Афiцыянтка (на белорусском языке)
Афiцыянтка (на белорусском языке) читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Аляксей Карпюк
Афiцыянтка
I
Было iх тры. Ранiцой сталовая пуставала, таму, чакаючы клiентаў, дзяўчаты грэлiся ля печы. Спiной да яе прыткнулася гордая, як каралева, з халоднымi карымi вачыма прыгажуня Мiра. Каля Мiры шчакой да белай кафлi тулiлася ўдава Надзя - паблеклая пажылая жанчына. Яна вадзiла далонямi па печы i цiха сыкала, бо кафля пяклася. Трэцяя афiцыянтка, дзяўчына гадоў васемнаццацi - Люся, - лятала па зале.
На Люсi была з ружовага шоўку кофтачка, лёгкая, як ветрык. Светлыя валасы дзяўчыны абхапляў абадок карункаў. На стале блiшчаў крышталь пасуды. Скрозь шыбы падалi промнi сонца, iх афiцыянтка перасякала лёгкай радаснай паходкай. Люся з прытворнай строгасцю, прыемным грудным голасам закрычала:
- Афiцыянтка, меню мне, бягом!
З-за буфета пазiрала тоўстая цёця Глаша. Яна там заўсёды стаяла як укопаная, на адным месцы, i нагадвала пiўную бочку. Толькi бочка цямнела вiльготнымi плямамi, а ў Глашы нос, шчокi чырванелi, дыхалi здароўем i задавальненнем. На ёй самой заўсёды бялеў чысты халат з квадратамi ад прасавання i дзiркамi ад гузiкаў. Гузiкi ў цёцi Глашы нiяк не трымалiся, зараз буфетчыца моўчкi цешылася Люсiным блазенствам. Баючыся, каб дзяўчына чаго-небудзь не разбiла, цёця Глаша дабрадушна прабурчала:
- Люська, абсядзь!
- Люська, абсядзь! - перадражнiла буфетчыцу дзяўчына i пабегла да сябровак.
Калi мала было людзей, афiцыянткi абслугоўвалi клiентаў не па сваiх сталах, а па чарзе. Зараз была чарга Надзi, потым Мiры. Удава не хацела iсцi да клiента проста таму, што надта прыемна ёй было стаяць ля печы. А Мiра не iшла, бо яна гаварыла, што паступiла на працу ў сталоўку толькi для таго, каб выйсцi замуж, а клiент быў пажылы, скрыўлены i, на погляд Мiры, нiчога не варты. Хапiўшы на ляту са стала меню, да чалавека паляцела Люся i здалёк спытала:
- Вам што?
Клiент надзеў акуляры, пачаў прыглядацца да меню. Прыглядаўся ён доўга, быццам там былi не лiтары, а макавыя зернi. Потым стаў уголас чытаць. Прачытаўшы "бiфштэкс", чалавек паморшчыўся яшчэ больш. Прамовiўшы "свiнiна", ён застагнаў i ўзяўся за жывот. Тады Люся спачувальна падказала:
- Вам, можа, блiнчыкаў? Малочнага супу?
- О-о! - з палёгкай уздыхнуў грамадзянiн i ўдзячна падняў вочы на афiцыянтку.
А тая ўжо iмчалася на кухню, успамiнаючы аднаго знаёмага, якi з апетытам еў катлеты, баршчы, вiнегрэты, ды яшчэ i не па адной порцыi.
Ужо з тыдзень, як у сталовую на абед пачаў хадзiць гэты хлопец. Браць заказ у яго першай прыйшлося Люсi. Яна звярнула на яго ўвагу i здзiвiлася.
Наогул дзяўчына дзiвiлася з усяго. Дзiвiлася, калi цёця Глаша прыносiла ў буфет вялiкую рыбiну, дзiвiлася, калi ўвечары буфетчыца здавала ў касу кiпы грошай, дзiвiлася, калi на двары iшоў дождж, дзiвiлася, калi дождж пераставаў. Яна i зараз прыбегла да буфета i шапнула:
- Ой, ён жа раней катлету папрасiў, а потым боршч!
Сыны цёцi Глашы, абедаючы, з'ядалi па кавалку мяса з тушанай бульбай цi капустай, а потым ужо, як яны казалi, запiвалi супам або баршчом. Таму гэта буфетчыцы здалося зусiм натуральным, i яна сказала:
- Ну дык i што? Няхай сабе i есць на здароўе!
З таго дня хлопец наведваў сталовую дзень у дзень у адну пару. Ён садзiўся ў кутку i заўсёды на адно i тое ж месца. Яму было гадоў дваццаць. Твар i нос ён меў абветраны, вочы шэрыя, упартыя i хiтрыя. Калi ён нагiнаўся над талеркай, цёмна-русыя валасы яго рассыпалiся на бакi, утвараючы белы прабор. На хлопцу быў рабочы камбiнезон з засохлымi плямамi ад вапны. Еў хлопец заўсёды па-свойму - спачатку другое. Часамi разгортваў з паперы вясковы хлеб i варанае мяса. Рабiў ён гэта не спяшаючыся i акуратна. Аднаго разу ў яго не было двух капеек. Хлопец нясмела працягнуў ёй дзесяць. Люся не ўзяла. На другi дзень падаў ёй дзве капейкi. Падаючы, ён пачырванеў. Люся таксама разгубiлася i выпусцiла манету на падлогу. Абое нагнулiся яе падымаць i стукнулiся галовамi. Клiенты засмяялiся, а хлопец з дзяўчынай, засаромленыя, разышлiся.
У сталоўцы ўстанавiўся такi звычай: кармiць хлопца кожны дзень - Люсi. Дзяўчына прыкiдвалася, што гэтым нездаволена, але ўсiм было вiдочна, як яна старанна i з наiўным захапленнем выконвае свой абавязак. Калi хлопец заходзiў i садзiўся за стол, Мiра або Надзя казалi сяброўцы:
- Ну, iдзi. Твой прыйшоў!
- Чаму заўсёды мне i мне? - нiбы бурчала яна.
- Яшчэ будзеш тут ламацца? Марш! - гнала яе буфетчыца.
- Ну i пайду, падумаеш... - нiбы абуралася яна i iшла толькi таму, што падпарадкоўвалася сiле.
Але хутка ёй апрыкрала так прыкiдвацца. А яшчэ праз нейкi час Люся выказвала сваю сiмпатыю да маладога клiента ў адкрытую. Калi ён заходзiў, узнiмала на ногi ўсiх. Кухар, дзядзя Грыша, якi правёў вайну на падножцы батальённага катла, наўмысна затрымлiваў на кухнi абед. Тады яна крычала на яго:
- Дзядзя Грыша, вы што, заснулi?
- Ага! - дражнiўся той i яшчэ павольней налiваў у талеркi.
- Ну, хутчэй! Ён жа там чакае, а вам - смешачкi!
Нарэшце кухар аддаваў ёй талерку, паклаўшы туды больш мяса, чым у iншыя. Цёця Глаша паглядала з-за буфета ласкава. Надзiны вочы рабiлiся адразу i шчаслiвымi i сумнымi. Толькi адна Мiра пагардлiва выпiнала губы ды, павёўшы плячыма, гаварыла:
- Таксама мне знайшла! Тынкоўшчык нейкi, фi!
- Ну, няхай сабе i тынкоўшчык! А што, ён не чалавек? - запальчыва заступалася Люся.
Аднойчы, пасля такой размовы памiж дзяўчатамi на кухнi, Люся панесла ў залу талеркi, а Мiра, падфарбаваўшыся, выйшла да буфета пазiраваць афiцэрам, якiя нядаўна ўвайшлi з двара. Вайскоўцы старалiся зачапiць Люсю, але тая нiбы не прыкмячала iх, а калi не магла стрымаць на твары ўсмешкi, выбягала з залы. Тады яны звярнулi ўвагу на Мiру.
Вайскоўцы доўга заставалiся ў сталовай. Яны пачалi запрашаць да стала дзяўчат. А якраз загадчык сталовай, Сямён Макаравiч, быў у адпачынку, яго падмяняла буфетчыца. Цёця Глаша была не строгая. Аднак дзяўчаты за стол не селi, толькi адна Мiра крадком выпiла крыху вiна, а адзiн пры гэтым сцiснуў яе за локаць.
Назаўтра маёр прыйшоў адзiн. Ён доўга сядзеў за сталом, курыў i пазiраў на Мiру. Ад такiх залётаў той было няёмка перад сяброўкамi. Падмаляваўшыся больш ярка, узбiўшы валасы, Мiра стаяла ля буфета ў афiцэра на вачах.
Разлiчваючыся з маёрам, Мiра наўмысля затрымала яго трыццаць капеек. Потым, калi ён пайшоў, быццам спахапiўшыся, яна пагналася за iм на вулiцу аддаваць грошы.