Змагарныя дарогi
Змагарныя дарогi читать книгу онлайн
Уладзiмiр Арлоў. Змагарныя шляхi Кастуся Акулы (Уступ да Менскага перавыданьня 1994 году)
Станiслаў Станкевiч. "Змагарныя Дарогi" К.Акулы (Уступ да Таронтска-Мюнхенскага выданьня 1962 году)
Кастусь Акула. Пасьля першых адгалоскаў...
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Самым вартасным у Радзiвiлавых адносiнах да людзей было тое, што анi тая ветлiвасьць, анi пашана й добразычлiвасьць да iншых ня былi вымушанымi, штучнымi, як гэта часьценька даецца заўважыць у людзей зьверху палiтураваных, а ўсярэдзiне - грубых i фальшывых. Магчыма, што частка сакрэту Радзiвiлавай этыкi ляжала ў тым, што ўсiх людзей лiчыў добрымi, залiчаў iх у свае сябры i, ужо зыходзячы з гэтага, зблiжаўся зь iмi. Пазнаўшы гэтага рослага дзяцюка, вы хутка ўсьведамiлi-б, што гэта было ўпоенае ў яго змалку, дадзенае ўзгадаваньнем, што iнакш ён ня мог, калi-б навет i хацеў. Некаторыя спрабавалi справакаваць яго на злосьць цi дрэнны язык. Звычайна не ўдавалася. Калi Юры спасьцерагаў, што наўмысьля правакуюць, тады зь ледзь заўважнай, але заўсёды пазбаўленай зласьлiвасьцi ўсмешкай збываў усё жартамi, нiколi не рэваншуючыся на тых, што намагалiся яго правакаваць. У кожным чалавеку, зь якiм так цi iнакш зблiжаўся, гэткiм падыходам здабываў сабе сябру.
На курсе клiкалi яго "прынцам" (ад ангельскага слова "рrinсе" - князь). Другiя дзьве, заўсёды мiж людзей вельмi рэдкiя, а найбольш цэнныя якасьцi Радзiвiлавага характару - уменьне маўчаць i слухаць iншых ды - цi не найважнейшае - неятолькi не выстаўляцца сваiм "я", але зусiм мала гаварыць аб сабе. Апошняе - найцяжэйшае, бо кожны чалавек у першую чаргу - эгаiст. Таксама штука ўменьня слухаць iншых зьвязана больш цi менш з собскiм эгаiзмам i зьяўляецца мiж людзей зьявiшчам даволi рэдкiм.
IV
Кажуць, што багатыя людзi - таму багатыя, што ўмеюць ашчаджаць. Гутарка йдзе не пра тых, што нажываюць капiтал у спадчыну цi багацеюць нясумленнымi мэтадамi, а пра такiх, што пачынаюць зь нiчога i ўсялякую манэту горнуць пад сваю моцную апеку, хоць гэта быў-бы, як часта выражаюцца ангельцы, сhicken feed*. Да гэткiх людзей трэба аднесьцi Юрыя Радзiвiла. Казалi некаторыя з вучняў восьмага курсу, што быццам Радзiвiл меў ад бацькоў вызначаную месячную суму ў памеры ста ангельскiх фунтаў на свае патрэбы. Плётка была малапраўдападобная. Вядома было адно, што Юры нiякiх грошай ад нiкога не атрымлiваў, але ня выключана, што бацькi дзесь адкладалi на ягонае конта нейкую месячную суму. Затое было публiчнай тайнiцай, як гавораць, што Юры ашчаджаў самую найдрабнейшую манэту з вайсковай платнi, якую атрымлiваў, як i ўсе iншыя, у памеры двух з паловаю фунтаў на дзесяць дзён.
* Курыны корм (англ.).
Iншыя трацiлi свае грошы на пiва, курава, вечарынкi, дзяўчат, на пячэньне й каву вечарамi ў мясцовай кавярнi. Радзiвiл ня пiў i ня курыў, не хадзiў на танцы й надзвычайна рэдка заглядаў у кавярню. Затое часта ўдзень прыносiў са сталоўкi закручаны ў паперку белы хлеб. Вечарам, седзячы ў бараку пры круглай напаленай печцы, раскладаў яго на гарачым кружку i, падпякаючы з двух бакоў, быццам тоўст, спажываў з прынесенай таксама з кухнi кавай цi гарбатай. Калi каторы зь сяброў, бачачы гэта, абяцаў купiць Юрыю пару пячэньняў i кавы ў кавярнi, калi-б той быў ласкавы з iм пайсьцi, "прынц" вельмi ветлiва, але станоўка адмаўляўся - мо таму, што самому прыйшлося-б выдаткаваць пару пенсаў.
Ашчаднасьць Юрыя не канчалася на грашох, якiя ахвотна пазычаў усiм, хто прасiў. Пад канец навукi меў iх цэлае бярэма - магчыма, ня толькi ўсе атрыманыя за восем месяцаў фунты, але й шылiнгi зь пенсамi. Ён ашчаджаў i вайсковую вопратку й абутак. Кожны жаўнер меў па два мундзiры-"батледрэсы" й па дзьве пары абутку. Адна пара прызначаная была на буднi дзень, другая - на сьвяты. Рэдка давялося-б пабачыць Юрыя навет у сьвяточны дзень у лепшай вопратцы, хiба адно тады, калi разам з усiмi iшоў на абавязковую багаслужбу. Затое часта давялося-б бачыць "прынца" з прасам у руцэ пры стале ў бараку прасаваў порткi цi горшы штодзённы мундзiр. Прас быў куплены колькiмi сябрамi для супольнага ўжытку. Трэба тут заўважыць, што бальшыня жаўнераў прасавала свае порткi саматужным мэтадам, г. зн. пакрапiўшы злёгку вадою, злажыўшы роўненька на канты, клалi порткi на сяньнiк i зьверху ў падвойную столку засьцiлалi коцам. Гэта рабiлася кожны вечар перад ночным адпачынкам. Калi чалавек праспаў ноч на сваiх портках, дык ранiцай былi яны зусiм нядрэнна выпрасаваныя, хоць, вядома, не такiмi, як можна было зрабiць пры дапамозе праса. Але на буднi дзень i такога прасаваньня было даволi.
Калi Юры купляў паперу й канверты для карэспандэнцыi, абавязкова выбiраў найгоршае й самае таннае. Няважна да каго пiсаў - да "прынцаў" цi звычайных сьмяротных - карыстаўся тымi самымi, найбольш таннымi пiсьмовымi матэрыяламi.
Найбольшую ўвагу зьвяртаў Юры на сваё здароўе. У Ангельшчыне, пры капрызнай i дажджлiвай пагодзе, шчасьлiвы той, чый арганiзм адпорны на звычайны катар i прастуду. "Прынц" да такiх не належаў. Часта сябры бачылi Юрыя з нейкiмi кроплямi ад прастуды ў руцэ, а яшчэ часьцей - з пластыкавай ампулкай, у сярэдзiне якой, быццам той тонкi алавiк, сядзеў медыцынскi сродак супраць прастуды. У канцы ампулкi была маленькая дзiрачка. Яна ўкладалася ў нос i моцна цягнулася ў сябе для прачышчэньня насавых каналаў. Цiкава было сачыць, як Юры сваiм доўгiм i тонкiм пальцам прыцiсьне адзiн бок носу, а ў другую дзiрку ўложыць ампулку ды колькi разоў з вялiкiм смакам пацягне носам, навет аж зморшчыцца часам. Пасьля палец прыцiсьне другi бок носу, а ампулка загляне ў другую адтулiну. Апэрацыю тую паўтарае часта й некалькi разоў. На зьмену прыйдуць густыя пахучыя кроплi з малой пляшачкi, ужываньне якiх вымагае ня менш складанай апэрацыi. Юры дасягнуў верху мастацтва пры ўжываньнi тых кропляў i ампулкi, а ўжо лiшнiм будзе прыгадваць, што ўкладаў у гэта ўсю сваю душу. У моманты, калi Юры прысьвячаў увагу свайму правiльна-роўнаму панскаму носу, здавалася, што нiчога больш, акрамя яго, на сьвеце не iснавала. Пры тым "прынц" лёгка вурчэў, наракаючы на капрызную ангельскую пагоду.
Падсушваючы пры печцы хлеб, Юры часта заводзiў зусiм нядрэнным тэнарам iндыйскi раманс:
When I'm calling you-u-u,
Will you answer to-o-o...*
* Калi я паклiчу цябе, Ты адгукнешся мне... (англ.)
V
Толькi адзiн Шчуроўскi любiў пажартаваць над "прынцам". Шчуроўскаму й прозьвiшча надзвычайна пасавала да ягонага вонкавага выгляду. Шылаваты нос i падбародак, што нагадваў пацукову мордачку, ды цьвёрдзенькая, заўсёды настаўбураная грыўка, што нейкiм чынам нагадвала пацуковы вушы, вузка разьмешчаныя побач шылаватага носу вочы - усё гэта, здавалася, мела сувязь з прозьвiшчам языкатага хлапца.