Ночы на Плябанскiх млынах
Ночы на Плябанскiх млынах читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Ды дзеля грошай, даражэнькая... Прызнайся нарэшце самой сабе, што проста прадалася. Месяц працы — за цэлы год бесклапотнага існавання...
— Не чапайце мяне! Пусціце!
Голас Стэлы зрываўся, як струны скрыпкі, якая цэлы век праляжала ў нейкіх лёхах.
Вар’ятоўня! Але ж я нічога не змяню... Хутчэй зрабіць тое, што ад мяне патрабуецца... Тысяча даляраў на дне валізы, мой аванс — чым не падстава для цярплівасці?
Але цярплівасці мне заўсёды бракавала...
І нараніцу я ўзялася за паперы, як рупная гаспадыня за пустазелле — толькі шамацелі... Баркунова біяграфія ўзнікала на маніторы камп’ютара, як палац з мармуровымі калонамі. Я супакойвала сваё сумленне тым, што нічога не напісала пра «выдатную рэстаўрацыю»... Што ж, колькі людзей лічылі сябе сумленнымі толькі таму, што прамаўчалі, не далучыліся да агульнага гарлання ўхвалаў. Вось толькі час іхняга маўчання не пачуў.
Затым радок за радком высноўвалася стракатая гісторыя Старавежска з ягонымі легендамі... А вось што тычыцца калекцыі гадзіннікаў, тут зразумела не да канца...
Я ўявіла тую эпоху. Позняе сярэднявечча. На самым парозе Адраджэння... Пошасць, спусташыўшы амаль усю Еўропу, пазбавіла чалавека страху смерці, якім была напоўнена свядомасць ранейшых пакаленняў. Нядаўна я была на рыцарскім фэсце, моладзь узнаўляла старажытныя танцы... Сярод іх «танец смерці». Прыгожы. Павольны... Адзін за адным танцоры выходзяць з кола... Павінна ўяўляцца, што жывыя ў гэтым танцы чаргуюцца з мерцвякамі... Але чароўныя дамы і рыцары ў пашытых з парцьераў касцюмах, з мабільнымі тэлефонамі ў кішэнях задаволена ўсміхаліся, відаць, не надта ўдумваючыся ў застрашлівы сэнс танцавальных фігураў. А між тым калісьці гэтыя скокі былі абавязковым і нялёгкім рытуалам. Чалавек прывучаўся жыць са сваёй смерцю. Адчуваць побач з сабой агіднага мерцвяка, у якога ў любое імгненне ператворыцца сам. «Кожны вучыцца танцаваць гэты танец. Непазбежны для мужчынаў і жанчын гэты лёс. Смерць не шкадуе ні вялікіх, ні малых»,— са змрочнай іроніяй пісаў сярэднявечны тэолаг Герсан. Ён налічыў дваццаць пяць асобаў у гэтым танцы... Кароль, блазан, мніх, высакародная дама, купец, рыцар, шкаляр, лекар, біскуп, самадайка...
— Проста мы вельмі мала ведаем пра псіхічныя захворванні,— патлумачыў мне Макс, які заявіўся ў мой кабінет з нязменным кубкам кавы.— Я перакананы — яны заразныя... Як грып. Яшчэ прыхільніцы Вакха бегалі па вуліцах Афінаў і Рыма ў святарным шале, яны маглі разадраць на кавалкі мінака... Гэтак і абышліся з Арфеем, дарэчы.
— Міфічным спеваком?
— Ну чаму ж міфічным...— Макс даверліва паклаў сваю руку на маю.— У кожнага міфа — рэальная падбіўка.
Што ён, заляцацца да мяне ўздумаў? Я без асаблівай далікатнасці прыбрала руку. Макс не паказаў крыўды, нават трохі адсунуўся і нязмушана працягваў:
— Арфей быў рэальнай асобай, паслядоўнікам культу Апалона, паганскім святаром... Культы Апалона і Вакха-Дыяніса не тое што варагавалі, але былі двумя процілегласцямі. Апаланічнае натхненне — дыянісійскі шал... Прасветлены сакральны роздум — і інстынктыўная жарсць... У сярэднявеччы эпідэміі псіхічных захворванняў ахоплівалі не тое што тысячы — сотні тысяч людзей, цэлыя гарады. У 1374 годзе ў італьянскім горадзе Аквісграна скакалі ўсе: і старыя, і дзеці, і цяжарныя жанчыны. Тыя, хто танчыў, мелі аднолькавыя відзежы — напрыклад, святых, або раскрытае, як сіняя брама, неба... З’яўлялася агіда да чырвонага колеру, да вострых прадметаў... Гэтая манія распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе, дайшла да Кёльна, Страсбурга, Меца... Тыя, хто выжыў у скоках, ішлі да магілы святога Віта, па ацаленне... А манія падарожжаў! У 1212 годзе маленькі пастушок з Вандома абвесціў, што да яго з’явіўся Бог. Малеча звёў за сабой у крыжовы паход 30 тысячаў дарослых мужчынаў! А манія прароцтва сярод дзяцей! Уяўляеце — стрыгункі па восем-дзевяць гадоў сотнямі прарокуюць і прамаўляюць такія паэтычныя і ўзнёслыя словы, што даступныя рэдкаму філосафу. А эпідэмія флагелянтаў — натоўп, які крочыць па вуліцах і збівае сябе бізунамі! Дзень, два, месяц! А паляванне на ведзьмаў — яно ж не проста так узнікла. Тысячы жанчын вар’яцелі на тым, што адчувалі зносіны з нячыстай сілай. І ў падмурку ўсяго — страх... Страх смерці...
— Усё, хопіць...— я нават кубак адставіла.— Добра, што мы не ў сярэднявеччы жывем.
— Вы так думаеце? — Макс весела прыжмурыў шэрыя вочы.— Чалавек не змяніўся ад таго часу, як адкусіў ад вядомага яблыка. Што з ім адбывалася — тое і адбываецца, толькі ў іншым выглядзе. Хіба не нагадваюць сярэднявечныя эпідэміі харэі паводзіны натоўпу дзе-небудзь на рокерскім фестывалі? А ўспомніце канцэрты «Бітлзаў», або якой «Аббы»... Ці палітычныя мітынгі... Уключыце сёння тэлевізар — і перад вамі вынікі масавых псіхозаў.
— І, магчыма, іх прычыны,— падала я рэпліку, рашуча падымаючыся з крэсла.— Прабачце, я стамілася...
Юрась і прафесар стаялі перад гадзіннікам з драўлянымі фігуркамі Адама і Евы і чагосьці напружана чакалі. Замест яблыка Ева працягвала свайму нехлямяжаму мужу, загорнутаму ў вінаградную галінку з гіганцкімі лістамі, металічны кубак... Такі вялікі ў параўнанні з маленькай фігуркай Евы, што ў рэальнасці мог раздушыць яе. Раптам з кубка выбліснула змяя...
— Боммм...
Мужчыны пераможна заўсміхаліся, я нават пазайздросціла, што не маю дачынення да іх перамогі.
Макс абняў за плечы даследчыкаў.
— Самы час паведаміць — Пётр Апанасавіч тэлефанаваў са Швейцарыі, прасіў перадаць — за кожны адрамантаваны гадзіннік вам прэмія па пяцьсот даляраў!
— Дзякую...— ніякавата прамовіў Юрась, а прафесар расплыўся ва ўсмешцы.
— Прывітанне Пятру Апанасавічу! Гэта вялікі чалавек, сябры! Вялікі! За ім — будучыня! Каб вы ведалі...
— Прафесар, мы ж дамаўляліся...— дакорліва прамовіў Макс, і стары дзівак сумеўся і паслухмяна замоўк.
Гадзіннік працягваў цікаць, гучна, натужна, нібыта яго жалезнае сэрца пераадольвала з кожным ударам супраціў пяці з паловай стагоддзяў...
— Усяго чатыры гадзіннікі засталіся няспраўныя! — радаваўся Макс.— Заўтра будуць гатовыя ўсе дэталі, што вы, Юрась, заказалі... І замену вяроўкам з авечых кішак прывязуць... Не сумнявайцеся — не горш будуць!
Але Юрась сумна ўздыхнуў:
— Нешта «затармазіў» я з рамонтам...
— А што здарылася? — захваляваўся Макс.
— У майго маладога калегі цікавая тэорыя,— крыху раўнівым голасам прамовіў прафесар.
— Ну якая там тэорыя...— прамовіў Юрась.— Проста я зразумеў, што кожны гадзіннік біў як бы на сваёй ноце, яны — як музычная гамма, ад самага нізкага да самага высокага гуку. Але мацаванні пятнаццатага стагоддзя засталіся толькі ў трох гадзінніках. Калі б мне ведаць, у якой паслядоўнасці яны стаялі,— я б мог вылічыць, як было зладжана ў астатніх...
Макс захваляваўся.
— Зараз я распараджуся, каб прывезлі яшчэ якія дакументы... Усё, што можна, што тычыцца гадзіннікаў таго часу...
І збег. Прафесар пасунуўся за ім, мармычучы нешта незадаволена.
Я наблізілася да Юрася, які моўчкі, неяк тужліва ўглядаўся ў фігуркі Адама і Евы. Я заўважыла, што ў чорнавалосай Еве, з доўгімі, раскіданымі, нібы ад ветру, валасамі было нейкае падабенства са Стэлай... Цікава, чаму яна сёння так ціха сядзіць у сваім пакоі? Можа, выпрасіла... «дозу»?
Я абвяла вачыма пакой — што тут было пры колішніх гаспадарах? Памяшканне для прыслугі? Збройня? А можа, катавальня? Вунь якая скляпеністая столь, акенцы — маленькія, у самым версе, праз такія не ўцячэш... Апошні з Людвісараў, які жыў тут, быў паўстанцам Каліноўскага, а пасля зняволення звар’яцеў. Ці не таму гэтыя таўшчэзныя сцены працятыя вар’яцтвам, і нават з-пад сучаснай акрылавай фарбы нібыта цягне пахам плесні, буцвення, застарэлага жаху і тугі? Захворванні душы заразныя... Можа быць, і Юрась?.. Я загаварыла на больш цікавую тэму, пастараўшыся, каб мой голас гучаў як мага больш па-дзелавому.
— Паслухай, гадзіннікі і ў летапісе, і ў пражскіх пратаколах параўноўваюцца з апосталамі. Мусіць, таму, што іх дванаццаць. Продкі шмат значэння надавалі магіі лічбаў. Яшчэ падобна, што гадзіннікі лекар ставіў у кола. Можа, паспрабаваць суаднесці іх з імёнамі апосталаў? Тады і здагадаемся, як былі расстаўленыя.