-->

Дзе скарб ваш

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Дзе скарб ваш, Брыль Янка-- . Жанр: Современная проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Дзе скарб ваш
Название: Дзе скарб ваш
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 461
Читать онлайн

Дзе скарб ваш читать книгу онлайн

Дзе скарб ваш - читать бесплатно онлайн , автор Брыль Янка

У новую кнігу народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля ўвайшлі апавяданні «пра час i пра сябе», эсэ на вострыя тэмы сучаснасці, лірычныя запісы i мініяцюры, дзе i роздум пра найгалоўнейшае ў жыцці, i шматфарбныя замалёўкі прыроды, сцэнкі з народнага побыту, i здаровы, іскрысты гумар.

 

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 8 9 10 11 12 13 14 15 16 ... 61 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

«Каханыя! Прыехалі за позна, разлучились, не пажагнаўшыся з Вами. Просьба: беражыце здароўе! Бывайце — цалуем Вас усіх моцна-моцна — Кахаючыя Вас Сярожа i Аня. 21.VI.41».

Беларуска-руская малапісьменнасць з польскім ухілам — kochani, kochający, żegnać się — зразумелая таму, хто ведае, што аўтары гэтай пісулькі — абое з польскай сярэдняй асветай, мясцовая моладзь, якая з восені трыццаць дзевятага да палавіны сорак першага перараблялася на беларускі савецкі лад. Палавіна сшыткавага ліста, складзеная ў восем столак, на станцыі Гародзей нейкім цудам перададзеная ў адзін з бясконцых запыленых таварных вагонаў тымі, што асмеліліся праводзіць. А гэтыя яшчэ ж i спазніліся. А дата, дата якая — адзін толькі дзень да пачатку Вялікай Айчыннай, да працягу другой сусветнай вайны ў яе далейшым, найбольшым напале...

З тымі, каму яна была адрасавана, каму так удала трапіла ў рукі, запіска гэтая вярнулася з далёкай ссылкі пасля вайны. Сябру майму, можна сказаць, пашанцавала: з бацькамі, жонкай i маленькім сынам Алесь апынуўся ў Пензенскай вобласці, працаваў у саўгасе, спачатку загадчыкам гаспадаркі, потым бухгалтарам. Смяяўся неяк у ацалелай бацькавай хаце, што павінен дзякаваць Богу,— каб не выслалі (з-за малодшага брата, які жыў у Польшчы), дык праз нейкі месяц, а то i хутчэй акупанты з памагатымі расстралялі б, або павесілі як актывіста, або пазней уцягнулі б сілай у сваю паліцыю, як гэта здарылася з некаторымі сябрамі, знаёмымі i мне.

Швагра яго, Сярожу, я ведаў вельмі мала. От, акуляры, студэнцкая шапка. А жонка ягоная, Аня, у сямігодцы вучылася на клас раней за мяне i сябравала з маім братам Мішам. У ix нават больш было трохі, чым сябраванне. Смуглявая, высокая, вясёлая красуня.

Над пісулькай успомніўся чэрвеньскі дзень ажно трыццатага года. Аня чамусьці не з'явілася ў школу ў гэты дзень, калі сямікласнікі ладзілі развітальны вечар. I вось мяне — так, іменна мяне! — з адным сямікласнікам, на чатыры гады старэйшым, паслалі з Турца цераз наша Загора, а потым голаю пашай, няскошаным лугам, па сезонным гарбатым мосце цераз Бушу, зноў лугам i ажно ў леснічоўку — за добрых сем кіламетраў ад школы. Што такое казённы ляснік для вясковага хлапчука, што такое казённы лес у тыя гады? Грозная таямніца. За якою i стрэльба, i сабака, i крык, i штраф бацькам, калі вясковы пастушок паткнецца за нябачныя межы той таямніцы. Аднак мы, пасланцы, не засталі ў тым бярэзніку, што клінам уразаўся ў высокатравяністы луг над звілістай Міранкай, ні самога лесніка са стрэльбай, ні яго дарослага сына, ні ix сабакі, a толькі прыемна смяшлівую Аніну маму, якая частавала нас малаком, пакуль яе красунечка прыбіралася на выхад. А потым мы ішлі ўтраіх, пра штосьці, вядома, гаварылі, з чагосьці смяяліся, ды я не буду цяпер нічога прыдумваць. Годзе таго, што гэта мне светла помніцца.

Мне было трынаццаць, Аня старэйшая на два гады, аднак i я, услед за братам, якому было шаснаццаць, адчуваў сябе закаханым у нашу Аню па-свойму. А значыцца, i шчаслівым у той, такі сонечны дзень. Хоць i без рэўнасці, нават, можа, шчаслівы за брата.

На развітальны вечар сямікласнікаў, у хату аднаго з вучняў, запрошаны былі некалькі дзяўчынак i хлапчукоў з шостага, у тым ліку i я, заслужаны пасланец. У абодвух класах была бадай палавіна пераросткаў, што з-за бясконцых войнаў (царскай, грамадзянскай, бальшавіцкапольскай) вучыцца пачалі хто ў сем, хто ў восем, а хто i ў дзесяць або дванаццаць гадоў. Я быў даволі бойкім смехуном, a ўсё ж ушчэнт збянтэжыўся, калі старэйшая сястра майго аднакласніка i сябра Абрашы (потым Зяма ў «Золаку, убачаным здалёк»), прыгожая Шэйна, пакуль мы штосьці елі-пілі (не гарэлку i нават не піва), устала над сталом, перахілілася і, смеючыся, сказала: «Ану, Ясь, калі ўжо ты такі храбры, пацалуй мяне! Збаішся?..» I я збаяўся, пад дружны рогат, а потым вусны тыя, раскрытый ў смеху i ўсмешцы, i вялікія карыя вочы, i грудзі не давалі спакою маёй адзіноце.

А каб жа Аня так сказала, так засмяялася!..

Над чамаданам, з пісулькай у руцэ, як i цяпер, запісваючы, я яе, мілую Шэйну (і сапраўды, на ідыш імя Шэйна — красуня) — не магу не бачыць інакш, як праз тое, што адбылося на адзінаццаць гадоў пазней за той дзіцяча-юнацкі вечар. Увосень сорак першага i яна, ужо маладая маці, была па-зверску забіта ў нашым мястэчку. Як i іншыя з тых, каго я ведаў, з кім сябраваў, каго сёння — праз цэлую вечнасць — бачу на выцвіла-старой фатаграфіі пятага i чацвёртага класаў, на фоне густое лістоты, што акружала высозную, прыгожую царкву, за якою ціха стаяла наша старая драўляная школа.

Ані на тым здымку няма, яна прыйшла ў нашу школу на адзін толькі год, у сёмы клас, калі бацьку яе перавялі аднекуль у казённы лес за нашаю Вушай. Можа, таму i ўспамін такі востры, што толькі адзін год, што толькі адна сустрэча была пасля, калі яна, студэнтка Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, светла-зялёнай павай праплыла па летняй, нядзельнай вуліцы нашага Загора, ідучы ў Турэц, i мы сустрэліся, пагаварылі. Брату было дзевятнаццаць, ёй на год менш, а мне яшчэ на два. Яшчэ не надта, чым перад Шэйнай, смялейшы. Яна была ў самым дзявочым росквіце, яе чароўная смуглявасць, мілы, іскрысты смех яе мне помняцца...

Пасля бацькі пасаду лесніка, на сваю галаву, заняў Анін брат. У саракавым, калі яна была ўжо замужам, жыла ў мястэчку, брата з сям'ёю вывезлі. Цераз армію Андэрса ён трапіў пасля ў Англію, куды пазней, з Польшчы, аўдавеўшы, пераехала i Аня з дзецьмі. A ўжо адтуль, за сынам, рушыла ў Аўстралію. Пісала адтуль залоўцы i швагру, майму Алесю.

Ды вось i тых пісьмаў няма...

А зрэшты — ці сказалі б яны мне больш за гэтую пісульку?..

З людзьмі і сам-насам

ДЗЕВЯНОСТА ТРЭЦІ

Калі мы з ім, госцем-унукам, засталіся ўранні адны, я даў яму спаць колькі захоча. Бо i самому тым часам вальней, спакайней за пісьмовым сталом. Устаўшы ў адзінаццаць з мінутамі, румяны дзесяцігадовы філосаф на маё вясёлае здзіўленне адказаў:

— I нармальна!

Падумалася, што дзеці законна лічаць: сплючы, яны жывуць. А мы, старыя,— што трацім столькі часу.

* * *

Перачытваючы запісы восемдзесят пятага года, як прыемнае адкрыццё — Бог мой, толькі праз сем з палавінай гадоў! — убачыў тое, дзе i як мы пазнаёміліся з Міхасём Ткачовым. Каля магілы нашай агульнай любові — Валодзі Караткевіча.

I гэта бачыцца цяпер, ужо i цераз Міхасёў заўчасны адыход, не так сабе...

* * *

Над старонкамі Віктара Астаф'ева не адзін раз паглыблена ўзнікала думка, піто іменна так павінен паводзіць сябе пісьменнік — пісаць, i добра пісаць, а не лезці ў палітыку. «Прокляты и забыты» напісаны добра. A ў раздзеле, дзе расстрэл братоўблізнюкоў, ажно жудасна стала ад агульналюдскай сілы напісанага.

Прачытаўшы ўсё, думалася, па нашай даўняй прывычцы, i пра пэўныя недахопы, аднак тут — не да ix.

* * *

Танк, наш трэці народны Максім, у адказ на мае тэлефоннае прывітанне ды віншаванне з сонечным днём, сказаў, што ён якраз бінтуе сваёй Любе нагу. I возіць яе ў калясцы па вялікай, пустой кватэры...

Пахваліў Калеснікаў уступ да дзённіка Мядзёлкі, дарэчы, як i Вялюгін днямі. Я не стаў адкладаць да вечара, пазваніў Валодзю з гэтай весткай ад двух сур'ёзных чытачоў.

Максім расказваў таксама, што Любоў Андрэеўна памятае, як яна, вучаніца першага класа віленскай беларускай гімназіі, бачыла развітанне Гарэцкага з выкладчыкамі перад яго ад'ездам у Мінск,— як яны цалаваліся i які ён быў прыгожы. Можа, Максім запіша пра гэта, а то i не, хоць ён, думаецца, піша дзённік, не абмежаваўшыся «Лісткамі календара».

* * *

Зранку пайшоў у архіў, занёс кнігі сяброў з аўтографамі i пацікавіўся сваімі пісьмамі ў фондах Забэйды, Гарбука i Васілька. Не толькі прыемна было такім чынам вярнуцца ў мінулае, ажно да саракавых гадоў, але ж i думалася, што гэта — пісьмы — таксама ж літаратурная праца, якой нельга так сабе прападаць.

1 ... 8 9 10 11 12 13 14 15 16 ... 61 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название