-->

Львы

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Львы, Пташнікаў Іван-- . Жанр: Современная проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Львы
Название: Львы
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 154
Читать онлайн

Львы читать книгу онлайн

Львы - читать бесплатно онлайн , автор Пташнікаў Іван

Апавяданне-папярэджанне аб тым, да чаго можа прывесці забыццё спрадвечных ісцін дабра, нежаданне людзей жыць па законах маралі.

 

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

Перейти на страницу:

Пачакаўшы, Джукі ўбачыў, што ў вёску яны не ідуць: з'ехаўшы з дарогі, пачалі ссоўваць у кучы зямлю, і на дарозе і на полі, падымаць яе каўшамі ўгару, насыпаць у кузавы і адвозіць у бок свінакомплекса. Над полем і над дарогай падняўся высока пыл, засланіўшы рудой пасцілкай сонца. Ад грукату ўздрыгваў пад нізам ганак. Ну і што? Джукі такое бачыў і чуў і вясной і ўвосень. І не раз.

Блага прайшла. Захацелася раптам есці. Учора цэлы дзень блажыла, вярнула ахапкам сліна, і ў роце не пабывала нават макавай расінкі. Джукі ведаў, дзе яда: учора вечарам, калі людзі ў белых шапачках, выгнаўшы з хлява кароў і свіней, завярнулі іх на выган, дзе цяпер равуць машыны, а адтуль з усёй вясковай стадай пагналі ў лес пад свінакомплекс, суседка выпусціла з іхняга хлева на двор курэй і насыпала ім у карыта варанай бульбы. Джукі падумаў, што ў вёсцы асталіся цяпер адны куры…

Падняўшыся на лапы — чуць адліпла ад ганка мокрая ад сукравіцы скура на жываце, — Джукі асцярожна пацягнуўся, пазяхнуў на ўвесь сабачы рот, не могучы пасля схаваць за зубамі абвіслы язык — патрэскаўся за ноч і з яго пасачылася кроў, — сышоў паціху з ганка і пакавыляў да студні, да дзежачкі з вадой, што стаяла пад яблыняй, — піць хацелася больш, чымся есці: у роце было суха і горача.

Вярнуўшыся ад студні, ён не ўтрымаўся, каб не высунуць галаву на вуліцу…

Яму адразу заклала вушы…

Ён ляжаў дагэтуль на ганку, за дзвюма сценамі, і яму здавалася, што грукатала толькі на лагу ад шашы…

Свайго канца вёскі ён не пазнаў…

Вуліца была заслана пылам. Такія ж самыя дзюбатыя, як буслы, машыны ўзрывалі вуліцу, сілялі з яе пясок і сыпалі ў кузавы. Машыны, поўныя чорнага пяску, цяжка равучы, паўзлі гародамі пад сіні лес да свінакомплекса. І нідзе не было відаць людзей… Толькі з кабін высоўваліся чалавечыя галовы, бліскаючы замест вачэй шклом. Пад шклом у іх матляліся пажмаканыя трубкі, як кішкі…

Джукі пасмялеў і высунуўся ўвесь на вуліцу — падцяў толькі пад сябе паміж ног свой доўгі, паранены пасля ўчарашняга хвост. Цяпер ён добра бачыў, што зямлю бралі не толькі на вуліцы; забіралі яе і з гародаў. Секлі тапарамі яблыні — з іх сыпаўся на чорную ўзрытую зямлю белы цвет, як снег. Ламалі трактарамі платы і частаколы ад вуліцы, грузілі на машыны і звозілі. Раскрывалі стрэхі на хатах, знімалі гонту, салому, бляху. Стрэхі адразу накрывалі нечым белым…

Пахла глінай, торфам, гноем, палыном, падсмаленай шэрсцю і дымам… І сярод гэтага грукату і смуроду Джукі раптам выразна пачуў пах свайго гаспадара: рэзкі дух свінакомплекса і дзіцячых сікаў… Джукі не мог памыліцца: такі рэзкі дух ён ні з чым бы не зблытаў…

Ён рвануўся туды, адкуль ішоў дух — уздоўж разрытай вуліцы: гародамі ля знесеных платоў. Цягнучы носам пыл, ён прабег аж да магазіна. Ля магазіна было цішэй. Зямля з вуліцы тут была скапана, зеўрала толькі неглыбокая жоўтая лагчына, і ў яе адзін за адным зялёныя самазвалы ссыпалі шэры грудаваты пясок з дробным каменнем. Палівалі яго вадой і прыціскалі зверху цяжкім катком, як на дарозе пад свінакомплексам — Джукі такое ўжо бачыў.

Ён падбег да адной машыны, да другой. Густа запахла гаспадаром… Ён і да трэцяй падбег… Не мог злавіць толькі сваім сабачым розумам — чаму ўсе расступаюцца перад ім і даюць дарогу. Стаяць, апёршыся на рыдлёўкі, пазрывалі з твараў белыя павязкі…

Джукі хацеў падбегчы і да чацвёртай машыны: яе ён заўважыў толькі цяпер… Яна стаяла воддаль, ля самых дзвярэй магазіна. І тут Джукі раптам згубіў пах гаспадара і пацягнуў глыбока носам… Ён не згледзеў здалёку, што было ў кузаве чацвёртай машыны — самазвала, старога, зношанага, пагнутага, заляпанага белай вапнай, але сваім сабачым нюхам пачуў учарашні горкі і праціўны пах кіслай псіны — львінага клубка з логу… Ён тузануўся адразу назад, нібы яго рванулі за хвост, акруціўся ў адзін міг і ўбачыў, што стаіць адзін на чыстай шырокай пясчанай лапіне, а яго акружаюць з усіх бакоў людзі… Яны яго адумысла пускалі ад машыны да машыны, не праганялі — заманьвалі… Іх многа, і стаяць яны шчыльна — адзін ля аднаго. Ён чхаў на іхні зман, не ў такіх пераплётах бываў… Хоць і баліць рана на жываце, ён скочыць на таго, нізенькага, што стаіць з лапатай у руках і выціраецца ад поту. Нагамі ў грудзі — і лаві яго за хвост… Толькі яму раптам зрабілася горка-горка — дзе ж гаспадар?

Скочыць яму не даў стрэл — грымнуў якраз адтуль, куды ён хацеў сігануць — з-за недалугага чалавека з рыдлёўкай. Куля свіснула ля вуха і шлёпнулася пад ім, пад заднімі нагамі, узняўшы пыл. Стрэл быў ядраны, густы — з ружжа. Джукі чуў не раз такія стрэлы. Іх лавіла вуха і сёння раніцай. Лавіла і прапускала міма. Страляюць — хай страляюць… Джукі памыліўся… Ён ведаў, як адстрэльваюць сабак. Летась па ім стралялі на шашы. Толькі ён шмыгнуў у бульбеўнік і лёг на зямлю. Пабегла шашой сучка Ванда, якая была з ім. Пачуўся стрэл, і яна, падскочыўшы, лягла і закруцілася на асфальце… Пасля заціхла, і яе драцяной пятлёй закінулі ў крыты металічны фургон…

Джукі ўсё адно б скочыў на таго недалугага з рыдлёўкай у руках, але ён раптам згледзеў міліцыянера: той, паявіўшыся ў недалугага з-за плячэй, ішоў проста на яго, наставіўшы ружжо. Джукі крутануўся да машын, што стаялі на дарозе — і там расставіў ногі міліцыянер з ружжом… Тады Джукі тузануўся да магазіна, дзе стаяў самазвал, ад якога несла кіслай псінай… Ля магазіна — вароты… Плот… Джукі ведаў тут усе падваротні…

Але і ля старога самазвала стаяў чалавек у клятчатай рубашцы з закасанымі рукавамі, з белай шапачкай на галаве і з ружжом у руках…

Джукі забегаў па пясчанай лапіне і закруціў хвастом. Пасля стаў рабіць вялікія кругі, шукаючы падваротні, куды можна было б шмыгнуць. Але падваротня ля магазіна была застаўлена скрынкамі. За старым самазвалам бялела доўгая магазінная сцяна з цэглы. Можна было рвануць толькі на вуліцу, але адтуль загарадзілі дарогу рабочыя і два міліцыянеры з ружжамі — вадзілі за ім доўгімі чорнымі стваламі. Ён не хацеў соваць нос пад ствалы. Не хацеў і бегчы: помніў, як пабегла летась сучка Ванда…

Ён кружыў узад-уперад, ціснучыся да людзей. Людзі пры людзях баяцца страляць сабак — баяцца параніць сябе.

Ён кружыў усё хутчэй і хутчэй, аж у вачах пайшлі кругі. Чорныя кругі, як дома дзверы ў будцы, тады кругі з беленькай тасьмы, якія, здавалася, лезуць яму на шыю і цягнуць у ваду на дно. Круг з беленькай тасьмы раптам сашмыкнуўся ў яго з галавы, і ён, маленькі яшчэ, толькі ўбачыў свет сваімі падслепаватымі вачамі, выплыў наверх, на ваду. Па вадзе ішлі кругі, і ён ніяк не мог тады вырвацца з іх, каб даплыць да берага ў мячэўнік…

Доўга кружыць ён цяпер не мог: упадзе ад знямогі на пясок і яго пасля стрэлу, узяўшы за ногі, ускінуць, як Ванду, у кузаў, адкуль пахне кіслай псінай…

Ён пачаў рабіць усё меншыя і меншыя кругі па пяску, ціснучыся да машыны пад магазін. Расчыненая кабіна з адвіслымі, заляпанымі вапнай дзверцамі пасоўвалася да яго ўсё бліжэй і бліжэй. Чуваць было ўжо, як з яе запахла мазутай і хлебам…

Вось грымне стрэл: міліцыянеры паднеслі да вачэй ружжы…

Джукі тады рвануўся ўперад, пакаціўшыся па пяску да самазвала, і… скочыў у кабіну… Пачуў пасля, як за ім грукнулі дзверцы, як стрэл з ружжа. Калі ён агледзеўся, убачыў, што ў кабіне ўжо сядзеў за рулём мужчына ў белай шапачцы і клятчатай рубашцы з закасанымі рукавамі і гаварыў — нешта добрае і лагоднае, як малады гаспадар.

Каб жа Джукі мог разумець, што ён гаворыць.

— Жыві, маць тваю так!.. — вылаяўся мужчына ў клятчатай рубашцы, выціраючыся ад поту. — Жыві, дарагі мой… Калі ты ўжо з такой крутаверці ад міліцыі вырваўся, то жыві — і… Тут ужо я сам не дам цябе застрэліць. Гэта ж падумаць… Ён да мяне ў кабіну. Ратавацца. І правільна зрабіў: жысь твая на валаску вісела. Правільна, брат, зрабіў… Жыві! Глянуў я на цябе, а ты з лапкі на лапку пераступаеш, вочы такія пакорлівыя, і такая ў іх туга, нібы гэта ты адзін вінаваты за ўсё тое, што мы натварылі. Нібы ты гэта сам нарабіў… Стаю, і рукі мае з ламачынай самі апусціліся. Не магу стрэліць, і ўсё… Аж пад грудзі падкаціла. Аж галаву маю павяло… Нагледзеўся я за дзень на вашага брата праз мушку… А ён што, ваш брат, вінаваты? Жыві, маць тваю барабан… Толькі ўбірайся з зоны к чортавай мацеры… Гэта табе я кажу. Вывезу на шашу пад свінакомплекс, і дуй на поўнач, на маю Віцебшчыну… — Джукі чуў, што яны едуць па нечым няроўным: гайдала машыну. — Я, брат, з Віцебшчыны. Пасля вайны мяне, малога, сюды судзьбіна занесла. Ідзі, брат, на поўнач. Дабірайся. Там, гавораць, чыста, няма гэтай заразы. Я разумных цаню. А ты — не дурны-ы… Да мяне ў кабіну… Гэта ж падумаць… Жыві, брат, калі ўдалося выкруціцца… Тако-о-е звалілася на нашы галовы… Ніхто і не чакаў. Вецер, брат, падзьмуў на нас з табой з Чарнобыля. Далёка тут да яго. Узыдзі на гару за Стралічава… Відаць, як над ім вісіць, рудая хмара. А ты не дурны-ы… Гэта ж падумаць… У кабіну. Каб расказаць — дык не павераць. І ўмудрыўся — не аблез. Яны ўсе, — кіўнуў ён галавой на аконца ззаду ў кабіне, — аблезлі, а ты — не. А ты ведаеш, якую дозу яны хапянулі? Не ведаеш. А я ведаю. Павер. Усім ім — капцы б усё роўна… А колькі б яны гэтай заразы яшчэ разнеслі б. Ды схавай ты свой дурны язык. Высалапіў аж на падлогу… Трэба было б цябе праверыць. Хаця, калі ты не аблез дагэтуль… Можа, і выжывеш. Я, брат, і сам ратуюся, як і ты. Ёд п'ю, а ў дабавак і белую і шэрую. Адным словам, не жысь, а кабернэ… А хто скажа, чым усё кончыцца. Такія дозы… І скаціна і сабакі… зашкальваюць. А ваш брат рухавы, на адным месцы не сядзіць — разносіць усё гэта. Вось і спусцілі на вас загад. Усіх да аднаго ў зоне… Падчыстую. Але цябе я… Жыві, брат, можа, і выжывеш. Што не сядзіцца? Скрабешся на сядзенне? Залазь. Ды схавай ты свой сабачы язык, апух ён у цябе, ці што? Глядзець не магу… Жыві, можа, і выжывеш… Што? Не верыш, што я гавару? Паглядзі ў аконца. Там такія, брат, як ты-ы… Адвязу ў лес за свінакомплекс і… Як парасят. Пад агонь… Ці пад бетон… Ім ужо адзін хрэн. Такі, брат, загад…

Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название