Героi Элады (З мiфаw старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке)
Героi Элады (З мiфаw старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке) читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Медэя так упрошвала цётку дараваць ёй i гаварыла пра сваё каханне да Язона, што Кiрка даравала ёй i адпусцiла арганаўтаў з мiрам.
Але шмат яшчэ розных небяспек давялося зазнаць арганаўтам, пакуль яны дабралiся да роднага краю.
У адкрытым моры карабель ганялi вецер i хвалi, але самае страшнае падпiльноўвала маракоў у вузкiх пралiвах.
Iм давялося праплыць памiж двума астравамi, на адным з якiх была вогнедышная гара. Дзве лютыя i прагныя пачвары пiльнавалi гэты праход Харыбда i Сцыла.
Харыбда жыла ў марскiх глыбiнях. Вада кiпела i вiравала над ёю, i варта было жывой iстоце наблiзiцца, як з вады высоўвалася прагная пашча i хапала цэлыя караблi з ветразямi i мачтамi.
На адлегласцi стрэлу з лука ад Харыбды ўзвышалася вастраверхая скала, гладка абчасаная морам. У ёй была пячора. У гэтай пячоры хавалася шасцiгаловая Сцыла з дванаццаццю лапамi. Як толькi дэльфiн, або рыбiна, або судна з плыўцамi падплывалi да скалы, Сцыла высоўвала з пячоры сваё страшнае тулава, i ўсе дванаццаць лап шпарка шнарылi навакол, лавiлi ўсё жывое i запiхалi ў прагныя пашчы з трыма радамi вострых зубоў.
Арганаўтам трэба было праплыць памiж Сцылай i Харыбдай, i яны, вядома, загiнулi б, таму што нi смеласць, нi мужнасць, нi геройская сiла не маглi памагчы iм супраць гэтых страшыдлаў. Але зноў з'явiлася iх заступнiца Гера, кiнула памiж Харыбдай i Сцылай свой залаты валасок, i па гэтай дарожцы, не адхiляючыся нi ўправа, нi ўлева, "Арго" пазбег небяспекi.
Аднойчы марскi вецер прынёс здалёку пах кветак, i арганаўты ўбачылi ў моры квiтнеючую выспу Сiрэн. Дзiвосныя птушкi з жаночымi галовамi сядзелi на камянях, што тырчалi з вады каля берага, i спявалi чалавечымi галасамi. Яны клiкалi стомленых маракоў адпачыць на квiтнеючых лугах, абяцалi спакой i асалоду, вабiлi ласкавымi словамi.
Мора вакол выспы здавалася таксама ласкавым i цiхiм. Але ўся выспа была акружана водмелямi i падводнымi скаламi. Сiрэны спявалi так соладка i такая чароўная сiла была ў iх песнях, што карабельшчыкi забывалi пра ўсё на свеце, скiроўвалi свае судны да выспы, разбiвалiся на падводных камянях i гiнулi ў хвалях.
Апынуўшыся каля выспы Сiрэн, арганаўты таксама заслухалiся цудоўнымi спевамi i хацелi веславаць да берага. Самы малады з весляроў, зачараваны сiрэнамi, кiнуўся ў мора i загiнуў на камянях. Тады Арфей узяў сваю кiфару, заспяваў гучным голасам i заглушыў спеў сiрэн. Ён спяваў пра адважных маракоў, якiя пераплываюць марскiя прасторы i не хочуць ведаць нi ляноты, нi пяшчоты, спяваў пра родную зямлю, якая iх чакае. Арганаўты, слухаючы Арфея, апамяталiся i неўзабаве мiнулi небяспечную выспу.
Каля выспы Схерыi, дзе арганаўты спынiлiся, каб папоўнiць запасы вады i ежы, iх карабель зноў акружылi судны колхаў, якiя ў пошуках арганаўтаў блукалi па моры. Арганаўты папрасiлi цара выспы абаранiць iх. Хiтры цар разважыў так: арганаўты павiнны аддаць колхам iх царэўну Медэю, але яны не павiнны аддаваць iм жонку Язона. Медэя стала жонкай Язона, i колхам давялося адступiцца. Але яны пабаялiся вяртацца ў Калхiду i пасялiлiся на грэчаскiх астравах.
Адсвяткаваўшы вяселле Язона i Медэi, арганаўты паплылi далей. Доўгi час плаванне iх было спакойнае. Яны наблiжалiся ўжо да берагоў Грэцыi, як раптам узнялася жудасная бура. Дзевяць дзён i дзевяць начэй насiў ураган iх карабель па моры i нарэшце выкiнуў яго на далёкi бязлюдны бераг. "Арго" глыбока ўрэзаўся ў прыбярэжны пясок i нерухома застыў. Арганаўты сышлi на зямлю i агледзелiся. Перад iмi распасцiралася пустыня. Нi ракi, нi дрэў, нi людскога жылля - толькi пясок i неба. Арганаўты паспрабавалi ссунуць карабель у мора, каб пакiнуць пустыню, ды не змаглi.
"Што ж нам рабiць? - гаварылi яны. - Куды занесла нас бура? Мы прападзём тут i нiколi не ўбачым роднага краю... Лепш было б нам разбiцца аб падводныя камянi або загiнуць у няроўным баi, чым памерцi ў пустынi ад голаду!"
Яны разышлiся па беразе i блукалi да змяркання. Калi надышоў вечар, усе сабралiся каля карабля, развiталiся адзiн з адным i палеглi на пяску, закруцiўшыся з галавою ў плашчы. Яны ляжалi гэтак да ранiцы. Раптам Язон адчуў, што нехта здымае плашч з яго твару. Ён прыўзняўся i ўбачыў перад сабою трох нiмф пустынi. Нiмфы сказалi яму:
- Не траць надзеi! Лёс занёс вас у Лiвiйскую пустыню, але i адсюль ёсць дарога для смелых i дужых. Калi царыца мора Амфiтрыта выпража коней са сваёй каляснiцы, зрабiце са сваiм караблём тое, што ён дагэтуль рабiў з вамi, i вы будзеце выратаваны.
Язон пабудзiў сваiх таварышаў i пераказаў iм тое, што сказалi яму нiмфы. Арганаўты пачалi думаць, што гэта азначае: "Калi Амфiтрыта выпража коней", i што трэба зрабiць iм з "Арго". Раптам да берага з шумам прылiлi хвалi, з мора выбег белы конь i памчаўся цераз пустыню. Пачынаўся прылiў. Тут здагадалiся арганаўты, што ў час прылiву трэба зрушыць "Арго" з мелi, узяць яго на плечы i несцi цераз пустыню, як ён насiў iх па моры.
Дванаццаць дзён пад пякучым сонцам, грузнучы ў пяску, яны неслi на плячах "Арго" i нарэшце прыйшлi на бераг вялiкага возера. Зноў спусцiлi карабель на ваду. Але яны нiяк не маглi знайсцi выхада з возера, пакуль гаспадар яго, бог Трытон, схапiўшы рукою за борт "Арго", не вывеў яго пратокай памiж белых скалаў у шырокае мора.
Доўга зноў плылi арганаўты ў бязлюдным моры i дабралiся да гарыстай выспы, такой вялiкай, што на ёй магло б размясцiцца шмат гарадоў. Гэта была радзiма Зеўса - Крыт. Там цараваў Мiнас, якому Зеўс падарыў для абароны выспы меднага велiкана. Велiкан быў увесь пакрыты меддзю, i толькi на пятцы ў яго была дзiрачка, заткнутая медным цвiком. Тры разы на дзень медны велiкан абходзiў дазорам вакол выспы.
Калi арганаўты падышлi да Крыта, велiкан не пусцiў iх на бераг i пачаў шпурляць у iх цяжкiя камянi. Але Медэя сваёй чароўнай сiлай усыпiла велiкана, вочы яго заплюшчылiся. Ён спатыкнуўся на востры камень i ўпаў. Цвiк выпаў у яго з пяткi, i кроў лiнула з адтулiны. Разам з крывёю велiкан страцiў сваю жывую сiлу i ператварыўся ў вялiкую медную статую.
Арганаўты прычалiлi да берага i пераначавалi на Крыце, а ранiцай рушылi далей.
I яшчэ раз яны трапiлi ў буру. Ды гэта было ўжо апошняе выпрабаванне, i багi не далi iм загiнуць.
Сам Апалон з залатога лука пасылаў у мора святлiвыя стрэлы i паказаў арганаўтам астравок, каля якога яны маглi схавацца.
Потым вецер сцiх, неба ачысцiлася, мора паспакайнела, i ўдалечынi паказаўся грэчаскi бераг. Плаванне арганаўтаў канчалася. "Арго" вяртаўся дадому.
Смерць Язона
Скончылiся святкаваннi i банкеты ў гонар арганаўтаў, якiя шчаслiва вярнулiся пасля далёкага i доўгага плавання. Цудоўны карабель "Арго" адслужыў сваё - ветразi яго былi пашматаны бурамi, змылася пазалота на носе, i хвалi шматлiкiх мораў стачылi яго драўляны корпус. Арганаўты выцягнулi з вады абшарпаны каркас "Арго" i паставiлi на беразе на памяць людзям.
Потым адважныя героi разышлiся па розных гарадах i занялiся кожны сваёй справай.
Залатое руно ляжала ў палацы iолкскага цара. Але Язону яно не прынесла шчасця.
Стары Пелiй не ўзрадаваўся, што Язон вярнуўся, i не аддаў яму царскую ўладу. "Няхай вырашае народ, няхай сам народ скажа, каго ён хоча бачыць царом у Iолку", - гаварыў ён Язону. А народу Пелiй гаварыў: "Хочаце, каб вашай царыцай была чужаземка, да таго ж яшчэ i чараўнiца? Яна зачаруе вас, як зачаравала Язона".
Людзi з апаскай пазiралi на Медэю i абмiналi палац Язона. Неўзабаве зусiм не засталося ў яго сяброў у Iолку. Медэя бачыла гэта, ёй было горка i крыўдна, i яна парашыла адпомсцiць Пелiю i аддаць царства Язону.
Яна расказала iолкскiм жанчынам, што багi далi ёй сiлу вяртаць маладосць старым, i, каб ёй паверылi, зарэзала старога барана i зноў ажывiла яго, ператварыўшы ў ягня.
Тады дочкi Пелiя пачалi прасiць чараўнiцу зрабiць маладым iх старога бацьку.
Яны забiлi цара, але ажыўляць яго Медэя не захацела, адмовiлася.
Смерць Пелiя не памагла Язону. Царом у Iолку стаў сын Пелiя - Акаст. Ён прагнаў Язона i Медэю з горада i не дазволiў iм жыць у Фесалii. Пеша, нiбы той апошнi жабрак, зганьбаваны, выгнаны з роднага краю, пайшоў Язон з Iолка шукаць прытулку на суседняй зямлi.
