Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Сэрца на далонi (на белорусском языке) читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
- Марына! Памыць. Але не рэзаць. А то кухар палавiну сажрэ. Цэленькiя. Аздобiць цыбулькай. Асобна смятану. Колькi? Шклянку смятаны. Дырэктару скажы: няхай пасыпле галаву попелам. Ад ганьбы, што наведвальнiкi прыходзяць са сваiмi гуркамi. Вось так, - зняважлiвым рухам ён шыбнуў на акно меню, як непатрэбную рэч. - Адбiўныя.
- Колькi?
- Дзесяць. Восем з'ясi сама, - ён жартаваў груба, панура, без усмешкi, i гэта таксама абурала Тараса. - Каньяку трыста.
- Толькi па сто.
- Толькi? А ты зрабi па трыста. Вады далi. I закон не парушаны. I мы задаволены.
Афiцыянтка засмяялася i пайшла.
Паводзiны Славiка i абуралi, i забаўлялi.
"Аблонскi! Далiбог жа. Вось тып. Хаця б спытаў, цi ёсць у мяне грошы на каньяк".
- Ты чуў? Толькi па сто.
- Правiльна. Трэба змагацца...
- З чым? Кiнь. Усё гэта ханжаства дзядзькоў, якiя п'юць дома.
- Ну, ведаеш, дай волю такiм, як ты... Налiжуцца.
- Налiжуся. Бо не выхавана культура пiцця. У Парыжы дзесяць тысяч кафэ - i п'яных няма.
- Хто табе сказаў?
- Чытаў. А ў нас тры рэстараны. А налiзваюцца штовечар.
"Ах, вось дзе тваё нутро вылазiць. Рэстаранаў мала. У Парыж табе хочацца", - з пагардай падумаў Тарас, але з-за далiкатнасцi сказаў больш мякка:
- Хто налiзваецца? Хто за бацькавы грошы п'е. А калi чалавек мазалём зарабляе... Я не бачыў сярод рабочага класа...
- Кiнь. - Вочы Славiка непрыгожа i злосна звузiлiся, ён натапырыўся i стаў падобны на маленькага драпежнiка са сваiмi каротка падстрыжанымi, непакорлiвымi валасамi. - I потым не рабi хоць ты гэтага iдыёцкага дзялення: ты - клас, а я - не клас. А я хто? Я таксама зарабляю свае пяцьдзесят шэсць рублёў. I адрознiваюся ад цябе адным... Табе ўсё падабаецца, ты ўсiм задаволены... А я крытыкую ўсё...
- Вось iменна, усё.
- Не лавi на слове. Гагарын паляцеў - я на галаве хадзiў на студыi. Ад захаплення. Крытыкую тое, што не падабаецца мне.
- Дрэннае i я крытыкую. Толькi не ў рэстаранах.
- А дзе? На сходзе? Не люблю сходаў.
Тарас адкiнуў далiкатнасць, спытаў з'едлiва:
- А што ты любiш, парыжскiя кафэ?
Славiк, разявiўшы рот, змоўк. Паглядзеў на Тараса так, быццам убачыў упершыню.
- Ты ведаеш, што за такiя словы б'юць па мордзе?
- Заела?
- Але чорт з табой. Слухай крамольныя думкi далей. Не люблю, калi атлусцелыя дзядзькi пачынаюць мяне вучыць...
Тараса пачала раздражняць Славiкава прэтэнзiя на глыбакадумнасць i разважлiвасць. Ён адчуваў, што гэта нават не перакананнi, а проста так модная гульня. Эклектычны набор чужых думак. Тарасу не хацелася тут, у рэстаране, пачынаць сур'ёзную спрэчку, i ён стрымлiваў сябе. Але тое, што сказаў Славiк пра настаўнiкаў, яго проста-такi ўзарвала.
- Хто гэта "атлусцелыя дзядзькi"? Бацька твой, Яраш атлусцелы?.. Майго бацьку фашысты павесiлi. Ён таксама не прыдатны табе ў настаўнiкi? Ты...
Тарас гаварыў горача, усхвалявана, хоць i не на поўны голас. Але словы яго, вiдаць, пачулi многiя. На iх пачалi звяртаць увагу. Першы гэта прыкмецiў Славiк. Азiрнуўся насцярожана, прашаптаў добразычлiва:
- Цiшэй.
Тарас схамянуўся.
Па радыё абвясцiлi, што да адыходу хуткага цягнiка "Кiеў - Ленiнград" засталася адна хвiлiна. Пасажыры паспешлiва пакiдалi залу рэстарана. На пероне жаночы голас прасiў: "Бора, пiшы! Кожны дзень пiшы!" Другi, мужчынскi: "Мама, пацалуй Аньку за мяне!"
Тарас глядзеў за акно, на зялёны вагон з шырокiмi вокнамi. У адным акне дзявочы твар, прыгожы i сумны. Тарасу стала шкада яе:
"Чаму яна такая сумная? Не трэба, слаўная дзяўчына. Жыццё прыгожае. I ў iм многа радасцi. Каб я мог падараваць табе радасць..."
Вагон цiха паплыў. Дзяўчына сустрэлася з яго позiркам. Ён усмiхнуўся ёй i развiтальна памахаў рукой. Яму таксама зрабiлася трошкi сумна. Плылi вагоны. Вокны. Твары. Многа твараў. Усё хутчэй, хутчэй... А ён, заварожаны, бачыў усё той жа дзявочы твар. Ён быў летуценнiк i фантазёр - уяўляў будучую сустрэчу з незнаёмкай. Калi нарэшце Славiк адарваў яго ад акна, Тарас убачыў, што на стале стаiць графiнчык з каньяком, гуркi, бутэлька нарзану.
- Пра што задумаўся, маэстра?
- Ды вось думаю, чаму ў разумных бацькоў растуць такiя дзецi?..
- Дурныя, хочаш сказаць? I маеш на ўвазе мяне? Добра. Вып'ем i паразважаем на гэтую тэму.
Славiк звыкла прыгожым рухам налiў у чаркi, падсунуў Тарасу гуркi. Узняў сваю чарку, прыжмурыўшы вочы, палюбаваўся на бурштынавую вадкасць.
- Будзь здароў, камбрыгадзiр! - i, не чокнуўшыся, асушыў чарку да дна. Гурок узяў рукой i смачна захрумстаў. Усё ў яго выходзiла вельмi натуральна.
Тарас выпiў паўчаркi, разрэзаў гурок тупым нажом, пасыпаў солi па-дамашняму, грунтоўна. I, аднак, сам адчуваў сваю нязграбнасць у параўнаннi са Славiкам. Рукi, такiя хуткiя i ўмелыя на зборцы машын, тут як бы выйшлi з-пад улады. Гэта трохi выбiвала з каляiны. Глушыла дасцiпнасць у адказах на лёгкую балбатню Славiка. А той зноў налiў сабе да ўзроўню - колькi засталося ў Тараса, але не выпiў. Зацiснуў чарку ў далонi, нахiлiўся над сталом. Шчокi яго заружавелiся, вочы сталi маслянiстыя i больш шырокiя, а то ён усё прыжмурваў iх. Голас панiзiў да шэпту:
- А ты лiчыш, мае бацькi разумныя? А я думаю, каб гэта было так, яны сумелi б выхаваць мяне iнакш. Думаеш, лёгка мне, што я боўтаюся цяпер?..
Тараса здзiвiла i насцярожыла такая нечаканая самакрытычнасць. Шчыра гэта цi зноў пазёрства?
- Сын журналiста, пiсьменнiка. Паважанага ў горадзе чалавека. Хоць кiм паважанага? Чуў у чарзе? Ведаюць Яраша, i нiхто не ведае Шыковiча. Хто чытае сумныя фельетоны i нарысы! Але я рос пад бацькавай славай, як пад парасонам. Бохан прыходзiў у школу, выступаў - вучнi раўлi ад захаплення. А я задзiраў нос: нi ў каго няма такога таты!.. Усё мне было дазволена. Тут ужо мацi старалася што ёсць сiлы, каб я купаўся, як той сыр у масле. А потым раптам ажылi бацылы прынцыповасцi. У першую чаргу - у бохана.
- Пасаромейся! - не вытрымаў Тарас. - Дзе ты выкапаў такое дзiкае слова?
Славiк усмiхнуўся, пакруцiў галавой:
- Маралiсты вы ўсе, - i выплеснуў у рот каньяк. - Ну, у таты, у папы. У радзiцеля. Як хочаш... дык вось... Другiя плявалi на прынцыповасць, на мараль i паўладкоўвалi свае чады ў iнстытут. А мой: "Пойдзеш на завод". Не хачу на завод. Хачу на тэлестудыю. Буду рыхтавацца ў кiнаiнстытут. Тут, безумоўна, мама на дапамогу: "Можа, у хлопчыка талент". I бацька адступае. Перад талентам. I лёгка ўладжвае хлопчыка на тэлестудыю. I вось ён асiстэнт аператара. Як гучыць! А-а? У непiсьменных дурнiц галава пачынае кружыцца, калi пачуюць такую прафесiю. А асiстэнт перастаўляе лямпы, чысцiць камеры... Пiльнуе бацькаву кватэру... I харчуецца ў сталоўцы. На большае не хапае... А бацька не дае. Усё тыя ж бацылы прынцыповасцi... А сябра камбрыгады Ганчароў называе гэта праявай вялiкага розуму.
- А ты хацеў бы, каб табе адвальвалi па тысячы.
- Чаго я хацеў бы? - Славiк далiў Тарасаву чарку, налiў сабе, адрэзаў кавалак адбiўной. - Вып'ю за цябе. Ты шчаслiвы чалавек. У цябе многа жаданняў. - Выпiў. - А я... я нiчога не хачу. Адзiнае хiба - у космас куды-небудзь паляцець.
- Туды дурняў не пускаюць.
- Дзякую за даведку. Мне нават у iнстытут расхацелася. Якi ў мяне талент! А рамеснiкаў хапае без мяне. З людзей, якiх лiчаць таленавiтымi, я паважаю толькi двух - твайго прыёмнага i нашага сталяра дзядзьку Атроха. Яраш можа вытрыбушыць чалавека, i той застанецца жывы. Гэта нешта значыць. А што вунь мой татулька... Напускае на сябе скромнасць: адзiн сядзiць на перыферыi. А лiчыць сябе, безумоўна, лепшым за сталiчных. А я пачаў чытаць яго апошнюю аповесць i заснуў на семнаццатай старонцы. Калгас. Даяркi. Па-мойму, калi ты ўжо ўзяўся пiсаць, дык пiшы, як Рэмарк...
- Па-твойму, вышэй за Рэмарка няма пiсьменнiкаў?
- Ведаю. Ведаю. Талстой. Чэхаў... Колас. - Славiк узлаваўся чамусьцi. Яны набiлi мне аскомiну ў школе.
- Ты ж нiколi iх сур'ёзна не чытаў.