Я з вогненнай вёскi...
Я з вогненнай вёскi... читать книгу онлайн
Тых, чые ўспаміны сабраны ў гэтай кнізе, даўно няма. Няма ўжо і тых, хто збіраў гэтыя ўспаміны, вандруючы ад вёскі да вёскі, па крупінках збіраючы чалавечую памяць, успаміны, перажыванні, сведчанні. Тры сябра, тры пісьменніка, тры партызана, Алесь Адамовіч, Уладзімір Калеснік, Янка Брыль. Яны таксама ўжо адыйшлі ў вечнасць. “Я з вогненнай вёскі…” — дакументальная трагедыя, кніга-памяць, жывы голас людзей, што былі спалены, забіты разам з сям’ёй, разам са сваёй вёскай, і якія — выжылі. Як у прадмове напісалі самі аўтары, у кнігу ўвайшлі ўспаміны толькі тых, якія самі перажылі жудасны лёс сваіх аднавяскоўцаў. На шляху збіральнікаў чалавечай памяці шмат было і такіх вёсак, дзе не ацалеў ніхто. На старонках гэтай кнігі сабраліся людзі, што выйшлі з агню, з-пад зямлі. І гэта — у самым рэальным, не пераносным сэнсе. Людзі з вогненных вёсак сабраліся на старонках гэтай кнігі, каб сведчыць, пытацца, судзіць, каб распавесці тое, пра што ведаць — страшна, а забыцца — небяспечна.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Парасстрэльвалі і ў ладошкі пахлопалі.
— Вот, — гавораць, — капут вам!
Я гэта помню ўжо. Я гэта да памяці дайшла. Відаць, яны яшчэ хацелі гранаты кідаць, але потым нешта пагергеталі і пайшлі.
Ой, што было піску, енку!.. Там многа жывых людзей падушылася. Але не было іх каму раскапаць. I прасіліся: і «ратуйце нас!», і «спасайце нас!», але не было каму.
А яшчэ і да бою здзекаваліся: і віламі паролі, і нагамі хадзілі, і білі — ой!.. Дзеці малыя былі, то па жывых нагамі хадзілі. А некаторыя зналі, што немцы яйца любяць, нясе каторае дзіця яму яічак ды просіцца, каб не забілі. А ён як дасць яму нагою, дык яно і перакуліцца —і з нагамі па ім пайшоў.
У мяне самой чатыры браты забілі і мацеру. Залезлі пад печ, схаваліся. Кожнаму смерць страшная вачавідная. Дык яны спаролі віламі так, што не было дзе голкай ткнуць. Пад печкай. Гэта ўжо даставалі адтуль, а не хацела гэта дзетвара вылазіць.
Мяне і самую віламі спаролі. А потым пагналі расстрэльваць. I вот я ляжала да двух часоў ночы. У гэтай магіле. Я помню — адну цётку сцягнула на бераг, другую сцягнула, і сама… Я ранена была, у мяне крыві ўжо налілося поўна запазуху, аж пад пояс, і сама аслабела — што са страху, а што цэлы дзень…
Колькі ўцякалі, колькі хаваліся!.. Мала калі ўдома там бывалі. А на тую бяду — дык дома засталіся.
Ну… А цяперака я баюся ўставаць. Вылезу з гэтай магілы, папоўзаю, папоўзаю, папоўзаю круга і зноў улезу, на гэтыя мёртвыя лягу. А душна! Колькі народу! Воздух такі цяжкі, кроў тая кіпіць, як у катле. Думаю я, дзе ж тыя немцы? Баюся ўставаць. Спаўзу і апяць лягу на гэтыя мёртвыя.
А потым — пайду, што будзе! Пайшла, пайшла гэтымі кусцікамі пад Шчару. Думаю: «Пайду ўтаплюся, абы яны не здзекаваліся. Усё роўна».
Адзін хлопчык, гадоў яму, мусіць, шэсць — устаў, і знаў ён, прыпомніў, дзе гэта бацьку пагналі,— у другую хату пайшоў. А яны сустрэлі яго, у картафляную яму завялі… Увесь у крыві, ранены, а яны ў картафляную яму завялі і дабілі. А дзевачка сядзела — мацеру забілі, а яна, чатыры годзікі, сядзела і ўсё прасілася:
— Мама, годзе спаць, уставай, ідзем дадому!
I таксама расстралялі.
Думаю: «Пайду я ўтаплюся, абы я не бачыла гэтых іх, і іхняй смерці».
Пайшла. Мне кажацца, што іду я, іду… Ішла, ішла, так саслабела, што зайшла аж у Кабаке: вунь там дзярэўня, па-за рацэ. Зайшла, і мне стала — кругом, кругом Шчара. Ужо ў галаве закружэнне стала.
I думаю: «Пайду тапіцца». I палезла, палезла і перайшла на той бок Шчары, і помню, што я не ўтапілася. У якое месца папала і як ішла? Уродзе, я на калені станавілася і паўзла… У калючую провалаку ўбілася. Выпутвалася, выпутвалася, ледзьве з той провалакі вылезла…
Зайшла ў гэтую дзярэўню Кабаке, а ўжо саслабела, не магу. А там, дзе кусцік, дзе слупік, — мне здаецца, што гэта ўжо немец стаіць.
А там на выганку адзін домік стаіць. «Зайду, — думаю, — прыадчыню дзверы, спытаюся, ці немцаў няма…» Зайшла я, гляджу: бяллё вісіць. Думаю: і тут пабілі. Я прыадчыніла дзверы, пытаюся:
— Немцаў у вас няма?
А гаспадар гаворыць:
— Няма.
А як угледзелі, што я ўся ў крыві, растропана, нарабілі крыку. Увайшла ў хату. I пайшоў адзін дзядзька шукаць па сяле, можа, дзе ёду, бінту.
Пайшоў той дзядзька, прынёс бінту і ёду. А я так напіталася гэтага духу цяжкага, што блявала, блявала… Ён мне стакан водкі даў. Выпіла — нічога не памагло. Папяросу даў — нічога. А я ўся мокрая, мокрая — во, па вушкі, і ўся ў крыві. I баяцца дзеці мяне.
Далі мне матрасік нейкі, дзіцячы, я каля парога лягла. Дзе я буду ляжаць — уся мокрая, уся ў крыві. Устала ў тры часы ночы, пайшла.
Пайшла. Аблава ішла, а мне трэба цераз гасцінец ісці. Зайшла я аж у Мельніке, на хутарэ. Зайшла пад адну хатку. Так ужо саслабавала і села на прызбе. Устала цётка на ранку, я падышла:
— Ці няма ў вас, цётка, немцаў?
Гаворыць:
— Няма. Ну, ідзі ў хату.
Я пайшла, а яны пытаюцца:
Што, гэта ў вас, можа, выбілі?
А я баюся гаварыць… Пасядзела я трохі ў хаце і пайшла.
Пайшла я ў лес. Гэдакая мокрая, і холад, і так аслабела — пад елачкаю задрамала. Задрамала і — немцы ідуць! Там лясок невялікі. А забіралі маладзёж яны ў Германію тады. I немцы гавораць. А там тры дзядзькі, такія во, як я, бегалі, хаваліся. I яны тожа пачулі нямецкі разгавор, тожа бягуць. I чую я, што трэскат, думаю: «Немцы!» Яны з таго боку ідуць, а я з гэтай гарушкі, і бягом, і да гэтага самага дзядзькі ў гумно. Прыбегла на падворак, а гэты дзядзька кажа:
— Дзе цябе падзець? Усё роўна будзе — і цябе расстраляюць і мяне. Зачыню я цябе ў гумне, — кажа, — ужо як знойдуць — заб'юць, як запаляць — згарыш, а можа, шчасце будзе, то застацешся.
А там у яго гарох накладзены роўна з бэлькаю і так во адстаў ад сцяны, і я пад самы ніз за той гарох залезла. I ўжо чую: немцы па надворку ходзяць, ужо, як гусаке, гергочуць кругом гэтага гумна. А потым дзверы адчыняюцца. У гэтага дзядзькі самагонка стаяла, цэлая бутэль выгнана на таку. Брата яго ў Германію забіралі: ён прыйшоў, узяў гэтае самагонкі, пайшоў, угасціў іх, з сабою ім даў — брата забраў. I паехалі яны, не траслі. Так я і асталася.
Асталася. Пасядзела да вечара, у лес пайшла. Цэлы тыдзень пад карчом у лесе сядзела, галодная. Забалела гэтай… дзезянцерыяй. Поўзала ракам дзве нядзелі.
Мацеру маю і аднаго брата, што ў школе быў, застралілі з вінтоўкі, а тры тут, на вуліцы. Пяцьдзесят пяць чалавек на вуліцы забілі, яшчэ і гранаты кідалі на іх.
Пака немцы не адступілі, то мы ніколі дома не былі…
Цяпер у мяне трое дзяцей. Сын у калгасе трактарыстам, два гады вучыўся ў Слоніме. А дачка вышла замуж і ў Слоніме жыве…»
Мажная, усмешлівая Марыя Скок, у адрозненне ад некаторых нашых расказчыц, доўга ўваходзіла ў тэму, спынялася, набіраючы духу або аціраючы слязу. Яе дабрадушны твар пасвятлеў толькі тады, калі мы, зашпіліўшы футляр магнітафона, пацікавіліся яе дзецьмі і пахвалілі сапраўды вельмі мілую яе нявестку. Мы і сфатаграфавалі іх, такіх розных лёсамі родных жанчын.
З Яўгеняй Бардун у вёсцы Ніз нас завочна пазнаёміў дзед Лявон Алізар з вёскі Ніз, да якога мы, па аднолькавай справе, заехалі раней, чым да яе.
Спачатку Лявон Сідаравіч гаварыў нам пра аднаго мясцовага паслугача фашыстаў.
«А-а, — грэбліва цягнуў стары, — той, што выдаў нашу вёску? Паліцай!.. Ён цэлае жыццё сваё такі быў. Ён і пры Польшчы ўродзе займаўся паліцікай — і сюды, і туды… Раз падлажыў ён аднаму хлопцу чырвоны флак… над дзвярыма ў сенях заткнуў у стрэху, каб відзён быў гэты флак. I хлопец той праз яго чатыры гады пры Польшчы ў турме сядзеў. Правакатар быў…»
Дабрадушны, марудлівы дзед Алізар ніяк не можа падабраць належных слоў, каб растлумачыць такое.
Карнікі аддзялілі маладзейшых мужчын ад жанчын, старых і дзяцей, загадалі ім сабраць харчы і лапаты, накрэслілі, дзе капаць яму.
Тыя адмовіліся. Тады ім загадалі запрэгчы коней і на вазах павезлі «той маладзёж», мужчын ад шаснаццаці да сарака гадоў, у Германію. А старэйшых мужчын, усіх жанок і дзяцей сагналі ў адну хату і выводзілі невялікімі групамі за гумно ды расстрэльвалі з пісталетаў у патыліцу, — кожны немец-канваір свайго падканвойнага…
Ужо ўпачатку дзед Алізар гаварыў ды здзіўлена паглядаў на магнітафон, а калі дайшоў да таго правакатара, паліцая Бяляўскага, неўразуменне яго ўзрасло. У голасе расказчыка было: сапраўды, людзі добрыя, не мажліва нармальнаму чалавеку дабрацца толку ў паводзінах вылюдка. Хіба звар'яцець самому… Ды і ўвогуле нялёгка сёння перадаць нармальным людзям, што дзеялася ў той, прынесены ворагамі, шалёны дзень, калі і сам ён, Лявон Сідаравіч, недастрэлены, ледзь ацалеў.
Дзеду Лявону перашкаджаюць унукі, а зрэшты, можа, яны і выручаюць яго з клопату, адганяіоць ад яго ўсякія ўспаміны. Іх ажно трое ў яго на доглядзе ў гарачую пару касавіцы. Тры малыя анархісты завялі ў хаце свой парадак. Абараняючыся ад свавольнікаў, дзед, відаць, папрыбіраў аздобы і ўвогуле ўсе тое, што можна дастаць рукою, пабіць, зламаць, скінуць. I чысты пакой Алізаравай хаты выдаецца нейкі пусты і неабжыты: дзве сасновыя лавы цягнуцца ўздоўж сцен, як два промні ад покуця, у якім высока пад столлю вісіць адзінокі абразок богамаці з такім самым жэўжыкам на руках, як меншы дзедаў унук. Лавы парэзаны сцізорыкамі, падзёўбаны сякераю, пакрэмзаны цвікамі, ножкі іх расхістаны. Зводдаль ад лаў стаіць стол, які менш кранула самадзейнасць галапузых распуснікаў. А дзед як і не бачыць тут непарадку. Калі дайшло да фатаграфавання, ён з дзіцячай усмешкай папрасіў: