-->

Выбраныя творы

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Выбраныя творы, Брыль Янка-- . Жанр: Советская классическая проза / Рассказ / Эссе, очерк, этюд, набросок. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Выбраныя творы
Название: Выбраныя творы
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 374
Читать онлайн

Выбраныя творы читать книгу онлайн

Выбраныя творы - читать бесплатно онлайн , автор Брыль Янка

У аднатомнік увайшлі найбольш значныя творы народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля розных жанраў — аповесці, апавяданні, мініяцюры, эсэ, напісаныя за паўстагоддзе літаратурнай дзейнасці.

Гэта — дзесяты том «Беларускага кнігазбору».

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 8 9 10 11 12 13 14 15 16 ... 118 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

— Прывезлі нам туды, браце мой, здохлага каня, — адзін такі вясёлы быў, зайшоўсё з рогату. Скінулі воддаль за хлявом, ад лесу. Сядзелі мы з тым Бурачком, сядзелі ноч, і другую, і трэцюю — не ідуць, чуюць нас калядныя салаўі. Толькі здалёк заспявае каторы…

— А з якім Бурачком — з Аркадзем?

— Які табе, браце мой, Аркадзь! З бацькам, з Кандратам.

Аркадзя, маладога Бурака, Цімох недалюбліваў. Можа, таму, што той стаў пасля яго лесніком і паплаўнічым, а то, глядзі, і за тое, што з вайны, з Германіі, Аркадзь прынёс не кавадла, а паляўнічую стрэльбу.

— Гэта дык стрэльба, браце мой! — хваліў мне яе аднойчы Цімох. — Завар — чатыры кальцы!

Чацвёртае кальцо да «Заўэра» дадалося тут ад зайздроснага захаплення.

Гады праз тры мы зноў успомнілі пра Бурачкоў трафей. Цімох толькі рукой махнуў.

— Не ў тыя рукі трапіць, дык у глум і пойдзе.

— Як гэта?

— Ды так. Гусі, браце мой, напрадвесні селі на лузе. Дзікія. Эх, зарадзіў Аркадзік завар і папоўз. Думае…

Цімох скрывіўся і ўголас паказаў, што тады моўчкі ды сам-насам думаў Бурачок: «Чым большы дам, птамаць, зарад, тым далей той шрот панясе, лепей, птамаць, дастане…» Добра, дурыла, даў таго пораху, дый бяздымнага яшчэ. Поўз, поўз, заскерыўсё (Цімох паказвае), прыцэліўсё і — цяў!.. Усяго таго, браце мой, завара к чорту парвала, і зубы яму апошнія ўшчэнт пакрышыла. Стралок! Крыстына Роўбіха потым пыталася (зноў адпаведны, тут танклявы, голас): «Што ты там, Цімафей, такое здзелаў? Гэта, кажаш, не ты, а Бурак? Свісцела, свісцела, а потым равела, равела!..»

Гэта ляцела, значыцца, левая руля Аркадзевай стрэльбы, якую «парвала наўздоўж». Аж на суседні хутар, добры кіламетр.

Ці праўда тут, ці трохі нейкай праўды, ці толькі зайздрасць, што ўжо не сам ты малады ляснік, што не ў цябе такі «завар», — праверыць мне не ўдалося. Дый не вельмі карцела. Тым больш што Аркадзя я потым неяк сустрэў у Менску, можна сказаць, зусім на хаду: ён спяшаўся на свой аўтобус, быў, вядома, без стрэльбы, і я толькі па ўсмешцы яго паспеў заўважыць, што зубы ў чалавека хораша ды бела адраслі. Тыя «апошнія, пакрышаныя ўшчэнт». Што ж, можа, і стрэльбу Бурачок таксама сабраў ды склеіў…

Згасаў Цімох памалу і доўга, ужо не ў лесе, не ў лузе, а ў хаце і каля хаты. Сівы і цяжка ссутулены, хоць і вясёлы. І лёг ён апошні раз таксама па-свойму, арыгінальна — на былым панскім полі, толькі што шчодра прырэзаным да нашых вельмі ж перанаселеных могілкаў на схіле крутога зялёнага ўзгорка. У вялікім квадраце роўнай жытняй пожні, у далейшым кутку — адна, бо першая, Цімохава, магіла.

«Якога ліха, браце мой, тоўпіцца там, дзе ўжо і ўздоўж, і ўпоперак, і наўскасяк», — падумалася мне ягоным словам, можа, нават з ягонай усмешкай, хоць і быў я там у той дзень у зусім невясёлым настроі…

«Я галодзен!»

Лгаць не ўмелі і лгуноў не любілі браты Цівунчыкі. Хоць абодва таксама людзі бывалыя.

Жылі яны па-суседску, асобнымі гаспадаркамі.

Сцяпан, старэйшы, ваяваў у пачатку стагоддзя з японцамі, у Маньчжурыі, і жонку сваю называў па-кітайску — «фіма». Маладзейшы, Алісей, быў на першай сусветнай у Румыніі, і баба яго стала ад гэтага «фумеяй».

Дзядзька Сцяпан быў не толькі старэйшы, але і бывалейшы. Нават скончыў гарадское вучылішча, на той час — вельмі рэдкая для вёскі вышыня. Нядаўна адзін з маіх добрых знаёмых, вясковы настаўнік-пенсіянер, расчулена ўспамінаючы сваю далёкую маладосць, сказаў ажно так, што «гарадское — ого-го! — гэта больш, як цяпер аспірант». А мне пры гэтым успомнілася, як я рабіў калісьці ўрокі, а дзядзька Сцяпан, які сядзеў у нас, доўга глядзеў на мяне спадылба, а потым буркнуў — спытаўся, зусім нечакана:

— Сямю дзевяць?

Я быў у чацвёртым класе польскай сямігодкі, лічыўся нават выдатнікам, але так разгубіўся ад гэтага раптоўнага пытання, што ляпнуў штосьці не так.

— Д-да, вучоба! — сказаў дзядзька Сцяпан з прыціскам, якім і перакрэсліваў усё, што не па Малініну з Бурэніным.

Гадоў праз трыццаць пасля гэтага, калі ўжо ў мяне было больш за дзесяць кніжак на трох мовах, стары аднойчы пацікавіўся, на лавачцы перад хатай, што ж я ў тым горадзе раблю. Мы былі толькі ўдвух, аднак ён спытаўся зусім па-змоўніцку, ледзь не шэптам:

— Што, Антонавіч, па-відзімаму шчатаводам, д-да? Рублёў пяцьсот акалпачваеш?

Гэта яшчэ дарэформенных, на сённяшнія — пяцьдзесят.

Што ж, «несть пророка» і ў Ніжніх Байдунах… І ў Байдунах, і па суседству. Неяк улетку, калі ўжо тых кніжак было з пятнаццаць, ды на мовах чатырох, ішоў я да цёткі ў Плёхава. А насустрач, стоячы на пустых вазах, весела ехалі два плёхаўскія падшыванцы. Звычайна ў нашым баку школьнікі вітаюцца са старэйшымі, нават і незнаёмымі, але цяпер яны, два гэтыя хлопцы, былі на канікулах, памагалі вазіць снапы. Моўчкі мінулі мяне, а потым першы звонка, радасна крыкнуў другому:

— Валерка, бачыў? Во дзе рыла наеў!

Я засмяяўся, але ж, прызнаўшыся, трохі і прыкра было.

Там — малыя. А з дзядзькам Сцяпанам — другое. З гарадскім вучылішчам, з такою бываласцю, ён не чытаў ніколі ні кніг, ні газет. Не верыцца нават, што сам калі-небудзь і радыё мог уключыць. Гэта — пасля вайны ўжо, калі ён, нарэшце, развітаўся з беднасцю, калі аджыла яго вечная скарга «я галодзен», што была заадно і мянушкай.

З японскай вайны ён вярнуўся фельдфебелем з двума «Георгіямі» і цяжкім раненнем. Не хапае адной рабрыны, трасуцца сінія, набрынялыя рукі. Зрэшты, яны трэсліся ўжо і тады, калі я ўведаў яго, калі з дзіцячым захапленнем і жахам слухаў яго расказы пра штыкавыя баі. Пасля Маньчжурыі была Адэса-мама, то ўзлёт да пісара, то падзенне да біндзюжніка. Жаніцца прыехаў у родную вёску (ці не прыехаў, казалі, па шпалах прыджгаў), тады ўжо ўдваіх падаліся ў Піцер. Быў там шчаслівы перыяд у іхнім жыцці, калі ён спачатку служыў тэатральным пажарнікам, а пасля паштальёнам. А потым — зноў Ніжнія Байдуны, ды ўжо шасцёра дзяцей і поўная ў дзядзькі Сцяпана няздатнасць да гаспадаркі. З братам у іх надзелы былі роўныя, але старэйшы, які так доўга «не сядзеў на бацькаўшчыне», жыў намнога бядней, як ні трапяталася яго «Сама», жанчына ўладная і працавітая.

Ён не любіў ні Качкі з яго кітайскім Танку, ні Лётчыка з яго Пецяргофам, ні Цімоха з яго мясцовай маною. У жыцці дзядзькі Сцяпана было залішне сапраўднай бывальшчыны, аднак і ў смяшнейшых расказах яна была ў яго чамусьці прасякнута то горкім скепсісам, то апатыяй і цынізмам. Расказваючы, ён не шкадаваў і самога сябе:

— Д-да, біндзюжнікі… Наша прапіўшаяся брація… Адзін прарэзаў у мяху дзіркі: для рук і галавы. А ўтары — зусім голы. «Мар-роз — тока звёзды мярцают!..» Гэта — адзін. А той, што ў мяшку: «Д-да, б-брат, сачуўствую, і сам у прошлым гаду без адзёжы страдаў». З такою публікай жывал Сцяпан Міхайлавіч. На самым дне Максіма Горкага. Патом — праверка. Гоняць нас, галубчыкаў, ад самага сіняга мора ды ў паліцэйскі ўчастак. «Па аднаму! Па аднаму!» Уваходзіш — адзін вярзіла стаіць, кулакі па пуду. Ка-ак смажат па рожы — ляціш да дзвярэй! А там утары вярзіла. Ка-ак саданёт па шэі — дзвер башкой адкрываеш. І ўсё, ты ўжэ на вуліцы і нікакіх фармальнасцей, апяць ты ў самага сіняга мора.

Пра «фіму» сваю і наогул пра ўсіх жонак:

— Д-да… Толькі ажэнішся — так і пайшло! Рот разявіць:

«А-а-а!..» Ты туда лапці, бацінкі, анучы, чулкі! Ты туда кофты, спадніцы, шляпкі, зонцікі, платкі! Мала, мала і мала! У Піцеры фіма мая і да святога прападобнага Іаана Кранштадскага мяне таскала. Ка гробу яго чудатворнаму, за благадзенствіе памаліцца. Д-да… Палажу сваю трудавую лепту да яшчо і лбом сваім собсцвенным стучу, як баран, у той халодны каменны пол. Сама, усё яна сама…

Аднойчы Сама адна паехала на кірмаш, купіла парку парасят, а яны аказаліся няежныя. Дацягнулі сяк-так да наступнага кірмашу, і прадаць парасят Сама паслала свайго Сцяпана. Яшчэ і непагадзь была, як на тое. Дзядзька стаяў, згорбіўшыся, каля воза, дарма стараўся сагрэць у рукавах мокрага, палапленага кажушка набрынялыя сінія рукі. Худая кабыла грэлася рэшткамі мокрага сена, а на ручцы воза вісеў завязкамі доўгі, мокры мех, у якім, ужо на зямлі, варушыліся ды кавэнчылі ацэплыя «пацучкі».

1 ... 8 9 10 11 12 13 14 15 16 ... 118 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название