-->

Ночы на Плябанскiх млынах

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Ночы на Плябанскiх млынах, Рублеўская Людміла-- . Жанр: Разное. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Ночы на Плябанскiх млынах
Название: Ночы на Плябанскiх млынах
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 313
Читать онлайн

Ночы на Плябанскiх млынах читать книгу онлайн

Ночы на Плябанскiх млынах - читать бесплатно онлайн , автор Рублеўская Людміла

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 39 40 41 42 43 44 45 46 47 ... 119 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

І пайшоў. Я ў разгубленасці сядзела на ложку. Юрась што, ведае, куды падзеліся мае грошы? Чаму ён вяртаецца ў Мінск? Раптам мне стала горача ад раптоўнай здагадкі. Стэла! Яна ж аднойчы выходзіла з майго пакоя. Жанчына, у якой дзве асобы — цёмная і светлая... Так, яна магла ўзяць канверт. І, відаць, падобнае здараецца не першы раз. Вось прыкрасць...

Мы вячэралі ў маленькім пакоі з эркерным акном. Макс, якому Юрась, відаць, нешта патлумачыў, выбраў для мяне з рэпертуару сваіх усмешак самую зычлівую. Я абвяла вачыма кампанію. Ахоўнікі, чарнявы Ігар і руды Анатоль, у аднолькавых брунатных швэдарах, елі моўчкі, ні на кога не гледзячы. Трэці ахоўнік, таўстун, нібыта барэц сумо, відаць, быў «у каравуле». Я ведала, што ў доме ёсць яшчэ людзі — дзве пакаёўкі, немаладыя кабеты, падобныя да настаўніц, шафёр, які прывёз нас сюды, прылізаны хлопец з тонкімі чорнымі вусікамі, як у артыста нямога кіно Макса Ліндэра. Яшчэ нейкі мужык, нібыта адстаўны ваенны, сачыў, каб лямпачкі гарэлі, і карціны віселі на сваіх цвіках... Нехта гатаваў нам есці, мыў бялізну... Толькі цяпер я пачала ўсведамляць, як гэта складана — мець маёнтак. Як там «Літоўская гаспадыня» раіла: «Кожны з лёкаяў і слуг мусіць выконваць пэўную частку работы. Напрыклад, адзін адказвае за буфет... Другі лёкай мусіць прыбіраць пакоі, падмятаць і наглянцоўваць падлогу. Калі ў доме госці, кожны гасцявы апартамент даручыце аднаму з чалядзінцаў...» Карацей, мы былі «ахмістрыні, дзеўкі і чэлядзь у фальварку». Але ў абслугі таксама мелася свая іерархія, і «ніжэйшы» яе клас харчаваўся ад нас асобна. І ў гэтым доме відавочна не ўхвалялася «балбатня». Мае спробы загаварыць з кімсьці з «персаналу» на больш асабістыя, чым брудны накоўдранік, тэмы выклікалі толькі ветлівую ўсмешку. Цяпер паводзіны шафёра, які падчас драматычнай сцэны між Юрасём і Стэлай ды расповеду Янчына трымаўся нібыта будысцкія малпачкі — «Не бачу, не чую, не гавару» — падаваліся мне цалкам адпаведнымі. Абслуга была вышкаленая. Магу паспрачацца на сваю рудую касу — усе, за выключэннем, мабыць, аховы, ад якой патрабаваліся зусім іншыя якасці,— з вышэйшай адукацыяй і веданнем моваў.

Пасля вячэры Макс зноў запрасіў да сябе на сеанс халяўнай псіхатэрапіі. Але я і так ужо перад ім занадта навыяўлялася...

Я блукала па цёмных прысадах Людвісараўскага парку, расплёхваючы нагамі познюю восень, што ўвасобілася ў куламесу збуцвелай лістоты, бруду і мокрага снегу, і адчувала сябе рачной плоткай, якую міласэрныя дзеткі выпусцілі ў сіняе мора. Нібыта і вады багата, і ежы... А няма ў маёй крыві пякучай солі, да якой звыклі ўсе тамтэйшыя... Хаця я мушу Юрасю быць удзячнай. Дзе б яшчэ такую выгодную працу знайшла? Пры ўспаміне пра Юрася мне зрабілася неяк тужліва. Я не сумнявалася, што ён верне мне грошы. Пазычыць, свае аддасць, але верне. А што, калі ягоная «зорачка» іх патраціла? А ёй жа на лячэнне трэба... Абыдуся я без тых грошай, калі што... Скажу — пачакаю, пакуль пабагацее...

Я кіравалася да альтанкі з калонамі. Але з прыцемку да мяне выплыў светлы сілуэт. Макс, у белым стыльным паліто, трымаў над сабой вялізны парасон, які ў святле ліхтароў здаваўся срэбраным.

— Вы заўсёды блукаеце пад даджом без парасона?

Я неахвотна спынілася.

— Які гэта дождж? Хутчэй, вільготны туман. Я і не заўважыла...

Макс галантна захінуў мяне ад драбнюткіх, як камарыны подых, кропель.

— А вы так і не прыйшлі да мяне на прыём... Ну што ж, добраахвотнасць тут — святое. У мяне для вас добрыя навіны. Лілія Пятроўна прачытала ваш артыкул. Ёй усё спадабалася, ёсць толькі некалькі нязначных правак. Паглядзіце, каля вашага камп’ютара тэчка... Дарэчы, а чаму вы пра гадзіннікі напісалі так сцісла?

— Сцісла?! — абурылася я,— ды ў мяне пра гэтыя гадзіннікі дзесяць старонак!

Макс неяк надта шчыра засмяяўся, беручы мяне пад руку і скіроўваючы ў бок дома.

— Вы ўсё цудоўна зрабілі! Проста калі ў старажытнай рэчы схаваны нейкі сакрэт, гэта заўсёды прыцягвае турыстаў. А ў Ліліі Пятроўны і Пятра Апанасавіча вялікія планы наконт турызму. Прафесар, шкада, не паспеў разабрацца... Вось вы б і напісалі ўсё, што думаеце. Няхай домыслы. Хіба Юрый не расказваў вам нічога наконт сваіх здагадак пра сакрэты гадзіннікаў?

Я асцярожна вызвалілася ад далікатнага дотыку «псіха».

— Думаю, пра важданні Дамагурскага з механізмамі вы ведаеце больш за мяне. Я ўсё роўна ў гэтым нічога не разумею.

— Ну, можа, наш майстар фантазіраваў пры вас, распавядаў пра старажытныя таямніцы?

Я пачала злавацца.

— А вы спытайце ў яго самога. Цікаюць вашыя гадзіннікі, фігуркі рухаюцца... Што вам яшчэ трэба? Казкі ўсё гэта — пра шклянкі, якія разбіваюцца.

Мы падыходзілі да мармуровых скульптураў, што выстраіліся ўздоўж дарогі. Антычныя героі кепска вытрымалі бойку з часам. Скульптар быў не настолькі таленавіты, каб бязрукія, безгаловыя паставы захавалі паважнасць. Праўда, было гэтай паважнасці тут усё роўна непараўнальна больш, чым яе мелася ў гіпсавых скульптурах піянераў і фізкультурнікаў у парку майго роднага мястэчка. Хаця — калі пашанцуе прастаяць тым фізкультурнікам яшчэ сто гадоў, невядома, з якім пачуццём будуць глядзець на іх нашыя нашчадкі? Можа, таксама з настальгіяй і павагай?

Мы параўняліся з пустым п’едэсталам, на якім засталіся толькі мармуровыя ступакі ў сандалях. Макс спыніўся.

— Пра што вы думаеце пры гэтым відовішчы?

— Гэта нейкі тэст? — азвалася я.

— Ну хутчэй асабістая цікаўнасць.

Я ўгледзелася ў знявечаны мармур.

— Я думаю пра тое, што мы — аднадзёнкі, людзі свету аднаразовага посуду і аднаразовай культуры. Продкі, шматкроць болей вартыя за нас, аддавалі жыццё, каб здабыць глыток волі. А іх абылгалі і забылі. Думаю пра тое, што так і не напісала кніжку гістарычных эсэ, як збіралася. Пра старавежскую ратушу, з якой Баркун зрабіў тое ж, што тутэйшыя барбары — з гэтым помнікам. І пра тое, што ад нас не застанецца нават такога п’едэстала.

— Нішто сабе! — Макс іранічна пакруціў галавою.— Рамантыка ды заклапочанасць глабальнымі праблемамі найчасцей ужываюцца з інфантыльнасцю і няздольнасцю вырашаць праблемы прыватныя.

— Гэта мой дыягназ? — холадна спытала я.

— Гэта вашая недасведчанасць,— усміхнуўся Макс.— Ну куды вы выйшлі з-пад парасона? А скульптуры гэтыя колішні гаспадар маёнтка, апошні з магнатаў Людвісараў, загадаў паставіць у гонар сябе самога. Усе статуі мелі ягоны твар. Вось такі... рымскі цэзар з-пад Старавежска.

— Гэты чалавек, якія б ні меў смешныя слабасці, браў удзел у паўстанні, рызыкаваў жыццём... Не дзеля сябе — яны, інсургенты Каліноўскага, ведалі, што іх справа безнадзейная. Дзеля годнасці, гістарычнай справядлівасці, дзеля волі...

— Вось вы якая пасіянарная,— спакойна прамовіў Макс.— Але воля — гэта толькі мара. Вы ўсвядоміць не можаце, наколькі чалавек зняволены сам у сабе. І вызваліцца ад сябе вельмі цяжка.— Макс гаварыў без насмешкі, нават з сумам.— Я ведаю гэта на ўласным прыкладзе. Мая маці працавала прыбіральшчыцай у школе, у якой я вучыўся. Мне заставалася альбо змусіць усіх паважаць мяне праз агрэсію, праз дзёрзкасць, або змірыцца, стаць вечнай «шасцёркай»...

— І які шлях вы абралі?

— Я пачаў вывучаць свае страхі і знішчаць іх адзін за другім. Загаварыць на роўных з багатым хлопчыкам... Заваяваць самую прыгожую дзяўчынку... Адказаць вясёлым жартам на крыўдную дражнілку... Я сам сябе зрабіў, адбіваючы па кавалку ад панцыра, у які закаваў мяне лёс. І я ведаю, што гэта магчыма, хоць і вельмі цяжка. Перастаньце ж і вы баяцца самой сябе сапраўднай. Дайце сабе волю.

Макс пяшчотна дакрануўся да майго пляча. Срэбны парасон над намі быў падобны да альтанкі для рамантычных спатканняў... А чаму б і не? Я не святая... Хаця выхаванне ў сям’і, дзе ніколі не было мужчынаў — маці, бабуля і я (мужчыны лічыліся нечым варожым і непатрэбным) адбілася... Маланкавы шлюб з Юрасём яшчэ больш умацаваў перакананне ў ненадзейнасці «двухногіх пеўняў бяз пер’яў» і патрэбу ў «сур’ёзных адносінах». Не дзіва, што сур’ёзных адносінаў не атрымлівалася. Раман з малавядомым паэтам доўжыўся пяць гадоў... Паэт патрабаваў рыбных страваў і цішыні, калі прыходзіць натхненне. А потым сышоў да кабеты, якая выганяла яго пісаць натхнёныя вершы на кухню. Мастак-марыніст пратрымаўся са мною год. Паміж мастаком і паэтам быў яшчэ паляк, які прыехаў сюды вывучаць беларускую філалогію. Я нават пасялілася разам з ім у інтэрнаце... Можа, і дарэмна не з’ехала з тым Гжэсем у Польшчу? Хаця не так ён ужо і ўгаворваў. Мусіць, не мог дараваць маёй упартасці наконт беларускай прыналежнасці Адама Міцкевіча, Яна Баршчэўскага ды іншых гістарычных персонаў, зацятая спрэчка наконт якіх сталася для нас гэтаксама звыклай, як вячэра. А навошта звязваць жыццё з чалавекам, які забяспечыць штодзённыя прафесійныя дыскусіі дома, дзе хочацца не толькі ногі, але і душу ўсунуць у мяккія цёплыя пантофлі? Ну а цяпер, падобна, маім чарговым «захапленнем» можа стаць псіхатэрапеўт...

1 ... 39 40 41 42 43 44 45 46 47 ... 119 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название