-->

Выбраныя творы

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Выбраныя творы, Чорный Кузьма-- . Жанр: Классическая проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Выбраныя творы
Название: Выбраныя творы
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 336
Читать онлайн

Выбраныя творы читать книгу онлайн

Выбраныя творы - читать бесплатно онлайн , автор Чорный Кузьма

У аднатомнік класіка беларускай літаратуры, выдатнага празаіка Кузьмы Чорнага ўвайшлі самыя значныя яго творы — раманы, аповесці, апавяданні, узоры публіцыстыкі і (у поўным, без скарачэнняў, выглядзе) дзённік, які вёў пісьменнік у канцы жыцця. Чытач яшчэ раз зможа наталіцца прыгажосцю мастацкага слова Кузьмы Чорнага, крынічнай чысцінёй мовы роднай яму Случчыны. Гэта — адзінаццаты том «Беларускага кнігазбору».

 

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 14 15 16 17 18 19 20 21 22 ... 150 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

— Усё на тым самым месцы, і карова тая самая. Дай жа Божа, каб і дома ўсё было ў шчасці і радасці. Ах, Божа мой, Божа, колькі было бадзяння і пакуты. Жартачкі — цэлыя гады! — Ён уздрыгануўся, адарваўся ад плота і рушыў у карчму праз чорны, ці задні, ход з агарода. Здавалася, што ў гэтым чалавеку няма і кроплі крыві. Твар худы і выцягнуты нос. Здавалася, што скура на твары хутка стане празрыстая, як шкло, і праз яе льга будзе ўбачыць чалавека ў сярэдзіне. Кароткае шчацінне выстрыжанай барады тырчэла ва ўсе бакі, а адзежа — адкуль толькі ён мог і назбіраць яе?! На нагах падшытыя кавалкамі скурата лапці. Нагавіцы нямецкія, салдацкія і вылатаныя дзесяткамі рознакаляровых кавалачкаў. Кароткая вопратка, можа нават і на ваце, цывільная, з плеч простага чалавека, якога-небудзь рабочага або панскага парабка, міжнацыянальнага і разам — няпэўнага выгляду, падпяразаная вяроўкай. А шапка — рэшткі польскай канфедэраткі: без казырка, з адарванымі рагамі і залатанымі дзірамі на месцы іх. Пад гэтым падабенствам галаўнога ўбрання на галаву была закручана і закрывала вушы ні то хустка, ні то ручнік, брудны і дзіравы. Усё гэта тырчэла гузамі і камякамі на чалавечай галаве.

Гэты чалавек увайшоў у карчомную кухеньку, дзе ў адзіноце сядзеў за сталом, у адных сподніках і чорнай камізэльцы, стары карчмар, падобны да Майсея. Ён браў з талеркі вывараныя косці і абсмоктваў іх. Чалавек згроб з галавы канфедэратку з дзіравым ручніком, пацёр вушы і прывітаўся з карчмаром:

— Здароў, Шымха! Жывеш? Можа і пазнаеш мяне. Не пазнаеш? З Сумліч. Бывала, калі вязу што або каго ў Нясвіж, дык заўсёды начаваў або папасваўся ў цябе. Не пазнаў?

— Чаму не! Сумліцкі Нявада. Але ж вайна з цябе і штуку вырабіла! Ні да кога і сам да сябе ты цяпер не падобен. Адкуль жа ты і куды ідзеш?

— А ты як жыў?

— Як жыў! Усяго бывала. Тут жа і немцы былі, і палякі былі… А кожны ж прышэлец ідзе на чужую зямлю не на тое, каб што-небудзь прынесці ёй, а каб сабе з яе ўварваць. А цяпер жа не канец яшчэ. Я апынуўся ў шчыліне паміж дзвюма дзяржавамі. Стадола і хата стаяць на савецкай старане, а града з рэдзькаю пры хаце і прызба пад вокнамі — гэта Польшча. Я яшчэ чакаю, што хлеў, дзе стаіць карова, будзе абвешчан нямецкім, а унь тая бяроза на гасцінцы ангельскай. Я табе зайздрошчу. Адкуль бы ты ні ішоў, то ты ідзеш у свае Сумлічы. А калі нават твая там хата і згніла дарэшты, ты ўсё роўна ідзеш дадому. А мне трэба адсюль выбірацца. Цяпер жа рэвалюцыя. Ты набярэш зямлі і паставіш хату. Ты адпакутаваў на вайне, але тваё шчасце прыйшло да цябе. А я праз усё жыццё збіраўся ехаць за мора ў Амерыку, а цяпер позна… Адкуль ты ідзеш?

— Іду з нямецкага палону.

— Што ж ты так запазніўся? Унь адзін кукавіцкі даўно ўжо як дома.

— Мала што, той можа з прычыны мірнага дагавору, а я з лагера ўцёк яшчэ да міру з немцамі. Да Польшчы дабраўся, а з Польшчы ледзь выбраўся. У лагерах цяжка было выжыць, але і палякі такія заядлыя, што разоў некалькі ў турму саджалі, калі лавілі на дарозе. Лічылі мяне за нейкага такога, хто хоча згубіць іх уваскрослую дзяржаву. Так усё і дапытвалі мяне — а ці не маю я намераў пусціць на паветра цэлую дзяржаву! А Божа мой! Нашто мне Польская дзяржава?! Яна мне патрэбна не больш, як Англія разам з Францыяй, Амерыкай і Турэччынай у прыдачу. Бойцеся, кажу, Бога! Пазбірайце вы, кажу, золата з усяго свету, зрабіце з яго трон, пасадзіце на яго мяне кіраваць паўсветам, а каб увесь свет выхваляў мяне, дык я перад вамі буду прасіцца і маліцца: пусціце, калі ласка, дайце мне шчасце спаўзці з гэтага трона: я колькі год жыта не сеяў, кала нават не зачасаў, у кузні каня не каваў, у млыне мукі не малоў, раллі не нюхаў, ботаў не мазаў, капусты не сёрбаў, не наслухаўся ўволю, як пеўні спяваюць, як людзі па-людску гавораць. (Вочы яго пачырванелі.) А ў мяне ж у Сумлічах асталася адна як ёсць малая Волечка. Што яе ўжо на свеце даўно няма — гэта ўжо няма чаго і казаць.

— Бог дасць, нейк выкідалася.

— Як!? Пакінуў адну ўжо колькі год таму! Дзіця горкае!

— Пройдзем далей адгэтуль. Прыйдуць дзеўкі — дадуць табе гарачага есці, тады будзеш спаць да раніцы. Дарога яшчэ табе вялікая.

Удвух яны ўвайшлі ў карчомную хату. Карчмар сеў на лаву, а Нявада прыпёрся плячыма да печы грэцца. Ён змагаўся з дрымотаю. Соннымі вачыма ён аглядаў здаўных знаёмыя яму сцены. Ён разбіраў там надпісы, некаторыя былі размашыста напісаны ці выразаны нажом. Каб хутчэй перабыць чаканне, ён прачытваў іх моцным шэптам. Адзін надпіс быў вось які: «Памажы мне, Божа, знайсці дзверы ў маю будучыню. Граф Паліводскі». Нічога гэты надпіс Нявадавай душы не сказаў, і на твары яго нічога жывога не адлюстравалася. Трагедыя нейкага невядомага Паліводскага, які не мог знайсці дзвярэй у сваю будучыню, была вельмі далёкая ад розуму і сэрца гэтага чалавека, які праз каторы ўжо год сам таіў у сабе ўласную трагедыю і цяпер, варочаючыся да свае Волечкі, баяўся, што знойдзе там можа нават сляды цяжкай драмы. Як бы там ні было, ён холадна прачытаў яшчэ некалькі надпісаў і паглыбіўся зноў у маўклівае і дрымотнае чаканне. Тым часам стары гаспадар карчмы ў задуме пачаў пагойдвацца на лаве ўбакі і замармытаў сабе пад нос нейкую песеньку ці малітву і глянуў на Няваду:

— Цяпер, кажуць, Сумлічы разбудоўвацца пачалі панскімі лясамі. О, колькі такіх, як гэты Паліводскі, за гэтыя часы бралася гасцінцам на Нясвіж праз маю карчму, ратуючыся ад рэвалюцыі!

— А што гэта за Паліводскі такі?

— Я не вінават, што ты не чуў пра яго. Я табе скажу, ты чалавек запечны, ты ціха жыў век у Сумлічах, пакуль на вайну не пайшоў. Я хоць таксама жыў запечнікам, але яшчэ мой дзед, пакуль не прыехаў сюды, расказваў, бывала, мне малому пра паноў і князёў, і графоў. Яны нават давалі яму ў сховань грошы, ён быў павяроным у іх. Дык і графа Паліводскага ўспамінаў. Той быў дзед гэтага, што тут на сцяне пісаў. Той дзед дастаў сабе тытул графа, бо мець гэтулькі маёнткаў і быць без тытула — гэта не работа. А маёнткі яго былі — і за Воршай, у бок Дуброўны, і ў Віцебскім краі, і на Смаленшчыне, і каля Міра, пад Карэлічы, але гэты Мірскі маёнтак ужо гэты, што пісаў тут на сцяне, унук таго дзеда, прагуляў у карты, спадзеючыся на ўсе астатнія маёнткі, з якіх ён браў чысты прыбытак, а сам ніколі там не быў. Сам ён вельмі малады, тонкі, высокі і афіцэр яшчэ царскай арміі, а цяпер афіцэр польскай арміі. Яму не пашанцавала. Рэвалюцыя пайшла яму на згубу і вайна таксама. Бо некаторыя, такога калена як ён, на вайне нажыліся. З нажыткам у кішэні яны мінулі маю карчму, з усходу на захад і па той бок мае прызбы сталі смелыя ад рэвалюцыі. А гэты павінен, каб жыць, служыць палякам, як той казаў, не для Езуса, а для хлеба куса. Які ён там быў ваяка на нямецкай вайне — хто яго ведае, мусіць не сказаць, каб вельмі, бо на вайне трэба навучыцца спаць у балоце, а ён вазіў з сабою пяць лёкаяў, пераадзетых за дзеншчыкоў. А шосты дзяншчык быў казённы. Хто ведае, дзе былі тыя шэсць дзеншчыкоў, калі на вайне куля ўрэзалася яму ў рэбры. Ён зваліўся з каня, свайго ўласнага, за якога адзін з блізкіх да цара генералаў даваў яму пяць паўсотняў звыш дваццаці пяці тысяч… Хэ-хэ, да дваццаці пяці тысяч прыткнулі пяць паўсотняў і за іх таргаваліся, як мы за паўрубля. І граф, і царскі генерал, а з таго ж цеста… Конь паімчаўся немаведама куды, а Паліводскі сыходзіў крывёй, лежачы ў вадзе і гразі, скрыты ад людскога вока асакой і аерам. Каля яго і расейцы хадзілі, і немцы хадзілі, і ніхто яго не ўбачыў. Тым часам ён ачомаўся ўночы і сеў. Ён быў рад, што ўсюды ціха. Абсмактаў свае мокрыя пальцы і памацнеў. Да дня ён выпаўз на палявую дарогу і сеў, а пасля лёг чакаць збавення. К канцу дня нейкі чалавек у лапцях і з мяшком за плячыма ўзышоў з поля на дарогу. Гэты абарванец з цвёрдымі, як косці, мазалямі на руках і даў яму збавенне. Што ж, граф Паліводскі, які праз усё сваё жыццё ўмеў толькі крычаць на людзей, пачаў енчыць і прасіць гэтага чалавека:

— Галубчык ты мой, вазьмі мяне да сябе, знайдзі доктара, памажы мне дайсці да здароўя, век будзеш панаваць. Я табе дам золата многа з дарагімі каменнямі і нават зніму з шыі залаты з каменнямі фамільны крыж і аддам табе, і апішу адзін з сваіх маёнткаў, я — граф Паліводскі.

1 ... 14 15 16 17 18 19 20 21 22 ... 150 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название