Беларусы, вас чакае Зямля
Беларусы, вас чакае Зямля читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Янук запраўды толькi цяпер, прыслухоўваючыся да быццам спакойнага, але нацягнутага, як тугая струна, Антосева голасу, усьведамiў вялiчыню злачынаў Шпунта.
— Станавiся на каленi! — гаркнуў збоку Антось. — Не, не перада мной, а перад Януком. Цялуй яму ногi, прасi, каб дараваў табе за сябе й за бацьку!
Лявон зьбянтэжана пазiраў на юнака й дзяцюка.
Голасны стрэл страсануў хату, напоўнiў пакой смуродам. Лявон прыгнуўся, ухвацiўся за левую нагу. Але, як i раней, Антось стрэлiў побач у падлогу. Вiдаць, што добра валодаў зброяй. Шпунт, зьбялеўшы, упаў на падлогу. Янук устаў.
— Паўзi да Янука, цялуй яму ногi, прасi, каб прабачыў за сябе й за бацьку!
Зьбянтэжаны Янука пазiраў то на Антося, то на Лявона. Перастаўляючы каленi, з жахам у вачох скоса пазiраючы на Дзеркача, Шпунт прыблiжаўся да юнака. Хлапец зiрнуў на свае карэлыя ногi й чакаў, што Антось загадае Лявону ўстаць. Але Дзяркач стаяў i маўчаў. Твар, якога Янук раней ня бачыў; зусiм ня той чалавек, якога ведаў даўно, як суседа; ня той гарэза, што дзяўчат забаўляў-сьмяшыў i ня той шчыры сябра, зь якiм яшчэ ўчора так паважна на мяжы ля крушнi каменьня гаварыў. Не. У гэтым твары пасялiлася пагардлiвая нянавiсьць, што сьцiснула вусны, звузiла вочы й самога Дзеркача ў гатовую да скоку пантэру замянiла.
— Цалуй Януку ногi!
Гаркнуў адрывiста. Не магло быць найменшага сумлеву, што зараз-жа бухне наступны стрэла, але гэтым разам, магчыма, не ў падлогу.
— Калi ён табе даруiць то можа жывым пойдзiш. Калi не, застрэлю, баньдзюга!
I тады Янук зусiм блiзка адчуў жар няроўнага дыханьня, пабачыў разiнутыя засьмяглыя вусны, закрываўлены нос, тупыя, жаху поўныя вочы, раськiнутыя блёнд валосы. Галава сьхiлялася перад iм. Хлапца страсло агiдай.
— Цялуй Януку ногi! Прасi, каб дараваў!
Няўцямны Янук дрыжэў, а дзьве Лявонавы рукi, як мядзьведзёвы лапы, агарнулi ягоныя ногi. Адчуў унiзе, пад раскiнутымi валосамi, няроўную хрыпату.
— Янук, д-д-даруй… акхi, акхi. Гэта-ж нi я над тваiм бацькам зьдзекваўся, а Косьцiк…
— Ты, сукiн сын, яшчо апрўдавацца будзеш?
З гэтымi словамi Антось падскочыў да стоячага на каленях перад Януком Лявона й чаравiком з усяе сiлы заехаў яму ў жывот. Шпунт застагнаў, левай рукой схапiў жывот i круком сагнуўся перад Януком.
— Кажу, брыда, апраўдавацца яшчо будзеш?
— Янук, прашу, прасьцi мяне.
Голас, як на дзiва, быў чысты й выразны.
— Чуў, Янук?
Бахмач зь няўцямнасьцю стаяў i пазiраў то на Антося, то на Шпунта, ашчаперыўшага ягоныя карэлыя ногi.
— Цяпер цалуй яму ногi! — крыкнуў Дзяркач.
Нашто ўжо перапалоханы выглядаў Лявон, як быццам у трасцы дрыжэў, але нейкая непераможная сiла, магчыма апошняя макулiнка чалавечае годнасьцi, не дазваляла яму нагнуцца колькi сантымэтраў i прылажыць вусны да карэлых юнаковых ног. Павярнуў спацелы твар набок i зiрнуў на Антося. У позiрку гнязьдзiлася роспач зьмешаная зь вялiкай нянавiсьцю.
Антось нацэлiў рэвальвэр проста ў скроню.
— Кажу астатнi раз: цалуй Януку ногi, абедзьве нагi! Болi паўтараць ня буду!
У хаце запанавала поўная цiшыня. Янук, потам аблiты зь вялiкага паднечаньня й зьбянтэжаньня, чуў, як з грудной клеткi на волю рвалася сэрца. Млоснасьць гнула каленi. А збоку — сухi, шорткi Антосеў твар i нейкi джгучы голас.
Перш на правай, а пасьля на левай ступнi адчуў гарачае, перарыванае дыханьне й мокрую мяккасьць. I гэта апошняя, як маладая жгучка, апякла юнака; ён хацеў iрвануцца, ўцячы, але ўчэпiстыя рукi трымалi ягоныя ногi. У той час агiда й нейкi жывёльны нясмак, навытлумачальная брыдота агарнула ўсю яго iстоту. Было-ж некалi, што Тапсiк яму ногi лiзаў i ён з гэтага цешыўся. Але гэтта, мусiць, ня сам фызычны стык так агiдна дзейнiчаў, як можа сьвядомасьць нiкчэмнасьцi й нiзкасьцi гэтага чалавека. Дый наагул, цi мог у той час Янук усьвядомiць, што запраўды дзеiцца? Цi не занадта раптоўна гэта ўсё прыйшло? Яшчо ўчора нiчога падобнага ня мог-бы ў сваей галаве ўявiць.
Антось падняў сваю правую нагу, паставiў чаравiк на Лявонаву шыю.
— Во так, ня стыдайся, басяк! Ты-ж — народная ўлада. Дык ты народу гэтаму, на чыей сьпiне ты, паразiт, сядзеў, цалуй цяпер ногi!
Чаравiк нацiскаў. Лявонавы вусны прыцiснулiся цяпер да карэлае правае ступнi. Гэтага было зашмат. Янук iрвануўся i ў той час, як Антосеў чаравiк нацiскаў на Лявона, раптоўна скочыў, вызваляючы ногi зь мядзьвежых Шпунтовых абдымкаў. Бахмач адбегся ў кут. Зьдзiўлены раптоўным Януковым скокам, Дзяркач адыйшоўся ад Лявона.
— Устань! — крыкнуў. — Адыйдзiся назад, да сьцяны!
А тады зачарпнуўшы паветра, не сьпяшаючыся, пачаў лагодным бацькоўскiм тонам да Янука: — От вiдзiш, Янучок, якая гэта скацiна. Я нi дзiўлюся, што ты адскочыў, бо так брыдка. Ну алi што скажаш? Выбачыш яму, цi не?
Пытаньне павiсла ў паветры. Зьбянтэжаны Янук пазiраў на Дзеркача й адно зь вялiкiм намаганьнем зiрнуў на абрыдзелага Шпунта.
— Ты сабе падумай, цi, каб ён быў на тваiм месцы, што тады было-б? Выбачыў-бы ён табе, цi што?
I запраўды, сьвет абкруцiўся й зiрнуў на Янука зусiм iншым, жахлiвым, бязьлiтасным бокам. Гэны зьненавiджаны дзяцюк у куце, цяпер зусiм стаптаны, панiжаны, гэта тойсамы, якi ў iншым часе й месцы вынырнуў бязьлiтаснай пачварай, што зь ягонага бацькi зьдзеквалася. I дрыжыкi жаху мурашкамi прабеглi па Януковым целе.
— Гэты басяк, калi ён верх над людзьмi дзяржаў, саўсiм нi зь кiм ня лiчыўся. Ён быў проста што скацiна. Для яго нi Бога нi было, i нiякай увагi, нiякай спагады да свайго брата-сермяжнiка. Алi Бог усё вiдзiць. От прыйшоў i ягоны час за грахi расплачвацца. Ну але, Янук, ты сабе падумай: от цяперака наш над iм верх. А каб так сталася, што гэты галаварэз зноў над табой верх узяў, дык ён бы цябе памiлаваў? От ён цяпер, хоць, праўда, i пад прымусам, але-ж табе ногi цалаваў ды прабачэньня прасiў. Вiдзiш, што гэты паўзун робiць, абы толькi сваё нягоднае, паскуднае жыцьцё ўратаваць. Сам вiдзiш. Дый што тут вiдзiць? Ён i быдлам станецца, абы сваю прадажную, нягодную скуру выратаваць. А посьля, нi дай Божа, каб да цябе дабраўся, тады нi жывацей, ён табе спуску на ногаць нi дасьць. Гэта, Янучок, басяк гэты iз сама найгоршых падонкаў у нашым народзе. Лавiць iх трэба й душыць, як клапоў, каб i заваду ня было. Мы iз табой от судзiм гэтага клапа й я думаю, што табе ня трэба казаць якi ў нас будзiць прыгавор. Сам падумай.
Антось устаў, пiльна зiрнуў на Лявона, што стаяў ля сьцяны, выняў зь кiшэнi патроны, адкiнуў у рэвальвэры барабанчык i, уважна трымаючы Шпунт на воку, ладаваў зброю. Лявон паварушыўся.
— I ня думай, басяк! Нi ўдасца!
Гатовы да стрэлу наган iзноў нацэлiўся ў Шпунтову галаву.
— Зьдзявай боцiкi! — гаркнуў Дзяркач.
Шпунт лыпаў вачмi, пазiраў то на Янука, то на Антося.
— Ты чуў, цi не? Зь мёртвага-ж сьцягваць ня буду!
I зноў грымнуў стрэл. Янук чхнуў ад смуроду пораху.
— Сядзь i зьдзявай, клоп!
Больш Лявона спанукаць не давялося.
— Дык от, Янучок, ты будзь судзьдзя. Ты зробiш гэтаму чалавеку прыгавор. Добра?
Януку здавалася, што навокал яго адбываецца нейкая недарэчнасьць Ды няпраўда. Нiкчэмнiк у куце, — тойсамы, што пад Антосевым прымусам ногi ягоныя цалаваў, - гэта-ж ня хто iншы, як калiшнi «драгомiшч-акцiвiст», той, пра каторага некалi вясковыя дзяўчаты казалi, што «не сваей сям'i вывадак». Вунь ён, нiкчэмненькi ў голасьцi сваей, жывёлiна з жывёл…
— Ну дык як? Што скажаш?
У Антосевым голасе гучэла нотка лагоднае нецярплiвасьцi.
— Прыгавор? Як, якi гэта прыгавор? — з поўнай няўцямнасьцю спытаў Янук.
Антось устаў, узяў з кута стрэльбу, хутка адчынiў замок i выкiнуў адтуль патрон. Ён нанава ляпнуў замком, увесь час ня зводзячы вачэй са Шпунта.
— Прыгавор? Гэта значыць, што маем зрабiць з гэтым басяком, от што. Калi скажаш, што ён на сьмерць заслужыў, дык тут-жа яго й застрэлiш. А калi не… Ну дык як?
Янук апусьцiў галаву. Антось сунуў яму ў рукi стрэльбу.
— На, дзяржы.
Янук аблапiў кодаўб стрэльбы, пазiраў перад сабой й нiчога ня бачыў. А думкi хаосам, адна другой наперагон, роiлiся ў галаве. «Як гэта от так забiць чалавека? Калi я скажу забiць дык i заб'ём…»