Ночы на Плябанскiх млынах
Ночы на Плябанскiх млынах читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— Воля... Скуль ты можаш ведаць пра волю, жывучы ў гэтым забытым Госпадам куце... Тут цябе адно што заб’юць, як апантаную. А ты можаш мне яшчэ дапамагчы.
— Я не хачу дапамагаць табе ў тваіх чарах! — запярэчыла Анэта.
— Зноў ты пра чараўніцтва, маленькая дзікунка...— раздражнёна сказаў Бернацоні.— Мне патрэбны адвар, які я яшчэ не склаў да канца. Мая праца не скончаная, і твая таксама. Я выведу цябе адсюль незаўважна. Рыхтуйся...
— Я застануся!
Але дзверы ўжо зачыніліся.
* * *
Я сядзела, бяссіла апусціўшы галаву на стол, завалены паперамі. Тахканне адрэстаўраваных Юрасём гадзіннікаў у суседнім пакоі малявала ў маёй беднай галаве выразную карціну: хвілі падаюць жалезнымі кроплямі на каменную падлогу, падскокваюць, коцяцца, сутыкаюцца, як більярдныя шары, і вось ужо ўся падлога засыпаная імі, бліскучая звонкая гара вырастае да столі, вось-вось засыпле мяне халодным важкім цяжарам... Так і ў беднага прафесара мазгі «паехалі»... Як патлумачыў за сняданкам Макс, чарговае абвастрэнне шызафрэніі. А цяпер са мной нядобрае...
Псіхічныя захворванні сапраўды заразныя...
— Што з вамі, дарагая паненка?
У голасе Макса, здавалася, гучала непадробная трывога... Гэта было нашмат лепш, чым ягоны звычайна бадзёры тон. Я падняла галаву, правяла далоньмі па твары, сціраючы начныя жахі. І нечакана загаварыла пра тое, што аніяк не хацела з некім абмяркоўваць.
— Скажыце, гэта праўда, што калі сны паўтараюцца, гэта прыкмета шызафрэніі?
Калі Макс і здзівіўся, то змог гэта не паказаць. Ён прысеў побач на офіснае шэрае крэсла і іранічна ўсміхнуўся.
— Калі б вы ведалі, колькі ў кожным з нас таго, што ўрачы ў розны час лічылі сімптомамі шызафрэніі, вы б здзівіліся. Людзі проста палохаюцца ўсяго, на іх погляд, незвычайнага, асабліва што тычыцца ўласных адчуванняў. А ёсць такая з’ява, як галюцыянацыі ў зусім здаровых — напрыклад, калі прачынаешся... Расплюшчваеш вочы, а ўзоры на шпалерах ажываюць, ці бачыш у іх чыесьці абліччы... Я, дарэчы, часта сню адны і тыя ж сюжэты. Праўда, калі верыць Юнгу ды ягоным паслядоўнікам, то тых сюжэтаў усяго некалькі на калектыўную падсвядомасць чалавецтва.
Макс прыязна паглядаў на мяне, пакручваючыся ў крэсле. Позірк шэрых вачэй з доўгімі вейкамі то гарэзны, то даверлівы... Светлыя валасы ўкладзеныя ў мастацкім непарадку з дапамогай геля. Шэры гольф, светлы пінжак, нагавіцы з акуратна выпрасаванымі стрэлачкамі... Стыльны мужчына. Разумны і іранічны. Мімаволі ўспомніўся Юрась з ягонымі працёртымі на локцях швэдарамі, вечнымі джынсамі і няшчаснасцю. Як добра, што былы муж так і застанецца для мяне былым... Разам з усімі сваімі жыццёвымі няўдачамі.
— Ганна, прабачце за нахабства, але што за сны вы бачыце?
Макс, не дачакаўшыся ад мяне добраахвотнага працягу спавядання, падахвочваў да шчырасці. Што ж, ён, відаць, не такое чуў...
— Сніцца сярэднявечча... Нібыта я — дзяўчына, якую замкнулі ў вежы. Але ўсё так сцерта... Як у кепскім фільме. Танныя дэкарацыі, танная рамантыка... А момантамі — рэальна, аж да жаху. Памятаю, у маіх снах ёсць блазан з сагнутай спінай... Ён увесь час смяецца. Злая жанчына з цёмным, сухім тварам... Прыгожы рыцар, якога да мяне не пускаюць. А яшчэ нейкі ці доктар, ці астролаг у цёмным... Часам гэта ўсё прывязваецца да рэальнасці — доктар здаецца мне тым самым Бернацоні, якому належалі гадзіннікі... Вежа — Старавежскай ратушай... Праўда, апошнім часам забываю, што сніла... Толькі ўражанне застаецца — змрочная готыка. Прачынаюся ўся змучаная...
Я змоўкла, баючыся падняць вочы на пана псіхолага. Ягоны вясёлы смех змусіў мяне падняць вочы. Макс нахіліўся да мяне.
— Вашыя сны — проста падарунак... для падручніка па псіхааналітыцы. Такія... тыповыя. Дакладней — архетыповыя. Не буду нагрувашчваць вас тэрмінамі, але, скажам, блазан падобны да Трыкстэра, аднаго з архетыпаў, апісаных Юнгам. Ён увесьчасна крыўляецца, не добры і не злы, але можа парадзіць, дапамагчы... Ці ўчыніць брыду. Так?
Я моўчкі кіўнула галавой. Макс усміхнуўся і працягваў:
— Доктар у чорным — безумоўна, гэта Персона... Тая частка вашай асобы, якую вы лічыце галоўнай, і якая насамрэч — вашыя забабоны, ваша няздзейсненае славалюбства, жаданне добра выглядаць у вачах іншых... Ён вамі камандуе, вы — у ягонай уладзе, хочаце вызваліцца, але вам не хапае моцы... Так?
Я заспяшалася сказаць самае патаемнае, што мяне мучыла.
— Ну калі я не звар’яцела... Можа, я ўспамінаю нешта... з мінулага жыцця?
Макс загаварыў нечакана сярдзіта:
— Ну не чакаў ад вас такога... Адразу выкіньце падобны блёкат з галавы. Рэінкарнацыя... Душа паслухмянага баабаба перасяляецца ў крэветку. Як вы можаце ў такое верыць? Вось жа на вас срэбны крыжык... Вы хрысціянка?
Я вінавата апусціла галаву.
— Хрысціянка... Але мне страшна... Я не разумею, што са мной адбываецца...
— Тое, што з усімі, хто доўга хаваецца ад сваіх праблемаў,— гэтак жа сярдзіта сказаў Макс.— Гэтыя праблемы знаходзяць іншую форму, каб дастукацца да свядомасці. У вашым выпадку — праз сны. У іх непазнавальна змяняецца знаёмая рэальнасць, сінтэзуецца з некалькіх вобразаў — адзін. Вы бачыце сябе замкнёнай у вежы... Гэта з-за артыкула пра вежу ў вас пачаліся непрыемнасці? Прабачце, але мне тое-сёе пра вас расказваў пан Янчын.
— Так...
— І ў жыцці вы не знайшлі годнага выйсця з сітуацыі. Вось вам і сімволіка... Вечарам прыходзьце да мяне ў кабінет, гэта на другім паверсе. Пагаворым, падумаем... Ігар, наш ахоўнік, правядзе да мяне.
На другі паверх пасля ўрачыстага абеду ў дзень прыезду мы ніколі не хадзілі. Нашае месца — у былых пакоях для прыслугі. Але нават з-за цікаўнасці патрапіць на «панскі паверх» да «псіха» ісці не збіраюся. Вось скончу сваю працу — і дахаты... Хай Юрась адзін важдаецца... Цікава, ён праўда, як сказаў мне за сняданкам «чалавек небяспечнай прафесіі» Ігар, паехаў разам са Стэлай у царкву на нядзельную службу? Такі вернік стаў... Што ж, няхай Гасподзь дапаможа ім абодвум... І мне б не пашкодзіла паехаць з імі. Калі я апошні раз была ў царкве? На Вялікдзень, мусіць. Не дзіва, што цемра сабралася на душы...
Так, вырашым апошнюю загадку. Няхай Аркадзь выявіўся цынічным нягоднікам, але — кінуць працу, адмовіцца ад грошай? Калісьці я б так і зрабіла, нават з-за адной знявечанай вежы. Але цяпер не знаходзіла ў сабе стрыжня, які б утрымаў мяне ад жадання схіліцца перад абставінамі. Хаця мне ўсё менш падабалася, што гаспадары цікавіліся адно доследамі з гадзіннікамі, тым, што я пра іх перакладала, перапытвалі, прыспешвалі, кантралявалі, а пра Аркадзя нібыта і забыліся.
Я расклала на стале паперы з запісамі. Мы маем дванаццаць гадзіннікаў. Кожны названы ў імя аднаго з дванаццаці апосталаў. У якой чарговасці звычайна згадваюцца вучні Госпада? Так, як іх паклікаў Гасподзь? Першымі былі Пётр і яго брат Андрэй, рыбары... Пасля — зноў браты, Якуб Зевядзееў і Ян. Потым — Піліп, Баўтрамей, Тамаш, мытар Мацей, Якуб Алфееў, Тадэвуш, Сымон, і апошні — Юда... Ці магла быць іншая чарговасць? Я яшчэ раз прайшлася па інтэрнэтаўскіх сайтах, трапляючы то на форум прыхільнікаў готыкі, то да акварыумістаў: «Мая залатая рыбка ляжыць на баку, вочы вырачыліся, а хвосцік падкурчаны...» І нарэшце на сайце аматараў эзатэрыкі напаткала табліцу, дзе кожны апостал звязваўся з пэўным знакам задыяка. Чарговасць была трохі іншай... Пётр — Авен, Андрэй — Цяля, Якуб Зевядзееў — Блізнюкі, Ян — Рак, Тамаш — Леў, Якуб Алфееў — Дзева, Піліп — Вагі, Баўтрамей — Скарпіён, Мацей — Стралец, Сымон — Казярог, Тадэвуш — Вадалей, Юда — Рыбы... Да таго ж усё ўвязвалася са стыхіямі, рэчывамі, колерамі, каштоўнымі камянямі... Гэта, вядома, блюзнерства. Асабліва для сярэднявечнага хрысціяніна. Што было важней для Бернацоні — слова Святога Пісання або астралогія? Я ўявіла лекара... Падобным да таго, чорнага лекара маіх сноў. Пранізлівы погляд чорных вачэй, строгія вусны... Амаль Калыванаўскае аблічча! Уявіла, як ён зацята паводзіўся падчас допытаў інквізіцыі... Сярэднявечная Прага — горад магаў. Лекар на той час абавязкова мусіў быць і астролагам. Як там у вершы Максіма Багдановіча: