Ночы на Плябанскiх млынах
Ночы на Плябанскiх млынах читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Сакратара прыгаварылі толькі да пажыццёвага заключэння. Па святах ён мусіў «хадзіць у тыя дамы, дзе грашыў, і бічаваць сябе», а таксама бічаваць сябе перад уваходам у кожны храм, і насіць на адзежы нашытыя «шафранавыя крыжы» на знак свайго ведзьмакоўскага мінулага.
Я не надта верыла ў злавесную сілу лекаравай механічнай калекцыі. Яшчэ нядаўна на вуліцах Еўропы мінакоў ахоплівала масавая істэрыя ад відовішча страшнай прылады — парасону, або жанчыны ў нагавіцах. Ну а паравоз або аўтамабіль увогуле маглі напалохаць да смерці. Лекар проста апярэджваў свой час. Вядома, фокус з сасудамі, якія самі па сабе разлятаюцца на кавалкі, мог напалохаць каго заўгодна. Хаця ці так ужо гэта неверагодна? Мая сяброўка, самавітая сямейная кабета (у адрозненне ад мяне), жонка ваеннага і маці дваіх сыночкаў-мацакоў, расказвала, як яе малодшанькі любіў у дзяцінстве барабаніць. Стукаў аднойчы палачкай па стале, на якім красавалася ваза, купленая гаспадарамі падчас службы ў Чэхіі, стукаў, стукаў... А ваза раптам і разляцелася на драбнюткія кавалачкі — як рассыпалася! «Рэзананс...»,— тлумачыла сяброўка, падрослы сынок якой барабаніць ужо ў самадзейным рок-гурце.
Я адсунула паперы і зняможана апусціла галаву на стол. Чаму людзі такія лютыя адно да аднаго... Як мне цяпер пазбавіцца ад жахлівых карцінаў, што раздзіраюць уяўленне? Відовішчы сярэднявечнай інквізіцыі змяняліся сюжэтамі з сутарэнняў НКВД. Ян Гус, Геранім Пражскі... Беларускія паэты і пісьменнікі Алесь Дудар, Валерый Маракоў, Кузьма Чорны, Уладзімір Дубоўка... Пяцьсот гадоў — і ўсё тое ж: ахвяра курчыцца ў невыноснай пакуце, каты нязмушана абедаюць у суседнім пакоі... Нават катаванні не змяніліся. Божа, будзь літасцівы да майго розуму... Мне здавалася, падыму галаву — а нада мной, як на малюнку Гойі, грувасцяцца пачвары мінулага...
— Ну што, Ганначка, начыталіся?
Псіхолаг Макс стаяў проста за маёй спінай і белазуба ўсміхаўся. Вось ёлуп, павінен жа разумець згодна сваёй прафесіі, што нельга гэтак да людзей падкрадацца, бы кадук апоўдні... Макс, аднак, згасіў мой гнеў тым, што паставіў перада мной кубак кавы і спакусны бутэрброд. Я раптам адчула, што страшэнна галодная — гадзінаў пяць, мусіць, прамінула!
— Сілкуйцеся... Я ведаю, дакументы не з простых. Дазвольце, прысяду?
Шэрыя вочы псіхолага глядзелі вельмі сур’ёзна і даверліва.
— Цікава, якія сны вам сняцца? Напэўна, часта бачыцца мора?
— Чаму вы так вырашылі? — здзівілася я, адпіваючы каву, зусім някепска звараную.
— Мора — сімвал ініцыяцыі асобы, жаданне прыняць сябе такім, якім ёсць, даведацца пра сябе ўсё, і боязь гэтага. Мне здаецца, у вас яшчэ шмат ад падлетка, Ганна. Пошукі месца ў жыцці...
Напэўна, гэта былі крыўдныя словы, але Макс прамаўляў так шчыра, мякка... Я толькі буркнула:
— Апошнім часам не запамінаю сваіх сноў. Помню толькі, што сніцца вежа. Але калі вы зараз пачнеце мне тлумачыць, што, паводле Фрэйда вежа — фалічны сімвал, то...
Макс бесклапотна засмяяўся. Цікава, ён маладзей за мяне ці равеснік? Прынамсі, Юрась выглядаў старэй за яго гадоў на пяць.
Я патроху супакойвалася. Матава-ружовыя сцены, са столі струменіць роўнае зыркае святло, ціхенька гудзе камп’ютар, на інтэрнэтаўскім сайце б’ецца смешнае маленькае сэрцайка нейкай рэкламы... «Цісні сюды!» Ад сярэднявечча — далей не прыдумаеш. Нават не верылася, што гэтыя сцены захоўвалі памяць аб трох стагоддзях. Я распавяла Максу аб вычытаным і яшчэ раз адчула ягонае нявыказанае здзіўленне — чаму гэта я пры сваіх уменнях сяджу без працы. Відаць, ён усё-ткі някепскі псіхолаг, калі не выказвае сваё здзіўленне ўслых. Толькі з павагай пракаментаваў.
— Сёння вам павінны прысніцца горы. Сімвал жыццёвага поспеху.
Цікава, напэўна, жыць са спецыялістам па псіхалогіі. У іх сем’ях бываюць сваркі ці не?
Юрась абдымаў гадзіннік з караблём... Выглядала гэта смешнавата, нібыта ён збіраўся з ім танчыць. Насамрэч, вядома, Юрась спрабаваў замацаваць унутры нейкую дэтальку... Відаць, гэта ўдалося, бо калі ён адышоўся, гадзіннік раптам ажыў... Жоўты пляскаты металічны карабель на ім зварухнуўся, загайдаўся, і пачуўся звон... Пранізлівы, журботны... Непрыемны голас у гэтых гадзіннікаў. Не дзіва, што ў іх нядобрая слава. Але на тварах прафесара і Макса было напісанае замілаванне, нібыта яны слухалі салаўіны спеў.
Рэстаўратар стамлёна правёў рукой па твары.
— Ну вось і ўсё... Адкуль можна патэлефанаваць? Мне тэрмінова...
Макс паслужліва прапанаваў свой сотавы, і Юрась ледзь не подбегам рушыў за дзверы. Я зразумела, каму ён будзе званіць... І, гледзячы ў прыгорбленую спіну рэстаўратара, што знікала за дзвярыма, нарэшце прызналася самой сабе, прызналася тужліва, з раскайваннем, чаму так лёгка згадзілася сюды паехаць.
І яшчэ раз згадала пра гэта ўвечары, калі былы муж запрасіў мяне на шпацыр. Вядома, яму спатрэбіўся «доктар Ватсан», каб выказаць свае гіпотэзы.
— Не думаю, што міліцыя разгадае, хто забіў Аркадзя. Бачыш — я нібыта галоўны сведка, а мяне ні разу больш не выклікалі... З’ехаць сюды дазволілі. Ясна, што за забойствам Аркадзя — вялізныя грошы. Я не веру, што гэта — Калыванаў, гэта было б занадта проста. Дорыць калекцыю Лілі, дый Аркадзь перад ім саломай слаўся,— разважаў Юрась. А цяжкі туман, якому не хапала халоднае моцы стаць шэранню, плыў у прыцемку над кустамі, заблытваўся ў голым голлі дрэваў, і нібыта сачыў за намі тысячамі сівых вачэй. Прынамсі, мне ўвесь час хацелася азірнуцца. А можа, тут ёсць прывіды? Цікава, што за людзі хадзілі некалькі сотняў гадоў таму па гэтых дарожках, і ці былі яны шчаслівей за нас?
— Гадзіннікі, вядома, незвычайныя,— працягваў думку мой былы муж, нібыта сам сябе пераконваў.— Але хіба настолькі, каб дзеля іх забіваць? А што ў Калыванава аказаліся ўсе астатнія гадзіннікі з вежы, мяне не здзівіла — яго пасланец тады закупіў усе лоты, выстаўленыя ў Варшаве, ад куфэрка да фамільных партрэтаў. Нават частку сапраўднага вежавага гадзінніка — цыферблат у два чалавечыя росты! Новы маёнтак ля Закапанэ абстаўляе «пад старажытнасць», але з мясцовым каларытам. Чарговы магнацкі закуп. Да таго ж Аркадзь мусіў разумець, што сам усе гадзіннікі выкупіць не здолее. Дарма, што яны без каштоўных аздобаў, але лік — на мільёны ідзе.
— А ці не падазрона, што да гадзіннікаў запрасілі не абы-каго, а прафесара? — заўважыла я, змушаючы сябе не глядзець на Юрасёў твар, падсвечаны нізкімі ліхтарамі. У такой падсветцы выразна бачыліся шнары, паходжанне якіх я цяпер ведала.
— Які там прафесар! — уздыхнуў былы муж.— Я пытаўся ў Янчына... Сапраўды, калісьці дзед быў «свяцілам», але даўно «з’ехаў з розуму» і лекцыяў не чытае. Здаецца, нешта падобнае да вечнага рухавіка вынаходзіў. У тонкасцях розных там працэсараў ці эквалайзераў разбіраецца, як павук у павуце, жыве тут «з падачы» Янчына ўжо колькі гадоў, у перапынках між «дурдомамі». Зладзіў Калыванаву адмысловую сігналізацыю... Праўда, у механіцы я лепей за прафесара разбіраюся...
Я не схавала іроніі.
— У акадэмікі цэліш?
Юрась не пакрыўдзіўся.
— Я проста адчуваю старажытныя рэчы... Нібыта бачу, як іх рабіў стары майстра. А гэтыя гадзіннікі не аднаго ўладальніка памянялі. Іх спрабавалі рэстаўраваць, пазамянялі дэталі... Карпусы перарабілі. Усё роўна што пазлы рассыпалі. Тут інтуіцыя патрэбная, каб аднавіць, як было.
Мы ішлі па прывідных прысадах у тумане, падзеленым ліхтарамі на светлыя і цёмныя плямы, і размаўлялі, як і калісьці. Гэткая сустрэча даўніх, патрапаных жыццём сяброў, якая ні да чаго не абавязвае, не становіцца ні працягам, ні ўтварэннем новых адносінаў, а проста — прыемная настальгія, усё роўна як пагартаць запылены альбом з фотаздымкамі...
— Яна некалькі разоў была амаль вызваленая! — гэта Юрась расказваў пра Стэлу — пачаў сам, я, вядома, не пыталася. Відаць было, што ён увогуле пра свае праблемы не звык размаўляць. Таму я проста моўчкі слухала, апусціўшы вочы і баючыся спудзіць гэтак патрэбны яму момант шчырасці.
— Я не ведаю, адкуль яна брала тое дзярмо... Наркотыкі... Клялася, што — усё, больш ніколі... І сачыў я за ёй, нават замыкаў... А прыйду пасля працы — у яе ўжо вочы блішчаць гэткім вадзяністым, ненатуральным бляскам, і зрэнкі — з макавінку... А яна такая даверлівая, такая таленавітая... Вось — пакінуў яе адну, цяпер не магу... Хвалююся... Можа, варта было б паспрабаваць яе сюды прывезці? І грошы тэрмінова трэба — дамовіўся з адным лекарам, пакладзе яе на месяц у сваю клініку, нейкі новы апарат вынайшаў для ачышчэння крыві... Як усё далёка... Мае мары, глабальныя клопаты — пра лёс Беларусі, матчыну мову, ратаванне гістарычнай праўды... Госпадзе, а я ж гатовы быў жыццё аддаць за такія смешныя і непатрэбныя большасці рэчы, як мова — нібыта праз маю смерць людзі пачалі б разумець, што яна прыўкрасная і адзіная... Або каб Крыж Еўфрасінні Полацкай вярнуўся на Беларусь — сапраўдны, а не адноўлены... Нібыта невядома, што ён дзесьці ў сховішчах Расіі... А цяпер мяне хвалюе толькі адно — што я адказваю за чыюсьці бедную хворую душу, і не магу яе ўратаваць... Можа, маё «прыватнае» існаванне і правільнае? Чаго б я быў варты, калі б вёў да волі свой народ і забываўся, што мая любая жанчына застаецца рабыняй? Тым больш расчараваўся я ў палітычных гульнях, пабачыўшы зблізку... Прыгожыя лозунгі не гарантуюць сумлення. А калі я ратаваў старую рэч, вяртаў яе з часткай нашай гісторыі — гэта быў мой унёсак... Але занадта часта я адчуваю сябе здрайцам...