Янка з Падлесся (на белорусском языке)
Янка з Падлесся (на белорусском языке) читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Сымон Хурсiк
Янка з Падлесся
Неасяжная далячынь.
Дзесьцi далёка перасеклася неба з зямлёю. А дзе - не вiдно. Там кволiцца сiнь. Мiтусiцца, трапечацца, як летуцень. Трывожыць думы i жаданнi, як песня цiхая, што боль заспакойвае, абяцае штосьцi нязнанае i прыгожае ды вабiць, цягне да сябе, як ласка дзявочая.
На зялёнай роўнядзi пчалiным роем рассыпалiся хутары, вёскi.
Злева - смяецца, звiваецца, як блiскучы каснiк, жыццярадасная цiхаплыўкая рэчка. Далей - бясконцыя пярэстыя палi.
З правага боку - стары магутны лес. Цiхая задума агарнула яго. Лес маўчыць i марыць аб чымсьцi, i не пазнаць весела цi сумна яму.
У тахт яго думкам штапуе паветра белымi стрэламi пары бойкi паравiк прыватнага млына, што прытулiўся к узлеску каля дарогi.
Сёння, як i заўсёды, каля млына шмат народу.
Паабсыпаныя цёплым пылам белай мукi, аблiваючыся гарачым салёным потам, снуюць яны сюды-туды з цяжкiмi мяшкамi. Некаторыя спакойна чакаюць свае чаргi. Збiраюцца ў кучкi, гутараць. Часам доўга i горача спрачаюцца.
Вось i зараз пад дзвюма соснамi, што схiлiлiся адна да адной зялёнымi галовамi, сабралася грамадка - чалавек дзесяць - завознiкаў.
Стары Максiм, аброслы, як дзiкун, калматымi i рыжымi валасамi, адважна, бы добры прамоўца, махнуў у паветры рукою, выскачыў наперад.
- Дык падумайце ж самi, мужчынкi, - моцна гукнуў ён, звяртаючыся да грамадкi, - як цяпер жыць? Ну, як жыць?
Пераставiў кашлатыя ногi, падняў угару палец.
- Ета, скажам, я... Пудоў трыста аднаго толькi жыта намалацiў...
На момант спынiўся i самаздаволеным позiркам акiнуў прысутных. Хiтрыя вочкi яго нiбы пыталiся: "Што? Можа хто з вас, галаты, больш мае?" Раптам прыгнуўся ды прытка выставiў наперад сагнутую рогам рыжую бародку.
- Дык вось... у першую рату, значыцца, i кладзi пудоў пяцьдзiсят жыта, бо грошай жа сваiх нiма... Перад калядамi - зноў кладзi, у марцы месяцы - зноў!.. А што ж самому есцi? Чым скацiну кармiць?
Прысутныя маўчалi, слухалi.
- Ета, я разумею, - галёкаў далей Максiм, - на заводзе: восем гадзiн адпрацаваў ды ўбiрайся к чортавай матары... А прыйдзе палучка - дай сюды, гэтак, рублiкаў сто!.. Чаму ж не? Гэтак можна працаваць. Дай i мне сто рублёў на месяц, дык на чорта мне i гаспадарка тая будзе, я ўсё аддам i зямлi нават выракуся!..
- Вось чаго захацеў, - кплiва заўважыў тонкi высокi мужчына ў шэрым фрэнчыку. - Ты там не рабiў, а я рабiў. На заводзе спiцыяльнасць патрэбна галава граматная ды рукi ўмелыя... Там работа не такая, як наша. Здаецца толькi, што глупства, лёгка, а ты паспрабуй, дык i шлунне хутка згубiш... Не, чалавеча, не...
- Ну, добра! - крычыць Максiм. - Няхай ужо ў горадзе на заводзе будзе так, а чаму ж у сяле ўся пралiтарыя бiмбiкi б'е?.. Падавалi iм зямлi, прыдналог скiдаюць, калi што... А ты, стары гаспадар, цягнi лямку адзiн: усiм давай, усiх кармi... А вачэй у людзi не паказвай - кулак!.. Ах, каб вам пад бакамi кулакi пасталi!.. Сам век працую, а дзецям прыйдзецца старцамi ў свет iсцi: усю зямельку святую паразбiралi... Дый як? Задарма!
- Хопiць i з цябе, хопiць! - нечакана абурана накiнуўся на Максiма былы матрос пасялковец Янка. Добрыя сiнiя вочы яго ўраз запалалi, як пара вугольчыкаў. - З цябе ўсё мала. Не хапае?! Дваццаць дзесяцiн у цябе - i не хапае?! А?!
- Чаму не хапае? - асеў раптам Максiм. - Хапае... Але ж чаму дарма зямлю абы-каму параздавалi? За што?
- За што? Ты яшчэ пытаеш - за што? Ты - цэлы, а ў мяне грудзi, як рэшата! Скажы, за што гэта? А? За што?!
- Цi ж я ведаю? - паспрабаваў апраўдвацца збiты з панталыку Максiм, хацеў яшчэ штосьцi сказаць, але, угледзеўшы пад самым носам аграмадны кулак Янкi, злякана азiрнуўся на прысутных, адхiснуўся назад.
- Ты не ведаеш, каб ты свету не ведаў!.. Гэта ж уласць бралi, кроў, як ваду, пралiвалi!..
- Дык я ж нiчога супроць гэтага, а наконт зямлi ўсё-ткi крыўдна...
- Крыўдна! - перадражнiў Максiма Янка. - А мне не крыўдна, што я з дзяцiнства па шляхтах парабкам рабiў, з голаду марнеў, столькi на франтах папабiўся... Цяпер далi кавалачак зямлi, дык вось такiя зладзiякi, як ты, згубiлi!.. Мне не крыўдна?! Ых, гадзюкi!..
- Адкуль сам? - перабiў Янку запытаннем высокi тонкi мужчына ў шэрым фрэнчыку.
- Здалёку, браце, - адказаў Янка, нават не зiрнуўшы на таго, хто запытаў яго. Адпляваўся i дадаў: - З Падлесся, вёрст пятнаццаць адгэтуль. Вось гэты ведае, - ткнуў ён пальцам у Максiма.
Максiм адышоўся ад гаворкi, непрыкметна знiк у натоўпе завознiкаў.
- От меле языком, - сказаў Янка, закурыўшы. - А як ён раней жыў, каб вы ведалi? Адно страхаццё. Цяпер от, як дзецi падраслi, крыху ўзняўся на ногi... i лае, сам не ведаючы каго i за што.
- Гэта самому зямлi далi? - зноў запытаў у Янкi мужчына ў шэрым фрэнчыку.
- Далi, - адказаў Янка, сурова нахмурыўшы бровы, - далi, ды толькi жыць няма як.
- А што?
- Каб, ведаеш, дзе напаткаў, здаецца, гада гэтага паўзучага, у шматкi разарваў бы.
- Хтосьцi ў знакi даўся?
- Справа такая, - адказаў, хвiлiну падумаўшы, Янка. - Гiсторыя доўгая. Але час ёсць... Ты што, на заводзе раней рабiў?
- У Петраградзе на Пуцiлаўскiм, але ў грамадзянскую вайну прыпсаваў на фронце Ўрангель мне руку, ну i цяпер вярнуўся дадому, трэба якога толку шукаць...
- А я ўвесь час з маленства парабкаваў: бацька загiнуў на фронце, ну, а мацi, што яна, адна жанчына... У дзевятнаццатым годзе, як белапалякi наступалi, пайшоў добраахвотнiкам у Чырвоную Армiю. Усюды давялося пабыць. Адзiн цiкавы выпадак - якраз дарэчы - хачу табе расказаць.
- Прашу. Вельмi цiкава... На, махоркi закуры, а то тут усё самасад ды самасад.
Закурылi.
- Дык вось, - пачаў Янка, пусцiўшы праз нос дым, - бiлiся мы з Калчаком. Не бiлiся, а проста, як звяры, грызлi адны другiх за глоткi. Наважылi былi мы ў адным раёне адабраць ад калчакоўцаў вёску, дзе б можна было i адпачыць крыху i абагрэцца (гэта было неяк у пачатку зiмы).
За вёскай пачыналася тайга, па-нашаму пушча, i навокал на дзесяткi, а мо i на сотнi вёрст нi адной хаткi. Таму i бiлiся мы не на жыццё, а на смерць. Як сунемся да вёскi - дык як сыпануць адтуль з кулямётаў, проста як дажджом пальюць. А тут сiвер такi золкi, сцюдзёны, зуб на зуб не пападае...
Бiлiся дзень, другi. На трэцi дзень, к вечару, як сцямнела, нечакана ўзнялася ўтрапёная завiруха. Духу не звесцi. Хоць лажыся ды памiрай. Не стрывалi нават нашы некаторыя маладыя байцы.