Час second-hand
Час second-hand читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
…Нейкае ваеннае свята… Наш дзіцячы сад прывялі да помніка піянеру-герою Марату Казею: «Вось, дзеці, — сказала выхавальніца, — гэта юны герой, ён падарваў сябе гранатай і знішчыў шмат фашыстаў. Калі вы вырасцеце, вы павінны стаць такімі ж». Таксама падарваць сябе гранатай? Сам я гэтага не памятаю… з маміных слоў… Уначы я моцна плакаў: мне трэба памерці, буду ляжаць недзе адзін, без мамы і таты… раз я плачу, значыць, я ні кропелькі не герой… Я захварэў.
…А калі вучыўся ў школе, у мяне ўжо была мара — патрапіць у атрад, які нёс вахту ля Вечнага агню ў цэнтры горада. Туды бралі лепшых вучняў. Ім шылі ваенныя шынялі, шапкі-аблавухі і выдавалі вайсковыя пальчаткі. Гэта не нейкая там «абязалаўка», а вялікі гонар — патрапіць туды. Слухалі заходнюю музыку, ганяліся за джынсамі, яны ўжо з’явіліся і ў нас… сімвал дваццатага стагоддзя, як і аўтамат Калашнікава… Мае першыя джынсы былі з лэйблам «Мантана» — як жа гэта было крута! А ўначы мне снілася, як я кідаюся з гранатай на ворага… …Памерла бабуля, да нас пераехаў жыць дзед. Кадравы афіцэр, падпалкоўнік. У яго было шмат ордэнаў і медалёў, я ўвесь час чапляўся да яго: «Дзед, за што табе далі гэты медаль?» — «За абарону Адэсы». — «А які ты подзвіг здзейсніў?» — «Абараняў Адэсу». І кропка. Я на яго за гэта крыўдзіўся. «Дзед, а ты што-небудзь высакароднае, высокае ўспомні». — «З гэтым не да мяне, а ў бібліятэку. Вазьмі кнігу і пачытай». Дзед у мяне быў класны, мы проста хімічна з ім прыцягваліся адзін да аднаго. Памёр у красавіку, а хацеў дажыць да мая. Да Дня Перамогі.
…У шаснаццаць гадоў мяне, як належыць, выклікалі ў ваенкамат: «У якія войскі хочаш?» Я заявіў ваенкаму, што закончу школу і буду прасіцца ў Афганістан. «Дурань», — сказаў ваенкам. Але я доўга рыхтаваўся: скакаў з парашутам, вывучыў аўтамат… Мы — апошнія піянеры Краіны Саветаў. Будзь гатовы!
…З нашага класа з’язджаў у Ізраіль адзін хлопчык… Склікалі агульнашкольны сход, яго пераконвалі: калі твае бацькі хочуць з’ехаць, няхай з’язджаюць, але ў нас ёсць добрыя дзіцячыя дамы, ты там давучышся і застанешся жыць у СССР. Для нас ён быў здраднікам. Яго выключылі з камсамола. Назаўтра ўвесь клас ехаў у калгас «на бульбу», ён таксама прыйшоў, яго вывелі з аўтобуса. Дырэктар школы ўсіх на лінейцы папярэдзіла: хто, маўляў, пачне з ім ліставацца, таму будзе цяжка скончыць школу. Калі ён з’ехаў, мы ўсе сталі дружна яму пісаць… …У перабудову… Тыя ж настаўнікі нам сказалі: забыць усё, што мы раней вучылі, і чытаць газеты. Вучыліся па газетах. Выпускны экзамен па гісторыі наогул адмянілі, не прыйшлося зубрыць з’езды КПСС усякія. На апошняй кастрычніцкай дэманстрацыі нам яшчэ раздавалі плакаты і партрэты правадыроў, але для нас гэта ўжо было, як карнавал для бразільцаў.
…Памятаю, як людзі хадзілі з мяшкамі савецкіх грошай па пустых крамах…
Паступіў ва ўніверсітэт… Чубайс у гэты час агітаваў за ваўчары, ён абяцаў, што адзін ваўчар будзе каштаваць дзве «Волгі», тады як цяпер ён каштуе дзве капейкі. Драйвовы час! Я раздаваў улёткі ў метро… Усе марылі пра новае жыццё… Марылі… Марылі, што каўбасы на прылаўках стане навалам, па савецкіх коштах, і члены Палітбюро будуць стаяць па яе ў агульнай чарзе. Каўбаса — пункт адліку. У нас экзістэнцыйная любоў да каўбасы… Пагібель багоў! Фабрыкі — рабочым! Зямлю — сялянам! Рэкі — бабрам! Бярлогі — мядзведзям! Шэсці на вуліцах і трансляцыя З’езду народных дэпутатаў выдатна замянялі мексіканскія серыялы… Правучыўся я два курсы… І кінуў універсітэт. Шкада было бацькоў, ім наўпрост сказалі: вы — нікчэмныя саўкі, ваша жыццё знікла ні за нюх табакі, вы вінаватыя ва ўсім, пачынаючы з Ноева каўчэга, вы цяпер нікому не патрэбныя. Усё жыццё шмат працаваць, і ў выніку — нічога. Усё гэта іх падкасіла, разбурыла іх свет, яны так і не аднавіліся, не ўпісаліся ў круты паварот. Малодшы брат пасля ўрокаў мыў машыны, гандляваў у метро жуйкамі і ўсякай фігнёй, і ён зарабляў больш за нашага бацьку… Бацька быў вучоны. Доктар навук! Савецкая эліта! У камерцыйных крамах з’явілася каўбаса, усе пабеглі глядзець. Убачылі кошты! Так у нашае жыццё ўвайшоў капіталізм…
Я стаў грузчыкам. Гэта было шчасце! Разгрузім з сябрам фуру з цукрам — нам дадуць грошы і па мяху цукру. А што такое ў дзевяностыя мех цукру? Цэлае багацце! Грошы! Грошы! Пачатак капіталізму… У адзін дзень ты мог стаць мільянерам або атрымаць кулю ў лоб. Зараз успамінаюць… Палохаюць: магла быць грамадзянская вайна… Стаялі ў кроку ад бездані! Я гэтага не адчуў. Памятаю, што вуліцы спусцелі, на барыкадах — нікога. Газеты перасталі выпісваць і чытаць. Мужыкі ў двары спачатку лаялі Гарбачова, а потым Ельцына за тое, што гарэлка падаражэла. Замахнуліся на святое! Дзікі, невытлумачальны азарт ахапіў усіх. У паветры лунаў пах грошай. Вялікіх грошай. І абсалютная свабода — ні партыі, ні ўрада. Усе хацелі рабіць «бабло», і тыя, хто рабіць «бабло» не ўмеў, зайздросцілі тым, хто ўмеў. Хтосьці гандляваў, хтосьці купляў… нехта прыкрываў, хтосьці «дахаваў»… Я зарабіў першыя «бабкі»… Пайшоў з сябрамі ў рэстаран. Замовілі «Марціні» і «Раяль» — тады гэта было супер! Хацелася патрымаць у руках келіх. Пакрасавацца. Закурылі «Мальбара». Усё — як чыталі ў Рэмарка. Доўга жылі па малюначках. Новыя крамы… рэстараны… як дэкарацыі з чужога жыцця… …Гандляваў смажанымі сасіскамі. Шалёныя «бабкі» намываліся… …Вазіў гарэлку ў Туркменію… Тыдзень прасядзеў з напарнікам у закрытым таварным вагоне. Сякеры былі напагатове. І лом. Даведаліся б, што мы вязём, — забілі б! Назад загрузіліся махровымі ручнікамі… …Прадаваў дзіцячыя цацкі… Адзін раз забралі ў мяне оптам цэлую партыю і расплаціліся фурай з газаванымі напоямі, якія я абмяняў на грузавік семак, на маслабойні ў абмен на семкі атрымаў алей, які часткова прадаў, а часткова абмяняў на тэфлонавыя патэльні і прасы… …Зараз у мяне кветкавы бізнес… Навучыўся «саліць» ружы… У кардонную скрынку засыпаеш напаленую соль — пластам не менш сантыметра, укладваеш туды напаўраспушчаныя кветкі і зверху яшчэ раз пасыпаеш соллю. Зачыняеш вечкам — і ў вялікі поліэтыленавы пакет. Моцна завязаць. Праз месяц… праз год дастаў, абмыў вадой… Прыходзьце ў любы дзень і гадзіну. Вось візітовачка…
Кірмаш стаў нашым універсітэтам… Гэта гучна сказана — універсітэтам, але пачатковай школай жыцця — дакладна. Сюды прыходзілі, як у музей. Як у бібліятэку. Хлопчыкі і дзяўчынкі як зомбі хадзілі сярод прылаўкаў… Як ашалелыя… Вось пара спыняецца каля кітайскіх эпілятараў… І яна яму тлумачыць важнасць эпіляцыі: «Ты ж гэтага хочаш, так? Ты хочаш, каб я была як…» Імя актрысы я не памятаю… ну, Марына Уладзі, да прыкладу, або Катрын Дэнёў. Мільёны нейкіх новых скрыначак, слоічкаў. Іх прыносілі дадому як святыя кнігі, выкарыстаўшы змесціва, слоічкі не выкiдалi, ставілі на ганаровае месца на кніжных паліцах або ў серванце за шклом. Першыя глянцавыя часопісы чыталі як класіку, таямнічая вера, што за гэтай абгорткай, за гэтай лухтою — іншае, цудоўнае жыццё. У першы «Макдональдс» кіламетровыя чэргі… Рэпартажы па ТБ. Дарослыя інтэлігентныя людзі бераглі скрыначкі і сурвэткі адтуль. З гонарам дэманстравалі гасцям.
Мой добры знаёмы… Жонка на дзвюх працах шчыруе, а ў яго гардыня: «Я — паэт. Каструлі прадаваць не пайду. Гіджуся». Калісьці мы з ім, як усе, хадзілі па вуліцах і крычалі: «Дэмакратыя! Дэмакратыя!» І ўяўлення не мелі, што будзе пасля. Каструлі прадаваць ніхто не збіраўся. А цяпер… Выбару няма: або ты корміш сям’ю, або трымаешся за саўковыя ідэалы. Або-або… без варыянтаў… Пішаш вершы, брынкаеш на гітары, цябе пляскаюць па плячы: «Ну, давай! Давай!», а ў кішэні пуста. Тыя, хто з’ехаў з краіны? Там яны і каструлі прадаюць, і піцу развозяць… на кардоннай фабрыцы скрынкі клеяць… Там не сорамна.
Вы мяне зразумелі? Я пра Ігара расказваў… Пра наша страчанае пакаленне — камуністычнае дзяцінства і капіталістычнае жыццё. Ненавіджу гітару! Магу падарыць.
ПРА ІНШУЮ БІБЛІЮ І ІНШЫХ ВЕРНІКАЎ
Васіль Пятровіч Н. — сябра камуністычнай партыі з 1922 года, 87 гадоў