Я з вогненнай вёскi...
Я з вогненнай вёскi... читать книгу онлайн
Тых, чые ўспаміны сабраны ў гэтай кнізе, даўно няма. Няма ўжо і тых, хто збіраў гэтыя ўспаміны, вандруючы ад вёскі да вёскі, па крупінках збіраючы чалавечую памяць, успаміны, перажыванні, сведчанні. Тры сябра, тры пісьменніка, тры партызана, Алесь Адамовіч, Уладзімір Калеснік, Янка Брыль. Яны таксама ўжо адыйшлі ў вечнасць. “Я з вогненнай вёскі…” — дакументальная трагедыя, кніга-памяць, жывы голас людзей, што былі спалены, забіты разам з сям’ёй, разам са сваёй вёскай, і якія — выжылі. Як у прадмове напісалі самі аўтары, у кнігу ўвайшлі ўспаміны толькі тых, якія самі перажылі жудасны лёс сваіх аднавяскоўцаў. На шляху збіральнікаў чалавечай памяці шмат было і такіх вёсак, дзе не ацалеў ніхто. На старонках гэтай кнігі сабраліся людзі, што выйшлі з агню, з-пад зямлі. І гэта — у самым рэальным, не пераносным сэнсе. Людзі з вогненных вёсак сабраліся на старонках гэтай кнігі, каб сведчыць, пытацца, судзіць, каб распавесці тое, пра што ведаць — страшна, а забыцца — небяспечна.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
А тут, кажуць, немцы вярнуліся назад. А я тады крычу:
— Дзявайце мяне куды-небудзь!..
Ну, куды ж мяне дзяваць? Поле, дзярэўня. А яны мяне тады ў адрыну ды пад сена. А там наверсе яшчэ адзін хлопец ляжаў, схаваўшыся. Чую — там разгавор: «Паляць дзярэўню». На вышках гавораць. «Прыдуць, — думаю я, — запаляць, і я згару».
— Нясі мяне, — кажу на маці, — хоць назад на тое самае месца…
А патом падалася каманда, і яны, немцы, паехалі.
I мяне тады панеслі ў лес. Маці, брат, і сястра была яшчэ старэйшая. У яе былі малыя дзеці, дык ёй трэба было дзяцей насіць. Трое дзяцей было. I мяне памагаць несці. Тады занеслі і ў байню[7] палажылі. У лесе байня стаяла ў нас. А самі пайшлі туды, дзе ўсіх пабілі. У мацеры маць мацерыну забілі, патом дзядзьку з пяццю дзяцьмі, сястру з мужам, другую сястру, пляменніцу… Пабілі нашай радні многа. Усе пайшлі туды, дзе трупы. Патом ужо, калі ўсё ўспакоілася, началі кожны сваіх закопваць. А я там і астаўся, адзін у той байні.
Патом мне стала плоха. Назаўтра прыйшлі і мяне знайшлі — я ўжо ляжаў на палу. Урачэй жа не было. Кроў ішла, сколько яна ўжо магла… Назаўтра толькі адну перавязку зрабілі мне зноў — вот і ляжы. Больш былі ў лесе. Ноччу ў лесе, а после абеду дамоў. Таму што экспедыцыя была, нападалі немцы больш зранку. После абеду яны не ездзілі. Медыкаменты партызаны даставалі.
Пытанне: — А што гэта за жанчына была, што на вас паказала?
— А яе няма, яе расстралялі. Жыла тут у нашай дзярэўні такая, відзіма, думала нешта, настроена так была. Патом яе расстралялі немцы, бо яна ўказала сястру аднаго паліцэйскага. У той жа дзень яе забілі, як і ўсіх, але яе паследнюю: паліцэйскія настаялі…»
Маці Васіля Іванавіча, калі яна несла яго, ледзь жывога падлетка, было, ён сказаў, каля шасцідзесяці. Нам і не падумалася, што яна яшчэ можа жыць, таму і не спыталіся пра гэта. Васіль Іванавіч прагаварыўся сам. Жыве, здаровая. У сваёй хаце, побач з ім.
Домне Васільеўне восемдзесят восьмы. А яна яшчэ, як спрадвеку гаворыцца, дай бог усім добрым. Засталі мы яе ў сынавым садзе, каля вулляў, у цянёчку, які ўсё-такі не ратаваў ад паўдзённай парнасці.
— Пчол пільную, — сказала бабуля. — Нікога дома няма. Камары тут заелі.
Рой не ўцячэ — старая гаспадыня на пасту. Яшчэ надзіва рухавая і гаваркая. Васіль Іванавіч застаўся ў садзе, а яна павяла нас у сваю хату, што трохі воддаль ад сынавай.
— Усё я вам, хлопчыкі, раскажу, усё падробна.
I расказала. То седзячы трохі, то ўстаючы, жэстыкулюючы, мяняючы голас, калі пераймала кагосьці, то павышаючы яго, то пераходзячы амаль на шэпт, калі ёй зноў было горка і страшна — так, як тады.
«…Быў сход перад гэтым днём, перад Першым маем, парцізане яго праводзілі. Атрад Данілы Райцава. Сход правялі, парцізане пайшлі, толькі нашы засталіся.
Назаўтра чуць свет… Я заўсёды выходжу і ўсё слухаю, што дзе стукаюць, дзе страляюць… Выйшла і думаю: «Госпадзі, што гэта такое, што нешта блішчыць перад намі?» Разгледзела, ажно гэта немцы ў касках сваіх, і светлая адзежа на іх. Прабяжыць і заваліцца, прабяжыць і заваліцца… Цераз нескалька ўрэмя яны мяне замецілі і началі паліць. Я назад у хату.
— А дзеткі, кажу, а немцы прышлі! А стары мой крычыць:
— У цябе ўсё немцы! Сядзі ты, калі сядзіш. У цябе ўсё немцы.
А я крычу:
— Скарэй, немцы!
А яны з гары і адтуль вунь пачалі паліць — якраз у нашу хату… У мяне ж была сям'я: я, тры мальцы, адна дочка была ўжо замужам.
— Лажыцеся на палу каля печы!
I праўда — паляглі ўсе. I ляжалі. А яны ўжо так збілі хату, так збілі — усё пасеклі, і печку… Білі з двух старон з пулямёта. А тады яны відзяць, што не выбягаюць, не бягуць, а так прама да нас у хату. Мы тады яшчэ там жылі, дзе школа, дзе ліпы растуць.
— Матка, парызан, парызан!..
А я рукі сашчапіла, стаю, во так і кажу:
— Няма парцізан.
Яны і на хату, яны і ўсюдых, пад палом — усюдых лазяць іскаць. А што тут іскаць, калі поўная хата дыму.
— Выбірайцеся, выбірайцеся!
Выгналі нас на дарогу і паставілі. Кругом акружылі, кругом. Пагналі. Старыка прыкладам у спіну, прыкладам у спіну. Мяне, праўда, тады не білі — не буду гаварыць дарма. А старыка білі. Толькі мы падходзім туды на гару, дзе магазін там быў, гляджу — бяжыць баба і крычыць:
— А людцы ж мае, а таткі ж мае, а што ж вы нарабілі, а вы ж маю дачку забілі!..
Тут адзін падбег ды трах ёй сразу, дык яна брык і ляжыць…
I вядуць людзей, і вядуць, і б'юць напавал. Каго ад азяра вядуць. Тады хаваліся ў азяро.
Гляджу: ажно, госпадзі, мой стары каня запрагае! Запрог стары каня, палажылі пулямёт на калёсы яму, а тады да воза яго за руку прывязалі. I пагналі. Тут пагляджу — кароў тураць, тураць адсюль, забіраюць, забіраюць…
Тады ракеты сталі кідаць. Ракеты пакідалі — кінулі расстрэльваць ужо. I пабеглі. А там ужо, у Малгацях, запалілі. I людзей, людзей, — каго жывога спалілі, каго ўбілі — усіх рашылі, усю дзярэўню рашылі.
Пытанне: — Вас усіх паставілі, сын гаварыў? А мужчын адвялі ад вас?
— Усіх, усіх паставілі. Сыноў адвялі, каля другое пастройкі паставілі. А я вот так села. (Бабуля паказвае, рухава сеўшы на падлозе.) Аднаго ўнучка ўзяла во сюды, а другога, меншага, во сюды палажыла. I сяджу. I прыказ нам далі: «Еслі не будзеце даваць знаць у Смалоўку, калі парцізане прыходзяць, — усіх рашым». Ну, хто ж яму будзе што гаварыць?.. Я відзела, як маю матку, родную маю, нявестку з тром дзецям… I была ў палажэнні, паследнюю нядзельку хадзіла ўжо. I матка. Стаіць на дарозе… Адзін паліцай, з Загуззя, хлопае па плячы яе, нявестку:
— Проска, гавары, дзе твой Яўхім?
А яго забралі па ўтарой мабілізацыі, нет дома. Адзін брат быў у парцізанех, меншы, а той, старшы, Яўхім, пайшоў. А гэта жонка старшага. Не сына майго, а брата. Я ж думала так, што не будзе ён ёй нічога рабіць, — свой жа, з Загуззя. А ён будзе біць іх. Старуху, ужо семдзесят год было, і нявестку… Ну, за што ён іх?..
А сама я з месца не злезу — нікуды. Мы сядзім каля сцяны, а яны на дарозе. Тады тыя, хто застаўся жывы, пабеглі, а я з месца не злезу. I ўжо бачу, што мае ляжаць. Во, падбягаець ка мне адна жанчына:
— Дамнутка мая, а твой жа Васютка жывы! Просіць піць.
А я гавару:
— А ці жыва мая мамка?.. (Плаа.) А што дзелаць мне?
А я не ўстану. У мяне спічкі: як хацела печку затапляць, так і дзяржу іх усё ўрэмя ў руцэ. I я папаўзла, і папаўзла, і слёзы тыя ліліся… (Бабуля — проста надзіва лёгка — лажыцца на падлогу і паказвае, як папаўзла.) Прыпаўзла, а ён паднімаецца, галаву падняў. А так і з вушак кроў, і з носа кроў, і з рота кроў — і ўсё. I так во:
— Ма-а… Ма-а… Вазьмі мяне адсюль… Даб'юць немцы…
— А сынок жа мой, а куды ж я цябе вазьму?.. Але тут дзве дочкі было, падскачылі, паднялі і ўнеслі ў хлеў яго. Ды саломай закрылі. А ён крычыць:
— А мяне тут даб'юць! I спаляць хлеў, і мяне тут спаляць! Вазьмі мяне!..
Ну, узялі адтуль. Палажылі мне во сюды на спіну, на плечы, і я во тут… А ён:
— Мама, нясі мяне ў балота! Даб'юць немцы!.. Нясу, нясу, і мяне як сагнула во так… (Паказвае.) Можа, паверыце, а можа, не паверыце — усю вайну во такая хадзіла. Палачка ў мяне была, і ўсю вайну хадзіла сагнутая. А ўжо тады после вайны я расправілася, цяпер ужо, бачыце, не такая.
Ну, і панясла я ў лес, палажыла. I пайшла. Палажыла і пайшла. Я так хадзіла — ці я ў памяці, ці я без памяці?..
Зноў крычыць:
— Мяне ваўкі тут з'ядуць, мама! Вазьмі мяне!.. Тады мы яго ў байню. Парэзала на ім адзежу, штаны парэзала, сапагі папарэзвала. Дык у яго крыві так… Пад ім… Ён, як стралялі, ляжаў у бульбоўніку, уваліўся туды ліцом, дык затое — і застаўся жывы. Дык у яго тут кроў спяклася — такі блін… Я той блін змахнула, а яго голага пакінула, ды апяць пайшлі. Апяць пайшла, сагнуўшыся, — туды, дзе стралялі.
Прыходжу — што гэта такое? — мая маці ляжыць…
— Мама, гавару, што ты ляжыш?
Ляжыць. Адвярнулася я далына — і Проска ляжыць, нявестка.