Ночы на Плябанскiх млынах

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Ночы на Плябанскiх млынах, Рублеўская Людміла-- . Жанр: Разное. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Ночы на Плябанскiх млынах
Название: Ночы на Плябанскiх млынах
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 324
Читать онлайн

Ночы на Плябанскiх млынах читать книгу онлайн

Ночы на Плябанскiх млынах - читать бесплатно онлайн , автор Рублеўская Людміла

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 34 35 36 37 38 39 40 41 42 ... 119 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

— Стэла! Вам нядобра? Паклікаць Юрася?

Вочы жанчыны спыніліся на мне, але мяне яна не бачыла.

— Аркаша! Дай мне гэта! Аркаша! Ну хоць адну! Сволач, я ж ведаю, што ты хочаш! Але спярша — дозу... Ну хоць адну! Юрась адпрацуе... Ён у нас добры...

Гэты хрыплы голас было немагчыма слухаць. Я патрэсла Стэлу за худое плячо:

— Я не Аркаша... Я — Ганна Барэцкая. Памятаеце мяне? Пастарайцеся ўстаць... Я правяду вас да вашага пакоя.

Стэла апусціла галаву, нібыта паламаная лялька, здавалася, побач упалі нябачныя ніткі, за якія вадзіў яе злосны лялькавод. Прасцей за ўсё было паклікаць ахоўнікаў або Юрася... Але мне не хацелася, каб гэтую жанчыну ўбачылі ў такім прыніжэнні. Магчыма, ёй было ўсё роўна... Але я не хацела з гэтым змірыцца. Кінула на нейкі пуфік прыхоплены з сабой пухнаты ружовы рушнік і пакет з гумавымі пантофлямі і нязграбна падхапіла Юрасёву жонку пад пахі... Якой яна была худзенькай і лёгкай, нібыта лясная птушка...

Больш за ўсё я баялася, што яна пачне адбівацца і крычаць. Але Стэла паслухмяна ішла, і нават спрабавала гэта рабіць без маёй дапамогі. Юрася ў пакоі не было. Гадзіннікі рамантуе... Я ўсадзіла Стэлу на канапу... А што цяпер? Я чытала пра паводзіны наркаманаў... Стэла, відаць, адчула маю боязь і падняла вочы — я з палёгкай убачыла, што свядомасць хоць трохі вярнулася да яе.

— Дзякую... Вы не бойцеся... Зараз — гэта не найгоршае...

Я патроху пачала адыходзіць да дзвярэй — магчыма, мне яшчэ ўдасца паплаваць у басейне да вячэры...

— Чым вам яшчэ дапамагчы?

— Мне мог дапамагчы толькі адзін чалавек... Калі было зусім дрэнна — ён з’яўляўся, нібыта адчуваў... Яго больш няма... Хаця часам мне самой хацелася забіць яго...

Голас Стэлы гучаў гэтак санліва, быццам вось-вось перарвецца. Але мне раптам зрабілася горача ад здагадкі:

— Вы пра Аркадзя Баркуна? Гэта яго вы клікалі?

Стэла паспрабавала прыгладзіць рукой растрапаныя валасы, але непаслухмяныя пальцы толькі зблытвалі чорныя пасмачкі.

— Так, Аркадзь Баркун... Добразычлівы такі сябар... Багаты... Душэўны...— голас Стэлы гучаў горкай іроніяй.— А Юрась зусім не разбіраецца ў людзях, яго толькі лянівы не падмане. Хто-хто, а вы ж павінны гэта ведаць, Ганна... Дурань ён, Юрась... З самай горшай разнавіднасці — старанных дурняў. Вось і прыліпае да яго ўсялякая навалач. Хаця мне грэх асуджаць — на маім шляху навалачы траплялася яшчэ больш... Мне было шаснаццаць, а бацькаваму сябруку, вядомаму мастаку — за сорак... Ён прапанаваў дапамагчы «адчыніць браму натхнення». І зрабіў мне першы ўкол з «натхненнем»... А потым пацягнуў у ложак. А я доўга яшчэ верыла, што гэтак раблюся вялікай мастачкай! Але вы мяне шкадаваць не ўздумайце — вам недасяжныя тыя вяршыні і тыя глыбіні, якія адкрыліся мне! Я нізавошта не адмовілася б ад гэтага спазнання! — на твары Стэлы раптам загарэлася хворая чырвань, вочы фанатычна заблішчэлі, голас узвысіўся.— Ведаеце, я — Ева, якая дарэмна працягвае надкусаны яблык спалоханаму Адаму... Як на карціне Святаслава Рэрыха... Вы любіце Рэрыха-малодшага, дарэчы? Я дык люблю больш, чым старэйшага, Мікалая, той у сваіх карцінах хаваў веды за абрысамі гор і аблокаў. А Святаслаў выказваецца адкрыта, няхай наіўна, дзесьці — мовай кічу. Але яго пасланні ўцямныя і канкрэтныя! Не трэба баяцца адкусіць ад яблыка! Не трэба баяцца волі!

Раптам твар Стэлы стаў шэры, як мокры гіпс. Яна млява махнула рукой у бок дзвярэй.

— Ідзіце... Зараз пачнецца не вельмі эстэтычнае відовішча...

З мяне было досыць. Я бегма рушыла ў падвал, дзе ля гадзінніка з таемным імем Піліп завіхаліся Юрась і пан прафесар. Рэстаўратар толькі зірнуў на мяне, на мой збянтэжаны твар, і адразу пабег да сваёй «зорачкі».

Я ўстрывожана гадала, ці ведаў Юрась, хто даваў Стэле наркотыкі? Ён жа казаў мне, што не ведае. Але калі яна трызніла пры мне, напэўна ж, здаралася і пры мужы. Для чаго Баркун гэта рабіў? Няўжо быў гэтым... Як яго... Дылерам? Дыгерам? Не падобна... Са спачування? Але ж ён з’яўляўся ў тыя моманты, калі Стэла, паводле словаў Юрася, была амаль гатовая «завязаць»... Хутчэй, проста хацеў мацней прылучыць да сябе даверлівага сябрука. Юрась браўся за любую працу, каб зарабіць грошы дзеля ратавання жонкі... Ну вылечылася б Стэла, зажылі б яны больш-менш шчасліва, нарадзілі дзіця, і Юрась пасылаў бы да пана Хута ўсялякія сумніўныя заказы і сумніўных кліентаў... Падобна, што Баркун яшчэ і пэўную плату з прыгажуні браў... Так бы мовіць, «натурай». Я ўспомніла круглае, аптымістычнае Аркадзева аблічча, яго чырвоныя, тлустыя вусны, і мне зрабілася нядобра... Нібыта адчыніла ўлюбёны куфэрак з упрыгожваннямі, а там — пачварны павук. А калі Юрась гэта ведаў, ці не мог ён сам пакараць сябра? Служыў у арміі, значыць, страляць навучыўся... Ці заплаціў за нечы стрэл?..

Невыносна так думаць... Я накінула на сябе куртку і, забыўшыся на вячэру, пабегла з дому, патлумачыўшы чарняваму ахоўніку Ігару, што стамілася і хачу прагуляцца. Дзіўнаваты пагляд Ігара ў мой бок вытлумачыўся, калі я выскачыла за паслужліва расчыненыя перада мной дзверы. Халодны дождж, аздоблены шматкамі паміраючага снегу, абняў мяне, здавалася, са шчырай радасцю — відаць, і не спадзяваўся, што нейкая істота ў такую шарую гадзіну захоча падзяліцца з ім сваім цяплом. Зараз жа са мной звёў знаёмства і вецер — магчыма, ён лічыў гэта пацалункамі, але атрымаліся сапраўдныя поўхі, ад якіх мае шчокі знямелі. Я падняла каўнер сваёй куртачкі і хуткім крокам пайшла між белых плямаў ліхтароў, абы далей, абы ніхто не бачыў...

Чамусьці я зварочвала на сцяжынкі, па якіх мы з Юрасём не хадзілі — нібыта не хацела сустракацца з ягонымі слядамі... Вярэдзіла раздражненне — ну навошта ён зноў з’явіўся ў маім жыцці! Дапамагчы захацеў... Правільна Стэла сказала — старанны дурань... Хутчэй, хутчэй скончыць сваю працу — і выбірацца адсюль! Засталося ўсяго нічога — сфатаграфаваць гадзіннікі, расставіўшы па крузе. А быў у іх нейкі сакрэт ці не, і які — ну каму справа праз пяцьсот гадоў! Я ўжо не тая дзяўчынка, што гатовая была адразу ж ехаць у глухую вёску, спрачацца, угаворваць, дашуквацца — бо там мог захавацца ліст расстралянага паэта... Цяпер я працую на людзей, якім нашая гісторыя — толькі дыванок пад дзвярыма рэспектабельнай фірмы... Калісьці я з пенай на вуснах даказвала, што ніколі не напішу таго, што не думаю, што ў мяне ёсць прынцыпы і духоўныя каштоўнасці... А вось зараз напісала дваццаць старонак пра тое, якім высакародным мецэнатам быў чалавек, які зруйнаваў старажытную вежу і даваў наркотыкі жонцы сябра... А Юрась? Наколькі змяніўся ён? На што ён здольны сёння? Вось яшчэ нядаўна я думала пра яго з жалем, з нейкім хваляваннем, а варта было западозрыць у злачынстве — і я ўнутрана аддзяліла сябе ад яго, здрадзіла яму... Не кахала я нікога ў жыцці, і мусіць, гэтага і не адбудзецца. Не валодаю я такім талентам... Каб — «і ложа, і пошасць адны на дваіх»...

У прыцемку нешта бялела. Я зразумела, што дабрыла да калонаў, якія засталіся ад зруйнаванай часткі палаца. Спатыкаючыся аб камяні і карэнне, я пайшла да гэтых сведкаў былой славы маёнтка... За калонамі святлела нешта, падобнае да маленькага храма. Альтанка! Таксама з калонамі, толькі меншымі, а галоўнае — з дахам! Самотны ліхтар асвятляў яе прывідным, сляпым святлом. Круглая, нібыта куфэрак, і нават рэшткі сценаў ёсць — між калонамі калісьці былі вітражы... Я паднялася па разваленых прыступках, ледзь не ўпаўшы. Сховішча ад ветру і дажджу ненадзейнае, але ўсё-ткі — абарона... Цікава, хто сядзеў у гэтай альтанцы пару стагоддзяў таму? Мне не было на што прысесці, я проста прыхінулася да адной з калонаў і паспрабавала ўслухацца ў сябе...

— Бомммм!..

Што гэта? Гук даносіўся з боку дома. Нібыта сотні маленькіх званоў гралі п’есу звар’яцелага музыкі. Гэта ж гадзіннікі! Юрась амаль усе адладзіў... А гадзіннікі ўсё білі і білі, і нават тут, у альтанцы, за сцяной ветру і дажджу, ад гэтага звону рабілася невымоўна тужліва, нібыта дзесьці ты пакінуў дарагое, апошняе, і калі неадкладна не памчышся туды, яно знікне, ужо знікае, і ўсё астатняе жыццё станецца пустым, як мёртвы вулей...

1 ... 34 35 36 37 38 39 40 41 42 ... 119 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название