-->

Я з вогненнай вёскi...

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Я з вогненнай вёскi..., Брыль Янка-- . Жанр: Роман / Биографии и мемуары. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Я з вогненнай вёскi...
Название: Я з вогненнай вёскi...
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 682
Читать онлайн

Я з вогненнай вёскi... читать книгу онлайн

Я з вогненнай вёскi... - читать бесплатно онлайн , автор Брыль Янка

Тых, чые ўспаміны сабраны ў гэтай кнізе, даўно няма. Няма ўжо і тых, хто збіраў гэтыя ўспаміны, вандруючы ад вёскі да вёскі, па крупінках збіраючы чалавечую памяць, успаміны, перажыванні, сведчанні. Тры сябра, тры пісьменніка, тры партызана, Алесь Адамовіч, Уладзімір Калеснік, Янка Брыль. Яны таксама ўжо адыйшлі ў вечнасць. “Я з вогненнай вёскі…” — дакументальная трагедыя, кніга-памяць, жывы голас людзей, што былі спалены, забіты разам з сям’ёй, разам са сваёй вёскай, і якія — выжылі. Як у прадмове напісалі самі аўтары, у кнігу ўвайшлі ўспаміны толькі тых, якія самі перажылі жудасны лёс сваіх аднавяскоўцаў. На шляху збіральнікаў чалавечай памяці шмат было і такіх вёсак, дзе не ацалеў ніхто. На старонках гэтай кнігі сабраліся людзі, што выйшлі з агню, з-пад зямлі. І гэта — у самым рэальным, не пераносным сэнсе. Людзі з вогненных вёсак сабраліся на старонках гэтай кнігі, каб сведчыць, пытацца, судзіць, каб распавесці тое, пра што ведаць — страшна, а забыцца — небяспечна.

 

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 78 79 80 81 82 83 84 85 86 ... 95 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

Усхваляваў нас нават не так помнік, як людскі абавязак паставіць яго ціха, асцярожна, каб не парушыць спакою нябожчыкаў.

У іншых мясцінах пра такое ж нам гаварылі іншыя помнікі і людзі.

У вёсцы Касцюковічы Мазырскага раёна ажно чатыры магілы-калодзежы, у якіх пахаваны жыхары вёскі, задушаныя ў «газвагенах», душагубках, якія, пачынаючы з 1942 года, выпускаліся ў Берліне па заказу Гімлера. Пра жахлівыя падзеі ў Касцюковічах нам расказвалі вельмі нямногія ацалелыя жыхары гэтай вёскі. Цяпер магілы-калодзежы забетанаваны, у скляпенні ўмураваны мармуровыя дошкі, на адной з іх напісана, што тут ляжаць дзеці, на другой — жанчыны, на трэцяй і чацвёртай — мужчыны…

I абеліск у лесе, у жыце — колькі іх па ўсёй Беларусі!..

Вось на Віцебшчыне, у Шумілінскш раёне, на дзевяці кіламетрах мы бачылі іх пяць. Стаялі яны адзін за адным, чатыры помнікі, справа і злева ад прасекі, называючы былыя вёскі Дражакі, Ямішча, Шчамілаўку, Зазер'е. Пяты, самы высокі, абеліск стаяў на паляне сярод жытняга хвалявання. Надпіс на ім гаварыў, што тут быў хутар Зуева, дзе ў першыя гады акупацыі размяшчаўся Сіроцінскі падпольны райком партыі. Першае пасяджэнне гэтага палітычнага і баявога штаба партызанскага руху Сіроцінскай зоны адбылося ў 1941 годзе. Хутар быў спалены ў 1942-м…

Зямля Беларусі тоіць мужную і трагічную памяць. Не знайсці на ёй мясціны, якая не чакала б помніка ад людзей, — ад Брэста да Оршы, ад старажытнага Полацка да Турава была яна здратавана фашыстамі, курчылася ў пакутах і грымела помстай. Калі бачыш, як полацкая Сафійская царква, што памятае дні Усяслава Чарадзея і іншых герояў «Слова аб палку Ігаравым», сёння старанна адрэстаўраваная, углядаецца ў «Курган бессмяротнасці», насыпаны на другім беразе Дзвіны, дык адчуваеш іх — гістарычныя далечы роднай зямлі.

Памяць народная працягвае судзіць і караць фашысцкіх нелюдзяў-забойцаў. Мемарыялы ў Хатыні і Аблінзе, у Лідзіцэ і Арадуры, у Дальве і Брыцалавічах, безліч помнікаў — вартавыя той памяці…

Хатынь i Хатыні

Стары трымае хлопчыка як быццам над усёй зямлёй. Такое каменнае і такое мяккае цела мёртвага хлопчыка. Вочы старога чорным прадоннем сведчаць, штб тут адбылося — у Хатыні. I пытаюць у цэлага свету: дык што ж тут было, няўжо гэта праўда, людзі, — тое, што з намі было, што з намі рабілі?..

«…I мяне павялі ў той хлеў… Дачка, і сын, і жонка — ужо там. I людзей столькі. Я кажу дачцы:

— Чаму вы не адзеліся?

— Дык сарвалі з нас адзежу, — кажа дачка.

Ну, прыгоняць у хлеў і зачыняць, прыгоняць і зачыняць. Столькі людзей нагналі, што і не прадыхнуць ужо, руку не падымеш. Людзі крычаць, дзеці гэтыя; ведама, столькі людзей і страх гэтакі. Сена там было, салома, кармілі яшчэ, трымалі кароў. Зверху і падпалілі. Падпалілі зверху, гарыць страха, агонь на людзей сыплецца, сена, салома загарэліся, душацца гэтыя людзі, так сціснулі, што і дыхаць ужо няма як. Няма як дыхнуць. Я сыну кажу:

— Упірайся ў сцяну, нагамі і рукамі, упірайся… А тут дзверы расчыніліся. Расчыніліся, а людзі не выходзяць. Што такое? Аж там страляюць, страляюць там, кажуць. Алё крык такі, што стрэлу таго, што стуку таго і не чуваць. Ведама ж, гараць людзі, агонь на галовы, ды дзеці — такі крык, што… Я сыну кажу:

— Праз галовы, праз галовы трэба!

Падсадзіў яго. А сам па нізе, паўз ногі. А на мяне бітыя і наваліліся. Наваліліся на мяне бітыя тыя, і прадыхнуць нельга. Але варушыў плячыма — тады я здаравейшы яшчэ быў, — стаў паўзці. Толькі да парога дапоўз, а страха і абвалілася, агонь на ўсіх… А сын выскачыў таксама, толькі голаў яму трохі абсмаліла, валасы абгарэлі. Адбег метраў пяць — яго і палажылі. На ім людзі пабітыя — з кулямёта ўсіх…

— Уставай, — кажу, — яны паехалі, паехалі ўжо! Стаў яго выцягваць, аж у яго і кішкі ўжо… Спытаў яшчэ толькі, ці мама жывая…

Не дай бог нікому, хто на зямлі жыве, каб не бачылі і не чулі гора такога…»

Гэта — з расказу жыхара былой вёскі Хатынь Лагойскага раёна Іосіфа Іосіфавіча Камінскага.

Людзі з суседніх вёсак і з далёкіх гарадоў і краін, спыніўшыся каля скамянелага ад гора і гневу бацькі з дзіцем на саслабелых руках, бачаць попельна-шэрыя каміны, з якіх, як са званіц, злятае медны гул. Удары званоў надтрэснутыя, кароткія, як заціснуты боль. Чорныя, як з магільных пліт, каменныя дарожкі вядуць людзей да каменных весніц, назаўсёды расчыненых, да цёмных высокіх комінаў-званіц з напісанымі на іх прозвішчамі і імёнамі былых гаспадароў… Камінскі, Камінская, Камінская… Яскевіч, Яскевіч, Яскевіч… Іотка, Іотка… Навіцкі, Навіцкая… 50 гадоў, 42, 31, 17, 12, 3, 1, 1, 1… Дзеці, дзеці, дзеці…

Ці не гэта меў на ўвазе фюрэр нямецкага мілітарызму, калі ў 1937 годзе, гаворачы пра забеспячэнне Германіі харчовымі прадуктамі за кошт Усходу, кінуў злавесна незразумелую фразу: «…Дзіця з'ядае хлеба больш за дарослага»?..

Праз нейкія пяць гадоў жанчына з палескай вёскі Слабада на Петрыкаўшчыне Алена Булава, не ведаючы тых слоў шалёнага дыктатара, на свае вочы ўбачыла іх рэальны сэнс:

«…Людзі вішчаць, крычаць!.. Божа мой, людзі плачуць! Страшна было — каб вы пачулі. Ну, проста страх! Некаторых у хаты заганялі, а нас проста так білі, акружылі і так білі — на нашай вуліцы…»

А яна, адна з усёй вёскі ўцалелая жанчына, будзе пытаць некага праз наш, паднесены да яе старэчых вуснаў мікрафон, будзе здзіўляцца за ўсіх людзей, за ўвесь свет:

«Я гэта падумаю, дык мне страшна… Я ж жыла ў тыя войны, як тыя войны былі. Ужо не маладая… Што гэта, што гэта за такое было ў іх — я не ведаю. Гэта звярэ былі, а не людзі. Гэта не людзі, гэта — звярэ былі».

Гітлераўская прапагандысцкая машына ўся была скіравана на тое, каб «вызваліць» карыслівага абывацеля ад усіх «хімер цывілізацыі», ад усяго, што звязана з сумленнем, гуманізмам, культурай. За гэта яму абяцалі месца ў «новай Еўропе» — недзе наверсе.

«Той, хто далучаецца да мяне, — шаманіў фюрэр «тысячагадовага рэйха», — закліканы стаць членам гэтай новай касты. Пад гэтым кіруючым пластам будзе згодна з іерархіяй падзелена грамадства германскай нацыі, пад ім — пласт новых рабоў. Над гэтым усім будзе высока стаяць дваранства, якое будзе складацца з асабліва заслужаных і асабліва адказных кіруючых асоб… Шырокім масам рабоў будзе зроблена ласка быць непісьменнымі. А мы самі пазбавімся ад усіх гуманных і навуковых забабонаў».

Гэта, так сказаць, — будучыня на тысячу гадоў, якую фашызм абяцаў свету. На мове ваенных загадаў, зваротаў гітлераўскага камандавання да салдат яно гучала так:

«У цябе няма сэрца, нерваў, на вайне яны не патрэбны. Знішчы ў сабе жаль і спачуванне — забівай усякага рускага, савецкага, не спыняйся, калі перад табой стары ці жанчыны, дзяўчынка ці хлопчык, — забівай, гэтым ты выратуеш сябе ад пагібелі, забяспечыш будучыню сваёй сям'і і праславішся навекі».

Пазбавіўшыся ад таго, што чалавека зрабіла і робіць чалавекам, ад таго, што называлі яны «гуманнымі і навуковымі забабонамі», фашысты сталі нават не звяр'ём, як з горыччу называе іх Алена Булава, а нечым яшчэ больш дзікім і непараўнаўча больш небяспечным. Прэтэндэнты на званне «звышчалавека» парабіліся «звышзвярамі»…

…На высокіх комінах — прозвішчы забітых фашыстамі сем'яў. Коміны гэтыя — на месцы былых хат, двароў, яны ўзвышаюцца на пагорках і звонам, такім вечным, але і такім сучасным, трывожна-сённяшнім, як бы вымерваюць глыбіню, самыя глыбіні чалавечых душ — тых людзей, хто жыве сёння, хто прыйшоў, прыехаў сюды. Гэтак гукам вымерваюць глыбіню акіяна. А прыходзяць, прыязджаюць сюды і дзеці і старыя, з-за Урала і з Захаду, з Польшчы, з ФРГ, са ЗША… I людзі з іншых беларускіх Хатыняў, зямля якіх тут пахавана ці назва якіх напісана на хатынскай сцяне, а таксама з тых беларускіх вёсак, назвы якіх не абазначаны, але лёс якіх — таксама хатынскі…

I кожны чуе гэты звон, і ў кожнага — сваё рэха, свая памяць пра мінулую вайну. Свая ці сваіх бацькоў, дзядоў…

1 ... 78 79 80 81 82 83 84 85 86 ... 95 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название