Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Сэрца на далонi (на белорусском языке) читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
- А навошта?
- Што ж цябе ў Рэмарка захапiла? Кальвадос?
- Што?
Але гэты юны нiгiлiст добра засвоiў галоўны сакрэт абароны. Успомнiўшы, што такое кальвадос, тыркнуў у Тарасавы грудзi пальцам:
- Вось дзе ваша ханжаства. Самi чытаеце пад коўдрай... Глытаеце... Смакуеце... А потым робiце посныя фiзiяномii. "Рэмаркiзм заражае моладзь". Ты сур'ёзна думаеш, што я магу нечым заразiцца?
Гэта ўжо было падобна на п'яны выклiк, i Тарас, замест адказу, паклiкаў афiцыянтку, каб разлiчыцца.
- Закажы нашага кальвадоса, - прымiрэнча сказаў Славiк.
- Не. Мне трэба ехаць.
- Ну чорт з табой.
Тарасу спадабалася такая падзяка за пачастунак, i ён весела засмяяўся. Усё-такi ён цiкавы хлопец, гэты Славiк. Але ў галаве яго - куча смецця.
Наташка радасна крыкнула:
- Мама! Тарас прыехаў! - кiнулася насустрач брату, павiсла на шыi, пацалавала. I адскочыла, здзiўленая. Нахмурылася. I тут жа выдала: - Мама! Тарас п'яны.
- Што ты выдумала. Якi я п'яны?
- Але выпiў.
- Выпiў, - з вiнаватай усмешкай прызнаўся Тарас, вiтаючыся з жанчынамi.
Галiна Адамаўна ласкава i дакорлiва пакiвала галавой:
- Тарас!
Валянцiна Андрэеўна, любуючыся хлопцам, сказала:
- Што вы апякаеце яго, як маленькага? Ах, якi страх, чарку ўзяў рабочы чалавек! Мала якая прычына магла быць.
- Я Славiка сустрэў. I ён зацягнуў мяне ў рэстаран.
Усмешка знiкла з твару жанчыны.
- Славiк зацягнуў? - I ў голасе яе прагучала недаверлiвасць. - Як магло здарыцца, што мой сын зацягнуў цябе, старэйшага на пяць год?
- Сказаў, што галодны, з ранiцы нiчога не еў. А па-мойму, схлусiў. У рэстаране ён часты госць. Усiх афiцыянтак ведае.
- Афiцыянтак? - Валянцiна Андрэеўна адразу змянiлася з твару. Не, не пабялела i не пачырванела. А неяк стала непадобнай на самую сябе, заўсёды добрую, вясёлую. Нешта жорсткае, калючае з'явiлася ў яе твары. Можа, адчуўшы гэта, яна вiнавата ўсмiхнулася, прыгладзiла валасы на скронях. Нiчога не стала распытваць. Сказала: - Адбiваецца хлопец ад рук. Трэба прасачыць.
Яна была аб'ектыўны i разумны педагог. Але ў першую чаргу - мацi. Як педагог паверыла Тарасу. Як мацi адчула непрыязь да яго. Яна заўсёды любавалася прыёмным сынам Яраша, ставiла ў прыклад сваiм дзецям. А цяпер падумала: "Грубаваты хлопец, недалiкатны. Таварыскай салiдарнасцi не мае. Калi ўжо разам былi, прамаўчы".
Несвядомы парыў мацярынскай душы: пачула дрэннае пра сына - хочацца, каб i на другiх былi плямы.
Хутка Валянцiна Андрэеўна выдумала нейкую прычыну i пайшла ў хату.
Галiна Адамаўна, якая адчула гэтую змену ў настроi сяброўкi, з дакорам сказала Тарасу:
- Нядобра так... Трэба разумець, што мацi чуць такое балюча. Ты мог бы i памаўчаць.
- Ды нельга маўчаць, Галiна Адамаўна! - запярэчыў Тарас. - Каб вы ведалi, як ён паводзiў сябе i якую лухту гарадзiў. Ва ўсiм расчараваўся, усё яму абрыдла, усё не падабаецца. А мы будзем глядзець i маўчаць? У нас часта так робяць. Ад бацькоў хаваць, ад грамадскасцi... Пакуль чалавек не апынецца ў балоце. Тады будзем ахаць. Не. Я знарок. Яшчэ Кiрылу Васiльевiчу скажу. Няхай ён пацiкавiцца, чым там камсамол займаецца на студыi.
- А сам пiў з iм, - усё яшчэ хмурылася Наташа.
- Не сунь носа ў мужчынскiя справы! - асек яе Вiця.
- Фу, мужчыны! - зняважлiва фыркнула дзяўчынка i паскакала на адной назе да ручая.
- Пiў я дарэмна, - разважлiва згадзiўся Тарас, звяртаючыся да Галiны Адамаўны. - Але каб вы бачылi, як ён умее заказваць. Сцiва Аблонскi! Калi ён схлусiў, што ў яго нi капейкi грошай, баюся, што налiжацца. I, чаго добрага, накуралесiць.
Выпiўшы з Тарасам дзве трэцi ад заказаных трохсот грамаў, Славiк хадзiў i шукаў, за чый кошт пажывiцца яшчэ. I знайшоў у парку. Адзiн графаман страшэнна хацеў надрукавацца ў газеце. Ведаючы, што лёс яго вершаў залежыць ад кансультацыi Шыковiча, ён настойлiва шукаў сцежку да яго "чэрствага сэрца". Падвярнуўся сын Шыковiча. Што ж, можна паспрабаваць зрабiць i такi ход, тым больш што хлапчына працуе на тэлестудыi: там таксама можа спатрэбiцца пратэкцыя.
Працу сваю малады Шыковiч любiў. Але пасля таго як высмеяў сваё асiстэнцтва перад Тарасам, пасада сапраўды здалася яму мiзэрнай i смешнай. Падвыпiўшы, ён вырашыў на работу не iсцi. Адбудзецца перадача i без яго.
Пасля шчодрага пачастунку графамана ў Славiка пачало дваiцца ў вачах. Насупраць сядзелi два "вялiкiя паэты". Падавалi дзве "каралевы" з каронамi на галаве. А мiма адкрытай пляцоўкi летняга рэстарана хадзiла то двое, то цэлы атрад дружыннiкаў. Славiк баяўся дружыннiкаў больш, чым мiлiцыi.
Прыйшло ў галаву, што яны пiльнуюць яго. Таму ў хвiлiну прасвятлення ён уцёк ад "вялiкага паэта", якi ўвесь вечар чытаў вершы. Нырнуў у кусты, выйшаў цераз глухiя вароты з парку i з найлепшым намерам - пiльнаваць кватэру, каб не залезлi зладзеi, - iшоў дадому. Але, на няшчасце, кватэра яго была побач з гатэлем.
У гэты абласны горад не так часта заязджаюць замежныя турысты. Але ў той летнi вечар спынiлiся праездам з поўдня ў Ленiнград ангельскiя студэнты. На дзвюх вялiкiх старамодных машынах. Машыны сабралi цэлы натоўп зявак. Славiк, безумоўна, адразу далучыўся да iх. П'янаму, калi ён даведаўся, што гэта ангельскiя студэнты, страшэнна захацелася абмеркаваць з iмi некаторыя мiжнародныя праблемы. Пайшоў шукаць гасцей. Яны вячэралi ў рэстаране. Славiка не пусцiлi туды. Гэта яшчэ больш распалiла, раззлавала яго, умацавала рашучасць дабрацца да турыстаў любым чынам. Ён пралез у рэстаран праз кухню, ведаў усе хады i выхады - жыў побач, часам, па даручэнню мацi, купляў абеды на дом.
Ён шумна прывiтаў ангельцаў. Тыя ўзрадавалiся выпадку пазнаёмiцца з савецкiм юнаком i запрасiлi яго к сталу. Але ангельскую мову Славiк вучыў абы выцягнуць на тройку. Ды i тое, што вывучыў, за год забыўся. Вымаўленне ў яго было жахлiвае. Запас слоў бедны. Ды яшчэ да таго ж ап'яненне. Хацеў сказаць адно, а выходзiла зусiм другое, супрацьлеглае. Пры ўсёй сваёй стрыманасцi i паважнасцi ангельцы не вытрымалi. Моладзь ёсць моладзь. Спачатку - ветлiвы смех, потым - выбухi рогату. Гэты рогат абразiў Славiка. Ён хоча пагутарыць зусiм сур'ёзна, даведацца, напрыклад, што яны думаюць пра вайну i мiр, а яны - вось як, рагочуць... Чакайце ж! I Славiк перайшоў на родную мову:
- Чаму ржаце, як шатландскiя жарабцы? Чэрцi рыжыя! Шпiёнiць прыехалi? Куды атамную бомбу скiнуць? Дык мы на вас дзесяць скiнем! I ад вашага задрыпанага вострава не застанецца мокрага месца!
Па-ангельску ангельцы не разумелi, па-расейску зразумелi. Усхапiлiся ўсе адразу. Не столькi ад абурэння, колькi ад нечаканасцi, ад боязi скандалу. Абурылiся наведвальнiкi. Усхадзiлася ўся прыслуга рэстарана. Ветлiва, пад ручкi, вывелi Славiка з гатэля i перадалi дружыннiкам. Тыя не былi такiмi ветлiвымi i, калi Славiк пачаў куралесiць, далi кухталёў.
Прачнуўся хлопец у працвярэзнiку. Балела галава i ўсё цела. Прыгадаў, што натварыў, i адразу ўявiў мацi, як яна будзе перажываць. I хацелася яму... не, не памерцi, а збегчы на край свету. Але яго нiкуды не пусцiлi. Павялi ў народны суд. Вось тут Славiку хацелася памерцi. Суддзя - iх знаёмая, Зоя Цiмафееўна. Жылi ў адным доме. У госцi прыходзiла, у лес разам ездзiлi. Славiк глядзеў на яе з надзеяй, з маленнем: злiтуйся, усё жыццё буду дзякаваць.
Але поўная, з шырокiм добрым тварам жанчына толькi на нейкi момант глыбока задумалася. А потым без лiшнiх роспытаў i натацый прачытала прыгавор: дзесяць сутак.
7
Гукану далажыў пра выпадак з Шыковiчам-малодшым начальнiк мiлiцыi. Старшыня выканкома выслухаў спакойна, як быццам нават без цiкавасцi. Цяжка ўздыхнуў пад канец: што толькi нi валiцца на яго палыселую галаву, усiм трэба займацца. Спытаў фiласофскi разважлiва:
- Скажы мне, Сiзоненка, хто вiнаваты, што растуць вось такiя?..
Падпалкоўнiк чвэрць стагоддзя праслужыў у мiлiцыi i навучыўся з незвычайнай пранiклiвасцю адгадваць, якi адказ патрэбны начальству ў той цi iншы момант. Толькi з Гуканам у яго гэта не выходзiла. Гукана немагчыма было раскусiць. Пры суровасцi на твары ён нечакана выяўляўся добрым i ласкавым, калi пачынаў нешта вырашаць. I наадварот, пры знешняй весялосцi i ветлiвасцi аказваўся дужа круты.