Я з вогненнай вёскi...
Я з вогненнай вёскi... читать книгу онлайн
Тых, чые ўспаміны сабраны ў гэтай кнізе, даўно няма. Няма ўжо і тых, хто збіраў гэтыя ўспаміны, вандруючы ад вёскі да вёскі, па крупінках збіраючы чалавечую памяць, успаміны, перажыванні, сведчанні. Тры сябра, тры пісьменніка, тры партызана, Алесь Адамовіч, Уладзімір Калеснік, Янка Брыль. Яны таксама ўжо адыйшлі ў вечнасць. “Я з вогненнай вёскі…” — дакументальная трагедыя, кніга-памяць, жывы голас людзей, што былі спалены, забіты разам з сям’ёй, разам са сваёй вёскай, і якія — выжылі. Як у прадмове напісалі самі аўтары, у кнігу ўвайшлі ўспаміны толькі тых, якія самі перажылі жудасны лёс сваіх аднавяскоўцаў. На шляху збіральнікаў чалавечай памяці шмат было і такіх вёсак, дзе не ацалеў ніхто. На старонках гэтай кнігі сабраліся людзі, што выйшлі з агню, з-пад зямлі. І гэта — у самым рэальным, не пераносным сэнсе. Людзі з вогненных вёсак сабраліся на старонках гэтай кнігі, каб сведчыць, пытацца, судзіць, каб распавесці тое, пра што ведаць — страшна, а забыцца — небяспечна.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Ну, мы ўжо ляжым. I яшчэ са мной было дзве, таксама не забітыя: адна жанчына і мая пляменніца, меншанькая. Жанчына ўстала і гаворыць:
— Знаеш, яны адступаюць!
А я гавару:
— Ляжыце моўчкі. Маўчыма.
Дык яна на чардак узлезла.
Ну, а я ўжо ляжала, пакуль нашы прышлі.
Чую — дзверы адчынілі. Адчынілі, паглядзелі і пайшлі. Гэта ўжо нашы — красныя. Я стала войкаць, стала гукаць. Адна жанчына з імі была, яна цераз парог галаву і кажа:
— Ой, воечкі! Жанчына жывая!.. Мамаша, не станавіцеся на провад, у вас тут замініравана!..
Яны на парог узышлі, заплакалі. Нашы ўжо. А я дзевачку пабудзіла, каторая жывая, меншую. Яна спала. Пяць гадоў ёй было.
Нашы яе паклікалі:
— Дочачка, ідзі к нам!
А яна:
— Адыдзіце, немцы! Вы маю мамку забілі, я к вам не пайду.
Дык салдаты яе ўзялі неяк цераз міну. Міна ж ляжыць!.. Я толькі чую, што яны гавораць пра гэта. Ляжу і калачуся.
Яны кажуць:
— Падай, мамаша, рукі і скінь бітых з сябе.
Дзе ж я іх скіну!..
Адзін узяўся за мяне, а той узяўся за гэтага, а трэці зноў за гэтага і давай цягці. Як пацяглі, дык гэтая нага, што пераломана, — у ету міну, у еты провад. Як у провад, дык гэтая міна — хлоп! Разарвалася. Тых усіх і параніла трох. А я ўжо крычу:
— Ногі паадарвала!
Я вады прашу, а ён кажа:
— Вады няма.
Яны яе патруцілі, немцы.
— Не, мамаша, — гавораць мне, паглядзеўшы, — вашы ножкі цэлы.
Перавязалі мяне і тых салдатаў, і нас павезлі…»
Было радыё.
Яно не толькі каардынавала работу карнікаў як сродак сувязі — яно іх тады і весяліла.
У вёсцы Святая Воля Івацэвіцкага раёна быстрая цётачка Аўдоцця Ермаловіч, у вайну дзіця, а цяпер сама ўжо маці, нават удава з малымі неслухамі, расказвала нам пра гэткую весялосць. Жанчына плакала, успамінаючы, як яны, некалькі малых, схаваліся ў драўляным зрубе пустога, амаль даверху засыпанага калодзежа, аброслага высокім быльнягом, і чулі крык і плач і страляніну — наверсе, у вёсцы, дзе засталіся іх мамы, бабулі, брацікі і сястрычкі, якія самі яшчэ не ўмелі ўцякаць.
Немцы ўключылі ў сваёй машыне радыё, яно грымела нейкай музыкай, галёкала нейкія песні, і дзеці чулі праз гэтую весялосць не ўсё. Не ўсё яны таксама бачылі. Быструю Дзянку, як называлі Аўдоццю Іванаўну змалку, падсадзілі па сценцы калодзежнага зруба, і яна бачыла, — яна дагэтуль бачыць, — як немцы, адных людзей пастраляўшы, мылі ў вялікім цэбры закасаныя рукі, выціралі іх белымі ручнікамі, а потым зноў пачыналі расстрэльваць.
А радыё іх весяліла…
Былі самалёты.
Пра паядынак старэнькай, нямоглай жанчыны з баявым самалётам «люфтваффэ» расказвала нам Зінаіда Путронак, сакратар сельсавета ў вёсцы Боркавічы Верхнядзвінскага раёна. Тады ёй было дзевяць год, і жыла яна ў роднай вёсцы Ваўкі, дзе адбываўся той паядынак.
«…Не паспелі мы да гэтага лесу даехаць, як наляцела другая парція самалётаў і пачалі паліць хаты. Якой-та жыдкасцю. Варашылава бабуля… Яе сын цяпер у Міёрскім раёне пражываець. А тады быў на фронце. Сям'я вялікая была. Было сямёра дзяцей… Яна засталася адна і да паследняга сваю хату зашчышчала. Яны тры разы палілі, а яна ўсё пяском тры разы тушыла… Ну, потым яна ўжо не змагла. Нізка-нізенька самалёт спусціўся і падпаліў. I яна ўжо была абгарэўшы, сіл не было, і яна пайшла. У нас называлася такая Старасека — лес. А вёску ўсю нашу спалілі…»
У вёсцы Лозкі Калінкавіцкага раёна, дзе забіта 476 чалавек, супраць бабуль, дзяцей, жанчын і ўсіх іншых няўзброеных, мірных людзей быў выкарыстаны бронецягнік. 22 чэрвеня 1942 года. Гэта было вельмі зручна: лясная вёска расцягнулася каля самай чыгункі, на аўтаматны стрэл ад яе.
Расказвае Кацярына Крот, што была тады маладою дзяўчынай.
«…Ну, я той дзень… У мяне сястра была і бацька, маці не было. Мы жылі ўтраіх…
Не магу я расказваць… (Плача.)
Тады я з сястрой была на рабоце. Стрэл адкрыўся. Чуем — поезд ідзе, стрэл адкрыўся. Мы прышлі дадому…
От характар — гаварыць не магу…»
Калісьці, можна здагадвацца, валявая і энергічная, яна прыкусвае губу і змаўкае, каб не расплакацца зноў.
Гаспадыня хаты, у якой мы сядзім, Вольга Века, мала старэйшая за расказчыцу, сама перажыла той жахлівы «стрэл».
Апроч ваеннага гора, аднаго для ўсёй вёскі, ёсць у яе яшчэ і нядаўняе, ужо толькі сваё: загінуў малады, адзіны сын. Электраманцёр. Цягнулі высакавольтную лінію, і на яго «ўпаў слуп». Фота вясёлага, бравага юнака павялічана разам з даўнейшым фота маці, калі яна, Вольга Іосіфаўна, і сама была маладая, вясёлая. Гэты падвойны партрэт, нібы здымак шчаслівай пары або, яшчэ болыл падобна, дружных сястры і малодшага брата, вісіць у міжваконні пад белым вышываным ручніком. Умудроная даўнім і новым горам жанчына, гаспадыня стаіць каля свае халоднай белай кахлянкі, залажыўшы за спіну рукі, якія цяпер не пагрэеш, і на плач сяброўкі, што госцей прыйшла з другое вёскі, дзе замужам, нягучна, але на ўсю глыбіню разумення, сур'ёзна кажа:
— Ты не плач. Пацярпі. Трэба цярпець. О, як жа ён умее гэта, наш народ!.. Сяброўка супакойваецца пакрысе і ўжо гаворыць зноў.
«Там гэты канец, дзе людзей білі, ужо гарэў поўнасцю. Ужо вёску палілі з поезда. Нас на вуліцу павыходзіла, можа, чалавек пяцьдзесят, і гаворым:
— Дзеўкі, уцякайма ў лес!
А сястра мая гаворыць, што не пойдзе. Бо гаварылі людзі раней, што і з самалёта будуць страляць, і ўсяляк страшылі, але — не стралялі…
I вось сабралі нас і вядуць проста ў той агонь. Мы просімся, а яны нас цераз вуліцу вядуць у двор, і ўжо там хлеў падпальваюць. I так мне хочацца, і так жа мне хочацца ўцячы!.. Адзін раз я паспрабавала. Жыта было пасеяна каля самай вуліцы, дык я хацела туды, а немец замеціў, крыкнуў і вінтоўку наставіў. I я пашла. Ідзём, ідзём, а там, дзе ўжо яны палілі, сільна многа немцаў відаць. Дайшлі мы да сярэдзіны, дзе ўжо мы жылі, сям'я наша, а тут стаяла хата незгарэўшая і абгароджаная, як і трэба. I падружка ішла са мною. Дык яна гаворыць:
— Давай сюды ўцякаць!
А на гэтую сторану вецер кланіў, дык усё пагарэла і садоў не засталося. А іду я, можа, метраў дзесяць наперад. А потым вось так азірнулася назад. Тая дзяўчына пабегла сюды, а я сюды. Тыя два немцы — яны мяне не замецілі, і трэці не замеціў. Я і пабегла ў двор, а там ужо ў картоплю, у жыта і — папаўзла.
А тых усіх павялі.
Я адпаўзла так метраў, можа, са сто ад вёскі і ляжу ў жыце, думаю: «Што ж яны там будуць з імі рабіць?» Праўда, я далекавата была ад іх, адтуль, дзе іх палілі,— метраў, можа, з чатырыста, а можа, і болып. Ляжу я і слухаю, а іх там з аўтаматаў: та-та-та-та — строчаць, строчаць з аўтаматаў, як завялі ўжо ў хату. Ляжу я, ляжу, а потым бачу — гараць ужо хаты і вёску ўсю асвяціла. Відна стала, бо ўжо цямнець збіралася.
А поезд так і хадзіў па пуці: сюды-туды, сюды-туды. Як ён біў па сялу! 3 кулямётаў ды з усяго. Аж тое жыта косіць!..
А я ў разоры ляжу. Бо я чула, што мужчыны гавораць, як на вайне — у ямку трэба. Ляжу я к пуці галавою, а поезд, здаецца, коціцца ў нагах. Так перапужалася, што не чуствую нічога. Ляжала, ляжала я, ужо цямнее. Чую: машыны пагулі на Васілевічы. I поезд пайшоў. Той, што страляў.
Я тады ў жыце ўстала, вярнулася на сваё селішча і пагукала, можа, дзе хто ёсць. Аніхто не адзываецца, толькі тавар раве, ды каты мяўкаюць, ды сабакі брэшуць… Дзе ж дзецца? Куды ж ісці?.. Пайду я забяру тое барахло, што кінула, і пайду ў лес.
Падыходжу я туды — багацтва ўжо ляжыць, а людзей няма, і ўжо цямнее. Сустрэла дваюродную сястру, і яна сказала мне, што людзей папалілі…»
Бронецягнік — тэхніка баявая, толькі прыстасаваная для забойства мірнага насельніцтва.
Была і тэхніка спецыяльная…
З яе работай, дакладней — са слядамі гэтай работы, мы пазнаёміліся ў вёсцы Касцюковічы, кіламетраў з трыццаць ад Мазыра, уверх па Прыпяці.