Вячэрняе
Вячэрняе читать книгу онлайн
У новую кнігу Я. Брыля, народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата Дзяржаўных прэмій увайшлі лірычныя запісы і мініяцюры, напісаныя ў розныя гады. Большасць іх у свой час не пабачыла свету з меркаванняў ад аўтара не залежных. Лірычныя запісы — гэта роздум аб часе і чалавечых лёсах, роздум над самымі вострымі праблемамі сучаснасці. Яркая народная мова, назіральнасць, уменне адбіраць трапныя дэталі — усё гэта робіць кнігу цікавай для чытачоў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— За што вы, дзядзька, плаціце ім — ці што грабуць, ці што пяюць!?
Такі вось эксплуататар.
* * *
Усё так звычайна, па-свойску. Улетку, пад вечар, калі мы напоўнілі вадой вялізную, чорную металічную бочку, што каля сеткі агароджы, у кустах смародзіны, як толькі я адышоўся — немаведама адкуль з'явілася галка. За тры-чатыры крокі ад мяне села на краёчак бочкі і спакойна напілася. У некалькі нетаропкіх глыткоў, самавіта задзіраючы дзюбу. І пасядзела трохі, пакуль зноў знікнуць, растварыцца ў буйна-зялёнай красе.
* * *
Па свежа ды роўненька зжатым аўсянішчы, пад хрупанне ботамі па нашашкацелай пожні, весела ўспомніў капральскую лаянку: «Tyś, chamie, Pana Jezusa bosego po ściernisku ganiał!..» [63] Вясёлая мудрасць народных, працоўных нізоў, якая парасткамі вечнай руні прабіваецца праз напышлівую святасць — нават у такой звышкаталіцкай Польшчы.
* * *
Заспаў, прачнуўся на пачатку сёмай гадзіны. Бо добра спалася ад дажджу, які, як мне потым сказалі ў пасёлку, пачаўся ці не з поўначы. Па малако ў пасёлак, адпаведна апрануўшыся-абуўшыся, пайшоў на гадзіну пазней, калі на цёмным фоне ліпы за акном спынілася і цярушэнне.
Пайшоў не берагам, не лесам, не па дарозе, хоць і не пыльнай ужо, а па аўсянішчы, каб справіцца перад магчымым працягам дажджу.
Спыніўся сярод поля, азірнуўся навокал,— справа, над дарогаю, лясная сцяна, злева, над Нёманам, дрэвы, за якімі луг, ззаду за мною дачы, зноў жа ў дрэвах, а спераду, у садах, пасёлак. Над усім гэтым — неба, нарэшце, не бязлітасна ды нахабна чыста-перадспякотнае, а шэрае, нізкае, з блаславёнай, не зусім яшчэ высеянай вадою.
Як хораша, як удзячна дыхаецца, зноў бачыцца жыццё такім прыгожым, шчаслівым!..
Не толькі пасля бясконцай спякоты-сухмені, але і пасля дрэннага, старэчага настрою апошніх дзён і начэй...
* * *
Яшчэ адно ў сёлетнім дачным назіранні «адкрыццё» далейшай прыроднай красы. Васількі ўлетку прыгожыя не толькі ў спалучэнні з жытнім калоссем. Ішоў аднойчы з пасёлка берагам Нёмана. Старанна выкашаны лужок, а васількі — як быццам выйшлі на ўзмежак у сакавіта, росна зялёным аўсе, які ўжо хораша вызерніўся сваімі сіва-зялёнымі мяцёлачкамі.
* * *
...Непрыкметныя у сівай, мглістай далі,
раніцою жоравы галосяць.
Уздымаюцца магутныя чароды
і лятаюць з сумным крыкам над палямі.
Калі гэта — я згодзен — і слаба, і толькі для сябе, дык тое якраз, што яно для сябе, сваё і тады было, у далёкім, раннім юнацтве, і цяпер чамусьці хвалюе мяне не толькі як мілы ўспамін, але і як нейкая дабратворная патаемнасць кроўнай, душэўнай сувязі з усім родным, што мне і тады, і ўвесь час, і сёння не надта ўдавалася і ўдаецца выказаць так, каб як найлепш, найглыбей...
Радкі верша, якія запісаў, успаміналіся разоў колькі, у іншыя раніцы. А цяпер можна згадаць і з верша іншага, што таксама не для друку, а для прыемнага ўспаміну, як пераклічка з тым, што думалася пра запаветнае.
...Ах, дай мне жыць, бясконца жыць,
за трох грашыць, цярпець за трох,
за трох любіць, змагаць, тварыць,
а дзе канец — хай знае Бог!
Ужо вось нават дакладнасць радкоў успамінаю з напругаю, няма і жадання, каб «бясконца», бо, як чуў ад старых, калі сам не быў яшчэ стары, цяпер і ў мяне кожны дзень — падарунак, асабліва як параўнаешся з тымі, што адышлі, не ўсе старэйшыя за цябе, а вось «хай знае» — гэта застаецца, з гэтым лягчэй.
* * *
І «Остров пингвинов» такі далёкі ад мяне, тым больш у настроі апошніх дзён, што чытаць яго нецікава. Бяруся за «Боги жаждут», бо неяк няёмка так вось развітацца з Франсам і пераходзіць на іншую з непрачытаных кніг, якіх тут мала, не лічачы дэтэктываў, на якіх шкада часу і нерваў,— хапае забойстваў і не прыдуманых спрытнымі круцялямі сюжэтаў, а тых, што кожны дзень дадаецца па радыё і з тэлеэкрана.
* * *
Пасля прэсы — нашай, рускай і польскай — хоць і стомленымі вачыма, а ўзяўся за куплены надоечы том Лонга і Апулея, хораша зачытаўся «Пастушынай гісторыяй пра Дафніса і Хлою», і добра думалася пра перакладчыка, Анатоля Клышку, з яго самастойным вывучэннем грэцкай мовы і належным валоданнем роднай. Працавітасць і плён, што мы не ўмеем заўважаць і шанаваць.
* * *
Успомнілася, з якой прыемнасцю ў сакавіку шэсцьдзесят дзевятага перачытваў у Ялце «Записки из Мертвого дома» ў старым выданні, з «яцямі», «фітамі» і цвёрдымі знакамі. А днямі чытаў таго самага аўтара («Вечный муж») у сучасным правапісе і — Дастаеўскі той самы быў і застаўся. Глыбокі і блізкі.
За шэсцьдзесят гадоў ад той рэформы «трыццаць трэцяга», у правядзенні якой, дарэчы, удзельнічаў і Колас, і іншыя з паважаных, створана вельмі прыстойная літаратура, з якою лічацца дома і ў людзях, не абражаючы яе наскокамі ці самаўпэўненых дылетантаў, ці порсткіх сектантаў ад палітыкі.
Я пачынаў па Тарашкевічу, потым мусіў прыстасавацца да савецкага, затым улічыў папраўкі 1957 года. Рад буду дажыць да грунтоўнага ўпарадкавання нашай мовы свабоднай ды цвярозай навуковасцю, каб належна ўжыцца ў гэтую рэформу. Толькі ж каб без розных «Беларусяй» і «Русяй», «імбрыкаў», «аповядаў», «філёлёгаў», на што так націскаюць і свае гарачуны, і замежныя ментары.
* * *
Слухаў па радыё просценькую народную песню, і падумалася: гэта настолькі ўжо народнае, што далей і нельга,— такая заземленасць, глыбіня, свабода дыхання, сонечная цеплыня...
І не ўсё яшчэ, што адчулася.
...Зноў народная песня. Здорава гэта — у іх, народных — мужчынска-жаночы дуэт, сіла і пяшчотнасць у галасах, гаспадар і гаспадыня, работнікі і, думаецца, хлебасолы.
* * *
Нядаўна было да раздражнення паводкава папулярным усходнебеларускае падаецца, слова з двума значэннямі, што намагалася зусім закрэсліць больш літаратурнае здаецца. А цяпер, як на змену, умоднілася з польскім духам мовіць, так бы мовіць. Зноў піжоняць усе, ад жывога класіка — да бойка непісьменнай журналісткі.
* * *
«Садзецеся, дзеткі мае, ды лічэцеся!..» Быў і такі зварот да малечы, калі яе трэба было карміць за бацькоўскім сталом. Праз гэтае «лічэцеся» можна меркаваць, што ў нашых хатах было тых едуноў часцей за ўсё нямала. Можа, так і цяпер яшчэ дзе-небудзь у нашых мясцінах гаворыцца?..
А я калісьці, у вясковым юнацтве, так вось свабодна перакладаў з перакладу Жукоўскага «Овсяный кисель» немца Гебеля. Па-руску гучала так: «Дети, овсяный кисель на столе, читайте молитву!..» Пішу гэта і — жаданне, якому, бадай, не здзейсніцца: убачыць, як жа яно гучыць у арыгінале — з малітвай ці без яе, як у мяне, як у нас гаварылася?..
А пакуль што — з духмяным смакам тое няхітрай, далёкай стравы.
* * *
Шчасце чытання, прыземны павольны палёт над краінамі вялікай літаратуры, мастацкага слова розных народаў. Чытаючы рускае, Замяціна, успамінаю англійскае, Такерэя, што чытаў таксама тут, у вёсцы. Само яно прыйшло, англійскае, а пачаўшы розумам ад гэтага адчування, мог бы назваць і іншае, з розных літаратур, з роднай уключна. Тут перш за ўсё радасць такога адчування.
Што каму да таго, колькі часу і сілы, пошукаў і нягодаў каштавала табе тое, што ты напісаў, калі яно чытача не цікавіць? Тут тваё гора — толькі тваё. І такога гора ў літаратуры і вакол яе вельмі многа. Калі табе ад такое пацехі лягчэй.