-->

Выбраныя творы

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Выбраныя творы, Чорный Кузьма-- . Жанр: Классическая проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Выбраныя творы
Название: Выбраныя творы
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 336
Читать онлайн

Выбраныя творы читать книгу онлайн

Выбраныя творы - читать бесплатно онлайн , автор Чорный Кузьма

У аднатомнік класіка беларускай літаратуры, выдатнага празаіка Кузьмы Чорнага ўвайшлі самыя значныя яго творы — раманы, аповесці, апавяданні, узоры публіцыстыкі і (у поўным, без скарачэнняў, выглядзе) дзённік, які вёў пісьменнік у канцы жыцця. Чытач яшчэ раз зможа наталіцца прыгажосцю мастацкага слова Кузьмы Чорнага, крынічнай чысцінёй мовы роднай яму Случчыны. Гэта — адзінаццаты том «Беларускага кнігазбору».

 

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 10 11 12 13 14 15 16 17 18 ... 150 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

— Нічога, толькі ў горле.

— Ну а яшчэ дзе баліць?

— Ані нідзе.

— Дык ведаеш што? Ты ляжы сабе, а я цябе зараз гарачым напаю і памчуся па таго самага фельчара. Ён практык. Той немец вось які хворы быў, а ён яго, як бачыш, падняў. А ты не бойся, хутка ўстанеш.

— А я не баюся. — Бледная ўсмешка прайшла па яе губах. Ён лепш акрыў яе і пайшоў у рух. Перш за ўсё ён падпаліў у печы і зрабіў гарачае ёй выпіць. Пасля, надаваўшы ёй сотню наказаў — ляжаць і не ўставаць, грэцца і чакаць яго з фельчарам, ён зазірнуў ёй у твар і жахнуўся. Няўжо яна так адразу заснула?! Абыякавая да ўсяго, яна зноў цяжка дыхала, твар яе яшчэ больш гарэў, і вочы заплюшчыліся.

— Я буду ляжаць і чакаць, — ледзьве вымавіла яна, і ён, увесь уздрыгануўшыся, выскачыў на двор, дрыжачымі рукамі ледзьве патрапляў перавязваць і перакрыжоўваць вяроўкі, вымошчваючы сядзенне ў возе, запрог свайго каня, свіснуў пугаю і рынуўся ў дарогу. Цяпер конь яго ўжо не быў той здарожанай, хоць і маладой, худзізнай. Гэта быў ужо выгладжаны бягун, і імчаўся ён на злом шыі, аднак жа яшчэ ўсё чуючы над вушыма свіст пугі. Кастусь даімчаўся так да мастка над неглыбокаю рэчкай і раптам убачыў, што вада, пасля былых дажджоў, яшчэ ўсё стаяла даволі высока і сарваны ёю масток толькі палавінай сваёй трымаецца пад той бераг, а бліжэйшая палавіна расплылася бярвеннямі. Ён павярнуў каня берагам паўз рэчку, выглядаючы броду. Паплаўны бераг замакрэў — пачыналася адліга. Колы клалі след на вялістай траве. Конь замакрэў, а ён усё гнаў яго. «Божа мой, спазнюся!» І вось ён убачыў пратву. Плыткая вада дробна білася ў пясчаны бераг. Ён нацягнуў ляйчыну і ўвагнаў каня ў ваду. Усё больш падаючыся ў рэчку, ён ужо стаў на ногі, пасля стаяў на сядзенні, каб вышэй быць над вадою. А вада ўсё паднімалася. Вада ўжо ў яго ў халявах і вышэй кален. Сэрца яго разрывала грудзі. Але як выбрацца з рэчкі? Той бераг вельмі круты. А Божа, як жа ён павязе так цераз ваду фельчара? Ён пачаў заварочваць каня назад і ледзь выехаў назад на плыткі бераг. Вада з яго лілася цурком, а на лбе стаялі кроплі поту. Тузаючы лейцы і круцячы пугай, ён доўга гнаў каня берагам, выглядаючы новага броду. І такі ўбачыў: нават след чужых калёс вёў у ваду. Адным махам ён пераскочыў рэчку і аж да самага мястэчка не даў каню перадыхнуць. Ён жа і так колькі часу праваждаўся ў гэтай вадзе! Тады ў вадзе яму было горача ў галаву, цяпер ён дрыжэў з холаду. Здавалася, мокрая адзежа яго лубянее на ветры. Да фельчаравага дома ён даскочыў тады, калі ўжо на небе цяжка валакліся хмары і збіваліся ў адзін на ўсё неба засціл. Імгла зацярусілася густа. Фельчар, з раскудлычаным сівым кліночкам барады, выскачыў на двор насустрач мокрай фурманцы. Вельмі можа быць, што ён не ведаў, за што ўзяцца ў такі нудны дзень, і таму быў такі рухавы, калі ўбачыў праз акно, што нехта пад’ехаў. У яго пасярод двара стаяла карова і ела з кучы капуснік. Певень хацеў умасціцца на мокрую жэрдку і з крыкам саскочыў на зямлю. Божа, як непрытульна і нудна! Але ўсё гэта глупства, бо ёсць самае важнае: «А можа, там Волечцы яшчэ горш стала? Хутчэй трэба, хутчэй!» Мокры хлапец сам сябе падганяў. Як падстрэлены кінуўся ён да фельчара:

— Дзянь добры вам, я так імчаўся па вас, што траха не астаўся ў рэчцы з канём…

— Праўда, масток сарвала, — разважліва сказаў прывыклы да ўсяго фельчар і пагнаў у хлеў карову і, ідучы, запытаў:

— Сам адкуль? А што здарылася?

— З Волечкай вельмі дрэнна!

— З якой гэта Волечкай?

— Ну а з той, што вы прыязджалі да яе ў хату палоннага немца лячыць.

— А-а, дык ты з Сумліч? Той самы выгнанскі сын? Ну, бачыш, як добра, што я параіў табе астацца там жыць. Хто б цяпер аб хворай Волечцы падбаў бы? Ну, ідзі ў хату сушыся. А то з цябе, пане-браце, вада, як з рукава, джгае.

— Няма калі сушыцца, трэба назад імчацца, яна там ледзьве жыве.

— А што з ёю?

— Ляжыць без памяці.

— Можа аб’елася чаго?

— Не, у яе баліць галава, горла і грудзі.

— Пастаў каня ў хлеў, а пасля паедзем, калі на небе расчысціць.

— Не, родненькі мой, паедзем цяпер.

— Чаго ты гэтак спалохаўся? Відаць, што ніколі хворых не бачыў.

— Як гэта не бачыў! У мяне бацька на дарозе памёр!

Фельчар нічога не адказаў і моўчкі стаў корпацца ў шафе. Кастусь так жа моўчкі чакаў. Нецярплівасці яго не было меры. Аднак жа ён вытрымаў і аж уздрыгануўся, калі фельчар сказаў, што можна ехаць. Ён сам сваім вушам не верыў, ён баяўся, што фельчар не захоча ехаць. А тым часам на небе і сапраўды расчышчалася. Фельчар сказаў:

— Па паўдні зусім распагодзіцца.

Кастусь пагнаў змучанага каня з усіх сіл. Дождж усё пабольшваўся. Цераз брод праскочылі ў момант. Фельчар сам пачаў пакрыкваць на каня. Кастусь бесперастанку тузаў лейцы. Як уехалі ў двор, фельчар не даў Кастусю апомніцца, сагнаў яго з воза адразу і ўвапхнуў у хату.

— Ты ўвесь ссінеў і калоцішся, як святы на споведзі. Каб ты не смеў мне да самага вечара з печы злазіць! А то Волечцы прыйдзецца ехаць па мяне і ў бродзе плаваць. Ну а ты, малая, дзе ты там? Як маешся? А, вось ты якая. Ну, нічога, пакажы шыю. Каб ты мне цэлы тыдзень вылежала, а тады ўставай сабе і рабі што табе трэба. Ляжы, Волечка, ляжы. Пакажы язык. А ты там на печы? Яшчэ ўсё дрыжыш? Не глядзі, што ты на печы, а на табе гэтую адзежыну, акрыйся і дыхай сабе ў жывот. Але ж і кажушок злубянелы! Чый гэта? Твой?

— Не, гэта Волеччын.

— Грэйся! З цябе павінна выйсці сем патоў, толькі тады маеш права з печы злезці! Ты мне глядзі! Шэсць патоў сыдзе, а ты не злазь. Чакай сёмага.

— А як жа іх лічыць тыя паты? — ледзьве адцягнуў голас Кастусь.

— Выцірай лоб і чакай, пакуль зноў замакрэе. І так да сёмага разу.

— Добра, толькі я раней пайду каня пастаўлю.

— Не смей! Нічога каню не зробіцца, калі і пастаіць на свежым паветры. Каня кожны вецерынар можа вылечыць. А няхай паспрабуе цябе вылечыць! Толькі я цябе магу лячыць! А дзеля гэтага Волечцы прыйдзецца ў бродзе купацца. Чуеш?

— Чую, — прахрыпеў Кастусь, сцішваючыся за халодным комінам.

— А цяпер і я павінен аптэчнага ўзяць, бо і я прамок і дрыжу, як нячысты пад крыжам. — Ён дастаў з кішэні пляскатую бутэльку і напалам разліў усё, што ў ёй было.

— Гэта мне, а гэта табе, хлопча. Пі, не бойся. Бачыш, я не атруціўся. Гэта самы чысцейшы на свеце аптэчны спірытус! А табе, малая, гэтыя пілюлі, глытай па тры на дзень. На! Глыні першую. Так ляжыце і мяне чакайце. А я пайду. Тут у мяне інтэрас ёсць на мястэчку. У Дарахвея Трыбуховіча парсюка пайду старгую. Ты не бойся, у брод больш не палезеш. Мяне сам Трыбуховіч заімчыць назад. Разам з парсюком. Хэ-хэ! А, і ты, малая, усміхаешся! Ну, дык я на тваім вяселлі буду гуляць.

І фельчар выйшаў з хаты. Кастусь высадзіў галаву з-пад кажуха. Ад спірытусу галава яго ўжо кружылася. Ён глянуў на Волечку. Гэта ж ён, гэты фельчар, выдумаў, што Волечка смяялася. Гэта быў адзін з яго метадаў хутчэй паднімаць хворых на ногі — найцудоўнейшае лякарства, якое, на вялікі жаль, не ў пашане ў нашых вучоных медыкаў, лякарства, без якога мала памагаюць усялякія уратрапіны і дзіурацін з папаверыні, нават і тады, калі іх змяшаць разам, абліць магнезіумам-сульфурыкумам і прысыпаць зверху лакрычным парашком.

Волечка ляжала сцішыўшыся. Відзён быў яе твар, ружовы і спацелы. «Няўжо ў яе і раней быў такі востры нос?» — думаў ён, гледзячы на яе. Сам жа ён, колькі ні чакаў, ніводнага поту не прычакаў. Але яму стала горача, і пакрысе ён пачаў вылазіць з-пад кажуха. А Волечка нават і не варушылася. Можа яна спала? Тым часам фельчар, вясёлы, рухавы і схільны да гаварлівасці, увайшаў у хату і паведаміў, што ўжо як мае быць выбілася на пагоду і што ён старгаваў у Трыбуховіча япрука. Ён усё гаварыў і гаварыў:

— Хутка пад’едзе Трыбуховіч, і я паеду. Добра, што ясна робіцца. Вы ж тут праўцеся і сцеражэцеся… А, дай Божа памяць! Ці схавалі ж вы хаця добра тыя гадзіннікі і пярсцёнкі, што той немец вам пакінуў? Бо гэта, бачыце, чаму я пытаю? Ведайце, бо можа вы і не ведаеце, што ён вам пакінуў, гэты немец. Гэта чыстае золата. Вы за гэтае золата можаце фальварак купіць! Вось што, калі хочаце ведаць! Вы цяпер багатыя! Чуеце? Вы багатыя! На ўсе Сумлічы няма нікога такога багатага, як вы цяпер! А дзе вы схавалі гэтае сваё багацце?

1 ... 10 11 12 13 14 15 16 17 18 ... 150 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название