-->

Львы

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Львы, Пташнікаў Іван-- . Жанр: Современная проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Львы
Название: Львы
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 154
Читать онлайн

Львы читать книгу онлайн

Львы - читать бесплатно онлайн , автор Пташнікаў Іван

Апавяданне-папярэджанне аб тым, да чаго можа прывесці забыццё спрадвечных ісцін дабра, нежаданне людзей жыць па законах маралі.

 

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

Перейти на страницу:

За Рудым ніяк не мог улежаць — усё торгаўся і круціў па баках галавой — Палкоўнік, высокі, калі стане на ногі, рыжы, стройны ганчак-мяшанец. Жыў цераз вуліцу ад старой сучкі Брынзы. Гаспадар яго, прыйшоўшы некалі без нагі з вайны, крычаў, напіўшыся: я — палкоўнік! Гаспадар так і стаў у вёсцы Палкоўнікам, а цяпер і ягоны сабака. Палкоўнік-сабака быў усягды дагледжаны, накормлены. Меў раскошную новую, пафарбаваную ў чырвоны колер, як страха на хляве, будку і кожны раз кідаўся з яе на Джукі і хапаў адразу за горла, калі той забягаў на двор.

За Палкоўнікам ляжалі ўпобачкі Пушок і Чапа — Чапкоўскі. Пушок — маленькі, рыжанькі, кудлаценькі. Хатні. Жыў пасярод вёскі ў маленькай хаце адзінокай гаспадыні. Чапа — Чапкоўскі — быў чорны, прыземісты, даўгавухі — вушы аж па зямлі. Ніколі не задзіраў галавы, любіў дзяцей, бегаў за імі па вёсцы, і яны цягалі яго за вушы. Гаспадара яго Джукі не ведаў.

За імі, ускочыўшы раптам з зямлі, пачалі нюхаць адзін аднаго два Бімы — Вялікі Бім і Малы Бім. Абодва чорныя, у белыя плямы. Равеснікі Джукі. З новага пасёлка над Стралічавам. Жылі яны на размалёваных верандах, будак у іх не было.

Скочыўшы наперад, падбеглі і ляглі бліжэй за ўсіх да яго, Джукі, Вермут — карычневы, як спелы каштан, падобны на аўчарку шыракагруды здаравяк, і сучка Вілія — такая ж карычневая аўчарка — дзесятая вада на кісялі. Гэтыя жылі ў канцы вёскі ля школы. Ні будак у іх не было, ні жыцця добрага. Прывёз іх некалі абаіх са Стралічава п'яніца-трактарыст смаркатымі шчанятамі і кінуў на вуліцы… Яны і цяпер ляжалі ўсягды на вуліцы на пяску ўпобачкі, перахлябістыя, галодныя, і куры клявалі ім хвасты.

Далей кратаўся ў траве, як усё роўна рыў сабе яму, чорненькі маленькі Маркіз з белай манішкай на грудзях і стаячымі вушкамі. Гэтага Джукі добра не ведаў — прывезла яго фельчарка з Гомеля і рэдка выпускала з хаты.

Была тут і сучка Малекула, бурая, падгалая. Жыла ў настаўніка ля самай школы ў хітрай будцы з шыфернай стрэшкай. Лавіла курэй.

Апошнім у гэтай сабачай гайні, якая часта збіралася вечарамі ў Бабчыне на лагу, ля школы, на ферме, а то і аж на шашы пад свінакомплексам і рэдка разыходзілася з мірам жывая і здаровая, быў Мірон — чорная няўдалая барзяціна. Жыў Мірон на двары ў старшыні калгаса. Сядзеў усягды ці на ланцугу ля будкі, ці ў легкавой машыне з гаспадаром.

Ён першы і кінуўся на яго, Джукі, падскочыўшы з зямлі, як мячык… І ў гэту кароценькую долю імгнення, пакуль Мірон вісеў угары, Джукі згледзеў, што той аблез… Быў увесь шэры, нібы ўкачаны ў попел. Доўгая чорная кудлатая поўсць у яго асталася толькі на шыі і на канцы хваста, як у льва… Дагэтуль Джукі бачыў львоў толькі ў тэлевізары, калі гаспадар быў добры і пускаў яго вечарам у хату… Ён спопаразку затрымаўся на міг на месцы — а так бы ён скочыў убок! — тут яго і збіў з ног Мірон, пакаціўшы па траве… Коцячыся ўніз з беражніцы, Джукі згледзеў яшчэ, як усе яны, пачынаючы ад жоўтай Брынзы і канчаючы прагавітай Малекулай з Бімамі, Чапамі і Маркізамі — няшчаснай малечай, калі схапіць якую — на адзін зуб з кішкамі ў прыдачу — распласталіся ўгары ў шалёным скачку. І зноў Джукі разанула па вачах — усе яны аблезлі: і Брынза, і Малекула, і два Бімы… Хто знізу з жывата, хто зверху са спіны. Жоўтая Брынза была ўся голая…

Яго збіў з ног Мірон, Мірон яго і выратаваў. У той міг, калі жоўта-гола-шэрая беспародная гайня, сплёўшыся яшчэ ўгары над ім у раз'юшаны разяўлены клубок, сапучы гарачынёй, яхкаючы і рычачы, упала на яго зверху — яна лучыла на спіну Мірону, які ў гэты час прыціснуў яго, Джукі, перакуленага дагары, да зямлі і намагаўся сцяць зубамі за горла. Мірон заекатаў на ўвесь свой пярхаты, ахрыплы голас; пад ім распаўзліся ногі, і ён прыціснуў сабой — з усёй гайнёй, якую не ўтрымаў на спіне — Джукі да зямлі… Джукі пачуў, як у яго палезлі з вачніц вочы… Пасля гэты калючы, гарачы, раз'юшаны аблезлы клубок падхапіў яго вострымі кіпцюрамі з зямлі і, здзёршы ашыйнік, пакаціў па беражніцы, парытай кратамі, па ліпкай траве, запырсканай пенай, слінай, сікамі і кроўю. Ён чуў, як яго рвалі зубамі за спіну, за бакі, за хвост… і сам выпусціў кіпцюры і запусціў зубы, чуючы ў роце пясок, поўсць, якая была асталася яшчэ на баках аблінялай зграі, і салёную кроў, ад якой ён звярэў… Але іх, аблезлых, было многа… А ён быў адзін… І яны кацілі яго берагам да чырвонага трактара, пасля людзям пад ногі на мокрую траву і мыльную пену. Кацілі і рвалі зубамі… Калі яго выкацілі на чыстую беражніцу на чорны торф і сівы пясок, ён пачуў, што задыхнецца ад пылу, не вытрывае… Хапіў кашаль, і падступіла блага… Як кожную раніцу… Злавіўшы момант, калі яго зноў распласталі на спіне, ён сабраў у абкусаныя лапы ўсю сваю сабачую сілу, спружыўся, адштурхнуў ад сябе гарачы, запылены зубаты клубок і… астаўся ляжаць на зямлі… на спіне… Гарачы, раз'юшаны клыкасты клубок у гарачцы забыўся на яго і пакаціўся, гыркаючы, форскаючы і якочучы, сівым пясчаным логам, падымаючы з зямлі пыл, поўсць, камякі торфу, траву і жоўтыя адуванчыкі…

Джукі ляжаў на мокрай ад крыві траве на спіне, не могучы адразу падняцца. Напружыўшыся, ён задзёр галаву і глядзеў на запылены аблезлы львіны клубок, які нібыта гарачым ветрам гнала на шашу пад Стралічава…

Блізка недзе ракатаў трактар, бразгалі вёдры і крычалі людзі.

Яны і падышлі да яго, пачакаўшы — двое, у белых шапачках і з белымі павязкамі на тварах. Нахіліліся, падклалі рукі і паставілі на ногі…

Ён не даўся, каб яго пагладзілі па галаве.

5

Ён начаваў гэту ноч на ганку пад дзвярыма. Расцягнуўся на дашчатай пафарбаванай падложцы, паклаў галаву на лапы і глядзеў усю ноч на вуліцу праз расчыненыя вароты. Усю ноч было ціха ў вёсцы, як у яме; толькі звечара далёка на шашы, пад свінакомплекс, ціхенька шумелі машыны, лыпаючы падслепаватымі фарамі, позна ныла за акном у хаце радыё, падалі пасля спалоханы голас куры ля хлева, як усё роўна іх узагнала памаўзлівая Малекула, і ўсё сціхла, як вымерла. Толькі капала ў студню аднекуль зверху вада — ці не з дзіравага вядра на ланцугу — манатонна, раз за разам і не давала звесці вочы. Джукі так і не заснуў да самай раніцы — на жываце і на задніх лапах балела скура, востра, як пасыпаная прысакам. Калі ён кратаўся, чуў, што пад ім мокра і ліпка — з жывата, з раны, цякла сукравіца.

Усю ноч ён глядзеў на вуліцу і ўсю ноч думаў: чаму на яго напалі сабакі? Перш яны на яго так не нападалі: баяліся. Гыркалі, рвалі, бывала, у зборышчы за бакі, гыркаў, рваў і ён таго, хто лез яму на ражон ці пах такой паскуднай гнілой псінай, што лепш бы яму, такому, здыхаць у будцы, а не лезці нюхацца, разявіўшы паскудны рот…

Можа, напалі за тое, што завыў па-воўчы днём на гары пад Стралічавам, навёўшы жуду на сабачыя вушы? Сабакі выюць рэдка, можа, толькі чуючы смерць, і не любяць гэтага.

Пасля недзе ў яго напятым сабачым розуме мільганула здагадка, у якую ён і сам не хацеў верыць: напалі за тое, што ён не аблез… Яны аблезлі, а ён не. У яго толькі высыпалася поўсць з маленькай белай ласачкі на носе. Ён не ведаў, што гэта была за бяда, але яна яго мінула, а іх не. А што бяда прыйшла, ён гэта чуў; не ведаў, не разумеў сваім сабачым розумам, якая яна, гэта бяда, але чуў — хацелася выць. Ляжаў усю ноч галавой да расхрыстаных варот на пустую вуліцу, а яму хацелася выць — хоць здохні. Ён пробаваў выць ноччу, але ад натугі балеў паранены жывот і густа цякла на ганак сукравіца.

Звёў вочы ён пад раніцу, у час, калі ўсё жывое млее і пускае па губах салодкую сліну, і адразу прачнуўся ад грукату. Спаць яму не далі.

Яшчэ не падымаючы галавы з лап, ён добра ўбачыў, як з шашы ад свінакомплекса паўзлі сюды, у вёску, машыны. Нізенькія, зялёныя, крытыя зялёным брызентам, яны лязгалі бліскучымі гусеніцамі, як трактары. Узышло сонца за свінакомплексам і сцябала па бліскучых гусеніцах крывавым золатам. За нізенькімі машынамі ішлі высокія, дзюбатыя, як буслы, за імі парожнія кузаўныя; іх, здавалася, падпіхалі чырвоныя трактары, сунучы па зямлі перад сабой вялізныя металічныя белыя лемяхі. Джукі ўздрыгнуў, пачуўшы нешта нядобрае. А ўцякаць яму сёння нікуды не хацелася: балеў паранены жывот. З логу з ветрам прынесла гар — зноў падвярнула пад грудзі блага, як і кожную раніцу. Але на лог у ніжыперніцу не пабяжыш: там зялёныя машыны…

Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название