Ночы на Плябанскiх млынах
Ночы на Плябанскiх млынах читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Я падышла да акна, загарнуўшыся ў коўдру. Заснежаны двор, на белым асфальце ў святле ліхтара — дзве чорныя палоскі ад колаў машыны... Пагляд мімаволі скіраваўся да гарызонту, маленькі кавалачак якога, пасечаны сілуэтамі дрэў, праглядаўся між спінамі суседніх дамоў. Юрась дзесьці там... далёка... У цемры... Чаму я — тут? Мне трэба да яго! Не да таго, забаўнага юнака, майго выпадковага мужа, а да гэтага — сталага мужчыны, які зведаў гора і жарсць, і змог захаваць у сабе таямнічы агонь, які калісьці і прывабіў мяне... Які змушае яго зараз кідацца з дзідай на вялізны вятрак... Рыцар сумнага аблічча...
Што з ім зараз?...
Дон Кіхота нават звычайныя пастухі білі палкамі...
Я таксама думала, што магу змагацца з ветракамі. Але, аднойчы ўпаўшы з бязлітаснага нежывога крыла, страціла веру ў тое, што можна спыніць нават найвялікшымі ахвярамі гэтую махіну, раскручаную мільёнамі самалюбстваў, якая перамолвае лёсы людзей і дзяржаў, каханне і годнасць, розум і веру ў аднолькавую вязкую масу, прыдатную, каб ляпіць паслухмянае, зручнае грамадства. Не, сапраўдная барацьба вядзецца не на пляцах, а ў табе самім. А я заўсёды ўцякала ад сваіх праблем. Таму і сны не запамінаюцца, якія гэтыя ж праблемы ставяць. Зараз з памяці нібыта спаўзала сетка... Як наяве, убачыла ўсмешку Юрася, яго непакорлівую чупрыну, сіні ўпарты пагляд з-пад прамых броваў, шнары на шчацэ, абдрапаныя жалезным нутром гадзіннікаў пальцы... І як ён кланяўся перад гэтымі гадзіннікамі і звяртаўся да іх з жартоўнымі словамі...
Пане Ян з Адамам і Евай...
І тут жа ўсплылі ўбачаныя ў сне тыя ж выразаныя з дрэва Адам і Ева з кубкам і змяёй. Яшчэ не пашкоджаныя часам, у яркасці фарбаў і пазалоце...
Гадзіннікі стаяць у коле...
Лекар у чорным падыходзіць да іх...
Данс макабрэ... Фігуры смерці... Баркун, Стэла, Юрась — адзін за адным выходзяць з кола...
Не, толькі не Юрась!
Ну ўспамінай жа!
Я гатовая была раскалоць галаву аб сцяну, абы дастаць адтуль непаслухмяныя вобразы.
Ад напружання свет паплыў вакол у чырвоным тумане...
І я ўспомніла.
Засталося скамечыць адзінаццаць пражытых гадоў, як чарнавік. Ён не варты і аднога правільнага звонкага радка.
І я зрабіла ўчынак, які аніяк нельга было вытлумачыць логікай, але мне — маёй новай сутнасці — зразумелы. Падышла да люстэрка і рашуча абрэзала сваю рудую касу. Коратка, на самай патыліцы. Ускудлаціла рукой валасы... І праз знаёмыя рысы ў люстэрку нарэшце вызірнула даўно забытае дзяўчо з процьмай ілюзій і здольнасцю да ўчынкаў, невытлумачальных логікай. За акном развіднела... Дзень зазіраў у маё акно шэрым хворым тварам, на якім не мелася спачування.
Тэлефон Лілі Пятроўны быў на візітоўцы.
Я сказала ўсяго некалькі словаў...
Праз дваццаць хвілінаў ля майго пад’езда стаяла машына. Перад тым, як выходзіць з кватэры, я прыхапіла з сабой канверт з далярамі.
Кіроўца, незнаёмы мне лысы мужчына, падобны да млынара, сядзеў моўчкі, глядзеў толькі на дарогу. І мне было не да размоваў. Яшчэ і яшчэ раз я пракручвала ў галаве вобразы, убачаныя ў снах... Я не спрабавала зразумець, адкуль яны прыйшлі... Калі гэта — усяго толькі мая хваравітая фантазія, блёкат, то... ну што ж, я ўсё роўна апынуся побач з Юрасём. Мой страх кудысьці знік, нібыта я перайшла мяжу, за якой нішто не мае значэння, акрым таго, што ў сэрцы.
Рассунуліся бетонныя вароты... Дзве каменныя багіні, абуджаныя ранішнім сонцам, зімовым, познім і халодным, праводзілі мяне белымі сляпымі вачыма. Ave, Людвісарава, morіturі te salutant...
Яны ўжо чакалі мяне — Янчын, Макс, Ліля. Апошняя, як я цяпер ведала, прадстаўляла інтарэсы Калыванава.
— Ну што ён, наш майстра, табе расказваў? — накінулася на мяне былая мадэлька. Пад вачыма ў яе цямнелі кругі — перажывае... Гаспадарова даручэнне блага выконваецца. А гаспадар, відаць, прыспешвае. Але мяне цікавіла адно.
— Дзе Юрый Дамагурскі?
Янчын па-сяброўску паклаў руку мне на плячо.
— А вось Ганначка, як старому сябруку, мне ўсё і раскажа, а потым мы наведаем Юрася... Ты такая малайчына, што наважылася дапамагчы...
Макс белазуба ўсміхнуўся.
— Ну чаму ж менавіта вам раскажа, дарагі Віталь... Я, як прафесійны псіхолаг...
— Сціхніце! — Ліля так раўнула, што калі ў гэтым доме жыў дамавік, ён мусіў схавацца пад печку.— Перастаньце рваць коўдру на сябе, або ніхто нічога не пачуе... Дый ці ёсць яшчэ што чуць?
Баркунова ўдава (ці, можа, забойца?) сумніўна зірнула на мяне. Я страсянула падстрыжанымі валасамі, нібыта скідала апошнія рэшткі сумнення.
— Я тлумачыла... Я не магу нічога расказаць. У тэхніцы не разбіраюся. Толькі пакажу, што запомніла, на гадзінніках. Але найперш хачу бачыць Юрася!
Усе трое перазірнуліся. Бязмоўная рада ворагаў-хаўруснікаў...
— Дык пойдзем хутчэй, пакуль ёсць каго пытацца! — прыспешыў усіх Янчын.
Ахоўнік, падобны да барца сумо, паслужліва бег перад намі і адчыняў дзверы. Вось і знаёмы калідор да майстэрні... Я павольна спускалася па прыступках у паўцемры. Праз расчыненыя дзверы бачылася мірная карціна. Гадзіннікі, расстаўленыя ўздоўж сцяны, більярдны стол... Утульны агонь у каміне... Знаёмыя грамідлы Ігар і Анатоль сядзяць на вінтавых крэслах, ядуць свежыя вішні (самая магнацкая ежа ўзімку) і пстрыкаюць костачкамі ў нябачную мішэнь.
Пры нашым з’яўленні Ігар і Анатоль паслухмяна ўскочылі... Я паглядзела налева і ўбачыла іхнюю мішэнь... У мяне перахапіла дыханне. У куце тварам да сцяны стаяў аголены да пояса Юрась, нізка нахіліўшы галаву. Яго ўзнятыя рукі былі прыкаваны наручнікамі да нейкай трубы, а на спіне вугалем намаляваныя кругі. Відаць, у «мішэнь» трапляла нешта больш небяспечнае за вішнёвыя костачкі, бо спіна Юрася была ў парэзах і апёках.
— Што... што вы робіце...— толькі і змагла прамармытаць я.
Юрась павярнуў, наколькі мог, галаву, аблізаў скусаныя перасохлыя вусны.
— Ды вось, гуляем у святога Себасцьяна.
Голас яго гучаў глухавата, але спакойна, нават з іроніяй. Ён яшчэ жартаваў!
— Вылюдкі!
Я кінулася да «Себасцьяна». У вушах маіх шумела кроў, і я не адразу ўсвядоміла, што Юрась настойліва мяне дапытвае.
— Навошта ты сюды прыехала? Ты што, здурэла, Анэта? Я ж прасіў...
Нечая моцная рука адцягнула мяне на сярэдзіну пакоя. Макс пазіраў усё гэтак жа прыязна, хіба толькі на дне яго шэрых вачэй успыхвалі падазроныя агеньчыкі, як у ваўкалака.
— Ганначка, мы ўсе чакаем... Давайце папрацуем. Заўтра сорак дзён па Аркадзю Баркуну, у імя яго памяці мы павінны аднавіць старажытную карцінку.
Каб я не была ў такім жаху і гневе, засмяялася б, мусіць. Успомніў леташнюю байку...
— Вызваліце рэстаўратара!
Янчын грэбліва скрывіў тлустыя вусны.
— Паспеецца... Не заслужыў ён добрых адносінаў, ёлуп упарты. Давай, Анэта, паказвай... Мы ўсе дапаможам. Што ён з гадзіннікамі рабіў?
Юрась тузануўся ў сваім куце.
— Яна нічога не ведае! Адпусціце яе. Яна не мае ні да мяне, ні да гадзіннікаў ніякага дачынення. Зусім старонні чалавек.
Але на яго крыкі ніхто не зважыў. Толькі Янчын шырока ўсміхнуўся.
— Адхрышчваецца наш майстра ад сваіх пачуццяў. Ведаеш, Ганначка, мы тут учора яму адну ампулку ўкалолі... Ён столькі цікавага пра адносіны да цябе расказаў. Раман цэлы! Так што пашчыруй дзеля свайго рыцара,— і чамусьці дакорліва дадаў: — Та-ак... Рамантычную гісторыю распавёў... І гэта замест таго, каб расказаць пра тое, пра што пыталіся.
— Цэнзура свядомасці можа быць вельмі моцнай! — адразу пакрыўджана азваўся Макс, які, відаць, у словах Янчына ўчуў папрок на свой адрас.— Дарэчы, другая ампулка таксама не спрацавала.
Янчын, у чый гарод на гэты раз, відаць, ляцеў каменьчык, збіраўся быў сказаць нешта з’едлівае, але Ліля злосна крыкнула:
— Лухта вашая хімія! Не з таго пачалі, толькі час страцілі. «Вой, ды каб жа без бачных пашкоджанняў...» Калыванаў з такімі прыдуркамі — дзядоўскімі метадамі, і ні разу не схібіў. Адразу б мяне паслухалі. Давай, як цябе там, Анэта, паказвай, а то твайго рыцара сама пачну на кавалкі рэзаць. І пачну з «кавалка» самага інтымнага і дарагога.