Над Бугам: выбранае
Над Бугам: выбранае читать книгу онлайн
У кнігу народнага пісьменніка Міхася Лынькова (1899-1975) увайшлі лепшыя апавяданні, аповесці "Апошні зверыядавец", "Міколка-паравоз", урыўкі з рамана "Ha чырвоных лядах".
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Рагаталі навокал людзі. Некаторыя гаварылі, з засмучэннем пазіраючы на яе, на Ядвіську:
- А можа, ёй гэта будзе к лепшаму, што так перапужалася і цяпер... Мо на папраўку пойдзе...
Да самай раніцы не ўціхала праца ля панскага дома і ў доме. Нябожчыка графа занеслі ў адзін з пакояў, палажылі яго там на лаве на апошні адпачынак. Уносіліся панскія рэчы з карэт, рабілі ім падлік, адносілі ў пакой. Да графскіх нахлебнікаў прыставілі варту, каб не нарабілі чаго, не падпалілі б ад злосці маёнтка.
А раніцой прыйшла Чырвоная Армія. І хоць напрацаваліся за ноч людзі і не паспалі як след, але ўсе як адзін выйшлі на вуліцу, на панскі двор, каб вітаць людзей, якіх так даўно чакалі, пра якіх гаварылі раней толькі ў шэптах, ціхенька, боязна азіраючыся навокал: а ці няма поблізу якога панскага сабакі.
Пан Антось, каваль Андрэй ды і ўсе, што былі тут, цалаваліся з чырвонаармейцамі, запрашалі ў хаты да сябе, на добрыя пачастункі. Багата тут было работы цётцы Зосі. Батракі забілі вялікага панскага парсюка. Іхнія жонкі ўсе рабілі каўбасы. А цётка Зося смажыла іх, смажыла гусей, індыкоў. Завіхаючыся ля печы, яна паклікала Ядвіську і сказала ёй, каб яна скінула сваю зрэбную спаднічку. Цётка Зося дастала адну сваю святочную сукенку, сінюю такую, у чырвоныя кветкі, дала яе апрануцца Ядвісі. Сукенка была задоўгай, і цётка Зося ўкараціла падол, падшыўшы яго на жывую нітку. Цётка падшывала, а Ядвісі наказала пільнаваць каўбасы на патэльні. Але дзе ты іх угледзіш, калі такія чырвоныя кветкі ды блакітныя гарошыны на сіняй сукенцы. Аднаго чаду колькі было, аж прыбег перапужаны Андрэй, накінуўся на іх:
- Што вы робіце, вар'яты!
Але, угледзеўшы сукенку, здаўся і Андрэй, аж вус падкруціў:
- У такім разе не шкада і каўбасаў. Няхай парадуецца дзяўчынка разам з намі.
Калі прыспеў абед, тады наладзілі вялікі баль у самым большым графскім пакоі. Здаецца, увесь сад быў на вялізных сталах. То пастараўся пан Антось, з усіх клумб пазразаў найлепшых кветак, каб упрыгожыць імі сталы, і вокны, і вялізную люстру пад столлю. І яшчэ было колькі букетаў, і пан Антось слёзна ўпрошваў чырвонаармейцаў:
- То проша пана, то вазьміце, калі ласка, таварыш, гэтыя кветкі!
І ён так хваляваўся, што блытаў расейскія словы з польскімі. Але яго разумелі. Яму моцна паціскалі рукі, над ім весела жартавалі:
- Вот пан, дык пан, такіх нам паболей!
Саромеўся пан Антось, у замяшанні садзіўся за стол і ўсё не мог уцэліць відэлкай у курыную ножку, так дрыжалі рукі ў яго. І калі ўрэшце ўдалося яму падчапіць кавалак каўбасы, не паспеў паднесці яго да рота, як паляцела каўбаса на падлогу. Зусім замяшаўся пан Антось і, каб выпутацца як, накінуўся на Ядвіську, што сядзела з ім поплеч:
- А ты ж чаго не ясі?
- А мне смешна: колькі-то ежы на стале, а вы есці не можаце.
Яна сядзела на ўскрайчыку стала і радасна прыслухоўвалася да вясёлага гоману за сталом, глядзела ў вялізныя люстры на сценах пакоя. Колькі-то людзей у пакоі, а ў люстрах іх яшчэ болей. Так багата людзей, і ніхто нікога не крыўдзіць. Ды якія ўсё харошыя словы ў іх! І калі сядзеўшы супроць чырвонаармеец запытаў яе пра імя, яна адказала сур'ёзна:
- А завуць мяне Ядвісяй.
Сядзеўшыя побач, з маёнтка, з Выгодаў, запляскалі ў далоні.
- Ну, Ядвіська, цяпер ты маладзец!
Нічога не зразумеў чырвонаармеец, чаму маладзец Ядвіся, і людзі пачалі яму расказваць аб усіх тых здарэннях, аб якіх расказана ў нашым апавяданні.
На гэтым і закончылі б мы сваё апавяданне, калі б не тыя падзеі, якія мелі яшчэ месца ля Ядвіськіна дуба.
Прайшло дні з тры з таго часу, як прыйшлі ў маёнтак чырвонаармейцы. Усё новыя і новыя войскі рушылі на захад, і па цэлых днях глядзела Ядвіська, як ідуць па дарозе незлічоныя машыны, вялізныя гарматы, праходзяць цэлыя палкі чырвонаармейцаў. Спрабавала Ядвіська лічыць людзей, але дзе ты падлічыш! І ноччу пыталася ў цёткі Зосі, чаму гэта яны паноў баяліся, калі так багата, багата на свеце нашых людзей. Такая сіла, а паноў жменька, і трэба ж было іх баяцца. І цётка Зося не магла дакладна адказаць на такія пытанні і гаварыла, што на ўсё гэта можа адказаць хіба толькі каваль Андрэй ці пан Антось.
- А пан Зыгмунт?
- Што пан Зыгмунт... Той, відаць, і збег некуды, колькі-то дзён нямашака.
Але хутка заявіўся і пан Зыгмунт...
Святочным днём сабралася багата людзей пад Ядвіськіным дубам, ля Янусёвай магілы. Сюды сышліся з маёнтка, з вёскі Выгодаў, і яшчэ людзі з бліжэйшых вёсак, са станцыі. Ніколі раней не збіралася так багата людзей. Прыйшлі сюды з чырвонымі сцягамі, з вялікімі партрэтамі, упрыгожанымі істужкамі і кветкамі. Ядвіська ведала ўжо, хто на партрэтах. Хвалілася ўсім дзецям аб гэтым. Яшчэ яна хвалілася чырвонай звёздачкай, якую насіла, каб не згубіць, за пазухай. І аказалася, што і ў другіх дзяцей ёсць такія звёздачкі. Тады яна сказала, што ў яе пахаваны дзед і што яго забілі паны. Дзеці прыціхлі тады і падышлі да дзедавай магілы. Людзі ўпрыгожвалі яе вянкамі з дзеразы, папраўлялі лапатамі зямлю, пасыпалі навокал жоўтым пяском. І калі скончылі ўпрыгожванне, тады выйшаў наперад каваль Андрэй, зняў шапку і сказаў да людзей:
- А цяпер, калі мы будзем гаварыць аб гэтай панскай зямлі, якая наша цяпер назаўсёды, то мы ўспомнім і пра тых, хто загінуў тут, хто загінуў з панскае ласкі. Дзед Янусь быў простым чалавекам. Дзед Янусь працу любіў - і яму не давалі працы. Дзед Янусь зямлю любіў. І яму не давалі зямлі. Дзед Янусь праўду любіў - і яму засцілі гэтую праўду. Дзед Янусь паважаў справядлівасць і не ведаў таго, што справядлівасць ідзе не ад Бога, не ад пана, а што яна ідзе ад нас. Пра гэта здагадаўся дзед, але задужа позна. Мо і не так ён зрабіў, як трэба... Ці аднаму ісці насупроць паноў?! Забілі дзеда. Ён загінуў героем... Дык ушануем жа яго светлую памяць...
Усе знялі шапкі і стаялі так маўкліва, што вялікі-вялікі жаль агарнуў Ядвіськіна сэрца, і яна заплакала, ціха ўсхліпваючы і прыслухоўваючыся, як шамаціць у напружанай цішыні пажоўклае лісце старым дубе.
І калі надзявалі людзі шапкі, калі першыя ціхія галасы пракаціліся шолахам, тады ад лесу, што быў недалёка, грымнула колькі стрэлаў. І яшчэ і яшчэ...
Нехта войкнуў сярод людзей, пан Антось збялеў раптам і балюча хапіўся за руку. Поплеч з ім без слоў, без голасу ўпала вобзем жанчына. Узняўся дзіцячы плач, адна за адной загаласілі жанчыны. Каваль Андрэй, які адразу пасуравеў і голас у яго зрабіўся зусім другім, крыкнуў да людзей:
- Лажыцеся!.. Лажыце дзяцей на зямлю!..
А сам і яшчэ колькі чалавек, якія былі з ружжамі, кінуліся наперад і, упаўшы на мяжу, пачалі страляць па лесу. Стрэлы адтуль змоўклі.
Колькі хвілін стаяла такая страшная цішыня, што чуваць было, як свішча вецер у буславым гняздзе. Людзі моўчкі ўзнімаліся з зямлі, сыходзіліся разам. Чырвонай хусткай прыкрылі голаў жанчыне, якая ляжала нерухома, уткнуўшыся тварам у зямлю і нязручна падкурчыўшы пад сябе рукі.
Плакала Ядвіся. Дзеці пыталіся ва ўсіх:
- Што з цёткай Зосяй? Чаму яна так?
Пан Антось махнуў здаровай рукой, адказаў ім:
- Нічога... Ідзіце, дзеці, па хатах... Вядзіце Ядвіську дахаты... Няма вам чаго рабіць тут...
Пра зямлю не гаварылі ў той дзень на сходзе. Другімі клопатамі былі заняты людзі.
Іх прывялі позна ноччу - гэтых дзесяць уланаў, пана палкоўніка ды з чэцвера паліцыянтаў. Іх злавілі ў лесе, на Звярыным Балоце, як звалася тое ўрочышча.
- Вы забілі?
- Мы забілі... - адказаў ганарыста палкоўнік.
- То вы і звыклы толькі ваяваць з жанчынамі... А хто паліў учора вёску за лесам? А хто забіў сялян у лесе, што ехалі з гміны?
Пан палкоўнік маўчаў і тупа глядзеў спадылба на сваіх былых батракоў, цяперашніх чырвонагвардзейцаў. Пераміналіся з нагі на нагу панурыя ўланы. За іх спінамі хаваўся, баючыся паглядзець у вочы людзям, куртаты пан Зыгмунт. Яго пацягнулі за рукаў і паставілі наперад. Ён аж прытупваў на месцы і, уцяўшы голаў у плечы, ціха скуголіў у шапку, якую трымаў абедзвюма рукамі і прыкрываў ёю вочы.