Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць)
Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць) читать книгу онлайн
У сярэдзіне XIX ст. рускі афицэр Юры Гораў, рызыкуя жыццём, дапамагае жонцы беларускага паўстанца Усяслава Грынкевіча даставиць загад аб памілаванні яе мужа. Праз сто гадоў іх нашчадкі сустракаюцца ў Маскоўскім літаратурным інсцітуце. Узнікае каханне, афарбаванае рамантыкай і сувяззю пакаленняў…
Першая публікацыя раману адбылася ў часопісе «Полымя» ў 1962, пада навязанай рэдактарамі назвай "Нельга забыць", а першая кніжная — толькі ў 1982 г.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Апусціўшы вочы, яна сказала:
— Хадзем, я пакажу вам карціны.
Другі пакой быў трохі святлейшы. Наборны італьянскі стол, глянсава-белы, з чорнымі, быццам гравіраванымі малюнкамі. Нізкія, трохі вышэй калена, шафы для кніг, на іх — статуэткі.
Бронзавая старажытнакітайская карова ляжала на жываце і касавурылася на Андрэя.
А над шафамі, быццам дзесяткі вокан у свет, свяціліся карціны. Цяжкія, нават на выгляд, дошкі старых абразоў ззялі барвяным, густа-сінім, прасвечвалі ружовым праз блакітнае, як жывое цела праз тканіну.
Цяжкаватымі, трошкі чыгуннымі фарбамі і незвычайнасцю ліній стракацелі палотны мадэрністаў.
Цёплым празрыстым лакам, быццам вадой карычневай лясной ракі, былі ахутаны цьмяныя чалавечыя фігуркі на даўніх італьянскіх і нідэрландскіх карцінах. Гэтыя фігуры былі такімі цёплымі, што, здавалася, працягні руку і нават вобмацкам адчуеш жывую плоць.
I адна карціна ззяла нават сярод іх нейкім блакітным, месячным сяйвам. А на гэтым сяйве вымалёўваліся постаці людзей, што сыходзілі па сходах у сад.
— Наша жамчужына, — сказала яна. — "Выхад у Гефсіманскі сад".
— Хто? — спытаў Андрэй, здагадваючыся ўжо аб усім.
— Малады Рэмбрант.
Захутаныя блакітныя людзі ў дзівосных цюрбанах сыходзілі ў сад. А наперадзе ішоў чалавек, і вочы яго глядзелі проста на Андрэя з нейкай пранікнёнай, усёразумеючай прагай ахвяры. "Я ведаю, — казаў позірк. — Ніхто не дапамог мне і не дапаможа. Але я іду. I яны, вучні, абяцалі быць са мной паўсюль, а самі заснуць усе як адзін, пакінуўшы мяне аднаго. Я не скарджуся. Лепшыя заўсёды ішлі так, не ведаючы заўтрашняга дня, але пранікаючы ў градучае. Я і зараз адзін сярод вас, хоць вы не спіцё. Нічога. Нічога не зробіш. Заўсёды знойдзецца той, хто адзін не спіць, сам-насам са сваімі думкамі і адчаем, якога, на шчасце, не бачыць ніхто".
Андрэй правёў далонню па вачах. I толькі тут адчуў, што яны не адны ў пакоі, што нехта за гэты час адчыніў дзверы, увайшоў і нават паспеў павесіць на вешалку паліто.
Яна не прадстаўляла іх аднаго аднаму, думаючы, што гэта будзе непрыемна Андрэю, хоць Андрэй чамусьці зусім не адчуваў рэўнасці да таго, другога. Гэты другі быў тым, што называюць "іншай справай".
I ўсё ж Грынкевічу стала так цяжка, што, калі чорны сабака падышоў да яго і стаў лашчыцца, Андрэй не вытрымаў, паторгаў яго за калматае вуха і ціха сказаў:
— Жывеш, брат? Ну, жыві.
Яны стаялі ўжо ля дзвярэй, і яна ціха сказала яму:
— Я не затрымліваю вас, таму што сама зараз пайду.
Андрэй не ведаў, праўда гэта ці мана з літасці, таму што нельга было аддаць галоўны для яго вечар жыцця яшчэ камусьці другому, але быў удзячны і за праўду, і за ману.
Р а з д з е л XIV
Наступных тыдняў ён амаль не памятаў. Яны падзяляліся на дні. Адны з гэтых дзён цягнуліся нудна, як панядзелкі, і доўга, як крымскі палон. Другія ляцелі хутка — гэта калі яна была поруч.
У гэтыя хуткія дні таксама было мала падзей, але можна было ўвесь час глядзець на смешны рух вуснаў, якім яна здзьмухвала бязважкую пасмачку попельных валасоў са шчакі, на светла-жоўтыя пальчаткі, на калматы цёмна-шэры берэт.
Аднойчы ён дапамог ёй выйсці з аўтобуса, і Андрэю, як хлопчыку, было патрэбна так мала, каб шчасця хапіла на цэлы дзень: няўлоўны цяжар рукі, якой яна абаперлася на яго моцную далонь.
Ён як быццам чакаў выпадку, хоць ведаў, што яго не можа быць. I толькі аднойчы выдаў сябе.
Ездзілі ў Каломенскае. Глядзелі царкву Увазнясення. Яна была прыгожай, але Андрэй не мог любіць яе, як Пакроў на Нерлі. Магчыма, таму, што там было віраванне і звон светлага смутку напрадвесні, а тут прыгажосць стаяла на прагна расстаўленых белакаменных ганках, і гэта было толькі ўсталяванне ўлады, уласцівае для часоў "трэцяга Рыма".
Галіна Іванаўна пачала, відаць, заўважаць нешта. Глядзела на хлопца цёмнымі спачуваючымі вачыма, часам клала румяную шчаку на далоньку і сумна, па-вясковаму, па-бабску, пахітвала галавой.
I тут, на жоўтай лугавінцы над адхонам, яна не вытрымала, адвяла Грынкевіча ўбок і заўважыла, што ён страшэнна змарнеў, стаў падобны на мумію і, напэўна, закахаўся ўшчэнт, і гэта, аднак, зусім яго не прыкрашае.
Андрэй стаў разупэўніваць, і пасля гэтага яму стала здавацца, што нават руды конь, які скуб непадалёку сухую, забітую зазімкамі траву, зразумеў яго і мае ласку глядзець на яго паводзіны з сарказмам і іроніяй.
Трэба было берагчы імя Ірыны. А яна, як назнарок, сама лезла на ражон. Калі ішлі ў прыказны і ў палату гадзіннікаў, - казала, што курсанты-грузіны быццам бы не пайшлі таму, што знайшлі непадалёку шашлычную і што Грынкевіч сумны таму, што не адважыўся ўцячы з імі. А калі спусціліся ўніз і выявілі, што дзверы нехта замкнуў, - яна, гарэзуючы, выказала меркаванне, што гэта таксама зрабіў Андрэй — з цягі да моцных уражанняў.
Зноў палезлі па вінтавых сходах шукаць другі выхад. Сходы былі стромыя, і Грынкевіч, каб развеяць няёмкасць, сказаў завучу, якая ішла наперадзе, каб яна спакойна сабе падала, спадзеючыся на яго. Тая заявіла, што ў яе няма намеру быць гэткай легкаважнай.
I тады Андрэй пабачыў, яшчэ вышэй, вочы, якія смяяліся.
— Што вы, Галіна Іванаўна, няўжо вам было б непрыемна ўпасці ў абдоймы беларускай паэзіі?
Зарагаталі ўсе, а Андрэй у апраметную праваліўся б, абы не чуць такога.
I ўсё ж ён выдаў сябе, нягледзячы на няёмкасць. Мёртва чарнелі ў паўдзённым прысмерку кастрычніцкага дня дубы. Бетон, заліты ў іх дуплы, здаваўся белым і халодным, як лёд, быццам дрэвы заледзянелі да сэрца. Там-сям жаўцелі яшчэ на верхніх галінах скручаныя ў трубачку моцныя лісты. Але туман стаяў між дрэвамі, укрываў дробнай халоднай імжою сцябліны бадзякоў і варсінкі на шапачцы Ірыны. Выплыў з гэтага туману бярвенчаты домік Пятра, і адчыніліся дзверы, і людзі апынуліся ў пакоі з вузенькімі вокнамі. Тут змрок здаваўся яшчэ гусцейшым, таму што сцены былі чорныя, цвёрдыя ад куродыму, як косць.
I ў паўзмроку Андрэй убачыў яе вочы, удвая большыя, чым на самай справе.
Ён адчуў, што пайшоў бы з ёю нават у курную хату, цяжка карчаваў бы ляды, толькі каб вечарам ляжаць пад валакавым акенцам і пры святле лучыны ў лучніку глядзець, як яна прадзе. Усё было лепей, чым быць паэтам, але без яе.
Напэўна, на хвiлiну ён перастаў трымаць на твары маску абыякавасцi. А можа, вочы яго таксака былi ўдвая большыя i таму страшныя. Але ён убачыў, як шырылiся ў цемры яе зрэнкi, як злёгку адкiнулася назад, бы ад спалоху, яе галава i як адначасова ўся яе постаць пацягнулася да яго, нават злёгку дакрануўшыся плячом i потым зноў адхiлiўшыся.
Астатнія дзве гадзіны яна не жартавала. Глядзела кудысьці паўз яго, думаючы аб нечым, і маўчала. Маўчала і яшчэ некалькі дзён, часам кідаючы на Андрэя вельмі дапытлівыя і як быццам спалоханыя позіркі з-пад густых веек. Маўчала і потым. Маўчала, пэўна, цэлую вечнасць. Маўчала нават тады, калі ездзілі глядзець Круціцкае падвор'е, і Андрэй, асабліва расчулены, бо ведаў з рукапісу прабабкі, як любіў Круціцкі церамок той Гораў, здольны быў ледзь не плакаць ад замілавання, гледзячы на яе.
Ён паспрабаваў быў нават расказаць ёй, што будавалі церамок майстры і дойліды, вывезеныя з яго радзімы, з яго роднага Вострава, але яна сказала яму, нават з нейкай злосцю:
— I як гэта яны здолелі?
— Сам здзіўляюся, — спрамогся знайсці ў голасе іронію Андрэй.
Забіць сябе варта было за гэтыя словы! Трэба ж было бачыць, што злосць была толькі ў словах, а вочы былі звычайнымі вачыма лясной касулі, калі яна ідзе на саланчак, бо не можа іначай, ідзе, цвёрда ведаючы, што недзе тут сядзіць паляўнічы.
— Прабачце, — сказаў ён. — Я дорага даў бы, каб не сказаць апошніх слоў.
Гэта было яшчэ горш. Быццам чалавек гуляў у асаблівую высакароднасць. Але выпраўляцца не было калі, і ён ціха сказаў Ірыне:
— Вам не трэба гэтага. Нашто абражаць гэтую чырвоную цэглу, небывалыя купалы і гульбішчы? Вы лепшая за ўсё гэта, а хочаце здавацца горшай.