Я з вогненнай вёскi...
Я з вогненнай вёскi... читать книгу онлайн
Тых, чые ўспаміны сабраны ў гэтай кнізе, даўно няма. Няма ўжо і тых, хто збіраў гэтыя ўспаміны, вандруючы ад вёскі да вёскі, па крупінках збіраючы чалавечую памяць, успаміны, перажыванні, сведчанні. Тры сябра, тры пісьменніка, тры партызана, Алесь Адамовіч, Уладзімір Калеснік, Янка Брыль. Яны таксама ўжо адыйшлі ў вечнасць. “Я з вогненнай вёскі…” — дакументальная трагедыя, кніга-памяць, жывы голас людзей, што былі спалены, забіты разам з сям’ёй, разам са сваёй вёскай, і якія — выжылі. Як у прадмове напісалі самі аўтары, у кнігу ўвайшлі ўспаміны толькі тых, якія самі перажылі жудасны лёс сваіх аднавяскоўцаў. На шляху збіральнікаў чалавечай памяці шмат было і такіх вёсак, дзе не ацалеў ніхто. На старонках гэтай кнігі сабраліся людзі, што выйшлі з агню, з-пад зямлі. І гэта — у самым рэальным, не пераносным сэнсе. Людзі з вогненных вёсак сабраліся на старонках гэтай кнігі, каб сведчыць, пытацца, судзіць, каб распавесці тое, пра што ведаць — страшна, а забыцца — небяспечна.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Пытанне: — А яны потым, немцы, паставілі тут гарнізон?
— Гэта потым было. А калі палілі, мы хаваліся ў балоце. Трое сутак сядзелі. Узлезем на сасну, глядзім: ніхто ні печы не паліць, ні вады не цягаюць. Ну, мы рашылі, што забралі, можа, і пагналі ў гарнізон. Тады — сонейка заходзіла — мы гаворым:
— Давай пабяжым, паглядзім, што робіцца… Пытанне: — Колькі тут загінула?
— Сто пяцьдзесят чалавек нашых толькі. А тут, кажуць, прыгналі з Лочына трыццаць чалавек. I тых, што ў лесе лавілі, тожа ў агонь кідалі.
Ну, што ж, асталіся па сягонняшні дзень. З усёй вёскі засталіся: вот нас трох, яна са сваімі дзецямі і яшчэ адна жанчына з дзецямі асталася — тры сям'і…»
…Трэба памяняць у магнітафоне стужку, спыніць расказ, і баішся: а ці зможа чалавек, ці хопіць у яго сілы вярнуцца зноў туды. Бо і здаралася, што пасля такога перапынку чалавек ужо не мог па-ранейшаму поўна, дакладна расказваць. Але часцей было такое адчуванне, што ты магнітафонную стужку спыніў, а ён «спыніў» сваю. I што сапраўды ўсё гэта ў ім «запісана». Адзін раз і назаўсёды. Адзін на ўсё ж. ыццё расказ. I знікне ён толькі разам з жыццём, з памяццю чалавека. Сапраўды бачыш — калі так многа, як мы, праслухаеш гэтых людзей, — што гэта незвычайная паўната, дакладнасць — агульная асаблівасць «вогненнай памяці». Такое чалавек не можа расцерушыць, пагубляць па дарозе жыцця — нават і праз тры дзесяцігоддзі, нават калі б і захацеў…
Аднак праяўляецца гэта агульная памяць па-рознаму. Ужо ў залежнасці ад чалавечай індывідуальнасці. Што ні чалавек — то і расказ.
Сярод усіх вылучым пакуль што два тыпы, вобразы расказчыкаў, а дакладней — расказчыц, бо жаночыя ўспаміны — найбольш эмацыянальныя, вобразна дакладныя.
Пра адзін тып расказчыц мы ўжо гаварылі — пра тых, што і гавораць, і глядзяць, і нават пры гэтым усміхаюцца неяк дзіўна спакойна, расказваюць нечакана «эпічна». З непрывычкі і пакуль зразумееш, што за гэтым схавана, заціснута — робіцца нават страшнавата. Не да месца пявучы голас (Барбара Слесарчук з Івацэвіцкіх Бабровіч) ці гучна бясстрасны (Ева Тумакова з Быхаўскай Красніцы) перашкаджае спачатку нават адчуваць, разумець, пра што чалавек расказвае.
Затое, калі нарэшце дойдзе да цябе праўда і гэтага спакою, і гэтай бясстраснасці, і гэтай дзіўнай усмешкі, яшчэ больш невыноснай і жудаснай робіцца праўда самой падзеі, самога факта.
«…Праз вуліцу пераходжу, — расказвае жыхарка Красніцы Ева Тумакова, а ў вачах яе, на шырокім твары яе — запытанне, як бы неразуменне: што ж гэта было, ці праўда, што было? — гляджу, ляжыць сродсцвеннік, дваццаць трэцяга года раджэння, і ляжыць, і ў яго кішкі вывернуліся… Ну ўсё, жывот яму парвала, усё… I ён гаворыць:
— Ева, дай мне вады. Я гавару:
— Ай, Ігнат, дзе я табе вазьму вады, усё ж пагарэла.
— А вы ўсе жывы?
— Убілі маю маць, абрат і бацька асталіся жывы… А вашых?
— Надзю, гаворыць, убілі, а Касціян папоўз уяр…»
Нейкае раздваенне з чалавекам і ў чалавеку адбываецца: сам расказвае і сам як бы пытаецца: ці было з ім гэта, ці праўда, ці магло быць? А калі праўда, дык што ж гэта і як можна, каб такое было?..
I гэтае раздваенне відаць не толькі на твары, у вачах, у інтанацыі, у голасе (гучна-бясстрасным), але і на словы кладзецца. I словы, а не толькі інтанацыя, быццам ужо «не тыя», «не пра тое». Гарыць усё, б'юць людзей, забіваюць, можна ўявіць, які жах, крык над вуліцай, а чалавек расказвае, што ён не пабег, не папоўз, не кінуўся ў жыта, а «пайшоў» («пайшлі і селі ў жыта»). Ці тая ж размова дзяўчынкі (Еве Тумаковай было тады трынаццаць год) з цяжка параненым сваяком. Быццам і сапраўды так: «Ай, Ігнат, дзе я табе вазьму вады…» — быццам гэта звычайная гутарка дзяўчынкі з хлопцам сярод вясковай вуліцы, у звычайны, а не ў той дзень.
Побач з вобразамі такіх расказчыц, пасля такіх расказаў, паўстае з ліку многіх'і зусім іншы. У той жа Красніцы, у тым жа красніцкім клубе запісвалі мы Ніну Міхайлаўну Князеву.
Падышла, прысела да стала прыгожая жанчына, зусім яшчэ маладая, і загаварыла ціха, амаль шэптам. Не, не ад няёмкасці ці сарамлівасці перад суседзямі, што сядзяць каля сцяны, ці перад намі, незнаёмымі людзьмі, сцішыла яна так голас, а таму што кожнае слова для яе — боль, пакута. Не тая, не там пакута, а вось тут, цяпер.
Жыццё для яе не падзелена рэзка на дзве палавіны: тое, што было, што ў яе памяці, — працягваецца. Такая гэта натура, істота. I з такой рэальнай вастрынёй усё ў ёй працягваецца, што любая жыццёвая няўдача, крыўда (муж кінуў — сказала і пра гэта) б'е па тым жа пякучым месцы. Такі чалавек усё, нават дробязі, перажывае ўтрая… А на кранутым куляй твары — прыгледзьцеся! — колькі душэўнай мяккасці ў гэтых вачах, у гэтых дзіцячых губах, душэўнай напоўненасці, чалавечай красы.
Кожным словам свайго расказу яна нібы дакранаецца да ўсё таго ж пякучага, жывога болю — і сцішвае міжволі голас да шэпту. Быццам заціскае ў сабе той боль. I голас ужо зусім прападае — толькі ціхі, бязгучны плач… Ціхая жаночая краса, ціхі голас, ціхія слёзы, а здаецца, што стаіць тут той немагчымы крык…
«…Ну што я знаю. Знаю толькі, як у нашу хату заганялі людзей. Як білі Красніцу, мы стаялі на вуліцы. Тут дзярэўня была, а мы жылі туды пад нізінку — на пасёлку. Мы стаялі, сабраўшы, глядзелі, што тут ужо дым. I даждаліся, што саседні, што саседзей ужо… I падходзіць да нас…
— У хату!
Загналі ў хату. Нас было тры сям'і. Наша сям'я — сем душ…
Пытанне: — Вы стаялі і бачылі, як ужо суседзяў забіваюць?
— Ну, усё, саседзей ужо, вокны б'юць і гранаты брасаюць… А мы яшчэ ля свайго дома стаім. Мама, ацец і я. Ацец быў бальны, толькі што прышоў з аперацыі. На вайну яго не ўзялі. Ну, стаялі, дастоялісь — прыходзіць:
— У хату!
Загналі нас. Ну, а ў хату прышлі — што дзелаць? Адзін за аднаго сталі хавацца. Мама кружыцца, тут і ўсе за ёй — ніхто нікуда. Ну, а яны стаялі.
— Так, доўга з вамі чыкацца? Лажыцеся! Толькі ніц. Лажысь!
Ну, мы — хто куды! Мама хацела пад печ — тута бацька крыкнуў:
— Згарыш жывая!
Яна сяйчас — на печ. Ну, і мы — скок, скок за ёй на печ — сем чалавек. Ну, і баба была наша гэта. Яна ўзлезла ўжэ на печ і загарадзіла нас усіх, лягла з краю. Ну, яны пачалі біць: зразу на палу хто ляжаў. Бацька на палу там, дзед, брат, там яшчэ адна жэншчына з дзіцёначкам пад койку залезла. Тых пабілі: я ўсё гляджу, як яны ўсё гэта б'юць. Я ўсё бачу. Ну, тады і мне — я ж у тое ўрэмя і ранета — зразу мне папала сюды во, у ліцо, у адну, во ў другую выскачыла.
Пытанне: — I вы бачылі таго, што страляў?
— Я ўсё глядзела, пака яны на палу пабілі. Тады ўжо — да мяне! Ну, тут мне папала ўжо, я прылягла. I брат мой меншы за мяне — тут ля коміна прытулёўшы — яго не раніла. А матка — первая, дык яна так во лягла, за комін галаву. I ёй — як білі, ляцела — галаву, гэта, абчапала ёй мясам. Ну, і білі на печ усё. Тую старушку пасеклі — яна ўсё жыва. Матку ранілі, там пабілі ўсіх… Сем чалавек, а мы толькі ўтрох — мама і я з братам сышлі потым з печы. Ну, тады ўжо разы тры — паб'юць і ўвойдуць: слухаюць, ці жыў хто. Яшчэ раз — пачуюць — б'юць. Вышлі трэці раз. Дыму ж надзелаюць! Вышлі, апяць уходзяць — слухаюць: ну, ужо ўсё, ніхто не дыша! Хто ўжо жыў — прытаіўся.
Пытанне: — I гавораць пра што-небудзь, калі заходзяць?
— Гавораць самі ціхонька, ці дыша хто, слухаюць. Ну, вышлі ўжо апошні раз, кажуць, што «капут». А мы ж чуем. Мы ўжо прытаіўшыся ляжым. Ну, што. Не чуць. Сяйчас хату запалілі. Там на паталку сена было, ці што — яно стала кідацца ўжо. Мама ўстае. Тут бітыя навярху ляжаць. Рвель ногі гэтыя! — яна пачула ўжо, што ў нагу папала — стала вырывацца.
— Ну, яшчэ раз папробую — калі вырвусь, то пойдзем, а не, то гарэць будзем.
Дык мы кажам:
— Мамачка, мы лучша гарэць будзем!..
Ды зразу з сябе ўсё здзяваць. Яна пракраціла нам раздзявацца, кажа:
— Не, падажджыце, можа, выйдзем.