Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Сэрца на далонi (на белорусском языке) читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Сiзоненка ўспомнiў, што сустрэў яго старшыня жартам. Але ад мiлiцэйскiх спраў твар яго ўсё больш i больш выцягваўся, некуды ў падброўе схавалiся зеленаватыя вочы. Спытаў ён, не ўзнiмаючы галавы ад папер. Таму Сiзоненка пачаў манеўраваць:
- Усе патроху.
- Хто?
- Школа. Камсамол. Мы.
- Хто "мы"?
- Мiлiцыя, я маю на ўвазе. Не праводзiм прафiлактычных мер... Лiберальнiчаем.
- А бацькi? - Гукан узняў галаву.
Сiзоненка ўпотай назваў сябе дурнем: заняўся самакрытыкай, чурбан! А патрэбны зусiм просты адказ.
- Бацькi - гэта само сабой... У першую чаргу, безумоўна, бацькi.
- Правiльна. У першую чаргу, - згадзiўся Гукан.
I больш нi слова пра гэта. Былi другiя справы.
Але калi начальнiк мiлiцыi пайшоў, Сямён Парфёнавiч падняўся з-за стала, на сярэдзiне кабiнета смачна пацягнуўся i бадзёра прысеў разы два, узмахваючы рукамi. Ён нярэдка рабiў такую размiнку, але тэмп яе заўсёды залежаў ад настрою: чым вышэй настрой - тым хутчэй рухi. Потым падышоў да акна, палюбаваўся на свае каштаны. Цудоўныя каштаны! Толькi гэты аднарукi "прынцыпал" на злосць яму, Гукану, шморгае лiсце. Цэлую галiну абарваў. Двойчы ўжо яны пасварылiся з-за каштана. Але гэтаму ўпартаму д'яблу лепш нiчога не казаць. Вось жа даў бог намеснiка. I за яго гарой Тарасаў.
"Разумны ты чалавек, Сяргей Сяргеевiч, але не на тых людзей арыентуешся".
Гукан падышоў да тэлефона i набраў нумар сакратара гаркома.
- Адзiн? - Яны ўжо бачылiся сёння.
- Калi я бываю адзiн. Асвета вось сядзiць. Думаем разам. Сядзiм i думаем. А работа стаiць, - як заўсёды, з гумарам адказаў Тарасаў.
- Ты чуў, што натварыў сын Шыковiча? Чорт ведае што! Мiжнародны скандал.
Тарасаву за дзве гадзiны працы ўжо трэцi чалавек расказваў пра гэты выпадак. Скажы, калi ласка, якая падзея дня! I вось тут, у званку Гукана, ён адчуў некаторае нездаровае смакаванне факта. Зразумеў, каб гэта быў любы малады шалапут, наўрад цi надавалi б гэтаму столькi ўвагi. Але сын Шыковiча... Таму сакратар адказаў зноў-такi з гумарам:
- Мiжнародны, кажаш? Няўжо можа быць разрыў дыпламатычных адносiн?
Гукан асекся. Непрыязна падумаў: "На жартачкi збiвае. Выгарадзiць хоча".
- Ты не жартуй. Факт непрыемны.
- А я што кажу, радасны?
- Пагражаць атамнай бомбай гасцям! Што яны падумаюць пра нас?
- Калi ворагi, дык яны даўно ўжо думаюць... А калi сябры, то адзiн дурань...
- Не. Па закону аб забароне прапаганды вайны трэба сукiнага сына судзiць...
- Вось як! - Тарасаў як бы здзiвiўся. - Думаю, нiкога яшчэ не судзiлi па гэтаму закону. Не будзем i мы шукаць у сябе падпальшчыкаў вайны. Згодзен?
Гукан сам зразумеў, што сказаў глупства. Але гэтая манера сакратара, гэты яго няўлоўны гумар - "Згодзен?" - не першы раз ужо выводзiлi Сямёна Парфёнавiча з сябе. На дзесяць год малодшы, а размаўляе з iм, старым чалавекам, вопытным работнiкам, як з малым.
- Хопiць гэтаму "падпальшчыку" дзесяць сутак. Няхай падмяце дарожкi ў парку. А то яны засмечаны ў цябе. Брыдка хадзiць.
"У мяне. Усё ў мяне. А ў цябе што?" - зноў раздражнёна падумаў Гукан i выказаў сваю думку больш катэгарычна:
- Няма адказнасцi ў бацькоў...
- Вось гэта правiльна! - адгукнуўся ў слухаўку Тарасаў. - Бацькi ў нас выхаваннем займаюцца мала.
- Шыковiч прэтэндуе на ролю выхавацеля мас, а ўласнага сына распусцiў. Мнагавата мае грошай. Машына. Дача...
А вось гэта Тарасаву не падабалася. Безумоўна, бацька адказвае. Але калi з асобных фактаў пачыналi выводзiць тэорыю, што, маўляў, усе пачварныя з'явы толькi ў асяроддзi дзяцей забяспечаных бацькоў, што ва ўсiм вiнаваты дабрабыт, - гэта абурала Сяргея Сяргеевiча. Выходзiць, толькi ў беднасцi i жабрацтве можна правiльна выхоўваць. Глупства!
- Шыковiч палучае ў рэдакцыi столькi ж, колькi ўсе. Па штатнаму распiсанню, - холадна адказаў сакратар.
Гукан змаўчаў. Успомнiў, як аднойчы ў прыватнай гутарцы Тарасаў сказаў усё з той жа сваёй хiтрынкай:
"Ты ж не адмаўляешся ад ганарару за сваю кнiгу, хоць пiсаў яе не ты?"
Цяпер Сямён Парфёнавiч падумаў:
"Ясна. Стаiць за Шыковiча. Як я не ведаў дагэтуль, што яны так спаяны".
Паспрабаваў змякчыць, каб Тарасаў не падумаў, што ён хоча ўтапiць свайго сааўтара:
- Хоць, безумоўна, за такiмi шалапутамi хiба ўсочыш. Добра, што мае ў вайну выраслi. У эвакуацыi. Уведалi i цану хлебу i цану капейкi.
Тарасаў весела крыкнуў у слухаўку:
- Нешта ты, Сямён Парфёнавiч, хiстаешся сёння. То валiш усё на бацькоў, то зусiм здымаеш з iх вiну. Не, бацькоў мы паслухаем. Я ўжо сказаў: сабраць па гораду ўсе падобныя факты паводзiн дзяцей камунiстаў. I ўсiх бацькоў на адно з чарговых бюро гаркома. У мяне - людзi.
Вось i зразумей яго, гэтага Тарасава!
А бацькi яшчэ нiчога не ведалi. Валянцiна Андрэеўна засталася на дачы, а Кiрыла з самай ранiцы забраўся ў партархiў. Пасля Ярашавага расказу жаданне заняцца падполлем, разабрацца ва ўсiм аб'ектыўна i напiсаць дакументальную кнiгу пабольшала. Быў ён часам ленаватым, часам рабiў з халадком, асаблiва ў журналiстыцы. Але ўжо калi загараўся тэмай, то працаваў як апантаны, па шаснаццаць гадзiн у дзень. "Працую, як Бальзак", - жартаўлiва хвалiўся ён у такiя моманты блiзкiм. Так ён працаваў апошнi тыдзень. З ранiцы - у архiве, у другой палавiне дня - у рэдакцыi, увечары - дома, прыводзiў у парадак тое, што ўдалося здабыць у архiве. А матэрыялаў там было - непачаты край. Найцiкавейшых дакументаў. За шаснаццаць год яны не ўсе нават сiстэматызаваны. Штат архiва невялiкi, а дакументаў - вагон. Начальнiк - стары камунiст Сыраквашка Мiна Азаравiч, у мiнулым дырэктар музея - больш цiкавiўся архiвамi грамадзянскай вайны, калi ён сам быў малады i партызанiў на Палессi. Пiсаў нейкiя ўспамiны. Айчынная вайна ад яго была далей. Па рашэнню абкома ён разам з экспанатамi музея эвакуiраваўся ў самым пачатку яе. Лёс занёс яго ажно ў Новасiбiрск, дзе яму даручылi ахову эвакуiраваных з Ленiнграда партыйных дакументаў.
З'яўленне ў архiве пiсьменнiка разварушыла маленькага сiвага дзядулю. Мiна Азаравiч быццам скiнуў са сваiх сямiдзесяцi год пару дзесяткаў. Шмат што з таго, што расказваў пра падполле iх горада Шыковiч, яму, безумоўна, было вядома. Але той добры дзесятак вялiкiх пытальнiкаў, якiя паставiў новы даследчык, запалiлi старога архiварыуса. Сапраўды, гэта цiкава - адказаць хоць на частку такiх пытанняў. Чаго варта, напрыклад, канчаткова вырашыць, хто ж такi Савiч, якога, мiж iншым, Сыраквашка добра ведаў - доктар некалi перадаў музею карцiну Айвазоўскага.
I начальнiк архiва шчыра памагаў Шыковiчу ў пошуках.
За першы тыдзень Кiрыла перачытаў гару папер, але высветлiў нямнога з таго, чаго не ведаў раней. Расшыфраваў толькi адно - склад першага падпольнага гаркома. Спiса нiдзе не было, але пры дэталёвым аналiзе дакументаў таго часу i ўспамiнаў удзельнiкаў, напiсаных неўзабаве пасля вайны, гэта ўдалося ўстанавiць. Гукан у сваёй кнiзе яўна наблытаў: назваў iмёны людзей, якiх у той час нават не было ў горадзе. Тут яму даказаць няцяжка. Хоць увогуле чалавек ён упарты. Але нiчога, разбярэцца гарком цi абком.
Напярэдаднi, разбiраючы матэрыялы партызанскай брыгады "Смерць фашызму", з якой падпольшчыкi трымалi найбольш цесную сувязь, Шыковiч натрапiў на цiкавы дакумент. Дзiўны дакумент. Лiсток з вучнёўскага сшытка ў касую лiнейку. На iм размашыстым почыркам напiсана:
"Учора пахавалi таварышаў, якiя загiнулi ў баi за станцыю.
Няўдача за няўдачай. Настрой у атрадзе цяжкi. Звесткi з Вялiкай зямлi таксама не суцяшальныя. Чым падняць настрой людзей?
Сёння з'явiўся таварыш з групы НКВД. Правал у горадзе. Накрылi рацыю, двух арыштавалi. Л. выратаваўся выпадкова. Баюся за Доктара, яны трымалi з iм сувязь.
Папрасi Марусю, каб схадзiла ў горад".
I ўсё. Нi даты, нi подпiсу. Што гэта? Пiсьмо некаму цi ўрывак з дзённiка? Калi слова "папрасi" напiсана правiльна, - пiсьмо. Але ўвогуле больш падобна на дзённiкавы запiс. Магчыма, чалавек у спешцы не дапiсаў "ць" - "папрасiць". Але гэта не галоўнае. Не гэта надзвычай зацiкавiла i ўсхвалявала Шыковiча. Пiсьмаў падобных i дзённiкаў партызанскiх ён перачытаў мноства. Адзiн сказ прымусiў яго выдзелiць гэты дакумент з усiх iншых: "Баюся за Доктара, яны трымалi з iм сувязь". Доктар - з вялiкай лiтары. Хто ён, гэты Доктар? Сапраўдны доктар цi гэта падпольная клiчка? Каб устанавiць iсцiну, трэба ведаць, хто i калi пiсаў пiсьмо цi дзённiк.