Выбраныя творы

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Выбраныя творы, Брыль Янка-- . Жанр: Советская классическая проза / Рассказ / Эссе, очерк, этюд, набросок. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Выбраныя творы
Название: Выбраныя творы
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 390
Читать онлайн

Выбраныя творы читать книгу онлайн

Выбраныя творы - читать бесплатно онлайн , автор Брыль Янка

У аднатомнік увайшлі найбольш значныя творы народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля розных жанраў — аповесці, апавяданні, мініяцюры, эсэ, напісаныя за паўстагоддзе літаратурнай дзейнасці.

Гэта — дзесяты том «Беларускага кнігазбору».

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 82 83 84 85 86 87 88 89 90 ... 118 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

— Усяго, браце Васіль, і радні, — нібы яшчэ ўсё жартаваў стары, калі я неяк ноччу, увосені, зайшоў з хлопцамі ў нашу вёску і заглянуў да яго на пагрэбнік.

Сучаня тым часам, да зімы, падрасло, і гаспадар пачаў яго на дзень, дзеля парадку, навязваць. Шчанюк скавытаў і выцяленькваў каля будкі, напяўшы ланцуг, такую слёзную літанію, што цесна было на вельмі прасторным пасля пажару двары. Калі стары праходзіў міма, шчанюк наструньваў прывязь і быў бясконца шчаслівы, што яму ўдавалася вернападдана, абелап ашчарэпіць дзедава тоўстае калена з вялікай, разморськанай дзіркай у брудным шарачку. Слуга паскавытаў, а пан услых перакладаў з сабачай мовы яго малёканне:

— А гаспадарык мой, а родненькі! А колькі хочаш вазьмі — ці грашыма, ці жытам — адно спусці!..

Так было, праўда, толькі аднойчы. Смеючыся з Цюліка, гладзячы яго па галаве ды па спіне, дзядзька Пятрусь нешта такое раптам успомніў. Кашкануў малога вялізным хадаком з аўтамабільнай пакрышкі, а сам адышоўся да непатрэбнага плота, які чамусьці не згарэў, і адвярнуўся, каб нават сабака не бачыў, чаго ён маўчыць…

Цюлік быў яшчэ дурны. Усе сабакі ў вёсцы ўжо даўно прывыклі заціхаць ды зашывацца ў будкі, абы пачулі стрэл. Удзень — фашысцкі, ноччу — наш. А ён не разбіраўся, гаўкаў. Весела! Днём ды яшчэ не на прывязі — асабліва…

…Успамін гэты цёпла і горка махнуўся ў маёй памяці, пад гул ды бразгаценне аўтобуса, пад гаману пасажыраў, пад неадчэпнае вяканне суседа па сядзенні.

— А дзе ваш сын цяпер? — спытаўся я ў яго, каб хоць гэтым заткнуць яго п'янае плявузганне.

Ды не заткнуў.

— Дзякуй богу, работая ў шахтах, таварыш Зянько. Ужо два разы ў госці прыязджаў. Можа, і сёлета, калі водпуск дадуць, прыедзе. Жонка расейка, нічога сабе маладзіца, хоць і васточная. Недзе адтуляка, з Сібіры. Двойка дзетак, пакуль што дзяўчаткі…

— Відаць, і пад шляпњ?

— Не, ён у кепцы. Касцюм-то добры, новенькі. Пад гальштукам, а вось…

— І сала ёсць?

— Ці гладкі, кажаце? А што ж, зарабляе ён, Сярожка, добра, не п'е. Самі не горш за мяне ведаеце, таварыш Зянько, калі капейку шанаваць…

…На вуліцы мае вёскі, перад шчанюком на гурбе, гэты старанны сённяшні шахцёр стаяў тады без гальштука. І не ў чорных шуцманаўскіх неданосках. Ім, паліцаям, на тую зіму выдалі белыя, з лёгкім блакітным адценнем, бушлаты. З капюшонамі, што ў ціхі час адкладваліся на спіну. Стаяў ён, глядзеў на сонца, на сабаку, што брэша і не баіцца… Хлопец яшчэ маладзенькі, па-зімоваму румяны. Чорнае кепі трохі набакір. Нават прыгожы.

Ён быў, вядома, не адзін.

Побач стаялі сам гер вахтмайстар і сам спадар камендант.

Пажылы, азызлы Трайбэр, жандар, што пацяжэў, апіўшыся людской крыві. Ён ужо трэці год выконвае за светам волю сваіх шматлікіх фюрэраў, з адным, найбольшым, у недасягальнай вышыні. Выконвае, можа, калі ўжо не вельмі свядома, дык яшчэ ўсё ахвотна, а то дык думаючы ўжо толькі пра тое, як бы гэта хутчэй адгэтуль выбрацца. Што ж да магчымай адказнасці, калі ўжо маўчаць пра чалавечае сумленне, — на гэта ёсць начальства, фюрэры. Так спрадвеку прывыклі думаць салдаты, а Трайбэр лічыў сябе толькі нямецкім салдатам, яшчэ з першай сусветнай вайны.

Высокі і мажны Нашора, ажно сутулаваты ад бязлітаснай дужасці, адзін з самых першых у нашай мясцовасці паліцаяў, які пасля смерці Гусаковіча прыйшоў з гарадка ў мястэчка камендантам. Нельга сказаць, што ў яго не было ніякага светапогляду. Той, каго ён калісьці вазіў, старшыня райсавета, стаў камандзірам брыгады. Двойчы таварыш камбрыг спрабаваў дакапацца да сэрца ці розуму свайго былога вадзіцеля (напісаў яму праз разведку два вялікія пісьмы), проста па-чалавечы і з папулярнай, пераканаўчай палітграматай. На адно пісьмо камендант не адказаў, другому пашанцавала. Адказ, трэба думаць, быў напісаны, тоячыся ад Трайбэра: ні «новай Еўропы», ні «вызваленай Вайсрутэніі» там не было. Пісьмо і пачыналася і канчалася каравай лаянкай, у якую былі тоўста загорнуты шэсць слоў Нашоравай жыццёвай філасофіі: «Раней ты панаваў, цяпер я папаную». З яго боку гэта была ўжо і смеласць і самастойнасць. Праўда, пасля Сталінграда, Курскай дугі, прарыву на Ўкраіне, і асабліва вызвалення Гомеля — найбліжэй! — у Нашоры, калі і да яго ў цішыні адзіноты дабіраўся сякі-такі одум, пачыналі часамі паходжваць па скуры мурашкі. У гэтай жывёліны спіна была не аслонена поўсцю. Немцы яго хвалілі, узнагародзілі двума медалямі, але ў душы (калі ўжо гаварыць пра фашысцкую душу) пагарджалі ім, як і ўсімі «недачалавекамі», і карысталіся гэтай анучай па неабходнасці і да часу. А сам Нашора, які спачатку захапляўся і немцамі і ўсім нямецкім — сіла, парадак! — цяпер, у моманты пэўнай свабоды ад ап'янення алкаголем і крывёй, падумваў, што і ім, відаць, не справіцца з бальшавікамі. Але тое «не справіцца» было яшчэ, здавалася, далёка.

Для гэтых двух, вахтмайстра і каменданта, дзень той быў самы звычайны, будзённы. Проста праветрыцца выехалі з-за калючага дроту ў адну з бліжэйшых вёсак, ну, і ўзяць пару падсвінкаў. Навокал вёскі стаяць пасты, каманда ходзіць па хлявах, а штаб тым часам сумуе. Ішлі сабе па вуліцы, цяпер спыніліся перад сабакам.

Трайбэр нібыта дрэмле, гледзячы на сонца; Нашора цярпліва састаіць пры ім — яшчэ, здаецца, трохі — і пазяхне, аж да вывіху сківіц, нават і без загаду. Маўчаць.

Вясёлы толькі іх маладзенькі навічок. Ці ён ахова, ці сувязны, ці любімец абодвух або аднаго каторага — гэта няважна. Важней за ўсё тое, што ён вельмі рады. Жыццю, маладосці, свайму, такому чыстаму яшчэ, бушлату, іхняй «сіле аружыя». Яшчэ так нядаўна ён быў проста падшыванец, сын калекі, — яго і самога ў школе аднагодкі бяздумна і балюча лаялі: Кульгач, — а цяпер ён — «як усе» ў іх мястэчку, «як людзі». Хоць за паўтара месяца яго службы і не было пакуль што сур'ёзных аперацый супроць бандытаў і іх памочнікаў, ён ужо двойчы піў ром з кантовай нямецкай пляшкі, які ім, паліцыі, выдаюць час ад часу, які ён бачыў раней толькі здалёк. Адураны хлапчук, ён быў перш за ўсё п'яны ад першай чаркі поўнай улады над жыццём і смерцю людзей, што думаюць інакш, чым ён, п'яны сваёй вышэйшасцю над імі, свабодай, нават загадам рабіць што хочаш, абы толькі разам з усімі, з кім служыш, — п'яны сваім неўсвядомленым, пачатковым, яшчэ салодкім і хмельным фашызмам.

Хлопец ажно патупвае, пераступае з нагі на нагу, ледзь-ледзь не паскавытвае…

Шчанюк на гурбе сядзіць перад імі, з закасаным фанабэрыста вухам, глядзіць на людзей — для яго яны людзі — і час ад часу весела гаўкае.

Хлопцу ў белым бушлаце таксама хочацца штосьці сказаць ці зрабіць…

— Мой Сярожка, — праз гул і бразгаценне аўтобуса плявузгае побач са мной п'янаваты сусед, — ён хлопец быў недурны. Ён, таварыш Зянько, людзям урада ніякага не рабіў. Ён тыя разы…

Сонны вахгмайстар нарэшце загаварыў.

— Der Нund ist noch ganz jung und dumm [9], — буркнуў ён вяла, без усякага падабенства ўсмешкі.

З усёй гэтай прамудрасці Нашора найлепш зразумеў слова «гунд».

— Ё, ё, — згадзіўся ён. — Гунд. Яшчэ і гаўкае, бандыцкая парода.

І засмяяўся, коратка і басавіта гыкнуў: трохі па службе, трошкі па дружбе, больш — ад удалага адказу.

— А можа, я яго?.. — спытаўся хлопец, асмелены гэтым начальніцкім жартам.

— Сярожа, шысан [10], гут? — падаў вышэй яго просьбу, надзею, нясмелую радасць спадар камендант.

— Scheissegal [11].

Гэтае слова Нашора даўно прывык разумець.

— Давай, — пераклаў ён дазвол. — Паглядзім, што ты за стралок. Ды ўжо і дахаты збірацца пара. Сігналь.

Якое гэта шчасце — вось так, адчуваючы ў жменях вясёлую сілу, злажыцца, падвесці знізу… так… уладна ўзяць правым вокам па мушку, націснуць і…

— Яго, каб гэта цяпер, — чуецца голас кульгавага бацькі, — дык, можа, і не судзілі б, таварыш Зянько. А тады адразу, вядома, на злосную руку, далі дзесяць год. Як і Смятане, як і Вечару, як…

1 ... 82 83 84 85 86 87 88 89 90 ... 118 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название