Дзярлiвая птушка
Дзярлiвая птушка читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— Думаiш, ён скора раструбiць?
— Чорт яго бацьку знаiць. Мусiць, трэба прыказаць, каб…
— Абаждзi… Знаiш што? Мусiць, буду зьбiрацца я ў дарогу, а ты валяй у дзярэўню ды намахай Бахмачову пальцам, каб ня пiкнуў…
— А ты-ж куды?
— Пайду, наверна, ў Павалiчы да Хвёдара. Ён мне ўгалок знайдзiць, каб дзе далей ад людзкога вока. Калi што будзiць новага, дык iзьвясьцi, — сказаў, устаючы, Косьцiк.
У гэны вечар гаварылi-ператрасалi ўсё, што адбылося ўдзень i раней яшчэ, раiлiся аб людзях, над якiмi працаваць трэба было-б, цi якiх ужо апрацоўваюць, аб плянах на блiзкую будучыню. Цяпер яшчэ крыху пастаялi, папалiлi, аганькi далонямi засланяючы, ды разыйшлiся. Лявон пад Лiтоўцы, а Сабакевiч пад суседнi бор падаўся.
VI
У Кмiтавай хаце народу было, як дзьверы зачынiць. Рыпела яна Тадэўкавай полькай-трасухай, скакала-тупала дзясяткамi ботаў i чаравiкоў, зьвiнела й рагатала, выкрыквала галасамi старых i маладых. Шырака навосьцеж расхрыстаныя былi вокны. Малыя падшыванцы, на прызбу ўзьлезжы, на падваконьнi вешалiся, галовы ў сярэдзiну торкалi, каб танцораў разгледзець. Iншыя iх за ногi цягнулi, штурхалiся, адзiн за адным iз крыкам i рогатам ганялiся. Кмiтаў панадворак дзiцячымi босымi нагамi дуднеў. Група дзетак малела, бо маткi iх дамоў заганялi. Мужчыны то ўпоцемку ў сенцах палiлi, то на лавах пад сьценамi сядзелi, ды на малечу, што занадта голасна сябе паказвала, злосна час-часам сыкалi.
Па вулiцы й панадворку там-сям парамi хадзiлi дзяцюкi зь дзеўкамi. Чуваць быў звонкi дзявочы сьмех. Цi адзiн зь дзяцюкоў — зашмат, вiдаць, з пляшкi пацягнуўшы — няроўнымi нагамi баранаваў. Падлеткi найбольш у шырокiх сенцах таўклiся, а каторыя сьмялейшыя, дык i ў хаце. Гэтак пры самай сьцяне зь левага боку за дзьвярмi, наперамешку з жанчынамi, тулiлася група падлеткаў-дзяўчатак. Стары дзяцюк Антось, што на вечарыны з барадой-дзеркачом прыходзiць панадзiў, каб каторай маладзiцы да болю твар нацерцi, якраз вунь падыйшоў да дзяўчатак i зубы пачаў замаўляць. Доўга не пастаяць iм цяпер. Зараз у рух пойдзе Антосева барада-дзяркач, вялiкi вэрхал ля парога падымецца, i дзяўчаткi, як мышы ад ката, ад Антося кiнуцца.
З правага, боку ля прыпечку й палаткаў, важна наперад свой бэбах выпяцiўшы, Кмiтава Аўдоля iз чародкай жанок расьселася. Квокча-гамонiць яна ў гэнай групе дый такую паважную позу трымае, як быццам тая каралева мiж свае дворнае сьвiты. Вочы ў гэнай чарнявай жанчыны ходзяць вельмi борзда, а язык анi ззаду не застанецца.
Неяк сварыўся раз на кабету Кмiта: «Гэта-ж каб язык твой ды ў малатарню падпрог цi што, от-бы-ж i намалацiў. Ато, як тое трапло, напуста дый бяз толку нiякага…»
Шмат Аўдолiным вачом цяпер занятку было: трэба-ж бачыць, як хто апрануўся, павярнуўся, ступiў, хто з кiм танцаваў, каторая дзяўчына на якога дзяцюка паглядала й цэлую безьлiч iншых, здавалася зусiм някчэмных, дробязяў. Аўдолi яны першай вагi былi, так як нармальным людзям паветра цi рыбе вада. Не на тыдзень, а цi на месяц аб тым, што сяньня пабачыць, гаворкi мусiць хапiць. Няма-ж як папусьцiцца, каб, скажам, якая другая кабета больш, чым яна, прыцемiла. То-ж не ў чыёй iншай, а ў Аўдолiнай хаце йгрышча было.
Тымчасам Аўдолi дрэнна бачна было, а Антосю забаўную дзеўку трудна вышукаць, бо падвешаная высака пад самай столяй закуродымленая лямпа вялiкi пакой у паўзмроку трымала. Душачыся ад тытунёвага дыму й духменi, ледзь хлiпала-лiпела ў закуродымленым шкле лямпы пярынка маленькага полымя з пляскатага кната. Даставалася-ж беднай Кмiтавай, хоць i нестарой яшчэ, падлозе. Як каторы дзяцюк у вадным куце прытупваць пачне, дык колам раз, а мо й два абойдзе, пакуль скончыць.
Музыка Тадэўка, iз цымбалiстым Язэпавым Пецькам зь левага боку, маладой i прыгожай жонкай — з правага, граньнем тым цi не ў газарт сябе ўвёў. Трохрадка хадзiла ў руках ягоных лёкка й гладка, быццам сама арганiчнай часткай Тадэўкi была. А ён прыпяваў:
Тадэўкава жонка Надзя дапамагала музыку:
Тадэўка зноў на зьмену:
А Надзя яшчэ адну:
Надзя была ня меншай весялухай, чымся сам Тадэўка. Некалi гармонiк гэтую пару на жыцьцёвым шляху злучыў. А моладзь круцiлася ў вiхры полькi, быццам ад спраўнасьцi й вытрываласьцi ў скоках залежала слава цэлай вёскi. Было цiмала з суседнiх вёскаў, дык мо каторыя лiтоўскiя не хацелi перад iмi падгадзiць. А Тадэўка — спацелы, iз раськiнутымi на бок даўгiмi валосамi — быццам заўзяўся, каб з ног звалiць самых найтрывальшых танцораў. Побач заўзята памагаў яму цымбалiсты Пецька. Кiйкi ягоныя, як апантаныя чэрцiкi, скокалi, перабiраючы па струнах.
Янук, прабегшыся па панадворку, перакiнуўся колькiмi словамi iз сваймi цёзкамi й сябрамi, пераступiў высокi парог сенцаў i ўжо ў хату ўвайсьцi мецiў, як нейчая рука, быццам клешчамi, сьцiснула правае плячо. Над самым Януковым вухам загудзеў бас:
— Ты казаў каму, што мяне ў Гараватцы вiдзiў?
Гэта быў пан «драгомiшч». Ад яго тхнула смуродам манаполькi.
— Ну кажы, кажы! — спанукаў ён, адцягнуўшы Янука ў цёмны кут, каб нiхто ня бачыў, ды балюча цiснуў правую руку.
— Пусьцi!
— Кажы!
— Не, нi казаў нiк…
— Ну глядзi-ж, бо як скажаш i я дазнаюся, дык дзiсятаму закажаш!
У Лявонавым голасе гучала сур'ёзная пагроза, што нагнала хлопцу страху. Вызвалiўшы руку, ён вомiг адскочыў ад Лявона й убег у хату.
У паўцемры намагаўся разгледзецца, дзе што робiцца. Пацiснуў у качарэжнiк, каб нiкому не замiнаць пад нагамi дый найбольш бачыць. Перш за ўсё ўтаропiўся ў вабразы на покуцi. Здалося яму, што ад накуранага дыму й пылу аж насупiлiся брывы нейкага сiвабародага сьвятога й ледзь ня млела, трымаючы Богуша Лазара Крыж, Прадславiна рука.
Неўзабаве спынiўся гармонiк, i дзеўкi ды дзяцюкi цiснулiся пад дзьверы, каб выйсьцi на двор прахаладацца, калi зь сенцаў пачуўся голасны загад папольску:
— Стой! Нiхто ня выходзiць!
Янук пабачыў у сянёх два электрычныя лiхтарыкi. Адзiн запынiўся пры знадворным парозе, другi асьвяцiў сенцы. Янук кiнуў вокам у той кут, дзе нядаўна затрымаў яго Лявон. Там нiкога не было.
Адзiн палiцыянт застаўся ля знадворных дзьвярэй, а другi ўвайшоў у хату. Гэтага малажавага, што ўвайшоў, Янук ведаў з Гацяў: зваўся Вадзiмскi. На плячох меў стрэльбу. У хаце, як быццам на каманду, ўсё прыцiхла. Людзi пастаранiлiся, i Вадзiмскi стануў пасярод вялiкага пакою, левай рукой пагладзiў кароткiя чарнявыя вусiкi й голасна сказаў:
— Сяньня ў Гацях на фэсьце былi раскiданыя бальшавiцкiя афiшкi. Вы, пэўна, ведаеце, чыiх рук гэта работа.
Тут Вадзiмскi цi не наўмысьля затрымаўся, прыглядаўся моладзi й старэйшым, што сядзелi на лавах, або падпiралi сьцены ля парогу цi ля вялiкай печы. У гэтым часе, асьмелiўшыся, мусiць, цiшынёй навокал, вылез спад лавы вялiкi шэры Кмiтаў кот i наўскасяк праз пакой, ля палiцыянтавых, чыста выглянцаваных, але ўжо запыленых ботаў пабег да парогу. Наконт такога катовага падарожжа цi адны пачалi гадаць: як яно гэта варожыць, добра цi дрэнна? Некаторыя захiхiкалi. Малеча яшчэ больш заўзята чаплялася знадворку на падваконьнi, сунула ў хату галовы, каб пачуць i пабачыць, што робiцца.