чаму гэта павінна быць такім значным? Тады таксама дождж пайшоў. Быў дождж. Я гэта памятаю… нічога не забылася… Пачуцці… нашыя пачуцці — гэта нейкія асобныя істоты — пакуты, каханне, пяшчота. Жывуць яны самі па сабе, яны не залежаць ад нас. Чамусьці раптам выбіраеш гэтага чалавека, а не таго, хоць той, можа, нават лепшы. Ці робішся часткай чужога жыцця, яшчэ нічога пра гэта не ведаючы. Але цябе ўжо знайшлі… даслалі сігнал… «Я так цябе чакаў», — сустракае ён мяне на наступную раніцу. І кажа гэта такім голасам, што я чамусьці ў гэты момант яму веру, хоць зусім не была падрыхтаваная. Нават наадварот. Але нешта змяняецца ў наваколлі… Гэта яшчэ не каханне, але такое адчуванне, што мне падарылі ўсяго-ўсяго. Чалавек пачуў чалавека. Дагрукаўся. Заплываю далёка-далёка. Вяртаюся. Чакае. Зноў кажа: «У нас з табой усё будзе добра». І чамусьці я зноў у гэта веру. Пілі ўвечары шампанскае: «Гэта чырвонае шампанскае, але па кошце нармальнага шампанскага». Фраза мне падабаецца. Смажыў яечню: «У мяне з гэтымі яечнямі цікавая гісторыя. Я купляю яйкі дзясяткамі, смажу парамі, і заўсёды застаецца адно яйка». Нейкія такія мілыя рэчы.
Усе глядзяць на нас і пытаюцца: «Гэта твой дзядуля? Гэта твой тата?» Я ў такой кароткай сукенцы… Мне дваццаць восем гадоў… Гэта потым ён стаў прыгожы. Са мной. Мне здаецца, я ведаю сакрэт… Гэтыя дзверы адчыняюцца толькі ад кахання… толькі ад кахання… «Я цябе ўспамінаў». — «А як ты мяне ўспамінаў?» — «Мне хацелася, каб мы з табою кудысьці ішлі. Далёка-далёка. І нічога мне не трэба, а каб я адчуваў — ты побач. Вось прыемнасць такая ў мяне — проста глядзець і ісці побач». Мы перажылі з ім шчаслівыя гадзіны, абсалютна дзіцячыя. «Можа, паедзем з табой на якую-небудзь выспу, там будзем ляжаць на пяску». Шчаслівыя людзі — заўсёды дзеці. Іх трэба ахоўваць, яны далікатныя і смешныя. Безабаронныя. У нас з ім было так, а як наогул павінна быць, я не ведаю. З гэтым так, з іншым інакш. Як створыш… «Няшчасце — лепшы настаўнік», — казала мая мама. А хочацца шчасця. Ноччу прачыналася з думкай: што я раблю? Страшэнна мне было не па сабе, і я ад гэтага напружання… Я… у мяне… «У цябе ўвесь час напружаная шыя», — заўважаў ён. Што я раблю? Куды я падаю? Там прорва.
…Вось хлебніца… Як толькі ён бачыў хлеб, ён пачынаў яго метадычна з’ядаць. Любую колькасць. Хлеб нельга пакідаць. Гэта пайка. Вось есць і есць, колькі ёсць хлеба, столькі і з’есць. Я не адразу зразумела… …Распавядаў пра школу… На ўроках гісторыі яны адгортвалі падручнік і на партрэтах маршалаў Тухачэўскага, Блюхера малявалі турэмныя краты. Дырэктар школы камандавала. Пры гэтым нешта спявалі, смяяліся. Як гульня. Пасля ўрокаў яго білі і пісалі на спіне крэйдай «сын ворага народа».
…Крок у бок — застрэляць, дабяжыш да лесу — дзікія звяры разарвуць. У бараку ўначы свае маглі зарэзаць. А проста так — узяў і зарэзаў. Ніякіх слоў… нічога… Гэта лагер, кожны жыве сам з сабой. Гэта мне трэба было зразумець …Пасля прарыву ленінградскай блакады прыбыў да іх этап блакаднікаў. Шкілеты… косткі… мала падобныя да людзей… Пасадзілі іх за тое, што яны схавалі хлебныя карткі на пяцьдзясят грамаў хлеба (дзённая норма) памерлай маці… дзіцяці… Давалі за гэта па шэсць гадоў. Два дні ў лагеры — страшная цішыня. Вохраўцы… і яны маўчалі… …Працаваў пэўны час у кацельні… хтосьці ж яго, дахадзягу, ратаваў. Апальшчык быў маскоўскі прафесар-філолаг, а ён падвозіў яму дровы на тачцы. Яны спрачаліся: ці можа чалавек, які цытуе Пушкіна, страляць па бяззбройных людзях? Які слухае Баха…
Чаму ж усё-такі ён? Менавіта ён? Рускія жанчыны любяць знайсці вось такіх няшчасных. Мая бабуля кахала аднаго, бацькі аддалі замуж за іншага. Як ён ёй не падабаўся, як не хацела! Госпадзі! І вырашыла, калі ў царкве бацюшка звернецца да яе: ці ідзеш па сваёй волі? — яна адмовіцца. А бацюшка напіўся, і замест таго, каб спытаць як мае быць, сказаў: «Ты яго не крыўдзі, ён ногі на вайне адмарозіў». Ну што, вядома, трэба ўжо выходзіць замуж. Так бабуля на ўсё жыццё атрымала нашага дзядулю, якога ніколі не кахала. Выдатная застаўка да ўсяго нашага жыцця… «Ты яго не крыўдзі, ён ногі на вайне адмарозіў». Ці была шчаслівая мая мама? Мама… Тата вярнуўся з вайны ў сорак пятым… Зняможаны, стомлены. Хворы ад ран. Пераможцы! Толькі іх жонкі ведаюць, што такое жыць з пераможцамі. Мама часта плакала, калі бацька вярнуўся. Пераможцы ўваходзілі ў нармальнае жыццё гадамі. Прывыкалі. Памятаю татавы апавяданні, як па першым часе ён вар’яцеў ад слоў «лазню напалім», «сходзім на рыбу». Нашы мужчыны — пакутнікі, яны ўсе з траўмай — або пасля вайны, або пасля турмы. Пасля лагера. Вайна і турма — два галоўныя нашыя словы. Нашыя! У нашай жанчыны ніколі не было нармальнага мужчыны. Яна лечыць, лечыць. Трымае мужчыну трошкі за героя, трошкі за дзіця. Ратуе. Дагэтуль. У яе ўсё тая ж роля. Савецкі Саюз разваліўся… Цяпер у нас — ахвяры развалу імперыі. Крушэння. Нават Глеб быў смялейшы пасля ГУЛАГа. У яго быў гонар: а вось я выжыў! Вось я перажыў! Я такое бачыў! Але пішу кнігі, цалую жанчын… Ён быў з гонарам. А ў гэтых у вачах страх. Толькі страх… Войска скарачаецца, заводы стаяць… Інжынеры і лекары на рынку гандлююць. Кандыдаты навук. Колькі іх вакол, скінутых з паравоза. Сядзяць на ўзбочыне, чагосьці чакаюць. У маёй знаёмай муж быў лётчыкам,