-->

Час second-hand

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Час second-hand, Алексіевіч Святлана Александровна-- . Жанр: Современная проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Час second-hand
Название: Час second-hand
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 426
Читать онлайн

Час second-hand читать книгу онлайн

Час second-hand - читать бесплатно онлайн , автор Алексіевіч Святлана Александровна
“Час second-hand” — кніга пісьменніцы Святланы Алексіевіч, апошняя з серыі, прысвечанай “гісторыі вялікай і страшнай утопіі — камунізму”: Вялікая Айчынная вайна, Афганістан, Чарнобыль і, нарэшце, развал сацыялістычнай імперыі... Кніга перакладзеная на многія еўрапейскія мовы і ўжо атрымала прэстыжныя прэміі нямецкіх кнігадрукароў і французскіх медыяў. У прадмове аўтарка піша: “За семдзесят з лішкам гадоў у лабараторыі марксізму-ленінізму вывелі асобны чалавечы тып — “homo soveticus”. Адны лічаць, што гэта трагічны персанаж, іншыя называюць яго “саўком”. Мне здаецца, я ведаю гэтага чалавека, ён мне добра знаёмы, я побач з ім, поплеч, пражыла шмат гадоў. Ён — гэта я. Гэта мае знаёмыя, сябры, бацькі. Некалькі гадоў я ездзіла па ўсім былым Савецкім Саюзе, бо homo soveticus — гэта не толькі рускія, але і беларусы, туркмены, украінцы, казахі... Цяпер мы жывем у розных дзяржавах, размаўляем на розных мовах, але нас ні з кім не зблытаеш...”

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 ... 99 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

«Пры аглядзе пісьмовага стала наверсе, на бачным месцы былі знойдзены пяць запісак. Усе запіскі рукапісныя. Запіскі ляжалі акуратным стосікам. Вопіс зроблены ў той паслядоўнасці, у якой запіскі размяшчаліся…

Першую запіску Ахрамееў просіць перадаць яго сям’і, у ёй ён паведамляе, што прыняў рашэнне пра самагубства: «Заўсёды для мяне галоўным быў абавязак воіна і грамадзяніна. Вы былі на другім месцы. Сёння я ўпершыню стаўлю на першае месца абавязак перад вамі. Прашу вас мужна перажыць гэтыя дні. Падтрымлівайце адзін аднаго. Не давайце падставы для злараднасці непрыяцелям…» Другая запіска адрасавана Маршалу Савецкага Саюза С. Сакалову.

У ёй утрымліваецца просьба да Сакалова і генерала арміі Лобава дапамагчы ў пахаванні і не пакінуць членаў сям’і ў цяжкія для іх дні. У трэцяй запісцы ўтрымліваецца просьба аб вяртанні доўгу ў крамлёўскую сталовую і падшпіленая грашовая купюра вартасцю 50 рублёў.

Чацвёртая запіска бязадрасная: «Не магу жыць, калі гіне мая Айчына і знішчаецца ўсё, што я лічыў сэнсам у маім жыцці. Узрост і мінулае маё жыццё даюць мне права сысці з жыцця. Я змагаўся да канца».

Апошняя запіска ляжала асобна: «Я дрэнны майстар рыхтаваць сродкі самазабойства. Першая спроба (у 9.40) не ўдалася — парваўся тросік. Збіраюся з духам усё паўтарыць нанова…»

Графалагічная экспертыза ўстанавіла: усе запіскі напісаныя рукой Ахрамеева…»

«…Малодшая дачка Наталля, з чыёй сям’ёй Ахрамееў правёў апошнюю ноч, распавяла: «Яшчэ да жніўня мы не раз пыталіся ў бацькі: «У нас магчымы дзяржаўны пераварот?» Шмат хто быў незадаволены тым, як пайшла гарбачоўская перабудова — яго балбатнёй, слабасцю, аднабаковымі саступкамі ў савецка-амерыканскіх перамовах па раззбраенні, эканамічным становішчам краіны, якое пагаршалася. Але бацька гэтыя размовы не любіў, ён быў упэўнены: «Ніякага дзяржаўнага перавароту не будзе. Калі б армія захацела зрабіць пераварот, то ёй бы на гэта хапіла дзвюх гадзін. Але ў Расіі нічога сілай не даб’ешся. Прыбраць непажаданага кіраўніка — не самая вялікая праблема. А вось што далей рабіць?»

23 жніўня Ахрамееў вярнуўся з працы не позна. Вячэрала сям’я разам. Купілі вялікі кавун і доўга сядзелі за сталом. Бацька, па словах дачкі, быў адкрыты. Прызнаўся, што чакае арышту. Ніхто ў Крамлі да яго не падыходзіць і не размаўляе. «Я разумею, — казаў ён, — вам будзе цяжка, цяпер на нашую сям’ю абрынецца столькі бруду. Але інакш паступіць я не мог». Дачка задала яму пытанне: «Ты не шкадуеш, што прыляцеў у Маскву?» Ахрамееў адказаў: «Калі б я гэтага не зрабіў, я праклінаў бы сябе ўсё жыццё».

Перад сном Ахрамееў паабяцаў унучцы, што заўтра павядзе яе ў парк на арэлі. Турбаваўся, хто сустрэне жонку, якая раніцай павінна была прыляцець з Сочы. Прасіў, каб яму адразу паведамілі аб яе прылёце. Замовіў для яе ў крамлёўскім гаражы машыну…

Дачка патэлефанавала бацьку раніцай у 9.35. Голас у яго быў звычайны… Ведаючы характар бацькі, у самазабойства дачка не верыць…»

з апошніх запісаў

«…Я прысягаў Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік… і ўсё жыццё яму праслужыў. Дык што цяпер я павінен рабіць? Каму я павінен служыць? Так, пакуль я жывы, пакуль я дыхаю, я і буду змагацца за Савецкі Саюз… «

Тэлепраграма «Взгляд». 1990 г.

«Усё цяпер ператвараюць у чарноцце… адмаўляюць усё, што адбывалася ў краіне пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі… Так, тады быў Сталін, быў сталінізм. Так, тады былі рэпрэсіі, гвалт над народам, я гэтага не адмаўляю. Усё гэта было. І тым не менш, гэта трэба даследаваць і ацаніць аб’ектыўна і справядліва. Мяне, напрыклад, у гэтым пераконваць няма чаго, я сам родам адтуль, з гэтых гадоў. Я сам бачыў, як людзі працавалі, з якой верай… Задача не ў тым, каб нешта згладзіць ці схаваць. Хаваць, утойваць няма чаго. На фоне таго, што адбылося ў краіне і пра што ўсе ўжо ведаюць, якія могуць быць гульні ў хованкі? Але вайну з фашызмам мы выйгралі, а не прайгралі. У нас ёсць Перамога.

Я памятаю трыццатыя гады… Выраслі такія, як я. Дзясяткі мільёнаў. І мы будавалі сацыялізм свядома. Мы гатовыя былі на любыя ахвяры. Я не згодны, што ў перадваенныя гады існаваў толькі сталінізм, як піша генерал Валкагонаў. Ён — антыкамуніст. Але сёння ў нас слова «антыкамуніст» ужо не з’яўляецца лаянкавым. Я — камуніст, ён — антыкамуніст. Я — антыкапіталіст, а ён — не ведаю, хто: абаронца капіталізму ці не? Гэта не больш за звычайную канстатацыю факту. І ідэйную спрэчку. Мяне не толькі крытыкуюць, але адкрыта лаюць за тое, што я называю яго круцялём… Да нядаўняга часу Валкагонаў абараняў савецкі лад, камуністычныя ідэалы разам са мной. І раптам рэзкі паварот. Хай скажа, чаму ён здрадзіў вайсковай прысязе…

Многія страцілі сёння веру. Першым сярод іх я назваў бы Барыса Мікалаевіча Ельцына. Расійскі прэзідэнт быў жа сакратаром ЦК КПСС, кандыдатам у члены Палітбюро. А цяпер вось адкрыта кажа, што не верыць у сацыялізм і камунізм, лічыць няправільным усё, што рабілі камуністы. Стаў ваяўнічым антыкамуністам. Ёсць і іншыя. Іх, дарэчы, не так ужо й мала. Але вы ж звяртаецеся да мяне… Я ў прынцыпе не згодны… Я бачу пагрозу для існавання нашай краіны, яна — відавочная. Яна цяпер такая самая, як у сорак першым годзе…»

Н. Зенкович. ХХ век. Высший генералитет в годы потрясений. М. : Олма-пресс, 2005.

«СССР у 70-я гады вырабляў у 20 разоў больш танкаў, чым ЗША. Пытанне Г. Шахназарава, памочніка генеральнага сакратара КПСС

М. Гарбачова (1980-я гады): «Навошта вырабляць столькі зброі?» Адказ начальніка Генштаба С. Ахрамеева: «Таму што цаной вялікіх ахвяр мы стварылі першакласныя заводы, не горшыя за амерыканскія. Вы што, загадаеце ім спыніць працу і вырабляць каструлі?»

Егор Гайдар. Гибель империи. М. : Российская политическая энциклопедия, 2007.

«На дзявяты дзень працы Першага з’езда народных дэпутатаў СССР у зале з’явіліся ўлёткі, у іх паведамлялася, што Сахараў у інтэрв’ю адной з канадскіх газет заявіў: «У часе афганскай вайны з савецкіх верталётаў расстрэльвалі сваіх жа салдат, якія трапілі ў акружэнне, каб тыя не маглі здацца ў палон»…

На трыбуне першы сакратар Чаркаскага гаркама камсамола, ветэран афганскай вайны С. Чырвонапіскі, у яго няма ног, яму дапамагаюць дайсці да трыбуны. Ён зачытвае зварот ветэранаў-афганцаў: «Спадар Сахараў сцвярджае, што ёсць звесткі аб расстрэле савецкімі верталётамі савецкіх жа салдат… Нас сур’ёзна турбуе беспрэцэдэнтнае цкаванне Савецкай Арміі ў сродках масавай інфармацыі. Мы да глыбіні душы абураныя гэтай безадказнай, правакацыйнай выхадкай вядомага навукоўца. Гэта зламысны выпад супраць нашай арміі, прыніжэнне яе гонару і годнасці, чарговая спроба разарваць святое адзінства арміі, народа і партыі… (Авацыі.) У зале больш за 80 адсоткаў камуністаў. Але ні ад каго, у тым ліку і ў дакладзе таварыша Гарбачова, не прагучала слова — камунізм. Але тры словы, за якія, я лічу, усім светам нам трэба змагацца, я сёння назаву — гэта: Дзяржава, Радзіма, Камунізм…»

Апладысменты. Усе дэпутаты ўстаюць — акрамя дэмакратаў і мітрапаліта Алексія.

Настаўніца з Узбекістана:

«Таварыш акадэмік! Вы адным сваім учынкам перакрэслілі ўсю сваю дзейнасць. Вы нанеслі абразу ўсёй арміі, усім нашым загінулым. І я выказваю ўсеагульную пагарду вам…»

Маршал Ахрамееў:

«Тое, што сказаў акадэмік Сахараў, — гэта хлусня. Нічога падобнага ў Афганістане не было. Заяўляю гэта з поўнай адказнасцю. Папершае, я два з паловай гады праслужыў у Афганістане, па-другое, будучы першым намеснікам начальніка Генштаба, а потым начальнікам Генштаба, кожны дзень займаўся Афганістанам, ведаю кожную дырэктыву, кожны дзень баявых дзеянняў. Не было!»

В. Колесов. Перестройка, летопись. 1985–1991 // Lib.ru. Современная литература.
1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 ... 99 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название