Я з вогненнай вёскi...
Я з вогненнай вёскi... читать книгу онлайн
Тых, чые ўспаміны сабраны ў гэтай кнізе, даўно няма. Няма ўжо і тых, хто збіраў гэтыя ўспаміны, вандруючы ад вёскі да вёскі, па крупінках збіраючы чалавечую памяць, успаміны, перажыванні, сведчанні. Тры сябра, тры пісьменніка, тры партызана, Алесь Адамовіч, Уладзімір Калеснік, Янка Брыль. Яны таксама ўжо адыйшлі ў вечнасць. “Я з вогненнай вёскі…” — дакументальная трагедыя, кніга-памяць, жывы голас людзей, што былі спалены, забіты разам з сям’ёй, разам са сваёй вёскай, і якія — выжылі. Як у прадмове напісалі самі аўтары, у кнігу ўвайшлі ўспаміны толькі тых, якія самі перажылі жудасны лёс сваіх аднавяскоўцаў. На шляху збіральнікаў чалавечай памяці шмат было і такіх вёсак, дзе не ацалеў ніхто. На старонках гэтай кнігі сабраліся людзі, што выйшлі з агню, з-пад зямлі. І гэта — у самым рэальным, не пераносным сэнсе. Людзі з вогненных вёсак сабраліся на старонках гэтай кнігі, каб сведчыць, пытацца, судзіць, каб распавесці тое, пра што ведаць — страшна, а забыцца — небяспечна.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
З адной машыны вылез афіцэр, даў каманду, і нас павялі пад сільным канвоем. З правай стараны ехалі машыны, а з левай — ішлі немцы.
Не дахадзя да таго месца, спынілі, і трох немцаў пайшлі з кулямётам. Паставілі кулямёт на ўзгорачку, двох там засталіся, а трэці вярнуўся і махнуў рукою.
Прывялі нас у лагчыну, перад тым кулямётам, і сказалі лажыцца. Мы лажыліся, хто з кім. Ну, я лёг з сямілетнім хлопчыкам, трымаў яго на руцэ, прытуліўшы, а жонка з трохлетняю дачкою. Калі мы леглі — шапка з мяне звалілася, і я яе на голаву болыд не клаў.
Немцы ад нас адышліся… Ага! — немцы адышлі ў сторану і заляглі кругом. А гэты немец, кулямёт каторага на ўзгорачку стаяў, узяў гэты кулямёт і падышоў да нас метраў на дваццаць. Там была яма, дзе нямецкая бомба ўпала. Улез ён у гэтую яму, укленчыў і паставіў на беразе ямы кулямёт. Тады немцы адышліся ад нас, і ён пацягнуў першую вочарадзь па нашых галовах.
Я як ляжаў на левым баку, так мне вот так па пальцах, а хлопчыку ў голаву. I ён яшчэ ўспеў толькі сказаць:
— Ой, тата, баліць!
А я гавару:
— Ціха, Мішка, не будзе балець. Больш ён не аказаўся.
Пяць вочарадзей выпусцілі. Мне папала ў правую ногу, абпаліла мне падошву і так прарэзала нагу. Сільна мне балела. Варушу — варушыцца, але боль — не вытрымаць. Усё роўна як крапівою мне хто па пальцах.
Пасля сталі дабіваць, хто стагнаў. Увесь мой твар быў абліты кроўю, і вельмі з мяне дух гнала. Падышоў немец, нагою мне ўдарыў у галаву — галава мая так зашаталася, але я вачэй не расплюшчыў.
Сталі самі засыпаць зямлёю. Зямля была мёрзлая, груды гэтыя, пясок. Паабівалі мне твар…
А за плячыма ў мяне ляжаў — гадоў, можа, яму шаснаццаць — хлопец. Ён нідзе ранены не быў. Усхапіўся на ногі і просіцца:
— Паночкі, не беце мяне! Забілі маю мацеру і сёстры, пусцеце мяне жывога.
Яны што-та па-нямецкі, што-та паміж сабою пагаварылі, раздаўся выстрал з пісталета, і ён мёртвы ўпаў на мяне.
Пяску нямнога насыпалі, і я стаў душыцца. Думаю, буду вылазіць, хай дабіваюць, бо цяжка вельмі душыцца. Увесь мокры, як з рэчкі. Раз прыпадняўся, потым другі раз, і ўжо я беспрытомны. Потым неяк напружыўся — ну, тады я быў сільны, малады, — прыпадняўся, тыя груды расхіліліся, і мне стала лягчэй дыхаць.
I ляжу я, слухаю, не чутна, каб кідалі… Колькі ляжаў — не ведаю. Потым яшчэ паварушыўся, высадзіў твар і чую — ужо ў тым канцы стрэлы чутно. Паляжаў я, пакуль сцямнела. На ногі не ўздымаўся і гавару:
— Уставайце, хто жывы. Немцаў ужо няма, пайшлі.
Ніхто не аказаўся. Нас было тут, у гэтым канцы вёскі, сто пяцьдзесят душ, а толькі я адзін застаўся… Парваў на сабе рубашку, абкруціў рану і пайшоў у лес…
У лесе я праляжаў трое сутак. «Ну, — думаю, — пайду ў дзярэўню Капце, калі заб'юць, — хто-небудзь зямлёю прысыпле, бо як у лесе памру, то звяры косці толькі будуць цягаць». Прышоў я рана ў вёску Капце і не пазнаў яе — яна ўжо мне перамянілася, зусім другою стала. Ведаю я, што тут Капце, сабакі брэшуць з Малой Волі, але Капцёў не пазнаю. Пастаяў я і зноў пайшоў у лес.
Потым знайшоў я нашых, каторыя паўцякалі з Казлоўшчыны, сустрэліся мы з імі. Прышлі мы з суседам у Капце, і там я ўжо астанавіўся.
Лёг я ў Віктара Касача і праляжаў шэсць дзён. Потым Копаць Аляксей, які служыў кагда-та ў польскай арміі санітарам, зрабіў мне перавязку…»
Прайшло больш за дваццаць пяць гадоў паміж тым першым, запратакаліраваным, і вось гэтым, запісаным на магнітафонную стужку, расказам Івана Павачкі, але час не сцёр у памяці расказчыка вогненных і свін цовых слядоў. У расказе 1971 года Іван Іосіфавіч разважае пра тое, што карнікі, маўляў, не змаглі разбіць партызан і «з гэтай нянавісцю» ўзяліся помставаць на мірных жыхарах. У тыя дні ён не мог ведаць, што 11 лістапада 1942 года галоўнае камандаванне фашысцкай арміі выдала спецыяльны сакрэтны дакумент — «Інструкцыя пра абыходжанне з бандытамі і іх памочнікамі», у 83 пункце якога рэкамендавалася: «У абыходжанні з бандытамі і іх добраахвотнымі памочнікамі праяўляць крайнюю жорсткасць… Сама жорсткасць мер і страх перад пакараннем павінны ўтрымаць насельніцтва ад дапамогі і садзеяння бандам». Услед за гэтай інструкцыяй начальнік генштаба вермахта Кейтэль выдаў загад. У пункце першым гэтага загада ён напісаў, што прытрымлівацца міжнародных пагадненняў і прынятых звычаяў вядзення вайны — не трэба. «Гэтая барацьба не мае больш нічога агульнага з салдацкім рыцарствам або палажэннямі Жэнеўскай канвенцыі… Таму войскі правамоцныя і абавязаныя без усякіх абмежаванняў выкарыстаць у гэтай барацьбе любыя сродкі, у тым ліку супраць жанчын і дзяцей, абы гэта прынесла поспех». Другі пункт: «Ніводзін немец, які ўдзельнічае ў барацьбе з бандамі партызан, не павінен быць прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці або пастаўлены перад ваенна-палявым
судом…»
Івану Павачку, вопытнаму пажылому чалавеку, інтуіцыя падказала слушна — карнікам наперад дароўвалася ўсё. Яны аказаліся няздольнымі ваяваць супраць партызан і пад выглядам іх білі жанчын, дзяцей, старых…
У архівах захавалася «Паведамленне № 28» паліцыі бяспекі і СД аб выніках карных экспедыцый «Гамбург» і «Альтона» ў раёнах Баранавіцкай і Брэсцкай абласцей ад 22 студзеня 1943 года. Непасрэдныя верхаводы карнікаў выхваляліся перад вышэйшымі інстанцыямі сваімі «подзвігамі», выдавалі забітых мірных жыхароў за партызан. Вось два ўрыўкі з «Паведамлення».
«…Аперацыя «Гамбург» у раёне гор. Слоніма.
Гэтая аперацыя была адною з найболын паспяховых аперацый, праведзеных да гэтага часу ў Беларусі. Дадзеныя разведвальнай каманды паліцыі бяспекі і СД былі такія дакладныя, што ўдалося выявіць кожны лагер. У шматлікіх баях было забіта 1676 партызан. Затым было расстраляна западозраных у сувязях з партызанамі 1510 чал. Былі захоплены шматлікія трафеі, у тым ліку 4 браневікі і 8 супрацьтанкавых ружжаў, велізарная колькасць жывёлы і збожжа. У населеных пунктах, размешчаных у раёне аперацыі, акрамя таго, было знішчана 2658 яўрэяў і 30 цыганоў. Страты немцаў, склалі 7 забітых і 18 раненых».
Аперацыя «Альтона» ў раёне Косава — Быценя.
Гэтая аперацыя была праведзена з мэтай разгрому вялікага партызанскага атрада, які прарваўся на поўдзень пасля аперацыі «Гамбург»… «Партызаны страцілі забітымі 97 чал. Потым у гэтым раёне было расстраляна 785 чал., западозраных у прыналежнасці да партызан, 126 яўрэяў і 24 цыганы. Захоплены значныя трафеі: жывёла і прадукты харчавання. Зброі і боепрыпасаў захоплена невялікая колькасць…».
На самай справе ў раёне Слоніма карнікі нават не сутыкнуліся з партызанскім атрадам. Яны накінуліся на бліжэйшыя мірныя вёскі.
Звер палюе на чалавека
«…Ідзеш, ідзеш, ідзеш, ідзеш, чуеш — тут трэсне, дык ты ў другі бок. А яны ў лесе лавілі, па балоце… Па гразі ідзеш да пояса, чабохаешся, а бо-о!.. Не дай божачка! Казалі:
— Будзем раз у дзень есці, але каб толькі з балота вылезці…»
(З расказу Ганны Тарасевіч. Іканы Барысаўскага раёна.)
Чалавека гоняць, выжываюць з вёскі, з горада — у лес. Потым ідуць на паляванне. На жанчын, на дзяцей палююць.
Звяры ідуць аблавай на людзей.
Расказвае Ганна Паўлаўна Бурак. Лісна Верхнядзвінскага раёна.
«…У лесе мы там з нядзелю прасядзелі. Муж гаворыць:
— Паедзем мы бліжэй к дому. Там адзін сусед, гаворыць, пераехаўшы, дык яны ў дзярэўню ходзяць, картошкі прыносяць, зернят прыносяць, мелюць, калатуху вараць, ляпёшкі пякуць. Вот і мы, гаворыць, паедзем туды.
Ну што я, я ж адна не ўпруся, што я зраблю адна з дваімі дзецьмі? Ну вот, прыехалі, налажылі воз сена, павёз ён, і дачка паехала з ім.
— Я, — гаворыць, — пайду дамой, можа, прынясу картошкі.
Ну вот, яны паехалі, а я асталася так з дзецьмі сваімі. Прыехаў, апошні воз сена налажылі. Ён на мяне гаворыць:
— Няхай рабяты едуць са мной, а то паследняе будзем забіраць, дык не будзе як ім сесці…