Ночы на Плябанскiх млынах
Ночы на Плябанскiх млынах читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— Не, я не магу так сысці.
— Што ты тут забыўся? — знервавана спытала я.
— Разумееш, калі тое, што тычыцца гадзіннікаў, праўда... А я думаю, што гэта праўда... То гэтыя людзі будуць бегчы, пакуль не памруць.
— І... што?
— Я не магу гэтага дапусціць.
Я разгублена спынілася, гледзячы на выснажаны твар Дамагурскага, і з адчаем зразумела, што мае пярэчанні не будуць мець моцы. Але ўсё-ткі паспрабавала.
— Адкуль ты ведаеш, што яны памруць? Набегаюцца, паваляцца, адляжацца... Мне дык увогуле здаецца, што яны кожнае імгненне могуць апрытомнець. Што тады з намі будзе? Урэшце, яны з табой такое выраблялі... Чаму ты павінен пра іх клапаціцца?
Але Юрась зацяўся.
— Я павінен гэта спыніць.
О, Божа...
— Як толькі ты гэта спыніш, танец смерці пачнецца для нас.
Дамагурскі ўпарта звёў бровы.
— Я не магу дапусціць, каб яны памерлі.
— Паслухай...— Я пакутліва шукала выйсця.— Ну давай хаця б пачакаем, пакуль яны... не змогуць нас пераследваць.
Рэстаўратар задумаўся.
— А... колькі часу павінна прайсці?
Я пастаралася гаварыць упэўнена, нібыта ведаю.
— Ну марафонскі забег колькі доўжыцца? Гадзінаў пяць? Шэсць? Праўда, гэтыя, у карагодзе, бягуць дужа хутка... Але, думаю, за гадзіну з імі нічога не здарыцца. У такіх... анармальных станах арганізм набывае надзвычайныя ўласцівасці. Праз гадзіну можна паспрабаваць... Затое яны нейкі час будуць недзеяздольныя, і мы зможам з’ехаць. Хаця нагадаю, што сярэднявечныя танцы смерці тым і вылучаліся, што шаленцаў не мог спыніць ніхто, ніякая сіла. І... што ты будзеш рабіць з таямніцай? Ці ты дарэмна тут геройстваваў, і ўсё роўна гэтай навалачы ўсё аддасі?
Юрась яшчэ раз зірнуў на карагод, што круціўся ў акружэнні цёмных пачвараў, якія нібыта здзекліва назіралі за шаленцамі, рашуча сказаў:
— Пайшлі... Я ведаю, што рабіць.
Мы падняліся на «панскі паверх». Юрась кіраваўся ў пакоі з Калыванаўскімі калекцыямі, толькі крыху пахістваўся, ідучы. Я ледзь паспявала за ім са старым швэдарам у руках. Праўда, апынуўшыся ля канапы, засланай белым мехам, Дамагурскі ўсё-ткі вырашыў дазволіць сабе выйсці з ваярскага стаіцызму і паваліўся. Я ледзь паспела падхапіць яго, каб зноў не ўпаў на падлогу, і дапамагла ўлегчыся на канапу.
— Нічога... Я зараз... — гэта Дамагурскі яшчэ спрабаваў пераканаць мяне і сябе, што ён у парадку. Ашалець...
Я пашнырыла па пакоі — тут Калыванаў, відаць, бавіў дольчэ фа ньентэ, гадзіны цудоўнага нічога-не-раблення, з дапамогай, акрым усяго іншага, шыкоўнай каробкі з нямецкім шакаладам і калекцыйных каньякоў. Ад каньяку Юрась адмовіўся. Бог яго ведае, што за гадасць у вены паролі, ад адной — свядомасць адключаецца, ад другой — цягліцы рве, нібыта абцугамі, аж суставы выкручвае, невядома, як яно з алкаголем спалучыцца? Лепей выкарыстаць як антысептык...
Адкаркаваў чорную матавую бутэльку з залатымі літарамі, падняў і... выліў сабе на зраненую спіну.
Блазнюк!
Хвіліны, выйграныя намі ў лёсу, цягнуліся цэлае жыццё. Дэкарацыі адметныя. Пусты дом, набіты шыкоўнымі рэчамі — здавалася, патрасі яго, загрукае, як куфэрак з косткамі. У сутарэннях круцілася шалёнае кола, і цікалі сярэднявечныя гадзіннікі.
Юрась пацягнуў мяне за руку і змусіў прылегчы побач. Зусім блізка апынуліся яго сінія вочы, абведзеныя цёмнымі кругамі стомы.
— Адкуль ты даведалася сакрэт гадзіннікаў, малая?
— Прысніла...— абставіны, у якіх мы знаходзіліся, былі такімі фантастычнымі, што мой фантастычны адказ Юрася цалкам задаволіў.
— Чаму ты прыехала?
Я іранічна прыўзняла бровы.
— Здагадайся з трох разоў.
Ён, відаць, здагадаўся з першага. Таму што зноў пацалаваў мяне. Прысмак смерці надае пацалункам асаблівую моц. Калісьці я любіла вадзіць сваіх кавалераў падчас першага спаткання на старыя гарадскія могілкі. Выпрабаванне вытрымлівалі не ўсе. Дамагурскі, у прынцыпе, таксама... Заявіў мне, што цалавацца над чужою магілай — грэх, і звёў у суседні скверык... Які, па-сутнасці, таксама быў калісьці часткай могілак.
Госпадзе, што мы нарабілі адзінаццаць гадоў таму... Нас чакала нашае каханне, быццам шыкоўны святочны торт. А мы, як несвядомыя малечы, напярэдадні свята прабраліся ў гасцёўню і адхапілі па неахайным кавалачку з крэмавымі кветкамі, безнадзейна сапсаваўшы ўрачыстасць.
— Прабач мне, Анэта...— пакутліва прагаварыў Юрась.— Мушу прызнацца — гэта ж я з-за свайго эгаізму ўцягнуў цябе ў гэтую справу. Разумееш, убачыў цябе на кірмашы... Вось і закарцела неяк знайсці падставу для наступных сустрэчаў. Хоць права ніякага не меў у тваё жыццё вяртацца. Не магу сабе дараваць...
Я ўявіла, а што, калі б ён сапраўды не прыйшоў у маю хату... І не зведала б я страху і болю апошніх дзён, і было б у мяне ўсё ціха і спакойна... І мяне аж скаланула ад такога ўяўлення. Я пагладзіла мужчыну па няголенай шчацэ са шнарамі і прамовіла словы, якія, была перакананая, не прамоўлю ніколі і нікому:
— А навошта мне жыць без цябе?
Бомм... Шкло ў шафах тонка задрыжэла. Гадзіннікі працягвалі старанна лічыць час, і ў іх галасах мне чулася злавесная радасць.
Юрась з цяжкасцю ўстаў, нацягнуў швэдар і рушыў да сцяны, упрыгожанай барвовым пухнатым кілімам, на якім была развешаная старажытная зброя — нібыта пакінутая пасля бойкі на залітым крывёй лузе. Павагаўшыся, Дамагурскі зняў з мацаванняў алебарду, такую самую, як у картачнага крыжовага валета. Начышчанае лязо блішчэла, як новенькае. Але, па маім перакананні, метал, які адбіраў жыцці, ніколі не будзе выглядаць звычайна. Лязо алебарды люстравала тыя стагоддзі, калі яно было зброяй смерці. І Юрась выглядаў, як сапраўдны рыцар... Апошні рыцар...
— Пайшлі ў майстэрню...
...Яны ўсё яшчэ беглі па коле, на вуснах — белая пена, хрыплыя галасы рытмічна выкрыкваюць нешта... Юрась падышоў да аднаго з гадзіннікаў, моўчкі паглядзеў у ягоны па-вар’яцку абыякавы масянжовы твар і з усяе сілы ўдарыў па ім алебардай.
Ніколі яшчэ антыкварыят не знішчаўся з такой апантанасцю. Юрась валіў гадзіннікі на падлогу, як смяротных ворагаў, адцягваў убок, разбіваў іх жалезныя вантробы... Я таксама дапамагала, як магла, узяўшы нейкі малаток. Дэталі пырскалі ва ўсе бакі, як дождж Апакаліпсісу. Ірваліся вяроўкі з авечых кішак... Каціліся званы, нібыта адсечаныя галовы... Хутка ціканне сціхла. А карагод усё танчыў. Я старалася не глядзець... Гэта было занадта жахліва... Але дэталі ўразаліся ў памяць. Ліля згубіла адзін туфель, на босай назе парвалася чорная ажурная панчоха, і мільгала яркай плямай ружовая пятка. Правае вока Макса чамусьці налілося крывёю... Шчокі тоўстага ахоўніка трасуцца, нібыта кашалёк у скупой руцэ...
— Што рабіць? — крыкнуў мне Юрась.— Як іх спыніць?
Я разгублена паціснула плячыма. Калі лунатыка раптоўна пабудзіць, ён можа і памерці...
Раптам Юрась наважыўся і з усяе моцы штурхануў таўстуна... Літаральна павіс на ім. А той нібыта не заўважае. Валачэ за сабой нечаканую перашкоду, як мядзведзь, у якога ўчапіўся малады хорт. Урэшце Юрасю ўдалося паваліць апантанага. Нейкі час таўстуна цягнулі за сабой іншыя, але рух запавольваўся. Людзі падалі, але іх ногі працягвалі танец, вусны нешта выкрыквалі...
Юрась пераступіў праз целы, узяў шкляны шар і бразнуў аб падлогу, як выпітую страмянную чарку.
— Усё... Дзякую за гасціннасць.
На развітанне я дастала з кішэні джынсаў канверт з грашыма і сыпанула зялёныя паперкі на пабітыя гадзіннікі.
Юрась зусім выбіўся з сілаў. Я ледзь змагла давесці яго да прыпынку... Але я ўжо ведала, што ніколі не пакіну гэтага чалавека. І гора, і пошасць, і ложак — усё напалам...
Гора хапала — пахаванне Стэлы. Юрась усё-ткі кахаў яе... Мне давялося ўзяць на сябе шмат клопатаў. Тым больш, што Юрасю рабілася блага, асабліва па начах, ён крычаў ад болю, трызніў... Відаць, наступствы тых «ампулак», што яму ўкалолі падчас допыту ў Людвісарава.
Цень Стэлы не стаяў між намі. Я проста часам адчувала, нібыта яна сумна назірае збоку, і яе цёмныя вочы блішчаць у начной шыбе не рэўнасцю або злосцю, а лагодным спачуваннем. Яна быццам разам са мной трывожылася за Юрася, як калісьці ён трывожыўся за яе. І дапамагала мне чакаць яго...