Слодыч i атрута

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Слодыч i атрута, Дудзюк Зінаід-- . Жанр: Разное. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Слодыч i атрута
Название: Слодыч i атрута
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 313
Читать онлайн

Слодыч i атрута читать книгу онлайн

Слодыч i атрута - читать бесплатно онлайн , автор Дудзюк Зінаід

Раман “Слодыч і атрута” апавядае пра гісторыю заходнебеларускай сям’і, на долю якой выпалі шматлікія сацыяльныя катаклізмы; пра вялікае каханне і нянавісць, пранесеныя праз жыццевыя нягоды і варункі лёсу; пра сілу творчай думкі, здатнай рабіць геніальныя адкрыцці, апярэджваючы час і дасягненні навукі.

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 ... 80 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

— Частуйся.

— Вой, «пеўнік»! Такія на рынку ў Самары прадаваліся! — здзівілася дзяўчына і міжвольна пацягнулася рукою да ласунка, якога не каштавала ўжо шмат гадоў.

Яна разгарнула паперку, лізнула цукерку і з асалодаю прашаптала:

— Смаката! Здаецца, што смачней, чым было ў маленстве. Пакаштуй, — Зося працягнула «пеўніка» Гардзею.

Хлопец лізнуў і задаволена сказаў:

— Давай па чарзе.

Зося павярнулася да Гардзея тварам, з усмешкаю падносіла «пеўніка» да сваіх вуснаў, а потым падавала хлопцу. Так аддаюць пяшчоту і каханне, захапленне і таемныя пацалункі. Яны лізалі цукерку, пакуль тая не стала зусім празрыстаю, як пачуцці, што свяціліся ў маладых вачах. Тады Гардзей узяў гэтую смактульку і кінуў у дальні кут:

— Няхай мышкі пачастуюцца за наша здароўе. А я зліжу слодыч з тваіх вуснаў.

Гардзей пачаў цалаваць Зосю, навальваючыся на яе ўсім целам. Яна знясілена папрасіла:

— Не чапай мяне. Ты і ўявіць сабе не можаш, колькі ўжо гора мне прынёс!

— Якое гора? Я ж нічога не ведаю. Чаму ты са мною ніколі не дзелішся сваімі нягодамі?

— Як дзяліцца з хлопцам дзявочымі бедамі? Ты ж мне чужы чалавек!

— Не ведаю, мо я табе і чужы, але ты мая! Мая! — горача прашаптаў Гардзей ёй на вуха.

Ягонае дыханне раптам адгукнулася ў яе целе гарачым прылівам пяшчоты і жарсці. Прыйшло адчуванне, што ён кахае яе, але яна ўсё яшчэ не верыла свайму шчасцю і спытала:

— Чаму ты забываеш пра мяне, месяцамі не заходзіш, а потым раптам з’яўляешся, як снег на галаву? Я не разумею цябе і сябе! Зусім заблыталася. Не ведаю, як і чым жыць.

Ён усміхнуўся. Прыгладзіў яе валасы, што выбіліся з-пад хусткі. Яна скінула хустку і ўздыхнула вальней, як быццам толькі гэта і замінала ёй.

— Прасцей трэба жыць. Ты ж разумееш, быў я вельмі заняты: вяселле сястры, выбары ў гміну, гаспадарка і яшчэ шмат што. Прабач, калі цябе гэта крыўдзіць, але ж ад мяне таксама не ўсё залежыць...

— А што ад мяне залежыць? Задавальняць твае патрэбы?

— Зоська, Зоська, якая ж ты сур’ёзная! Мне ж нічога не трэба. Толькі слухаць твой голас, адчуваць тваё дыханне побач...

Гардзей заплюшчыў вочы, быццам задрамаў. Зося схілілася над ім, з любасцю ўзіралася ў прыгожы твар і міжвольна пацягнулася вуснамі да яго вуснаў. Ён быццам чакаў гэтага моманту, абняў яе, пачаў горача цалаваць, шаптаць нешта няўцямнае. Зосіна душа вырвалася з цела і безразважна паляцела насустрач каханню, якое лілося з ягоных вачэй, рук, наталялася, як жывою вадою, і не магла наталіцца. Бо каханне — гэта толькі фантом, што нечакана з’яўляецца і гэтак жа нечакана знікае, пакідаючы гарачы след. Гэтак маланка разразае напалам неба, здаецца, зараз дзве ягоныя палавіны са страшэнным грукатам зваляцца на зямлю. Але маланка знікае, а чорнае неба па-ранейшаму нерухома грувасціцца над зямлёю. Зноў і зноў маланка апярэзвае неба ў марным намаганні раскалоць яго, пакуль не аціхне навальніца і не прыйдзе час спакою. Тады толькі выяўляюцца расколатыя дрэвы, абабітая лістота, зламаныя галіны. Такое ж і чалавечае жыццё — з хваляваннямі, нягодамі, наваламі і часовым спакоем. Напэўна, трэба прымаць усё, што яно прыносіць, не палохацца, не хавацца, не адгароджвацца ад яго, каб пасля не шкадаваць пра няспраўджаныя спадзяванні, недасягнутыя мары, непадзеленае каханне. Зося была, як тая знічка, што губляе жыццё за адзін момант палёту. І, напэўна, гэта была не легкадумнасць, а падсвядомая мудрасць яе чалавечай сутнасці, бо аддавала сябе таму, каго кахала. Дзеля яго была гатовая ахвяраваць жыццём, калі толькі гэта яму спатрэбіцца. Здаецца, вечна ляжала б побач, паклаўшы галаву на яго плячо, і больш нічога ў жыцці не трэба.

27

Радныя сабраліся на чарговы сход гміны. Сядзелі ў прасторным пакоі, дзе на сцяне вісеў бронзавы польскі герб у выглядзе арла з распасцёртымі крыламі і стаяў на стале бела-чырвоны сцяг. Сяляне абменьваліся вясёлымі позіркамі, спадзеючыся, што ўпершыню войтам стане чалавек з сялянскага асяроддзя. У Гардзеевай душы змяёй варочалася сумненне. Занадта ўрачыстымі выглядалі паны Райскі і Бельскі. Стваралася ўражанне, што яны ўжо адсвяткавалі перамогу.

Пан Райскі выйшаў да стала, накрытага зялёным сукном, з паперамі ў руках і звярнуўся да прысутных:

— Панове, маю гонар абвясціць вам, што ваявода зацвердзіў кандыдатуру войта нашай гміны. І ад сённяшняга дня ў нас ёсць усе магчымасці для таго, каб плённа працаваць, да каляд зацвердзіць бюджэт гміны і памеры збораў, вызначыць асноўныя напрамкі дзейнасці і супрацоўніцтва з прадпрыемствамі і ўстановамі.

Сэрца Гардзея сцялося ад напружання. Ён ледзьве стрымліваў сябе, каб не крыкнуць: «Годзе малоць пустое!» А пан Райскі не спяшаўся называць імя чалавека, прызначанага войтам, а ўсё балбатаў пра перспектывы і планы будучай працы, пра адкрыццё новай польскай школы і бібліятэкі, пра наладжванне кірмашоў, нават падлічыў, якія прыбыткі з гэтага можна мець, і запланаваў ураджай збожжавых на наступнае лета. Нехта з сялян не вытрымаў і сказаў:

— Каб гэтыя словы ды Богу ў вушы.

— Не бойцеся, Бог усё чуе і робіць так, як належыць, — строга азваўся пан Бяляцкі. — Майце гонар паводзіць сябе прыстойна, калі выступоўца трымае прамову.

Пан Райскі нарэшце зразумеў, што ён перабраў меру ў інтрыгаванні прысутных і сказаў:

— Прашу ўвагі. Настаў урачысты момант, я хачу абвясціць імя новага войта. Вось загад ваяводы, у якім гаворыцца наступнае: радны гміны пан Гардзей Рахуба не можа быць прызначаны войтам, бо з 1926 года лічыцца ненадзейным грамадзянінам, таму войтам прызначаецца пан Здзіслаў Бяляцкі, чыя кандыдатура таксама выстаўлялася на пасаду войта. Павіншуем жа пана Бяляцкага і пажадаем яму плённай працы на карысць гміны.

Пан Райскі запляскаў у далоні, але яго ніхто не падтрымаў. Сяляне незадаволена загаманілі. Гардзей падняўся і выйшаў, нікому не кажучы ні слова. Усе яго спадзяванні на тое, што з уладаю можна супрацоўнічаць, абрынуліся ў адзін момант. Акупанты ведалі сваю карысць і не жадалі адступаць ні на крок.

«Наіўны дурань, захацеў войтам стаць! Столькі часу дарма страціў! Столькі сілы і надзеі ўклаў! І ўсё сабаку пад хвост! — лаяў сам сябе Гардзей. — Ды хто ж табе дазволіць? Дзякуй богу, што яшчэ ў турму не загрэблі. А што? Да гэтага трэба быць гатовым. Сёння ж перагледжу літаратуру, усё лішняе прыхаваю, каб ні адна нюхаўка не знайшла. А камуністы мараць прайсці пятым спісам у сейм! Нічога ў іх не атрымаецца! Дарэмныя надзеі! Няўжо ўладары нам даюцца ад Бога? Можа, і так! У якасці пакарання і навукі!»

Гардзей разважаў сам з сабою, размахваў рукамі, нават час ад часу нешта прамаўляў услых. Ён і не пачуў, як яго дагнала фурманка.

— Здароў, Гардзей! — аклікнуў хлопца знаёмы голас. — Сядай, падвязу.

Гардзей зірнуў на фурмана. З воза прыязна ўсміхаўся Марк. Гардзей паціснуў працягнутую руку, ускочыў на воз.

— Ты чаго такі змрочны? — спытаў Марк. — Ці заганарыўся, што ў начальства трапіў?

— Няма чым ганарыцца. Іду з гміны. Войтам абралі мяне, а прызначылі асадніка Бяляцкага.

— Хвароба ім у бок! Паны хітрыя, іх не абкруціш. Ну, нічога, у цябе і так пасада добрая. Радны — не апошні чалавек у гміне. Можа, і за мяне калі заступішся, — выказаў спадзяванне Марк. — Я вось ад сястры еду, маці пасылала праведаць.

— І як ёй там у замужжы? — спытаў Гардзей.

— Жывуць, хлеб жуюць. Сэрца забалела, як зірнуў на тое поле, што бацькі ёй аддалі ў пасаг. Пераарана абы-як! Зглумілі зямлю!

— Што пасеюць, тое і сажнуць. Чаго табе бедаваць?

— Ай-яй! Шкада зямелькі, — скавытаў Марк. — Яна ж жывая. Усё разумее. Мне здалося, што яна, як убачыла мяне, гэтак цяжанька ўздыхнула.

— Хто ўздыхнуў? — перапытаў Гардзей.

— Зямля па мне плача, што страціла гаспадара. Эх, мець бы столькі зямлі, як у асадніка!

— Для гэтага трэба быць асаднікам, — суха адказаў Гардзей.

Яны памаўчалі пад скрып колаў і тупат конскіх капытоў. Зямля ўжо ашэрхла, узялася марозам, але снегу яшчэ не было. Уздоўж дарогі цягнулася зялёная асаднікава рунь.

1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 ... 80 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название