Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]
Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне] читать книгу онлайн
Зьмешчаныя ніжэй тэксты ня ёсьць адбіцьцём пэўнага часавага зрэзу польскай філязофіі. Яны хутчэй прэзэнтуюць увасобленую ў канкрэтных постацях традыцыю польскага крытычнага мысьленьня. Гэта пацьвярджае іхная жанравая спэцыфіка (прысутнічаюць стандарты эсэ, філязафічнага трактату, аналітычнага нарысу, навуковага артыкулу). Мінус гэткай задумы палягае ў пэўным эклектызьме і адвольнасьці, на якую даводзіцца йсьці ўкладальніку. Плюсам жа можна лічыць творчую разьняволенасьць, свабоду ад абумоўленасьці традыцыйнымі рамкамі філязофіі, якая дасягаецца пры дапамозе гэтага. Пад вокладкай «Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам. Сучаснае польскае мысьленьне» месьцяцца пераклады, выкананыя перакладнікам цягам апошніх пяцёх гадоў. Некаторыя зь іх дагэтуль не былі надрукаваныя, некаторыя, насуперак, былі апублікаваныя ў поўным ці скарочаным выглядзе на старонках айчыннай пэрыёдыкі — у такіх выданьнях, як часопісы «ARCHE», «Скарына», «Спадчына», «Фрагмэнты», «Крыніца», «Форум» або ў культуралягічным дадатку «ЗНО» да газэты «Культура». У працэсе прыгатаваньня кнігі да друку пераклады, што пабачылі сьвет уперад, былі крытычна прааналізаваныя, ізноў зьвераныя з арыгіналамі і таму могуць нязначна адрозьнівацца ад сваіх першапублікацыяў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Пералом закранае таксама і іншыя пытаньні, але палажэньне зьяўляецца своеасаблівым у кожным з гэтых выпадкаў.
Як вынікі навук, так і гістарычнае дасьведчаньне зь вялікай сілай спрыяюць разрыву зь верай у прагрэс. У кожным разе сярод таго, што нам цяпер вядома, мы не знаходзім аргумэнтаў, якія б прамаўлялі за касьмічны прагрэс. Калі прыняць тэорыю вялікага выбуху (big bang), як гэта робіць бальшыня астраномаў, трэба разумець гісторыю сусьвету як працэс несупыннай дэградацыі — што можна было б, зрэшты, вывесьці з другога закону тэрмадынамікі [3]. Але нават згодна з тэорыяй несупыннага тварэньня (continuos creation) у сусьвеце няма прагрэсу. Сучасная навука не дае падставы для веры ў касьмічны прагрэс.
З зусім іншай прычыны сучаснаму чалавеку, бадай, яшчэ цяжэй верыць у касьмічны прагрэс чалавецтва. Праўда, існуе галіна, у якой такі прагрэс ужо некалькі стагодзьдзяў відавочны, — а менавіта галіна жыцьця, а таксама прыродазнаўчых навук, зьвязаная з тэхнікай. Гэтага прагрэсу, якога Сярэднявечча ня знала, немагчыма сёньня запярэчыць.
Але новая духоўная сытуацыя ўлучае ня толькі ўсьведамленьне гэтага факту. Яе істотным складнікам ёсьць таксама дасьведчаньне чалавечай лютасьці, перажытай папярэднім пакаленьнем у такой ступені, што сёньня не выпадае сур’ёзна гаварыць аб маральным прагрэсе чалавецтва. Заразом страх перад наступкамі ядравай вайны і засьмячэньне прыроды прывялі да таго, што прагрэс навукі і тэхнікі ня толькі не атаесамляецца з прагрэсам чалавецтва, але і пачынае пагражаць яго існаваньню. Дасьведчаньне чалавечай лютасьці і боязь наступкаў тэхнікі робяць немагчымай у сучасны момант веру ў гістарычны прагрэс у якой-любя істотна важнай галіне.
У выніку гэтай новай сытуацыі мы зьяўляемся сьведкамі радыкальнага ў гэтым сэнсе разрыву з ідэяй Асьветніцтва, але адначасова (у адваротнасьць ад палажэньня ў справе антрапацэнтрызму) набліжэньня да сярэднявечнай ідэі.
Пераходзячы да справы вартасьці навукі, мы сьцьвярджаем падобны адыход ад становішча Асьветніцтва ў дваякім сэнсе. З аднаго боку, як было ўжо згадана, яе практычная вартасьць ад часоў Хірасімы ўсё болей стаіць пад знакам запытаньня. Зь іншага боку, сучасная крытыка навукі і дасьледаваньні тэорыі сьветапогляду пахіснулі аптымістычны настрой навукі. Ня толькі яе практычнае значэньне, але і тэарэтычная вартасьць усё болей стаўляюцца пад сумнеў.
У значным ліку выпадкаў гаворка ідзе нават аб больш скептычным падыходзе ў параўнаньні з тым, які існаваў у Сярэднявеччы — напрыклад, у групе Куна—Фэерабэнда, дзе сёньня кажацца, што няма розьніцы паміж навукай і чарнакніжжам. Гэта, безумоўна, перабор, але да істы новай духоўнай сытуацыі належыць усьведамленьне таго, што навука ня можа даць нам адказаў на найважнейшыя пытаньні, а там, дзе яна дае такія адказы, яе вынікі нярэдка далёкія ад пэўнасьці.
У сувязі з гэтым дазволю сабе апавесьці аб адной узрушаючай зьяве. Колькі гадоў таму я ўзяў удзел у кангрэсе ў Ann Arbor (акруга Дэтройт) разам з каля 500 навукоўцамі і гэткім жа лікам філёзафаў. На зьдзіўленьне апошніх, зьнявераньне навукоўцаў у вартасьці іх навукі было такім вялікім, што прысутныя філёзафы стараліся іх пераканаць, што яна ўсё ж такі мае пэўны пажытак і тэарэтычную вартасьць. Сучасная духоўная сытуацыя адмаўляе навуцы права адказваць на ўсе пытаньні, яе безумоўную пэўнасьць і ролю фактару праўдзівага прагрэсу. У гэтым яна пагражае нават поўным скептыцызмам.
Такім чынам, мы тут назіраем разрыў ня толькі з Асьветніцтвам, але ў досыць значнай меры і зь Сярэднявеччам, якое не стаўляла пад сумнеў вартасьці навукі ў яе ўласнай галіне.
А калі так, то няма сэнсу зьдзіўляцца, што духоўная сытуацыя не дае ніякай падставы для прамэтэйскай канцэпцыі, для веры ўва ўсемагутнасьць чалавека. Праўда, сучасная тэхніка адкрывае перад людзьмі магчымасьці, аб якіх нашы папярэднікі не маглі нават летуцець, але таксама вядома, што кіруючыя сьветам сілы непараўнальна магутнейшыя, як сабе ўяўлялі ня толькі ў Сярэднявеччы, але нават у XIX стагодзьдзі. Адной з найважнейшых рэакцыяў на сучасную духоўную сытуацыю зьяўляецца пачуцьцё бясьсільнасьці чалавека.
У гэтым сэнсе мы далёкія ад Асьветніцтва. Але і ад Сярэднявечча духоўная сытуацыя сёньня адрозная, прынамсі, у тых, хто страціў веру ў Празорнасьць. Для іх разрыў з асноўнай ідэяй Асьветніцтва нясе з сабой пачуцьцё трагічнай бессэнсоўнасьці і бясьсільнасьці. Бессэнсоўнасьці, бо сучасная сытуацыя не дазваляе шукаць сэнсу жыцьця ў прагрэсе чалавецтва, пагатоў калі гэтага прагрэсу няма. Трагічнай бясьсільнасьці, спрычыненай адрыненьнем прамэтэйскага міту.
Цяпер аб сытуацыі. Адзін з найважнейшых маральных прынцыпаў вучыць, што якім бы ні было палажэньне, чалавек існуе, а калі ён доўга і вольна існуе, у яго ўзьнікаюць пэўныя заданьні, абавязкі, штось такое, што трэба зрабіць. Калі мы не памыляемся, найважнейшыя сярод тых патрэбаў, што датычаць нашай галіны, можна абагульніць у наступнай формуле: перад абліччам пералому ў духоўнай сытуацыі існуе відавочны абавязак здаць сабе зь яго лічбы і прадумаць у яго сьвятле ўсе галіны нашага жыцьця.
У якой меры мы сёньня спаўняем гэты абавязак? Трэба сьцьвердзіць, што ў дужа невялікай. Народныя масы, а зь імі нават бальшыня людзей, што атрымалі адукацыю ў Эўропе, яшчэ ўсьцяж жывуць памерлымі сьветапоглядамі. Акпіваюць сучасную навуку, з надзвычайнай зацятасьцю бароняць веру ў цэнтральнае становішча чалавека і іншыя складнікі даўніх асноўных ідэяў.
Там, дзе паўстаюць дыскусіі, спрэчкі найчасьцей разгортваюцца паміж прыхільнікамі Сярэднявечча і заўзятарамі Асьветніцтва, прычым мы найчасьцей зьяўляемся сьведкамі думкі, што сягае XIX стагодзьдзя. Папулярнасьць, якой карыстаюцца нямецкія ідэалісты накшталт Шэлінга і Гегеля, фантазіі Тэяра дэ Шардэна і сучасная палеміка ў тэалёгіі сьведчаць аб гэтым занадта выразна.
Зьява пашырылася нават так далёка, асабліва на эўрапейскім кантынэнце, што насоўваецца пытаньне, скуль бярэцца гэтая закасьцянеласьць, гэтая няздатнасьць да зразуменьня сытуацыі? Але адказ на гэта знайсьці лёгка. Прычыны, пэўна, дзьве. З аднаго боку — звычайная для масаў інэртнасьць, супраціў новаму, прынцыповы кансэрватызм думкі, з другога — трагічныя пэрспэктывы бясьсільнасьці і бессэнсоўнасьці, што, як падаецца многім людзям, прынясе з сабой новая духоўная сытуацыя.
Але, каб жыцьцё ня страціла сэнсу, мы павінны нанава прадумаць наш сьветапогляд. Вось урыўкі каталёгу заданьняў, якія неабходна выканаць:
— рэлігія павінна быць асэнсаваная нанова — фундамэнтальныя паняцьці ня могуць заставацца такімі, якімі яны былі цягам апошніх стагодзьдзяў. Наколькі нам вядома, нічога ў гэтым кірунку ня зроблена;
— патрабуецца новая філязофія, якая б урэшце сур’ёзна паставілася да адрозьненьня паміж сьветапоглядам і навукай. Яе пачаткі назіраюцца сёньня ў выглядзе аналітычнай філязофіі, але і ёй яшчэ далёка да поўнага адрыненьня самых розных філязофіяў мінуўшчыны, якія, калі ўвогуле не зьяўляюцца звычайнай балбатнёй, знаходзяцца ў супярэчнасьці з сучаснай духоўнай сытуацыяй;
— нашы погляды на навуку трэба асэнсаваць нанова. У гэтым сэнсе шмат зроблена, але яшчэ далёка да зразуменьня масамі нават найпрасьцейшых вынікаў сучасных дасьледаваньняў. Пры гэтым шмат трэба зрабіць нават на ўзроўні філязафічнага аналізу навукі;
— калі мы не памыляемся, тое ж самае можна казаць аб грамадзкіх навуках, дзе, прыкладам, цяперашняе супрацьстаўленьне сацыялізму і капіталізму падаецца цалкам састарэлым і аджылым.
Гэты пералік найважнейшых заданьняў, безумоўна, яшчэ можна значна падоўжыць.
Тэкст перакладзены паводле: Kultura, № 3 (510), 1990.
* Юзаф Бахеньскі (поўнае імя — Інацэнты Мар’я Юзаф Бахеньскі), польскі філёзаф, манах-дамініканін, пэдагог, прафэсар унівэрсытэту Фрыбургу ў Швайцарыі, памёр 8 лютага 1995 году, пражыўшы доўгае і плённае жыцьцё. Яго апошнія выдадзеныя ў Польшчы кнігі і артыкулы — «Zarys historii filozofii» (Wydawnictwo Philed, 1993), «Wspomnienia», «Podręcznik mądrości tego świata» (Wydawnictwo Philed, 1994), «Sto zabobonów (krótki filozoficzny słownik zabobonów)», «O filozofii analitycznej» (Ruch Filozoficzny, t. XLVII № 1, s. 35–41, 1993). У перадмове да свайго твору «Сто забабонаў» Бахеньскі пісаў: « (...) Такім чынам, гаворка ідзе перадусім пра забабоны. Я ня ўпэўнены, што гэтае слова было выбрана ўдала — можа, больш правільна гаварыць аб перакручваньнях або аблудах, бо слова «забабон» як бы мае прысмак нечага магічнага: не дарма «забабонным» называецца чалавек, перакананы, што ён нечага можа дасягчы, прамаўляючы таямнічыя словы альбо працінаючы голкай ляльку з воску. Таму гаворка зазвычай ідзе аб нечым практычным, аб відзе абсурднай тэхнікі. Дзеля гэтага і шмат якія абгавораныя тут меркаваньні — можа, нават бальшыня — маюць тэарэтычны, а не практычны, а таму і не магічны характар. Калі, нягледзячы на гэта, я ўжываю гэтае слова, то толькі таму, што яно часам азначае ў нашай мове таксама тэарэтычныя памылкі, a таксама таму, што ў ім чуецца нутраная моц, што яно дае больш поўнае выражэньне майму стаўленьню да дурнотаў, якімі і ёсьць забабоны. У кожным выпадку я вызначаю «забабон» наступным чынам: вераньне, якое (1) безумоўна ў вялікай меры памылковае, але нягледзячы на гэта (2) лічыцца за безумоўна праўдзівае. Так, напрыклад, астралёгія ёсьць забабонам у маім значэньні слова, бо яна відавочна памылковая, але, нягледзячы на гэта, лічыцца сукупнасьцю аксыёмаў (...)». Юзаф Бахеньскі пэўны час жыў і працаваў у кляштары пры валынскім мястэчку Падкамень (сам ён нарадзіўся паблізу — у селішчы Паніква). Перад наступам савецкіх войскаў выехаў на Захад. Як сьцьвярджаюць польскія крыніцы, у кляштары заставалася каля 500 палякаў, калі 12 сакавіка 1944 году вялікі аддзел украінскіх нацыяналістаў, узмоцнены сіламі «Ukrainische Hilfpolizei», ажыцьцявіў «зачыстку» гэтага аб’екта. У выніку крывавага гвалту загінулі старыя, дзеці, жанчыны, манахі. У выдадзеных у 1994 годзе «Spomnieniach» Бахеньскі пісаў: «Эўропа, наша Эўропа — канчаецца ў Падкамені. Думаю, што кожны, хто перажыў гэтыя падзеі, ніколі не спакусіцца на байкі пра Эўропу ажно да Ўралу». Рэцэпцыі філязофіі Бахеньскага ў Польшчы прысьвечаны артыкул — «Józef Maria Bocheński w Polsce» (Ruch Filozoficzny, t. XLVI, № 2, s. 227a–228a, 1990).