Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]
Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне] читать книгу онлайн
Зьмешчаныя ніжэй тэксты ня ёсьць адбіцьцём пэўнага часавага зрэзу польскай філязофіі. Яны хутчэй прэзэнтуюць увасобленую ў канкрэтных постацях традыцыю польскага крытычнага мысьленьня. Гэта пацьвярджае іхная жанравая спэцыфіка (прысутнічаюць стандарты эсэ, філязафічнага трактату, аналітычнага нарысу, навуковага артыкулу). Мінус гэткай задумы палягае ў пэўным эклектызьме і адвольнасьці, на якую даводзіцца йсьці ўкладальніку. Плюсам жа можна лічыць творчую разьняволенасьць, свабоду ад абумоўленасьці традыцыйнымі рамкамі філязофіі, якая дасягаецца пры дапамозе гэтага. Пад вокладкай «Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам. Сучаснае польскае мысьленьне» месьцяцца пераклады, выкананыя перакладнікам цягам апошніх пяцёх гадоў. Некаторыя зь іх дагэтуль не былі надрукаваныя, некаторыя, насуперак, былі апублікаваныя ў поўным ці скарочаным выглядзе на старонках айчыннай пэрыёдыкі — у такіх выданьнях, як часопісы «ARCHE», «Скарына», «Спадчына», «Фрагмэнты», «Крыніца», «Форум» або ў культуралягічным дадатку «ЗНО» да газэты «Культура». У працэсе прыгатаваньня кнігі да друку пераклады, што пабачылі сьвет уперад, былі крытычна прааналізаваныя, ізноў зьвераныя з арыгіналамі і таму могуць нязначна адрозьнівацца ад сваіх першапублікацыяў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Гэты факт не цікавіць нас тут беспасярэдне. Мы згадалі аб ім толькі таму, што яго наява абцяжвае аналіз пералому. Спалучэньне двух у прынцыпе міжсобку незалежных працэсаў прывяло да таго, што іншага разу вельмі цяжка здаць сабе лічбы, што ёсьць наступкам раскладу, а што належыць да нашага пералому.
Што істотнага ў асноўнай ідэі і ў чым замыкаецца пералом, аб якім ідзе гаворка?
Асноўная ідэя — гэта супольнасьць адказаў, пэўнае стаўленьне да пытаньняў, уважаных у даным пэрыядзе за асноўныя. Такіх пытаньняў шмат, і цяжка было б абмеркаваць усе. Мы абмяжуемся наступнымі чатырма, якія цяпер здаюцца найважнейшымі:
— якое месца займае чалавек у сусьвеце?
— ці існуе прагрэс?
— што можа нам даць навука?
— наколькі вялікая чалавечая сіла або бясьсільнасьць?
Перш як прыступіць да абмеркаваньня сёньняшніх адказаў на гэтыя пытаньні, варта яшчэ прыгадаць важны факт: масы, таксама і масы інтэлігенцыі, дагэтуль знаходзяцца пад уплывам дзьвюх асноўных ідэяў: сярэднявечнай і асьветніцкай.
Сярэднявечча яшчэ ўсьцяж жыве ў каталіцкіх краінах. Гаворка ідзе ня толькі аб хрысьціянстве, але таксама і аб іншых біблійных сьветапоглядах. Безумоўна, яго ўплыў на інтэлігенцыю слабейшы за ўплыў Асьветніцтва, але ня менш істотны.
Пад «Асьветніцтвам» мы тут разумеем погляды і супольныя элемэнты такіх сьветапоглядаў, як лібэральна-агнастычны і марксісцка-ленінскі, што маюць свае вытокі ў «філязофіі» XVIII стагодзьдзя. Гэтая сытуацыя сёньня аказвае вырашальны ўплыў на бальшыню інтэлігентаў у нашым культурным коле. Такім чынам, істу сучаснага крызысу становіць разрыў з асноўнай ідэяй Асьветніцтва і, у меншай ступені, зь сярэднявечнай ідэяй, якая яшчэ ўсьцяж аказвае ўплыў на масы.
Якія адказы дае сярэднявечная ідэя на нашы чатыры пытаньні?
Што да месца чалавека ў сусьвеце, яе адказ рашуча антрапацэнтрычны. З пункту гледжаньня ранейшай навукі палажэньне ўяўлялася так: чалавек — валадар зямлі; Зямля ёсьць цэнтрам сьвету; Сонца і плянэты кружыняцца вакол яе; зоркі — ня што іншае, як рамкі гэтай земнай і, такім чынам, чалавечай сыстэмы. Біялёгія вучыць, што чалавек — істота адзіная ў сваім родзе, якая ўзвышаецца над усім іншым у сьвеце. Такім чынам, чалавек — цэнтар сусьвету. Гэтая антрапалягічная канцэпцыя ўзмацняецца яшчэ і біблійнай верай: паводле яе, сьвет быў створаны для чалавека, які ня толькі яго цэнтар, але і адзіная мэта.
Сярэднявечны адказ на пытаньне аб прагрэсе таксама станаўко нэгатыўны. Нягледзячы на велізарны аўтарытэт сьв. Аўгустына, першаадкрывальніка і радыкальнага прыхільніка эвалюцыі, сярэднявечны чалавек ня верыць у касьмічны прагрэс, і тым менш у грамадзкі. Яго канцэпцыя сьвету і грамадзтва хутчэй статычная.
Што да праблемы навукі, Сярэднявечча займае памяркоўнае становішча. Яно верыць у магчымасьць пазнаньня, прызнае вартасьць навукі, але адрозьнівае (ясна і востра пачаўшы ад сьв. Тамаша з Аквіну) веду ад веры. Вера, сьветапогляд ня могуць быць даведзенымі.
Наапошку кажучы аб магчымасьцях, адкрытых перад чалавекам, у Сярэднявеччы станаўко пераважае пачуцьцё бясьсільнасьці.
Падрахоўваючы: асноўная ідэя Сярэднявечча абнімае антрапацэнтрычную канцэпцыю, статычнае разуменьне сьвету, памяркоўны рацыяналізм і перакананьне, што магчымасьці чалавека абмежаваныя.
Гэтую ідэю паступова, пачынаючы ад XVIII стагодзьдзя, заступае новая ідэя, якую называюць «асьветніцкай». Адзін складнік сярэднявечнай ідэі быў прыняты і нават увыразьнены, але мадэрны чалавек адкінуў, адносна глыбока перапрацаваўшы, іншыя складнікі.
Прымаецца антрапацэнтрызм, і яму надаецца радыкальны выгляд. Гэта, вядома, дзіўна, бо якраз у гэтым пэрыядзе навука дае ўсё болей пераконлівых аргумэнтаў супраць меркаваньня, што чалавек займае адмысловае месца ў сьвеце. Калі б астраноміі і біялёгіі не існавала, антрапацэнтрызм акурат цяпер адсьвяткаваў бы найвялікшую перамогу як у філязафічнай думцы, так і ў вераньнях масаў.
Калі ж казаць аб трох іншых пытаньнях, то ў Асьветніцтва навідавоку станаўкі разрыў зь Сярэднявеччам.
Такім чынам, найперш сьцьвярджаецца вера ў неабмежаваны прагрэс — што ёсьць яшчэ адным гістарычным дзівам, паколькі найважнейшыя аргумэнты, якія сьведчылі б аб ім, зьявіліся адно ў другой палавіне XIX стагодзьдзя.
Таксама вызнаецца, у адваротнасьць ад Сярэднявечча, неабмежаваны рацыяналізм. Чалавек можа ўсё вывучыць і ўсё зразумець. Навука ня знае межаў. Тое, што ляжыць вонках яе абсягаў, ёсьць простым забабонам.
Урэшце, пад узьдзеяньнем навукі і тэхнікі чалавек пачынае верыць у сваю неабмежаваную сілу. Маркс выдатна адлюстраваў гэтую веру, калі пісаў, што Прамэтэй, які выкраў у багоў агонь, ёсьць самым высакародным сьвятым у філязафічным календары. Такім чынам, асноўная ідэя Асьветніцтва абнімае крайні антрапацэнтрызм, веру ў прагрэс, крайні рацыяналізм і веру ў неабмежаваныя магчымасьці чалавека.
Так у цэлым уяўляюцца гэныя дзьве ідэі, што паўсталі ў мінуўшчыне і дагэтуль яшчэ аказваюць вялікі ўплыў на масы. Тым ня менш — і гэта найважнейшае цьверджаньне гэтых разважаньняў — гаворка ідзе аб вераньнях, што належаць да сівой мінуўшчыны: як сярэднявечная, так і асьветніцкая асноўная ідэя не адпавядаюць сучаснай духоўнай сытуацыі і як таковыя мусяць быць уважаныя за перажытыя.
Пачнем ад месца чалавека ў сусьвеце: якой уяўляецца сучасная духоўная сытуацыя ў гэтым сэнсе? Катастрафічнай для антрапацэнтрызму, супольнага для абедзьвюх даўнейшых асноўных ідэяў. Астраномія адназначна сьцьвердзіла, што Зямля ня ёсьць цэнтрам Сонечнай сыстэмы, што гэтая сыстэма ёсьць ня ўсёй сапраўднасьцю, але нязначным фрагмэнтам яе, што яна не знаходзіцца нават у цэнтры Млечнага шляху, што вонках гэтага Млечнага шляху існуе шмат (магчыма, мільярды) іншых падобных туманнасьцяў, што адлегласьці ў сусьвеце вымяраюцца мільёнамі парсэкаў (парсэк — гэта больш за 30 800 мільярдаў кілямэтраў), а час —мільярдамі гадоў. Думка, што істота, якая жыве цягам часьцінкі касьмічнай сэкунды на паверхні Зямлі, гэтага неймаверна малога фрагмэнту сьвету, ёсьць яго цэнтрам — гэтая думка сёньня падаецца нам цалкам беспадстаўнай.
Заразом сучасная біялёгія і псыхалёгія нанесьлі сьмяротны ўдар міту аб нібыта выключных уласьцівасьцях чалавека, аб яго ўзвышэньні над прыродай. Яны выявілі, што чалавек, як і іншыя жывёлы, ёсьць папросту вынікам эвалюцыйнага разьвіцьця жыцьця на Зямлі.
Праўда, гаворка можа весьціся аб так званым «антрапічным прынцыпе», згодна зь якім чалавек зьяўляецца мэтай усяго касьмічнага працэсу. За гэты прынцып выказваліся таксама і некаторыя вядомыя астраномы. Але, наколькі можна зарыентавацца, няма падставы ўважаць гэты «прынцып» за вынік строгіх навук. Супраць гэтага прамаўляюць чатыры меркаваньні: 1) антрапічны прынцып належыць да касмалёгіі, якая апэруе на памежжы навук і мэтафізычных спэкуляцыяў; 2) адносна яго няма згоды паміж спэцыялістамі; 3) існуе падазрон, што тут мы маем дачыненьні зь яшчэ адным непамысным пранікненьнем спэцыялістаў у чужую ім галіну. Гісторыя навук поўная такога роду пранікненьняў, хоць і ажыцьцёўленых перадавымі навукоўцамі, але іншага разу кампрамэтуючых іх — досыць прыгадаць філязафаваньне Джынса, Эдынгтона, Планка і Гайзэнбэрга; 4) уплыў сьветапоглядных матываў падаецца відавочным. Згаданы «прынцып» ня ёсьць, такім чынам, спаважным аргумэнтам супраць так добра ўгрунтаванага цьверджаньня, што чалавек у сьвеце ёсьць фрагмэнтам без значэньня. А тое, што і абароньнікі аджылых сьветапоглядаў будуць хапацца гэтага «прынцыпу», як тапелец саломінкі, можна было прадбачыць. Насуперак іх прапагандзе варта сьцьвердзіць, што пэўныя і выдатна ўгрунтаваныя вынікі прыродазнаўчых навук твораць духоўную сытуацыю, якая выключае ўсякі антрапацэнтрызм. Чалавек ня можа быць уважаны за цэнтар сусьвету.
Такім парадкам, у гэтым сэнсе мы маем дачыненьні з радыкальным запярэчаньнем асноўнага складніка як сярэднявечнай, так і асьветніцкай ідэі. Новая духоўная сытуацыя не дазваляе нам мысьліць антрапацэнтрычна.