Ночы на Плябанскiх млынах
Ночы на Плябанскiх млынах читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— Знойдзем падлюку. Пайшлі, Анэта...
Богуш ласкава паклаў руку ёй на плячо. Але дзяўчына ў жаху глядзела на аднаго з чужынцаў, які засоўваў за пояс адабраны ў кагосьці меч, упрыгожаны дыяментамі, вялікімі, як вочы сарны... Анэта разгледзела на лязе выбіты малюнак — вершнік на кані... Герб Старавежска... Што робіцца ў яе горадзе! Дабро і зло перамешваюцца ў страшным віры часу, але ўсё-ткі не робяцца адным, як не робяцца адным вада і воск. Вялікі князь прыслаў лекара з ягонымі д’ябальскімі машынамі, каб той дапамог прывесці горад да пакоры... Богуш прывёў карачунцаў, каб выгнаць лекара... Хтосьці са старавежцаў стаў на бок Богуша, другія, мабыць, б’юцца побач з воямі Вялікага князя супраць карачунаў... І ў выніку — свае забіваюць сваіх. Няўжо гэта з-за яе, Анэты? Госпадзе, як зразумець, дзе — праўда?
І дзяўчына раптам адштурхнула свайго жаніха і кінулася ўніз па лесвіцы. У гэтае імгненне з плошчы данёсся магутны крык:
— Святы Юры! Бі, бі! Святы Юры!
Войска вялікага князя выйшла з засокі.
— З вежы анікога не выпускаць! — крычаў голас Лаўрына Рожы.— Здрайцаў і ведзьмакоў не шкадаваць!
Над Старавежскам зноў поўз горкі дым, нібыта ён ніколі ўжо не сыдзе з гэтага горада.
* * *
Я з’ездзіла да маці — нарэшце магла дазволіць сабе прыстойныя гасцінцы. І хаця дармовыя ўрокі пра тое, як трэба жыць, і за каго мне лепш выйсці замуж, былі горш, чым колішнія ўрокі палітычнай эканомікі, але пры кожным поглядзе на ссівелыя матчыны валасы ў мяне сціскалася сэрца ад невыпраўнага пачуцця вінаватасці, і я адцягвала ад’езд. Можа, і праўда — кінуць той горад, дзе я так і не навучылася выжываць, перабрацца сюды, папрасіцца ў раённую газету...
Не, невыносна вярнуцца няўдачніцай. Дый маці сама па-ранейшаму мела планы наконт пераезду — колькі сябе памятаю, яшчэ бабуля была жывая, доўжылася гульня ў абмен нашай кватэркі ў самотным двухпавярховым панэльным доме сярод бульбяных «сотак»... Шукаліся па аб’явах варыянты. Ды не ў сталіцы ці якім абласным горадзе — а паэкзатычней... Напрыклад, у малдаўскім Ціраспалі, або ва ўкраінскім Нікалаеве. Справа заканчвалася матчынай паездкай — паглядзець кватэру. Але на месцы абавязкова выяўляўся нейкі недахоп — побач заводская труба, або аэрапорт, ці дом крыва збудаваны... Я здагадвалася, што мы ніколі нікуды не пераедзем. Але ў нас заўсёды была надзея на Вялікія Змены ў жыцці.
Можа, таму я і не люблю цяпер ніякіх планаванняў.
Пасля таго, як былая аднакласніца прыйшла да мяне з бутэлькай «чарніла» аднавіць колішняе сяброўства і прадэманстравала ў ветлай усмешцы залаты зуб, і пачала распавядаць пра лупцоўкі мужа, і як на танцах у клубе парнулі Аньчынаму хлапцу пад скабы шылам, я вырашыла, што час з’язджаць...
І ў чарговы раз дала сабе слова — знайсці добрую працу, набыць у Мінску вялікую кватэру, перавезці туды маму...
І ўжо калі мы чакалі аўтобуса на прыпынку пад перакошанай, паржавелай шыльдай, на якой яшчэ красаваліся парэшткі мінулагодняй улёткі з кавалачкам глянцавай фізіяноміі раённага кандыдата ў дэпутаты,— адна ўсмешка, як ад Чэшырскага ката,— маці прамовіла:
— Ты, відаць, закахалася...
Я разгубілася. Чаму яна так вырашыла?
— Не пярэч, хіба я не бачу... Закахалася па вушы. І, як заўсёды, няўдала. Ды плюнь ты на яго, хто б ён ні быў! Знойдзеш лепшага. А то ўздыхае, пераймаецца... Шкода глядзець.
Я пачала абурана тлумачыць, што ўсё не так, але, бразгаючы ржавым начыннем, падышоў аўтобус.
А ўвечары патэлефанаваў Юрась. Увесь устрывожаны — дзе я падзелася? Было няёмка — я ж забылася на яго паперчыну са старанямецкім тэкстам. Нічога, заўтра ж перакладу... Пра тое, што адбываецца ў Людвісарава, з Юрася аказалася выцягнуць гэтак жа лёгка, як адабраць у райтвелера сваю пальчатку. «Нармальна», «Працую» — і ўсё...
— Паслухай, а ў якой бальніцы ляжыць Стэла? Можа, наведаць?
Юрась, здаецца, узрадваўся і ўсхваляваўся ад маіх словаў — дзівак, не мог сам папрасіць. Назву клінікі я чула ў нейкай рэкламе — «Медсервісцэнтр “Гіпакрат”». Будынак на ўскраіне, ля нядаўна заснаванай «рэзервацыі для багацеяў» — пасёлка шыкоўных катэджаў.
З трубкі ўжо хвіліны тры пішчэлі сігналы, нібыта ўся тэлефонная сетка спрабавала дакрычацца да маёй свядомасці. Але свядомасць была замкнутая на філасофскім пытанні, справакаваным матчыным «прагнозам» пра мой эмацыйны стан: «Чым ёсць мае адчуванні да Юрася?» Вінегрэт выключны: шкадоба, цікавасць, некаторая рэўнасць (так, так, прызнайся ж), раздражненне, трывога... Бог ведае, што яшчэ... Толькі не каханне! Не, ніяк не каханне! Як там у Стэндаля: перыяд крышталізацыі, голая галінка, апушчаная ў саляны раствор, абрастае цудоўнымі ўпрыгожваннямі... Гэтак мусіць адбывацца з вобразам каханага. Паколькі я Юрася не крышталізую, няма неадольнага жадання бегчы да яго, быць побач, то...
Проста хворае ўяўленне — мне ўсё трызніцца, нібыта ён топіцца ў нейкай багне... Сам жа туды ўскочыў. Ды яшчэ мяне цягнуў...
Ды якая мне справа да чужога мужа? Жыла неяк без яго адзінаццаць гадоў, і амаль не ўспамінала.
А тут яшчэ пазваніў былы аднакурснік, які цяпер працаваў у заняпалай беларускай газетцы, і прапанаваў працу... Відаць, справы былі ў іх зусім дрэнь — бо мяне меркавалася заманіць на пасаду не шараговага журналіста, а адразу — адказнага сакратара. Зарплата невялічкая...
— Затое ўсе творы твае выдрукуем! — горача абяцаў аднакурснік.— Зробім з цябе вядомую пісьменніцу! Карыстайся момантам...
Бедная літаратура, калі пісьменнікаў можна рабіць з такога... матэрыялу. А відаць жа, робяць.
Але я абяцала падумаць.
А пакуль паехала адведаць «зорачку»-Стэлу. Будынак клінікі ўвесь у чорным люстраным шкле, нібыта ўваход у іншае вымярэнне. Здавалася, праз гэтае шкло можна прайсці, як праз пералівістую, пругкую плёнку, і апынуцца ў сваім мінулым, дзе няма цяперашняга болю... Але ў гэтых сценах панаваў боль. Боль і страх працялі светлыя чысцюткія калідоры, струменілі з галагенавых свяцільнікаў, выпаўзалі нябачнымі смаўжамі з палатаў, абсталяваных па апошнім слове...
Да Стэлы Дамагурскай мяне не пусцілі. Рэанімацыя, цяжкі стан... Пост нумар чатыры. Але я ўявіла, што мне не будзе чаго распавесці ўсхваляванаму Юрасю, акрамя сухіх словаў рэгістратаркі... І пяцьдзясят даляраў Баркуновай удавы знайшлі сабе лепшую гаспадыню. Я заўсёды дзіўлюся — як у мяне прачынаюцца дзелавыя здольнасці, калі трэба вырашыць чужую справу... І наколькі я разгублена пачуваюся, калі трэба вырашыць сваю. Неяк на першым курсе мы з сяброўкай з дзіўным імем Пелагея стаялі ў чарзе па нейкую касметыку — я яшчэ заспела эпоху чэргаў. Ахвотных было як маку, пачалі пагаворваць, што на ўсіх не хопіць...
— А ты памаліся, папрасі Бога, каб табе хапіла тушы і памады! — шчыра параіла Пелагея.— Я заўсёды так раблю...
Я ўявіла, як звяртаюся да Госпада з просьбаю пра памаду... І мне стала так сорамна! Ну здароўя прасіць... Цярплівасці... Мудрасці... А то — пушачку замежнай памады! І ўвогуле, дзеля такой нявартай рэчы я губляю свой час, злуюся, кідаю цень на душу... Карацей, сышла я з чаргі. Так і жыву... Чэргі абыходзячы.
Маладзенькая медсястра, спакушаная маёй паўсотняй, дала мне белы халат і шапачку і нават прымусіла начапіць марлевую павязку. У калідоры я ўсвядоміла, чым усё-ткі адрозніваецца прыватная клініка ад дзяржаўнай. Не чысцінёй і абсталяваннем, а... пахам. Відаць, тут спецыяльна ўжывалі вохкія мыйныя сродкі, таму што ў калідоры пахла хвояй. Я ўспомніла свае знаходжанні ў бальніцы, вялізныя скураныя пантофлі, падобныя да раздушаных чарапах, з накрэмзаным алейнай фарбай нумарам аддзялення... Фланэлевы халацік «эканамічнага колеру»... Смурод хлоркі і бальнічнай ежы... Фу.
— Ну вось, пост нумар чатыры...— прашаптала мне мая спадарожніца.— Заходзіць ні ў якім разе нельга. Туды, акрамя галоўнага ўрача і медсястры, прымацаванай да паста, нікога не пускаюць. Паглядзіце праз шкло на вашую сваячку... І пойдзем, пакуль ніхто не заўважыў.
Стэла ляжала на ложку, падобным да прылады для катавання. Антураж быў адпаведны... Сюрэалістычны. Трубкі, па якіх у яе вены пералівалася нейкая празрыстая вадкасць... Страшны «гармонік», падобны да пачварна разрослай дзіцячай цацкі, рытмічна сціскаўся і распростваўся, ад яго ішоў гумавы шланг да маскі, што закрывала твар хворай... Штучныя лёгкія, здагадалася я. Збоку на экране беглі ламаныя лініі.