-->

Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць)

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць), Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч-- . Жанр: Классическая проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць)
Название: Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць)
Дата добавления: 15 январь 2020
Количество просмотров: 319
Читать онлайн

Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць) читать книгу онлайн

Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць) - читать бесплатно онлайн , автор Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

У сярэдзіне XIX ст. рускі афицэр Юры Гораў, рызыкуя жыццём, дапамагае жонцы беларускага паўстанца Усяслава Грынкевіча даставиць загад аб памілаванні яе мужа. Праз сто гадоў іх нашчадкі сустракаюцца ў Маскоўскім літаратурным інсцітуце. Узнікае каханне, афарбаванае рамантыкай і сувяззю пакаленняў…

Першая публікацыя раману адбылася ў часопісе «Полымя» ў 1962, пада навязанай рэдактарамі назвай "Нельга забыць", а першая кніжная — толькі ў 1982 г.

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 63 64 65 66 67 68 69 70 71 ... 77 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

— На могiлкi спяшаешся, псiхапат?

Айдрэй кінуўся да яго:

— Друг, любы, вязi… Хутчэй толькi!

Шырокае — рэшатам не накрыеш — аблічча шафёра скрывілася:

— У парк!

Андрэй торкаў яму скамечаныя грошы.

— Чалавек ты ці хто?

— А ты чалавек? Лезе пад колы! Засыпаю за рулём. Дзве змены адгрукаў… Кожны затрымлівае. Тры гадзіны таму змена другая скончылася.

У Грынкевіча калаціліся зубы.

— Я кажу табе, чуеш… Я ведаю, з ёю нешта здарылася…

Шафёр паглядзеў на яго зблытаныя валасы і па-вар'яцку спакойныя вочы. Уздыхнуў:

— Валі поруч са мной. Хрэн з табою.

— Толькі хутчэй! Хутчэй!

Машына рванула з месца. Шафёру, відаць, перадалася трывога пасажыра, таму што ён, зрэдку кідаючы на Андрэя косыя неспакойныя позіркі, гнаў «Волгу» так, што дамы ледзь не зліваліся ў шэрую смугу.

Ля дома Ірыны, калі Грынкевіч сунуў яму грошы, поўны камяк, ён асцярожна аддзяліў адну паперку.

— Хопіць.

I дадаў нечакана мяккім для такой морды голасам:

— Бывае, брат… Ты — трымайся…

Самым нясцерпным быў гук званка. Толькі націснуўшы кнопку, Андрэй зразумеў, што ўсё гэта — вар'яцтва, што зараз выбухне страшэнны скандал. Зразумеў, але пайсці не здолеў, бо сэрца ад трывогі аж выскоквала з грудзей.

Пачуліся крокі. Дзверы адчыніліся. Перад Андрэем стаяла Ганна ў лёгкім халаціку колеру асенніх лісцяў. Даючы яму дарогу, яна сказала, быццам не было нічога дзіўнага ў яго прыходзе:

— Праходзь. Яна чакала цябе.

— Што з ёю? — аднымі вуснамі спытаў Андрэй.

— Надзвычай моцны сардэчны прыпадак. Нават цэлая серыя. Я званіла табе, але цябе не было.

— Калі гэта?

— Сёння… А ты адкуль даведаўся?

— Адтуль. Яна ж таксама ведае, што я прыйду. Калі адзін увесь час думае — другі не можа не адчуць.

— Распранайся, — сказала Ганна.

— А яна не спіць?

— Яна не спіць звечара. Трывожыцца.

Андрэй зайшоў у пакой. Асветлены хворым святлом начной лямпы, вымалёўваўся на светлай падушцы закінуты твар Ірыны з цёмнымі, раскінутымі валасамі. Упершыню ён бачыў іх не складзенымі ў вузел ці начную прычоску, — і гэтая нязначная акалічнасць асабліва балюча разанула Андрэя па сэрцы. Быццам толькі тут зразумеў памеры бяды.

Ганна моўчкі выйшла. У глухой цішыні пакоя Андрэй, стоячы, глядзеў на апушчаныя веі жанчыны. Бяскроўны твар быў спакойны, і на яго глядзелі са сцен, як праз цёмную ваду, задумлівыя вочы людзей на карцінах.

Па вуліцы, відаць, прайшла нейкая асабліва цяжкая машына — нячутным, камарыным звонам адказала ёй лыжачка ў пустой шклянцы.

Усё было такім, як і ў той вечар. Толькі не было марознай папараці на шыбах. Тыя ж лікі на іконах, той жа спакой, тое ж чырванаватае святло. I тахта была тая самая.

Усё было такім самым і зусім не такім.

— Сядай, — сказала яна. — Дай мне тваю руку.

Зусім блізка ён убачыў яе распасцёртае цела, прасціну, няўлоўна ўзнятую на грудзях, бяздонныя шэрыя вочы і стомлены велікаваты рот. I гэты рот сказаў, з цяжкасцю склаўшы вусны ў сумную ўсмешку:

— Слухай. Я хачу апраўдацца перад табой.

— Нашто? — спытаў ён.

— Не ведаю, ці можна мне дараваць за ўсё гэта? I ўсё ж я прашу: даруй мне тыя словы. Даруй мне сотні такіх слоў.

— Не трэба, — сказаў ён. — Ты ж мне казала і сотні іншых слоў. Я памятаю толькі іх.

— Не, ты слухай… Не ведаю, як растлумачыць… Але я прадчувала сённяшні дзень… Мне здалося на хвіліну, што табе будзе лягчэй, калі ты будзеш успамінаць мяне з нянавісцю, а не з вечным болем… У той дзень я ўпершыню па-сапраўднаму пачула набліжэнне… Я думала, як мацней абразіць цябе…

Працягнула руку. Паклала яе на яго калена.

— Я зрабіла гэта. Але тут я ўбачыла твой твар. Бог ты мой, табе быццам нажом пад сэрца ўдарылі… Так бывае, калі паміраюць.

Павекі апусціліся.

— Я зразумела, што абразіла лепшае, што было ў мяне на зямлі… Але разумееш, я проста не верыла, што каханне можа быць і гэткім… Вось-вось, менавіта не верыла… А тут паверыла, адразу. I зразумела, што я нарабіла, што я толькі нарабіла… Пасля ўсяго, што было, такая хлуслівая здрада, такая няшчырая, дробна-жаночая подласць.

Ён нахіліўся і прыпаў ротам да яе вуснаў.

— Пацалуй мяне яшчэ, — сказала яна. — Яшчэ раз, любы. Ну вось, а цяпер слухай далей.

Перарывіста ўздыхнула:

— Я зразумела і вырашыла выкупіць усё. Мне каштавала вялікіх цяжкасцей удаваць з сябе цалкам здаровую. Ведаеш, сэрцабіцце, млоснасць. Але я прыкінулася, я ведала: іначай ён будзе шкадаваць мяне і не пакіне… Я пайшла дадому і сказала яму, што больш не магу, што канчаткова вырашыла — без гэтага кахання мне не жыць. Сказала, што пайду адсюль. Ён за апошні час усё дараваў мне. Ён баяўся страціць мяне.

Плечы яе здрыгануліся:

— Мне было вельмі шкада яго — усё ж многа і добрага было, — але я сказала, што гэта маё апошняе слова… Ён тады сказаў, ён сказаў гэта спакойна, але я ведала ўсю меру яго пакут. "Пераможаны, — сказаў ён, — што ўжо тут. Я, пэўна, паеду сам". — "Ідзі, - сказала я, — з табой больш нельга. Сумленне не дазваляе". — "Заставайся тут, калі хочаш". — "Не, ён не захоча". — "Добра, тады я дачакаюся, пакуль ён не забярэ цябе з сабою". I ён паехаў апоўдні.

— Ён мужны чалавек, — сказаў Андрэй.

— А вечарам мяне скруціла, — сказала яна.

— Куды ён паехаў?

— Паехаў на Памор'е. У Архангельск. Кiжы. Ён не ведае, што са мной.

Андрэй вагаўся:

— А можа?..

— I не трэба, каб ведаў, - нечакана цвёрда сказала яна. — Не трэба, каб ведаў.

Вусны яе задрыжалі:

— Хіба не ты мой муж?

Гладзіла яго руку:

— Я хачу хоць памерцi пры табе, бедны хлопчык.

Вочы Андрэя сталі разгублена-дзікімі.

— Пакінь, — сказаў ён. — Я цябе вырву… я не дам.

— Што не дасі, - сказала яна, — тут ужо і з войскам не вырвеш. Пройдзе праз яго і возьме, калі ўжо суджана так.

— Маўчы, — сказаў ён, — я хачу, каб ты жыла. Мне без цябе будзе вельмі дрэнна. Мне без цябе нельга.

— Сапраўды так? — быццам здзіўлена спытала яна.

— Сапраўды, — сказаў ён. — Для мяне зараз добры снег толькі таму, што яго можна стрэсваць на цябе. Месяц толькі таму, што — памятаеш? — ехалі з Загорска і ты была поруч, а месяц, як на вадзе, праклаў на лёдзе сцежку, і былі вербы, і беглі пад імі цені… Нашто я сабе, калі цябе няма поруч?.Нашто мне рукі, калі я не магу абдымаць цябе? Нашто вочы, калі не магу імі глядзець у твае вочы?

Ён казаў гэта, не чуючы сам уласных слоў, не ведаючы іхняга сэнсу:

— Хохлік мой з ліхтарыкам, птушка мая сініца, агеньчык мой у ледзяную ноч, заяц мой.

Яна слухала моўчкі, з закрытымі вачыма. Потым сказала ледзь чутна:

— Добра. Відаць, тады трэба біцца. Тут ужо нічога не зробіш. Трэба.

I дадала:

— Заўтра пойдзеш у інстытут грудной хірургіі. Пастарайся неяк, можа, нават паглядзець на аперацыю на сэрцы. Скажаш потым, згодзен ці не.

— А твой стан як?

— Ты ж ведаеш, гэты асколак зарубцаваўся ў капсулу. Працэс ідзе далей. Парушэнне праводнасці — сэрцабіцце, мленне.

— Тады я кажу адразу. Аперацыя.

— I ўсё ж не спяшайся. Схадзі заўтра.

— Сёння, — сказаў Андрэй, — скора пачне днець. Зараз.

— Транспарт не ходзіць.

— Дайду пехатою. А ты спі. Табе трэба спаць.

Ён казаў гэта назнарок уладна. Трэба было пераканаць яе ў тым, што ўсё будзе добра. Чужая моцная воля павінна была зрабіць гэта. Яго, Андрэя, воля.

— Я сапраўды, бадай, засну, — сказала яна. — Я спакойная зараз.

Пацалаваўшы яе, Андрэй выйшаў. Ганна цягнула ад дзвярэй чорнага сабаку.

— Непакоіцца, — сказала яна. — Так і ладзіць вырвацца да яе дзвярэй.

— Сябра ў няшчасці, - сумна ўсміхнуўся Андрэй. — Што, гэта сапраўды можа скончыцца кепска, Ганна?

— Гэта можа скончыцца вельмі кепска, — проста сказала яна, і ў вачах яе Андрэй пабачыў слёзы.

— Ну-ну, — сказаў ён. — Не трэба. I вось яшчэ што, Ганна. Я буду ў клініцы, мне не будзе часу. Пазваніце Вайвадсу. Ён будзе поруч, калі што спатрэбіцца.

1 ... 63 64 65 66 67 68 69 70 71 ... 77 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название