-->

Над Бугам: выбранае

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Над Бугам: выбранае, Лынькоў Міхась Ціханавіч-- . Жанр: Современная проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Над Бугам: выбранае
Название: Над Бугам: выбранае
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 385
Читать онлайн

Над Бугам: выбранае читать книгу онлайн

Над Бугам: выбранае - читать бесплатно онлайн , автор Лынькоў Міхась Ціханавіч

У кнігу народнага пісьменніка Міхася Лынькова (1899-1975) увайшлі лепшыя апавяданні, аповесці "Апошні зверыядавец", "Міколка-паравоз", урыўкі з рамана "Ha чырвоных лядах".

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 14 15 16 17 18 19 20 21 22 ... 110 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

На дзедава пахаванне прыбегла і Ядвіська. Яна ачуняла ад хваробы, і толькі шырокі чырвоны рубец застаўся ў яе на шчацэ ад усіх тых здарэнняў. Ды ўсміхалася ўсё. Што ні скажы ёй, а яна ўсміхаецца.

- Дурненькая стала... - сумна ківалі жанчыны галовамі і змаўкалі.

Ядвіська хацела паглядзець дзеда. Але дзе ты яго ўбачыш, пад дзяругай! Толькі і відаць была зліплая дзедава барада ды той колас аўсяны, што прарос у ёй. Таму коласу ўсміхалася Ядвіська, сінімі вачамі пазіраючы на дзедаву дзяружку, на мокрыя невады, на бялёсае прадзімовае неба. Яе дзве касіцы, пераплеценыя жоўтымі істужкамі, недарэчна задзіраліся ўгору, калі пазірала яна ў неба, шукаючы дзедавых журавоў. Ды не чуваць было іх, яны даўно праляцелі. Дзеда пахавалі пад агромністым дубам, што за сажалкай, на ўскрайку графскага лесу. Хацелі людзі на могілкі дзеда панесці, але не дазволіў ксёндз. Нельга ж самагубцу ў рад з целамі праведных.

І доўга яшчэ казаў казанні свае ксёндз у касцёле. Аб страшным граху, аб божай ласцы, аб вялікай цярплівасці перад Панам Богам. Людзі слухалі і ўздыхалі. Ды на словы гэтыя ўсміхалася Ядвіська. Людзі тузалі яе за рукаў:

- Кінь, дурненькая, чаму ты гэта?

Але ўсміхаліся сінія вочы.

Адны звалі яе Ядвіськай. Злыя ж людзі абзывалі сабачым недаедкам, хлапчукі дразнілі едзькай-недаедзькай.

* * *

Мінулі дзве зімы з таго часу, як панскія рыбалкі вылавілі ў сажалцы Ядвіськінага дзеда. Яна жыла ў людской кухні ў цёткі Зосі. Была тая нейкая сваячка Ядвісі і доўга ўпрошвала старую графіню, каб узялі на якую працу дзяўчынку, далі б дзіцяці хлеба кавалак. Старая графіня выжывала ўжо з розуму, ад старасці трэслася яе галава і левая рука, але яна вечна поўзала па панскаму двару, прыглядаючыся сваімі шэрымі, папяловымі вачмі да ўсіх закуткаў вялікага двара. Гэта звалася ў яе - весці гаспадарку. Яна чытала розныя энцыклапедыі, лічыла патрэбным даваць работнікам парады - конюхам, аратым, пастуху Сілівону, кульгавай птушніцы Сцепанідзе, высокаму, як таўкач, зябкаму садоўніку Антосю. Той зімой і летам хадзіў у кажушку, быў наўздзіў маўклівы і толькі з паняй графіняй вёў важныя гутаркі па-латыні аб графскіх ляўкоях, рэзедзе, аб незвычайных гарбузах і дынях.

Конюхі, птушніцы, даяркі заўсёды выслухоўвалі графіню з павышанай увагай і паціху пасмейваліся з яе. І крый Божа, калі ўчуе яна той смех! Адразу вернецца назад і, трасучы галавой і рукой, пачне распякаць гультаёў і грэшнікаў, заклікаючы іх імем святога Пана Бога:

- Маліцеся, галганы!

І яны маліліся перад распяццем, скоса пазіраючы на набожную графіню, а ці хутка д'ябал знясе яе адсюль, паверне ў другі бок.

Распяцці былі паўсюды - у кухні, у стайні, у вялікай аборы, нават у старым птушніку, дзе не змаўкаў пранозлівы гоман індыкоў, гусей, розных завадскіх кур і ўсякай іншай птушыны. Тут здарылася аднаго разу няшчасце з Панам Езусам па звычайнай курынай несвядомасці. І, як на тое ліха, трапіла на тое здарэнне сама графіня. Было многа тады гвалту і вялікіх патрасенняў у птушыным царстве. Сама ясная пані графіня давала жорсткія распараджэнні, якую птушыну пусціць на продаж, якую пад нож, якую пакінуць на развод па прычыне яе бясспрэчнай невінаватасці. А старую птушніцу, быўшую тут з даўніх часоў, выгналі адразу ж з працы і доўга спаганялі нейкі кажушок, нібыта дадзены птушніцы год дзесяць назад. І ўсё хвалявалася ды малілася старая графіня, ніяк не магла дараваць сабе той нечуванай крыўды Пану Езусу. Цэлымі днямі раілася з ксяндзом, памкнулася была к самому старому графу, але той, стары грэшнік, усчаў такі рогат, што пані графіня памкнулася была бегчы да графскага лекара, ці не здарылася мо што з панам графам.

І толькі тады супакоілася графіня, калі ўласнаручна пашыла саф'янавы каптурок на божае цела. І кожнага дня пыталася кульгавую Сцепаніду, а ці добра там Пану Езусу.

- Чысценькі, як младзенчык! - дакладвала Сцепаніда. - І ручкі, і ножкі, і ўсё святое Пана Бога цела аж зіхаціць... То закарэла была галоўка крыху, ад пылу, дык прамыла я свянцонай вадой, цяпер чысцюткая, як божае вока... Усё вашымі клопатамі, ясная пані...

Графіня ўрачыста жагналася, міласціва дапускала Сцепаніду да свае рукі. А часам, расчуліўшыся, доўга корпалася ў кішэнях шматлікіх сваіх спадніц і дарыла Сцепанідзе або ссохлую цукерку, ці стары ззелянелы грош.

- То за твой клопат святы!

Дужа любіла графіня распяцці. Праз гэтыя распяцці трапіла Ядвіся на працу ў панскі двор. Толькі гэта заўважыла цётка Зося, што сунецца старая навала - так звала яна старую графіню - і сунецца проста на кухню, як хуценька падхапіла за руку Ядвіську, да сцяны яе працягнула.

- Станавіся, дурненькая...

І сталі абедзве перад распяццем. Нічога не разумелі сінія вочы Ядвісі, але яна стаяла маўкліва і прыслухоўвалася, як голасна шэпча цётка Зося божыя пацеры. Моліцца цётка Зося і нібы не заўважае, як, адчыніўшы дзверы ў кухню, любуецца на іх старая графіня, не перашкаджае святой малітве. Канечне, цётка Зося не такая, каб ясную пані доўга прымушаць стаяць за парогам.

- Калі ласка, пані, прошу, пані, якое найвысшае шчасце, ясная пані!

Графіня пыталася, як заўсёды, што варылі людзям на абед, і, даведаўшыся, як зазвычай, што варылі капусту і гарох, доўга хваліла цётку Зосю за стараннасць, за ўмельства, за шчырую прыязнь да Пана Бога. Успамінала пра нейкага прадзеда свайго, які дужа быў чалавекам набожным і простым: еў заўсёды капусту з гарохам. І гэта не пашкодзіла яму быць вялікім ваякам, каралеўскім рыцарам, заснаваўшым цудоўны графскі род. І, заўважыўшы Ядвіську, запытала раптам:

- Што то ест за дзетка такая?

- То зайшла да мяне сваячка мая, сіротка...

- Як зваць цябе? - запытала графіня Ядвіську.

- То мы з Выгодаў... - адказала дзяўчынка, стоячы бокам да графіні.

Вочы цёткі Зосі кідалі маланкі на Ядвіську, але такія ціхія і глыбокія былі сінія вочы дзяўчынкі, ніякае ў іх хітрасці.

- То ў цябе сваякі ў Выгодах? - спахмурнела графіня.

Аб Выгодах не любілі гаварыць у графскіх пакоях.

- То... не... - спалохалася цётка Зося. - То яна сіротка. Год, як маці яе памерла... Не мае нікога... А яна ж ні ў чым не вінавата, бо, бачыце, малая яшчэ і крышку дурненькая... Ды яна нічога не ведае, акрамя Пана Бога.

Твар графіні мякчэў. Яна глядзела ўжо жаласліва на яе зрэбную спаднічку, босыя ногі, злінялыя жоўтыя істужкі ў косах... І хапілася аж за голаў, калі заўважыла шырокі рубец, які, нібы чырвоная рана, уродаваў дзіцячы твар.

Рубец быў страшны. Ён праходзіў праз усю шчаку, закранаў крыху лоб. Ён надаваў дзіцячаму твару выгляд празмернай пакуты. Але сінія вочы дзіцяці былі яснымі, спакойнымі. Ціхая прыгажосць была ў іх.

- Што то з ёй? Дзе ж яна так? - запытала графіня ў Зосі.

- То пакусаў сабака ў вёсцы... - праказала за цётку Зосю Ядвіся.

Яна хацела нешта яшчэ сказаць, пра панскіх сабак, пра дзеда Януся, але так злосна зірнула на яе цётка Зося, што Ядвіся проста сумелася і не ведала, што ж ёй рабіць ці то плакаць, ці бегчы адсюль. Але дзе ж ты пабяжыш, калі побач такая суровая, такая важная пані?! І ўсё вохкае яна, усё гаворыць нешта.

- Божа мой, якія дзікуны жывуць у нашай вёсцы! Яны ніколі не даглядзяць па-людску сваіх дзяцей... Ім толькі думаць аб панскім лесе, аб панскім хлебе... Божа ж мой, калі людзі пачнуць жыць, як належыць людзям...

Цётка Зося цярпліва чакала, пакуль кіне ясная пані свае глыбокія ўздыханні аб дзікай людской долі, і тады кінулася да яе, хапала яе старэчыя, усе ў маршчаках, рукі, прасіла:

- То няхай жа ясная пані дазволіць сіраце застацца на працу...

Была расчулена графіня. Лагодна зірнула яна на распяцце.

- Маліцеся! Дзякуйце Госпаду Богу за яснае, прасветлае жыццё...

І цётка Зося, неўзаметку падштурхнуўшы Ядвіську да графіні, шаптала ёй голасна на вуха:

- У ручку... У ручку пані... Ну, хутчэй жа, дурненькая...

Графіня працягнула сваю руку. Расчуленая, заспакоеная, яна глядзела на святое распяцце. Яна не бачыла, як наморшчыўся светлы твар дзіцяці, накалоўшыся аб жорсткія барадаўчыны валасіны на яе графскай руцэ.

1 ... 14 15 16 17 18 19 20 21 22 ... 110 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название