Блакит
Блакит читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Па меры росту сваёй вядомасьці і папулярнасьці Быкаў усё больш адчуваў сябе чужаком у калектыве, хоць паводзіў сябе гранічна сьціпла, нават, здавалася, саромеўся сваёй славы. А калі ўсё разьвярнулася на сто восемдзесят градусаў і хваласьпеў зьмяніўся шальмаваньнем, адносіны Быкава з калегамі ў калектыве яшчэ больш ускладніліся. Родную газету, якая ну ніяк не магла знайсьці дастойных крытыкаў і контрпрапагандыстаў на месцы, змушалі перадрукоўваць брудныя пагромныя пасквілі з менскіх і маскоўскіх выданьняў. Васіль Уладзіміравіч ведаў, што рэдактар Андрэй Колас ставіўся да яго, наколькі мог, лаяльна, з разуменьнем, супраціўляўся гэтым перадрукам, пераконваў сакратароў абкама, аднак гэта было малое суцяшэньне. Нікога рэдактар ня мог ні пераканаць, ні ўгаварыць – была каманда з самага верху, аж з самай першапрыстольнай, аслухацца якую ніхто ня мог. Многія ў рэдакцыі сталі асьцерагацца мець справу з Быкавым – як бы чаго ня выйшла, абыходзілі бокам, апусьціўшы вочы. Самае дзіўнае і сьмешнае: часьцей за ўсё гэта былі вядомыя рэдакцыйныя “закладоншчыкі за каўнер”, якія вельмі цанілі нескупярдзяйства Быкава і добра “бралі на халяву” за ягоны кошт. Асобныя з іх – быў такі Віктар Яркін – высоўваліся нават з крытыкай і асуджэньнем “памылак” Быкава. Але дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што ў калектыве было нямала, нават бальшыня, я ў тым ліку, хто і ў калідорах, і ў рэдакцыйных кабінетах, і нейкіх іншых неафіцыйных абставінах абураўся, спачуваў калегу, ад шмат каго ён адчуваў адкрытую маральную падтрымку.
Недзе тыдні праз два пасьля пераезду ў Гродна пад вечар, ідучы з работы па вуліцы Савецкай, каля аблсаўпрафу напаткаў Быкава. Павіталіся. Аказалася, што ён ідзе ў Дом Ажэшкі да Карпюка і нам па дарозе. Ён павіншаваў мяне, падалося, ня без іроніі з “начальніцкай пасадай”, я абсалютна шчыра адказаў, што ня ведаю віншаваць ці спачуваць трэба, расказаў, як усё адбылося. Ён выслухаў моўчкі, сказаў задумліва і няпэўна:
– Хто яго ведае, мо гэта і добра...
Адчувалася, маё прызначэньне і зьдзівіла, і, здаецца, трохі насьцярожыла яго, бо было яно надта ж нечаканым і нелагічным: па-першае, актыўна абмяркоўваліся зусім іншыя, больш вопытная і спрактыкаваныя кандыдатуры з абласной газеты і радыёкамітэту, а па-другое... Яшчэ не забылася, што ня так даўно ў дакладзе на абласной ідэалагічнай нарадзе з удзелам творчай інтэлігенцыі мяне ў зьвязцы з Карпюком і Быкавым жорстка раскрытыкавалі за "очернение социалистической действительности”, якое ўгледзелі ў напісаным вершам фельетоне ў воранаўскай раёнцы. Я быў малады, гарачы – ня сьцерпеў, папрасіў слова і даў рашучы адлуп ня толькі той крытыцы, але і нагаварыў яшчэ воз “крамолы”: пры цары і то прасьцей было маладым аўтарам надрукавацца, выдаць кніжку, а тут быў альманах “Нёман” – і невядома чаму закрылі, пры панскай Польшчы толькі ў Гродне, ня кажучы пра Вільню, выходзіла чатыры ці пяць газетаў па-беларуску, а зараз няма ніводнай.
...Канечне ж, у заключным слове мяне “паправілі”, пасьля чаго можна было лічыць, што на маёй журналісцкай кар’еры пастаўлены крыж... А тут гэткі нечаканы кульбіт: узялі на працу ў абкам загадчыкам сектару друку... Праўда, ні Быкаў, ні хто іншы ня ведаў, што пасьля той нарады паклікаў мяне сакратар абкаму Ульяновіч і, не заходзячы ў кабінет, у калідоры амаль прыязна, але па-бацькоўску строга сказаў: “Ты – нармальны і таленавіты хлопец і мая табе парада – ніколі ня лезь на ражон з адкрытым забралам, бо так можна і шыю зламаць. Зразумеў?”.. Тады зразумеў толькі адно: мусіць, пранесла...
Многія чакалі, дый сам Васіль Уладзіміравіч па натуры ніколі ня быў вялікім аптымістам, што чэхаславацкія падзеі нададуць новае дыханьне антыбыкаўскай кампаніі, якая і без таго ўдосталь напсавала яму крыві і нерваў; і ён усур’ёз стаў падумваць аб пераезьдзе ў Вільню, куды клікалі літоўскія сябры: Прыбалтыка ёсьць Прыбалтыка... Аднак, мусіць, заўсёды ўсялякая кампанія разьвіваецца па сваіх унутраных законах: нараджаецца, разьвіваецца, дасягае кульмінацыі, ідзе на спад, канае, ператвараецца ў сваю супрацьлегласьць. Іншага лёсу не магло быць і ў кампаніі па шальмаваньню Быкава. К таму часу, калі воляю выпадку ці лёсу я апынуўся ў абласных калідорах улады, яна ўжо выдыхалася, набывала камічнафарсавыя адценьні і нават ідэалагічна вострыя чэхаславацкія падзеі ўжо ня ў стане былі надаць ёй новае дыханьне... Першае, што мяне ўразіла: у абкаме ніхто, за выключэньнем хіба некалькіх састарэлых артадоксаў з парткамісіі, усур’ёз ворагамі, ідэалагічнымі дыверсантамі Быкава і Карпюка не лічыў. Ні Грышкевіч, ні Ульяновіч, ні Мікуловіч. Дзіўна тады: чаму на кожным пленуме абкаму, гаркаму, райкаму, кожным партгасактыве, кожнай нарадзе, незалежна, што на іх абмяркоўваецца, пляжаць Карпюка і Быкава? Карпюк заўсёды фігураваў першы, паколькі быў членам партыі і з яго больш патрабавалі, хоць амаль усе прэтэнзіі тычыліся твораў
Быкава. Было ўражаньне, што гэта ледзь ці ня нейкае заклінаньне, шаманскарытуальнае дзейства. І па лініі партыі, і па лініі Саветаў, камсамолу, прафсаюзаў... І яшчэ ў мяне, сьвежага чалавека, было ўражаньне, што ўсе разумеюць недарэчнасьць гэтага дзейства, але ніхто не рашыцца перапыніць яго...
Рыхтаваўся пленум па сельскай гаспадарцы, дакладней – пленум па выкананьні рашэньняў чарговага пленуму ЦК КПСС. Пасьля таго, як першаму сакратару абкамуМікуловічу спадабаўся падрыхтаваны мною тэкст пасланьня нашчадкам, якое ён зьбіраўся закласьці ў капсулу на Кургане славы з наказам ускрыць у сотыя ўгодкі Вялікага Кастрычніка, а таксама ягонага артыкулу для “Полымя” без адзінай заўвагі і паправачкі, ён распарадзіўся, каб усе падрыхтаваныя яму даклады і ягоныя выступленьні на пленумах, розных іншых важных мерапрыемствах у Менску і Маскве чытаў і правіў я. Загад першага ёсьць закон, і нават член бюро загадчыца арганізацыйна-партыйнага аддзелу Чагіна, заўсёды трохі ніякавеючы, прыносіла на чытку і праўку матэрыялы для Мікуловіча. Дык вось загадчык сельгасаддзелу Рэпкін напярэдадні пленуму прынёс мне сельскагаспадарчы даклад на старонак 60, у якім пасьля праблемаў штучнага асемяньненьня кароў і пастаноўкі задачаў агітатарам, лектарам, рэдакцыям газетаў і радыё па прапагандзе перадавога вопыту – як заўсёды, два абзацы прыкладна такога сэнсу: у той час, як пад кіраўніцтвам мудрай ленінскай партыі калгаснае сялянства ардэнаноснай Гарадзеншчыны праяўляе небывалы гераізм і працоўны энтузіязм, так званыя пісьменьнікі Карпюк і Быкаў сеюць песімізм і нявер’е ў стваральню сілу і высокі маральны дух будаўнікоў камунізму, займаюцца ачарніцельствам, льюць ваду на млын нашых ворагаў і г.д і т.п.
Во напісаў і падумаў: да якога ж сьмяхоцьця, да якога маразму даходзіла тая антыбыкаўская кампанія! І міжволі прыйшло параўнаньне з апошняй, рэанімаванай больш чым праз трыццаць гадоў тымі ж пабітымі мольлю, але з брэндамі “сучасныя паліттэхнолагі” людзьмі адносна ўжо сусьветна вядомага, Народнага, адзначанага самымі высокімі ўзнагародамі і рэгаліямі Быкава, што змусіла старога, хворага чалавека пакінуць родны кут і чэзнуць на чужыне. У несусьветнай лухце, якую гналі тады, у шасьцідзясятыя гады, на Быкава, можна было ўгледзець хоць нейкі, хоць у самым зародку пробліск хай сабе і скажонай, але нейкай логікі з прыкметамі інтэлекту. А паспрабуй адшукаць хоць самыя што ні ёсьць кволенькія проблескі інтэлекту, тым больш элементарнай логікі ў аўтараў лухты кшталту: “Гэта ня той Быкаў. Таго Быкава, удзельніка вайны, выкрала амерыканская разьведка, калі служыў на Далёкім Усходзе, і падмяніла сваім шпіёнам, у задачу якому паставіла ўзарваць наш лад знутры...” Гэткую чысьцейшай вады шызафранічную туфту на пачатку 21-га стагоддзя на паўнейшым сур’ёзе гнала ў эфір дзяржаўнае радыё... Незаўсёды, аказваецца, розум, у тым ліку і дзяржаўны, разьвіваецца па дыялектычнай сьпіралі...
Рашуча выкрасьліў з дакладу тыя два “карпюкоўска-быкаўскія” абзацы, даправіў з улікам Мікуловічавых стылёвых схільнасьцяў тэкст да канца, аддаў Рэпкіну і стаў чакаць, якая ж будзе рэакцыя. Той пайшоў удакладняць пазіцыю майго
шэфа – загадчыка аддзелу прапаганды і агітацыі Грышкевіча, але асьцярожны і хітраваты Анатоль Аляксандравіч ухіліўся ад прамога адказу, паслаў яго да Мікуловіча: ён дакладчык, хай сам і вырашае... Далажылі першаму. Той паклікаў мяне, нахмурыўся, спытаў строга: