Дзе скарб ваш

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Дзе скарб ваш, Брыль Янка-- . Жанр: Современная проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Дзе скарб ваш
Название: Дзе скарб ваш
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 469
Читать онлайн

Дзе скарб ваш читать книгу онлайн

Дзе скарб ваш - читать бесплатно онлайн , автор Брыль Янка

У новую кнігу народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля ўвайшлі апавяданні «пра час i пра сябе», эсэ на вострыя тэмы сучаснасці, лірычныя запісы i мініяцюры, дзе i роздум пра найгалоўнейшае ў жыцці, i шматфарбныя замалёўкі прыроды, сцэнкі з народнага побыту, i здаровы, іскрысты гумар.

 

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 28 29 30 31 32 33 34 35 36 ... 61 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

* * *

Быў нарэшце ўчора ў Максіма, у бальніцы. Дрэнна ён выглядае i адчуваецца. Тым болей што дома Люба ў яшчэ горшым стане...

A ўсё ж, калі я з ціхага, светлага калідора, праз двое ашклёных дзвярэй, заглянуў у палату — убачыў, што ён, у спартыўным касцюме, сядзіць наўпоперак на пасцелі i нешта піша ў агульным сшытку. Потым, з яго намёкаў, зразумеў,— новыя вершы збірае для «Полымя». «Апошнюю падборку»,— сказаў амаль зусім спакойна, па-свойму зноў жа ў вераснёўскі нумар, як неаднойчы бывала.

Вітка, які быў у Танка на тры дні раней, гаварыў мне, як яны з Максімам «добра пагаварылі пра галоўнае», пра што ніколі не было ўсё часу пагаварыць. У нас з Максімам учора да гэтага не дайшло: такое не «арганізуеш» знарок, а да таго яшчэ вярнуўся з праходкі яго супалатнік.

А чым пацяшаць, апроч стандартнага «папраўляйцеся»?..

Пішу, a ў акно ідзе светлае, цёплае сонейка,— можна сказаць i так, i не здаецца гэта сентыментальнасцю,— i згадалася, як днямі сустрэўся ў Доме літаратара з Навумам Кіслікам i звярнуліся мы да падобнага аптымізму: кожны дзень — падарунак. Бо i ён, ужо неўзабаве сямідзесяцігадовы, у раннім юнацтве цяжка паранены, адзінокі, адчувае сябе, як гаворыцца, не найлепш.

* * *

...Як ішлі мы раннім-раненька берагам Шчары ў свае запаветна-рыбныя мясціны,— міма надрэчных дубоў у спрадвечным спакоі, міма слупочка чорнага бусла воддаль на росным лузе пад лесам, міма павалочыстага туманца, над рачною ціхасцю, дзе ў цёрпка-цёплай i непрыкметна-быстрай вадзе, як у беспамернай ванне, раскашаваліся ў кароткіх перапынках ад свае хітрае працы пашанотныя рабачаі-бабры.

З вамі ішлося ў тым шчасці — Валодзя i Федзя [16] — даўно ўжо, у сямідзесятым, i так неверагодна хораша.

* * *

На Алесевай магіле дзве экзальтаваныя панячкі, журналістка i скульптарка, пакінулі адкаркаваную бутэльку каньяку i чаркі.

На гадавінным вечары пра гэта абурана расказалі ўдовы абодвух братоў Адамовічаў.

I тады, i цяпер вось, пасля Валодзі i Федзі, успомніў i гэта, i магілу Ясеніна, недапітую бутэльку «чарніла» каля помніка i хамскае на пісульцы: «Сережа, тебе!..»

* * *

На сустрэчы з «першацветаўцамі», студэнтамі i вучнямі старэйшых класаў, раіў ім вывучаць замежныя мовы, каб пасля самім несці роднае слова іншым народам.

Бо чакаць, што нашу мову будуць вывучаць, каб знаёміцца з нашай літаратурай, цяжка...

* * *

Назе спатрэбілася гарызанталь з пад'ёмам, бо ўжо i цяжка было хадзіць, i абувацца, дый балела. I вось я, па настаянні жонкі i ўласнага одуму, залёг на тахце, як калісьці выратавальна бывала, нагу прыладзіўшы вышэй. Вось запішу гэта за сталом, як i папярэдняе, урыўкамі, i зноў лягу. Бо i лежачы, можна чытаць i запісваць у блакноце.

Словам, не пусціўшы пагалоску, што «нядуж» (гэта Купалава любіў з усмешкаю закаханасці цытаваць Валя Таўлай), а з прыемнасцю ўвайшоўшы, так скажу, у творчыя дні хваробы.

* * *

Пасля таго як першага прэзідэнта СССР, што ўзняўся быў над усёй імперыяй, я ўпершыню i наогул адзін раз не з тэлеэкрана пабачыў у нашай Акадэміі навук незадоўга да таго, як ён сышоў ca сцэны, учора на сустрэчу з другім прэзідэнтам, які ўжо над імперыяй паменшанай, ішоў ледзь не з усмешкай: ці не першае i апошняе спатканне зноў?..

Чаго варты сказ у святочна-важным запрашальным білеце: «Просьба не мець пры сабе сумак, пакункаў i іншых рэчаў». Пакуль дайшоў да акадэміі з тралейбуснага прыпынку... тройчы папрасілі паказаць гэты білет у спалучэнні з пашпартам, а потым яшчэ раз пры ўваходзе ў вестыбюль, i пяты раз — У залу...

Сябру, які дагнаў мяне потым, пасля гістарычнай сустрэчы, на вуліцы i спытаўся: «Ну, як?», я адказаў: «Шоу прымітыўнае i трывожнае...»

* * *

Днямі — жудасная тэлекарціна «Его зарыли в шар земной»: пошукі салдацкіх чарапоў у балоцістай «даліне смерці» на Наўгародчыне.

Стары ўжо, заплаканы сын, бацька якога загінуў недзе тут, калі сам ён быў дзіцем. Страшнае недзе!..

Успомнілася, як у семдзесят трэцім годзе на Вэстэрплятэ, дзе пачалася наша марская дарога па Скандынавіі (савецка-польска-нямецкі рэйс міру), Сярожа Круцілін... ну, не скажаш «здзіўляўся», лепш — недаўмяваў, колькі гістарычна-патрыятычна-музейнага шыку на месцы няпоўных сямі дзён супраціўлення, з пятнаццаццю ахвярамі. I расказаў мне пра тую «даліну смерці», дзе на балоце спынілі меліярацыйныя работы з-за жахлівага мноства чалавечых касцей. З балота наступалі на немцаў, якія заселі ў надзейнай абароне на вышынях...

* * *

Бібліятэкарачка, якой туга жывецца, як маці-адзіночцы, неяк вельмі ж па-сучаснаму, па-выжывальнаму страшна сваёю тупасцю ці «практычнасцю» з бяды i ледзь не з адчаю, расказвала, што муж яе сяброўкі вярнуўся з Каўказа i расказваў пра нашу снайперку ў Чачні, што яна там... «вельмі добра зарабляе»...

Тут пераходжу думкай да такіх страшных... таксама ж людзей, розных грачовых, ельцыных i ім падобных, «явно и тайно образующе», якія таксама «добра зарабляюць»...

* * *

Сабралася ў мяне з падарункаў ажно чатыры польскія таміны пра нашы гдыньскія дні i ночы ў верасні трыццаць дзевягага года. Гартаючы адзін з тых тамоў, найпазнейшы па часу выдання, яшчэ раз спыніўся на тым, што там, на ўзбярэжжы, за дзевятнаццаць дзён яго абароны з пятнаццаці тысяч абаронцаў, улічваючы i апалчэнне, загінула больш як трэцяя частка. Як мне пашчасціла выжыць!.. Вось пішу, i ўспомніўся наш вясковы дэтэктарны прыёмнічак, з якога Коля, як ён мне потым расказваў, чуў i ўсім у хаце перадаваў, што «Westerplatte wciąż się bohatersko broni» [17]. I яны гэта звязвалі ca мною. А пра Мішу хоць бы такога нечага не было.

Ці не зацерлася ў эпілогу да «Птушак i гнёздаў» тое, як наша маці выходзіла, цяжка кульгаючы, на гасцінец i выстойвала там, i пыталася — то ў польскіх салдатаў, палонных, якіх гналі на ўсход, то ў савецкіх, якія ішлі на захад:

— Хлопчыкі, ці не бачылі, ці не чулі вы пра маіх?..

* * *

Захацелася чамусьці перачытаць Сянкевічаў «Potop», які сяк-так памятаю ca школьных гадоў.

Што ж, займальна, але не глыбока, абмежавана ў шляхецкім ды каталіцкім патрыятызме.

Кміціц нагадаў Дырлевангера, асабліва там, дзе ён, уварваўшыся ў нейтральную Прусію, распраўляецца з мірным насельніцтвам — з імем боскае матKi i караля на вуснах.

* * *

З прыемнасцю пазнаёміўгя з Каратынскім у нашым акуратным (Федзева!) выданні, усё ж шкадуючы, што знаёмлюся не ў арыгінале. Ажно запісаць такое хочацца:

У карчме,— відаць жа, у нас, на Наваградчыне,— прыгожая маладая жыдовачка раскатвала на стале цеста на локшыну, а ён, барадач, любаваўся i ёю, i яе спраўнай работай, i падумаў тады пра свой намер пісаць пра родныя мясціны. Цытую:

«Калі я пачаў разважаць, што цеста пад качалкаю ўсё распаўзаецца, займаючы ўсё большую ды большую плошчу стала, але затое становіцца танчэйшае i яго маса не павялічваецца, мне здалося, што тое ж самае адбываецца i з многімі ідэямі, раскатанымі на некалькі кніг».

I вырашыў ён напісаць сваё не ў пяці кнігах, а карацей.

Можна дадаць: а мы, некаторыя з нас, усё-такі раскатваем сваё цеста, i намі не палюбуешся, як тою карчмароваю дачкой.

* * *

«Блажен муж да не йдет на совет нечестивых». Здаецца, так у Давіда. А муж учора пайшоў, запрошаны тэлефонным званком, на сход ветэранаў пры нашым домакіраўніцтве. Сумная публіка, ды не выглядам płci obojga [18], a запыленымі гарладзёрамі ў старым, яшчэ не зусім саржавелым бальшавіцкім узбраенні, якія з «вертыкальным» нахабствам агітуюць за прэзідэнта i яго рэферэндум... Толькі потым, дома, калі пазваніў А. Р., стала вядома, у якім «прэстыжным» кодле ветэранаў арміі ды партыі нам пашанцавала апынуцца: больш пяцісот пры адным домакіраўніцтве!

1 ... 28 29 30 31 32 33 34 35 36 ... 61 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название