-->

Ночы на Плябанскiх млынах

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Ночы на Плябанскiх млынах, Рублеўская Людміла-- . Жанр: Разное. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Ночы на Плябанскiх млынах
Название: Ночы на Плябанскiх млынах
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 313
Читать онлайн

Ночы на Плябанскiх млынах читать книгу онлайн

Ночы на Плябанскiх млынах - читать бесплатно онлайн , автор Рублеўская Людміла

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 54 55 56 57 58 59 60 61 62 ... 119 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

Я чакала яго ўвесь вечар... Гэта мусіў быць асаблівы вечар. Мы дамовіліся, што калі пройдзе сорак дзён пасля смерці Стэлы, ён перабярэцца жыць да мяне назусім.

Я сядзела ля акна ўсю ноч, і прамень фар кожнага выпадковага аўтамабіля нібыта разразаў маё сэрца на дзве палавінкі, а рыпенне снегу пад нагамі рэдкіх мінакоў здавалася землятрусам. Юрась не прыйшоў. Раніцай я пачала шукаць яго... Ніхто не ведаў, куды ён падзеўся. Ягоная маці паведаміла, што ён сапраўды сабраў увечары рэчы і пайшоў да мяне («знайшоў жа, да каго, хіба мала на ягоны век хапіла няўдаліц»,— чыталася ў заплаканых вачах маці).

Сваякі звярнуліся ў міліцыю... Але Дамагурскага так і не знайшлі, як не знайшлі забойцу Аркадзя. Я спрабавала ў адчайных пошуках выйсці на гаспадароў Людвісарава, але дарэмна. Калыванаў з’ехаў, даходзілі чуткі, нібыта ў Расіі яго спрабуюць засудзіць за грашовыя махінацыі. Баркунова ўдава таксама знікла, не зладзіўшы ані саракавінаў па забітым мужы, ані музея яго імя. Рэстаранчыкі і крамы на пляцы Старавежска абслугоўваюць дальнабойшчыкаў, а вежа стаіць пустая, пазірае сляпымі вокнамі-вачніцамі, як паднятая з саркафага мумія. Колькі я блукала вакол Людвісарава, спрабуючы нешта даведацца... Але там цяпер заўсёды цёмна і бязлюдна, нібы ў пустым склепе. Юрась знік бясследна.

Я дасюль яго чакаю.

Дарэчы, вярнулася ў журналістыку. Працую ў выданні, якое то зачыняць, то яно зноў адкрыецца пад іншай назвай. Але пасля гісторыі з гадзіннікамі я перастала чагосьці баяцца.

Не баюся і сваіх сноў. Нават навучылася іх запісваць і ператвараць у літаратурныя творы. Іх друкуюць, чытачы хваляць, крытыкі не заўважаюць...

Часам, калі я ўключаю тэлевізар, не магу адагнаць думкі, што дзесьці побач з убачаным цікаюць гадзіннікі Бернацоні... Ляціць шалёны карагод... Трымаемся мы ўсе за рукі, жывыя і нябожчыкі, і кіруе нашымі скокамі нехта нябачны і бязлітасны, прагнучы ўлады. Але я ведаю, што заўсёды можна ўтрымацца ад шалёных скокаў. І не абавязкова для гэтага трэба хавацца ў сваю ракавінку. У кожнай ракавінцы — гучыць мора, у кожным камяні і ў кожнай валошцы — жыве Беларусь.

2005

СТАРАСВЕЦКІЯ МІФЫ ГОРАДА Б*

Артэміда і Актэон

Прыўкрасны юнак Актэон выпадкова падгледзеў, як купаецца цнатлівая багіня Артэміда. Угневаная багіня ператварыла юнака ў аленя, і яго загрызлі ўласныя сабакі...

Старажытнагрэчаскі міф

У горадзе Б* былі жанчыны, якія не выйшлі замуж таму, што ім не пашанцавала.

Былі там і жанчыны, якія не выйшлі замуж таму, што занадта многа хацелі ад будучага выбранніка.

Зрэдку сустракаліся ў горадзе Б* і такія жанчыны, што не выходзілі замуж прынцыпова.

А былі і такія, што заставаліся ў дзеўках па ўсіх трох прычынах: адразу не шанцавала, пасля многа хацелі і завяршылі прынцыпам. А апошні, як вядома, хаця і здольны служыць апірышчам кволай жаночай істоце, аднак яго не абуеш у пантофлі, не пачастуеш піражкамі з капустай і не раскажаш, які страшны сон табе сёння прысніўся.

Панна Канстанцыя, уладальніца багатай радавой сядзібы на ўскрайку горада Б*, непадалёк ад развалін замка, які калісьці, кажуць, таксама належаў продкам панны Канстанцыі, шанавала свае прынцыпы, хаця і не канчаткова адхінула акаляючы недасканалы свет. Але свет, замест таго каб быць ёй за гэта ўдзячным, назваў яе старой дзеўкай, пляткаркай і праўдзівай фурыяй. Што ж, справядлівасці ад горада Б* чакаць не даводзіцца!

Панна Канстанцыя горка падціснула вусны і кранула нагой цёплую цёмную ваду прысядзібнай сажалкі... Даруйце, Лебядзінага возера. Яго выкапалі па загаду паненкі ў рамантычным месцы, пад густымі шатамі старых дрэў, і нат пусцілі на люстраную паверхню лебедзя. Але няўдзячная птушка ўсяляк парывалася ўцячы з наканаванага ёй чароўнага куточка і нават з падрэзанымі крыламі ўхітрылася адтуль збегчы... Грэблівыя роспыты панны пацвердзілі яе здагадку, заснаваную на жыццёвым вопыце: лебедзь быў мужчынскага полу, значыць, падступнасць у яго ў крыві.

Панна Канстанцыя любіла плаваць у сваім Лебядзіным возеры па начах, у прывідным святле месяца, схаваная ад усяго свету густой засенню дрэў, высокай агароджай панскага парку і строгай дысцыплінай у асяродку панскай прыслугі. Пяшчотна плюскатала вада, галава паненкі пагойдвалася між лілеяў і гарлачыкаў, і — канешне ж! — віліся над гэтай галоўкай салодкія мары ды ўспаміны. Некалі, даўно-даўно, у пару квецені і гарэзных ветрыкаў... Ды мала што можа ўспомніць голая паненка ноччу ў сажалцы?..

Таемнасць і самота... Але мы не будзем сцвярджаць, што падчас гэтых амаль сакральных водных працэдур не мроіліся паненцы прагныя праклятыя вочы ў зарасніку вакол возера...

Сёння ноч была асабліва таемнай. Святаяннік па-змоўніцку падміргваў плямістымі жоўценькімі кветачкамі, пранізліва пахла мацярдушка, да самай вады збягала бліскучая, як фальшывы залаты, лотаць. Жаба, маленькая, пляскатая, быццам пусты кашалёк, нясмела падала голас — панна Канстанцыя ненавідзела жаб і загадвала іх вылоўліваць ды знішчаць. Худзенькі камар сеў на магутнае сцягно панны Канстанцыі. Плясь! І камарыная душа адляцела ў далёкі камарыны рай... Не, у пекла — адзінае на ўсіх крывасмокаў. Панна Канстанцыя кінулася ў абдоймы месячнай вады...

...Чараціла прыўзняў цяжкую галаву, у якой усё яшчэ пілікала скрыпачка карчомнага музыкі Гірша, каб паглядзець на велізарную качку, што плюхнулася ў панскую сажалку. Сапраўды, па вадзе рухалася нешта цёмнае, ад яго ішлі кругі, як ад чоўна... Чараціла памятаў яшчэ далікатэсны смак злоўленага тут і засмажанага на лясным вогнішчы лебедзя... Няпрошаны госць прыўзняўся над хмызнякамі... Затрашчалі галінкі...

Хведзька Чараціла ведаў жанчын. Дый з семінарыі выгналі Хведзьку менавіта за амурныя справы. Тым болей што трактаваў Хведзька кабет гэтак жа проста, як пляшкі гарэлкі. Можна нават смела сцвярджаць, што Хведзька бачыў кабет як у вопратцы, так і без. І мы можам зрабіць скідку толькі на тую акалічнасць, што Хведзька быў добра на падпітку і таму не распазнаў, што за істота рушыла на яго з чорнай панскай сажалкі, белая, вялікая, бясформенная... На абліччы істоты Чараціла разгледзеў толькі два чорныя прагалы на месцы вачэй ды трэці, круглы вялікі прагал — гэта не мог быць чалавечы рот — бо з яго не могуць вылятаць такія гукі...

Маленькая пляскатая жабка здохла ў адно імгненне — яе і без таго напалоханае сэрца не вынесла воклічу абражанай цнатлівасці.

Чараціла перахрысціўся. Чараціла паабяцаў Божай Маці, што ніколі ў жыцці не возьме больш гарэлкі ў рот... Чараціла заблагаў і кінуўся праз кустоўе прэч адсюль... А белая пачварына ляцела за ім ва ўрачыстым гневе — прыйшоў яе час! Яна дачакалася! Чараціла дабег да агароджы і, падаючы і абдзіраючы далоні, паспрабаваў пералезці цераз яе.

— Жучка, кусь! Жучка, кусь!

Залівісты сабачы брэх змяніўся Чарацілавым крыкам болю. Апошнім намаганнем Хведзька пераваліўся цераз агароджу і знік у невядомым напрамку, як маланка — не таму, што так хутка, але таму, што зігзагамі...

Панна Канстанцыя паважна абцерла сваю антычную плоць. Апошні бессаромны зірк месяца — і белае цела схавалася пад доўгай брунатнай сукенкай са шчыльнай ваўнянай тканіны, з зашпількамі пад горла.

«Гэта несумненна быў афіцэр,— чамусьці падумала панна Канстанцыя.— Такі бессаромны... Дзёрзкі... Шкада, што не было з сабою кінжала...»

Панна ўявіла, як эфектна было б прыставіць кінжал да сваіх белых грудзей і сказаць: «Лепей смерць, чым ганьба! Ніхто не возьме гвалтам тое, што належыць толькі мне і Госпаду!» Не, лепей было б кінуцца з кінжалам на гвалтаўніка: «Памры, няшчасны! Ты пасмеў падгледзець тое, што не наканавана для чалавечых вачэй!»

Камары жаласна пішчалі над вільготнымі валасамі панны Канстанцыі, акуратна сашчэпленымі рогавым грабеньчыкам. Свет быў цудоўны, хаця і небяспечны. Да канца жыцця заставалася сорак гадоў, восем месяцаў і адзін дзень. Быў шанц правесці іх у прыемных успамінах.

1 ... 54 55 56 57 58 59 60 61 62 ... 119 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название